Маладая навука
Вікторыя Радзіеўская

Канцэптуальная функцыя абраду ініцыяцыі ў рамане Л. М. Сілка «Абрад»

Раман сучаснай амерыканскай пісьменніцы індзейскага паходжання Леслі Мармон Сілка (Leslie Marmon Silko, 1948) «Абрад» (Ceremony, 1977), з’явіўшыся на хвалі індзейскага адраджэння (1960–70-я гады), адразу прыцягнуў да сябе ўвагу як адметны твор этнічнай літаратуры, пабудаваны на спалучэнні дзвюх літаратурных традыцый – амерыкана-еўрапейскай і індзейскай. Празаічная лінія падзей змешчана ў ім у рэальнасць сучаснага амерыканскага грамадства. Галоўны герой, індзеец напаўкроўка Таё, вяртаецца з Другой сусветнай вайны, якую ЗША вялі супраць Японіі на Філіпінах, у рэзервацыю і намагаецца аднавіць душэўную раўнавагу, знайсці сваё месца ў свеце. Паколькі ні вайсковы амерыканскі шпіталь, ні старажытныя індзейскія метады не могуць выратаваць яго ад псіхалагічных наступстваў вайны, ён звяртаецца да шамана Бетані, які праз крыху зменены індзейскі абрад дапамагае Таё вярнуць страчаную цэласнасць і ідэнтычнасць. Паралельна з асноўнай сюжэтнай лініяй развіваецца другая – у вершаванай форме: пераказ традыцыйных гісторый племені лагуна пуэбла, галоўная з якіх – вяртанне страчаных праз занядбанне людзьмі дажджавых аблокаў. Гэтыя дзве лініі – празаічная і вершаваная – перакрыжоўваюцца, што, безумоўна, ускладняе ўспрыманне твора. У ім таксама спалучаецца гістарычны і міфалагічны час, сны, мроі і рэальнасць, тым самым выяўляючы сваю ўзаемасувязь. А на фармальным узроўні пісьменніцца мае магчымасць падкрэсліць адметнасць індзейскай літаратурнай традыцыі: нелінейнасць аповеду, прыём расповеду (storytelling), уключэнне слухачоў або чытачоў у працэс твораскладання. У рамане знайшлі адбітак старажытныя і сучасныя абрады ініцыяцыі, іх сімволіка і этапы.

Пытанню ўзаемадзеяння літаратуры і абраду прысвечаны шматлікія навуковыя працы. Так, напрыклад, прадстаўнікі рытуальна-міфалагічнай школы крытыкі (Э. Чэмберс, Г. Мерэй, Дж. Уэстан, Р. Грэйвз, К. Стыл) адзначалі змястоўна-фармальную сувязь мастацкай літаратуры з рытуалам, а таксама аб’ядноўвалі абрады ініцыяцыі і іншыя абрады пераходу з аграрнымі культамі багоў, што паміралі і ўваскрасалі. Даследчыкі казак (П. Сентыў, С. Я. Лур’е, Б. В. Казанскі, У. Я. Проп) бачылі ў структуры чарадзейнай казкі элементы абраду ініцыяцыі. Разглядалі асаблівасці абрадаў пераходу Дж. Дж. Фрэзер, А. ван Гэнап, М. Эліадэ, Б. Маліноўскі, В. Тэрнер, Р. Генон і іншыя даследчыкі – антраполагі, сацыёлагі, этнолагі, гісторыкі рэлігіі.

Абрад, такім чынам, выяўляецца на двух узроўнях рамана: змястоўным і фармальным. У ім гаворка вядзецца пра розныя абрады – старажытныя і сучасныя, пра абрад вяртання дажджу і абрад аднаўлення душэўнай гармоніі галоўным героем.

Кампазіцыйная сувязь з абрадам ініцыяцыі выяўляецца праз 1) назву (Ceremony) і ўступ (тры вершы: пра стварэнне свету, пра важнасць абраду, пра лекаванне праз абрад), якія вызначаюць ідэйную накіраванасць, тэматычныя блокі і структуру тэксту; 2) рамкавую канструкцыю (паэтычна-рытуальны зварот да сонца), якая змяшчае чытача ў прыродна-касмічны цыкл правядзення абраду; 3) адпаведнасць частак рамана (вершаванай і празаічнай) этапам абраду ініцыяцыі на персанальным, прыродным, культурна-этнічным і міфалагічным узроўнях: асуджэнню на смерць, сімвалічнай смерці ў ізаляваным месцы, імітацыі паводзінаў істот з «таго» свету, выпрабаванням, новаму нараджэнню, вяртанню ў вёску.

Сайт создан в системе uCoz