Альманах "Дзьмухавец". № 6

        Дзьмухавец

Жарка, жоўта уквечаны лёг паплавец
У пакінутай вёскі маёй на віду.
Як праменьчык вясны, заірдзеў дзьмухавец —
На сцябліне калыша, расстайнік, бяду.

Завяршаецца лёсу гарэністы круг:
Гул шчаслівай пары і нямота жытла.
Дзьмухавец, мой адзіны прыветлівы друг,
Колькі дорыш вачам трапяткога святла!

Я світаю душой у далёкай пары,
Што асмужыў, панёс назаўжды час-плывец.
Чую голас матулін жывы на двары,
Бачу сябра жывога ля груш, дзьмухавец.

I няма там, у вёснах, жахотнай слаты,
I праменяць шчасліва, жаўцяна яны.
Не пагас, не адцвіў, дзьмухавец, яшчэ ты,
Не пасеяў між траў белы пух сівізны.

Вітаем!

Мы пачынаем з верша Міколы Мятліцкага. Не ведаеш, хто ён гэткі?
А мы адкажам так: у нас ёсць дзве навіны:
Калі не ведаеш, чытай цалкам шосты Дзьмухавец!
Калі ведаеш, чытай цалкам Дзьмухавец!
Акрамя Міколы Мятліцкага, акрамя іншых паэтаў,
акрамя творчых прац дробных студэнтаў і звычайных выкладчыкаў філфака БДУ,
мы прапануем вам знаёмства з нашымі сябрамі (новая рубрыка),
мы настойліва запрашаем у філалагічныя гульні на 106-гадовы сакральны юбілей,
мы раім зазірнуць у арт-галерэю,
мы запрашаем у новыя падарожжы.
Усё гэта не проста так.
Мы чакаем ад вас настойлівага прагляду рубрыкі "Педагогіка. Паўсядзённасць. Школа",
Мы ўжо чытаем вашыя электроныя лісты на нашай паштовай скрыні
з вашымі скаргамі, падзякамі, творчымі працамі,
цікавымі фатаздымкамі (дзьмухаўцоў і не толькі).

Нашыя адрасы:
вэбсайт: almanah-dzmuhavec.narod.ru
Э-скрыня: almanah-dzmuhavec@народ.ру - пішы лацінкай, мы так шыфруемся ад спаму.

Ой!
Спыніся!
Не чытай пакуль далей!
Ёсць яшчэ адна навіна.
Калі пабачыш багоўку на старонцы, то паглядзі, што ў яе пад крыламі.
Наўпрост падвядзі курсор да яе - а там сурпрыз!

Ну ўсё. Пачынай чытаць!

Сайт создан в системе uCoz