Фантаст
Маргарыта Латышкевіч

Персанажна-акцыянальны код твораў сучаснай беларускай фантастыкі

«Ёсць усё, што яны прыдумалі... бо нельга ўявіць
тое, што ў прынцыпе не можа існаваць, ці не так?
А адсюль вынікае: ўсё, што можна сабе ўявіць,
існуе насамрэч. Зусім далёка, зусім даўно, зусім не так,
але існуе. Усё, што вы калі-небудзь прыдумаеце,
у той жа момант пацвердзіць сваё існаванне,
азірнецца і паглядзіць вам у вочы...»

Марыя Галіна

Чарадзейная казка, твор фальклору, у многім дала пачатак такому накірунку сучаснай літаратуры, як фантастыка. Сам тэрмін паходзіць ад грэчаскага слова phantasticе, блізкага па значэнні да ангельскага fantasy – здольнасць уяўляць, фантазія. Такім чынам, сённяшняя фантастыка, як і яе папярэдніца – чарадзейная казка, скіравана на адлюстраванне незвычайнага, адметнага, неўласцівага для паўсядзённага жыцця. І для ўтварэння належнага эфекту літаратар, як і творца-носьбіт фальклору, мусіць карыстацца пэўнымі сродкамі.

Такімі сродкамі, у першую чаргу, стаюцца характарыстыкі мастацкага свету твора – яго часава-прасторавыя каардынаты. Сапраўды, недастаткова толькі надзяліць героя звышнатуральнымі здольнасцямі (напрыклад, магчымасцю чараваць): для таго, каб гэтыя здольнасці маглі належным чынам рэалізавацца, неабходныя ўмовы іх рэалізацыі. Напрыклад, усё тыя ж класічна-фальклорныя спецыфічныя выпрабаванні, падарожжа або нейкая звышзадача (quest). Гэтыя ўмовы, натуральна, вымагаюць прасторы для разгортвання, адсюль вынікае неабходнасць канструявання ўласнай, адметнай, прызначанай для гэтага канкэтнага героя (герояў) рэальнасці.

Рэчыўны складнік такога свету можа быць паказаны сродкамі рэалістычнага пісьма, зноў-такі як у чарадзейнай казцы (для таго, каб чытач мог актывізаваць сваё ўяўленне і арганічна ўліцца ў аповед, зрабіцца су-творцам гісторыі). Прывядзём тут слова Цв.Тодарава: «У творах фантастычанага жанру незвычайнае або звышнатуральнае ўспрымаецца на фоне таго, што лічыцца нармальным і натуральным; парушэнне законаў прыроды толькі ўзмацняе нашае ўражанне звышнатуральнасці» [2; 137].Аднак адметныя ўласцівасці такой аўтарскай рэальнасці таксама вымагаюць увасаблення – і знаходзяць яго літаратары менавіта праз сродкі фальклорнай спадчыны. Прастора, прызначаная для падарожжа-выпрабавання героя казкі або аўтарскага фэнтэзійнага твора не можа быць пустою, незаселенай. Але калі ў фальклорнай прозе іншасветныя існасці, фактычна, персаніфікуюць той або іншы локус, то твор літаратурны, адарваны ад старажытнай традыцыі, падпарадкаваны збольшага уласнаму густу аўтара. Заўважым: пры гэтым больш арганічныя паводле структуры, больш дасканалыя ў мастацкім плане творы цясней звязаныя з традыцыяй, з канонам, з механізмамі міфалогіі.

Тут варта працытаваць Дж.Р.Р. Толкіена, мэтра і тэарэтыка фантастыкі: «Чым бліжэй касмаганічны міф або алегорыя да свайго магчымага архетыпа, тым меней у ім цікавага, тым меней у ім ад міфу, сапраўды здольнага распавесці нешта пра стварэнне свету… Магчыма, багі і атрымалі прыгажосць і розны колер скуры дзякуючы прыгажосці прыроды, але менавіта чалавек набыў для багоў гэтыя дарункі… менавіта чалавек надзяліў багоў індывідуальнасцю, персаніфікаваў іх…» [3; 261]. Як бачым, Толкіен падкрэслівае актыўную ролю чалавека-творцы ў стварэнні міфалагічнай асновы сучаснай культуры. Натуральна меркаваць, што роля пісьменніка-фантаста, які стварае ўласную варыяцыю рэальнасці, не меншая, а можа, нават і большая. «…фантазія ўтворыць небывалае: чалавек зробіцца творцам другаснага свету. Мне здаецца, занадта рэдка надзяляюць увагаю менавіта гэты аспект міфалогіі – стварэнне другасных светаў...», – вось так абазначыў сваю пазіцыю аўтар «Уладара пярсцёнкаў». І трэба аддаць яму належнае: міфалогія, створаная Толкіенам для мастацкага свету ягоных твораў, папросту выключная. Для прыкладу, «Сільмарыліён», з яго несумненнымі кельтскімі матывамі, утрымлівае касмаганічныя міфы (стварэнне Арды), гераічныя (цыкл пра эльфійскіх герояў, скажам, Фінрада Фелагунда), міфы пра перараджэнне і трансфармацыю (Люціень, Эльвінг), міфы пра помсту (цыкл пар Феанорынгаў), эсхаталагічныя міфы (падзенне Нумінора) і інш.

Фактычна, перад намі – спроба штучнага ўтварэння цэлага міфалагічнага комплексу, спроба, магчыма, макферсанаўскага кшталту (згадаем славутыя «Песні Асіяна»), але значна больш маштабная і падрабязная. Толкіен прадумаў амаль усе аспекты сваёй рэальнасці: ад моў з распрацаванымі алфавітамі і сістэмы імёнаў да гісторыі і генеалогіі. Падобная скрупулёзнасць спараджае надзвычай цікавы эфект: мастацкі свет з такой кольсцю дэталяў падаецца папраўдзе жывым і цэласным.

Гэтую сувязь міфалогіі і міфа з жыццём падкрэсліваў А.Ф. Лосеў у сваёй манаграфіі «Дыялектыка міфа»: «Міф ёсць лагічная, гэта значыць найперш дыялектычная, неабходная катэгорыя свядомасці і быцця ўвогуле. Міф – не ідэальнае паняцце, таксама не ідэя і не паняцце. Гэта – само жыццё». Як бачым, паводле Лосева, міф – спецыфічны выразнік свядомасці і пачуццяў чалавека-творцы. І адначасова – будаўнічы матэрыял для фундамента любога літаратурнага твора, фантастычнага ў тым ліку.

Цікавы пункт гледжання на міф і чарадзейную казку прапануе М. Эліадэ ў сваёй папулярнай працы «Аспекты міфа»: «…ці не стала чарадзейная казка, ужо на ранняй стадыі існавання, пэўнай “аблегчанай копіяй" міфа і рытуала ініцыяцыі, ці не схіляла яна, на ўзроўні фантазіі і снабачання, ўзнаўленню “выпрабаванняў ініцыяцыі"». Падобная фундаментальная сувязь, амаль генетычная роднасць дазваляе нам вылучаць у казцы міфалагічныя элементы – гэтаксама, як падобныя элементы знаходзяцца і ў аўтарскіх творах.

Калі на прыкладзе Дж.Р.Р. Толкіена можна назіраць ідэальнае перастварэнне існуючых міфаў у аўтарскую міфалогію, калі, скажам, А.Сапкоўскі (у цыкле «Ведзьмін») або шырока вядомая сёння Дж. Роўлінг (з яе Гары Потарам) удала выкарыстоўваюць выпрацаваны культурай заходняй цывілізацыі матэрыял, як жа можна акрэсліць подобныя з’явы ў творчасці сучаных беларускіх пісьменнікаў?

Для прыкладу звернем пільную ўвагу на творы з кнігі «Люстэрка Сусвету» – першага беларускага зборніка, што амаль поўнасцю складзены толькі з фантастычных твораў. Паколькі гэта даволі знакавая падзея для нашай літаратуры, матэрыял зборніка мы лічым вартым асобнага даследавання.

Неабходна агаварыцца, што ў зборніку пераважаюць творы класічнай «касмічнай» фантастыкі. Аналізаваць іх мы тут, натуральна, не будзем з шэрагу прычын: па-першае, з абмежаванасці тэмы даследавання; па-другое, таму, што арыентуемся на міфалагічныя ўяўленні беларусаў, прэзентаваныя ў фальклоры, а яны раскрываюцца якраз у фэнтэзійных творах.

Цікава, што нязменнай папулярнасцю ў пісьменнікаў карыстаецца вобраз ваўкалака, пярэваратня. Нярэдка аўтары намагаюцца па-свойму інтэрпрэтаваць антычнае паданне пра славян-неўраў, якія нібыта маглі па жаданні перакідвацца ў ваўкоў. Уласна, у апавяданні Бычкоўскага «Нашчадкі неўраў» аўтар робіць спробу звязаць згаданае паданне з сучаснасцю (ключавое слова ў назве – «нашчадкі»). На жаль, фантастычны складнік апавядання цалкам апцыянальны: магчыма з поспехам замяніць згаданых вартаўнікоў Бычкоўскага на агентаў спецслужбаў, а зло, з якім яны змагаюцца, на звыклых тэрарыстаў. Падобная аддзяляльнасць фантастычнага кампаненту не з’яўляецца добрым паказчыкам: стыль твора робіцца хісткім і няўстойлівым, пакутуе і напаўненне. Цалкам забыўшы пра фальклорную традыцыю і арыентуючыся адно на найноўшыя літаратурныя здабыткі (у прыватнасці, цыкл «Дазоры» С. Лук’яненкі), аўтар разбурае сам твор.

Прыклад лепшага выкарыстання фальклорнага вобраза, арганізацыі вакол яго мастацкіх прасторы і часу даецца ў апавяданні «Клинок волколака» C. Дразда. Гэты аўтар, у сваю чаргу, актыўна і досыць сістэмна карыстаецца фальклорам пры стварэнні «фэнтэзаванай» версіі беларускага сярэднявечча (напрыклад, апісвае шуканне папараць-кветкі і яго наступствы); з гэтай прычыны твор выглядае значна больш аднародным у стылістычным плане, чым згаданае вышэй апавяданне. Матэрыял легенд і прымхліц натуральна пераплятаецца з некаторымі гістарычнымі звесткамі, і дзякуючы гэтаму аўтар утварае прасторава-часавае адзінства, дзе разгортваюцца падзеі твора. Але разам з тым апавяданне характарызуецца некаторай фрагментарнасцю, раздробленасцю, што, верагодна, можна звязваць з перамяшчэннем акцэнтаў з буйной фігуры (князя Усяслава Чарадзея) на дробныя (сірата Тапейка). Уласна, адчуваецца яўны дысанас паміж назвай твора і яго зместам: вобраз ваўкалака як такі практычна не задзейнічаны ў аповедзе, а значыць, сапраўды знакавага ўплыву на рух падзей, развіццё квэсту, разгортванне перад героямі прасторы і часу не мае.

Прыкладам жа таго, як міфалагічны складнік можа ўдала рэалізавацца ў фантастычным творы, варта назваць апавяданне Н. Новаш «Ночь святого Христофора». Аўтар не проста запазычвае вобразы ніжэйшай міфалогіі (напрыклад, ётунаў, ніфлунгаў, дэманаў), але і перастварае мастацкую прастору згодна з характарыстыкамі гэтых вобразаў, стылізуе мову твора і персанажаў, спрабуе імітаваць уласцівае Сярэднявеччу светабачанне (памятаем, міф – ёсць само жыццё). Паказальна, што аповед у творы вядзецца ад першай асобы, што дазваляе чытачу максімальна наблізіцца да галоўнага героя і глыбей спачуваць яму.

Міфалагічныя існасці ў апавяданні Н.Новаш, па сваёй сутнасці, з’яўляюцца маркерамі, што пазначаюць варожую герою «чужую» прастору: ад свету ётунаў і ніфлунгаў да дэманічнага вымярэння. Фарміруючы самы стыль апавядання, усе элементы формы мастацкага цэлага, гэтыя вобразы арганізуюць твор і знутры, дазваляючы аўтару паказаць свайго героя на шляху духоўнага сталення. Праз гэта герой Новаш (як высвятляецца напрыканцы твора, яго імя – Хрыстафор) знаходзіць у сабе сілы супрацьстаяць як фізічнай небяспецы (вынішчэнне з боку ніфлунгаў), так і спакушэнню з боку прадстаўніка свету дэманаў.

Як бачым, самы дасканалы ў мастацкім плане твор карыстаецца самымі класічнымі, адшліфаванымі часам сродкамі і формамі, знаёмымі і блізкімі кожнаму носьбіту фальклорнай традыцыі. Падобным жа чынам, нагадаем, напісаныя і знакамітыя сёння творы Толкіена і Сапкоўскага. Што гэта можа азначаць? На нашу думку, тое, што нават у такім параўнальна маладым літаратурным накірунку, як фантастыка (фэнтазі) дзейнічаюць усё тыя ж, выпрацаваныя стагоддзямі практыкі, заканамернасці, што і ў фальклоры. Напісанне сапраўды знакавага літаратурнага твора на фантастычную тэматыку без ведання асноўных законаў класічнай чарадзейнай казкі, без знаёмства з фальклорнай спадчынай падаецца нам сумнеўным (калі і ўвогуле магчымым).

ЛІТАРАТУРА

1. Люстэрка Сусвету/ уклад. Г.Р. Ануфрыеў, У.М. Цвяткоў. – Мн.: Мастацкая літаратура, 2007. – 318 с.
2. Тодоров Цв. Введение в фантастическую литературу / Цветан Тодоров. – М.: ДИК, 1999. – 142 с.
3. Толкиен Дж.Р.Р. Лист работы Мелкина и другие волшебные сказки / Дж.Р.Р. Толкиен. – М.: РИФ, 1992. – 297 с.
4. Толкиен Дж.Р.Р. Профессор и чудовища / Дж.Р.Р. Толкиен. – СПб.: Азбука-классика, 2004. – 288 с.
5. Чарадзейныя казкі: у 2 т./ склад. К.П. Кабашнікаў, Г.А. Барташэвіч. - Мн.:Беларуская навука, 2003. – 2 т.
6. Элиаде М. Аспекты мифа/ Мирча Элиаде. –М.: Инвест, 1995.– 238 с.

Сайт создан в системе uCoz