Свабоднае дыханне паэзіі
Анатоль Зэкаў

Пра аўтара || Вершы

ЗЭКАЎ Анатоль Мікалаевіч нарадзіўся 2О студзеня 1955 года ў вёсцы Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці.

У 1977 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яшчэ будучы студэнтам 5-га курса пачаў працаваць у рэдакцыі гомельскай раённай газеты “Маяк”, потым — у Гомельскім райкаме камсамола: загадчыкам арганізацыйнага аддзела, другім сакратаром.

З 1980 да 1982 года — слухач Вышэйшай камсамольскай школы пры ЦК ВЛКСМ (г.Масква). Па накіраванні ў Мінск працаваў інструктарам аддзела прапаганды і агітацыі ЦК ЛКСМ Беларусі. У 1991 годзе завочна скончыў Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання Кампартыі Беларусі. Палітолаг.

З 1985 года — у рэдакцыі маладзёжнай газеты “Чырвоная змена”: загадчык аддзела, адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара. Затым узначальваў мінскую гарадскую газету “Добры вечар”(1990-1996) і штотыднёвік “Сталіца”, працаваў у газеце “Книга и мы”(1996-1997), быў галоўным рэдактарам “Беларускай лясной газеты”(1997-2002), намеснікам і в.а. галоўнага рэдактара часопіса “Вожык”(2002-2005), рэдактарам аддзела прозы – членам рэдкалегіі часопіса “Полымя”(2006-2009). Цяпер – у рэдакцыі часопіса “Вясёлка”.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1994 года. Член рэдкалегіі часопіса “Вясёлка”.

Першы верш апублікаваў у газеце “Піянер Беларусі” ў 1969 годзе. Працуе ў розных літаратурных жанрах. Выдаў кнігі паэзіі “Боль сумлення”(1989), “Аварыя сумлення”(1996), “Зона кахання”(2003), “Лісты да цябе” (2005), “Чарнобыльскі вецер” (2006), “Промнік позірку твайго”(2008), прозы “Вясельнае падарожжа ў Стамбул” (2000), “Генеральскі нумар” (2011), сатыры і гумару “Дуэль” (1994), “Дуэль-2”(1995), “Па самую плешку”(2003), “Кругі ў галаве” (2007), “Каханне на снезе” (2011), для дзяцей “Чатыры зярняткі” (2000), “На арэхавым кані” (2003), “Мянтуз сярод мядуз” (2007), “Зязюля Гулюля” (2011). Напісаў таксама кнігу ўспамінаў пра Алеся Пісьмянкова “Алесь” (2007).

Вершы Анатоля Зэкава перакладаліся на рускую, таджыкскую і чувашскую мовы. На асобныя з іх напісаны песні.

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Васіля Віткі (2009). Зборнік літаратурных пародый “Кругі ў галаве” прызнаны Саюзам пісьменнікаў Беларусі лепшай кнігай 2007 года ў намінацыі “Сатыра і гумар”.

Вядомы беларускі парадыст, тонкі лірык, вясёлы апавядальнік. Часта ладзіць літаратурныя сустрэчы з чытачамі.

Сайт создан в системе uCoz