Філалагічныя гульні

За туманам нічога не відно

РАЗДЗЕЛ IV
“Без асновы людзі-канчаткі…”


Неяк так ужо павялося, што на філфак прыходзяць занадта таленавітыя людзі. Ці то спяваюць, ці то вершы складаюць, ці таньчаць,ці яшчэ якой самадзейнасцю займаюцца – да ўсяго яны здатныя. І нельга сказаць, што навука застаецца збоку – і тут філфакаўцы могуць сабе праявіць. Я не бяруся зараз разважаць пра чалавечыя якасці, проста нярэдка пра гэтых людзей красамоўна сведчыць адна акалічнасць: што і як яны пішуць, асабліва калі ў якасці хатняга задання складаюць ( або толькі спрабуюць складаць!) вершы. Трэба зазначыць, што атрымліваецца ў іх гэта зусім нядрэнна. І ўжо не істотна – было гэта заданне ці ўласнае жаданне – талент праяўляецца заўсёды. А вось у якой менавіта форме яму наканавана праявіцца – гэта ўжо залежыць ад аўтара ( дазвольце мне так называць нашых паважаных студэнтаў-першакурснікаў з беларускага аддзялення ). Сярод тых вершаў, якія мне трапіліся, можна заўважыць і белыя вершы і верлібры. Гэта, сапраўды, толькі пацвярджае думку, што студэнт філфака проста знітаваны з літаратурай і ўмее добра гэта праявіць.

                за туманам
                нічога
                не відна
                сад пусцее
                сутонне
                уранку
                звоніць сонца
                росна і дымна
                узварушана
                вейкі
                світанку
                (А.Слівінская)
Можа, за туманам і насамрэч нічога не відна,але многія з творчых асобаў здолелі ўсё-такі нешта разгледзець. А яшчэ больш цікава ( а мне дык нават і прыемна) заўважаць, адчуваць у кожным вершы тое, што кожны з аўтараў убачыў у сваіх думках, марах, пачуццях… Бо “ўбачнае” імі атрымалася дастаткова разнастайным і каларытным.
Шчасце, каханне, цішыня, смутак, роспач, надзея, пакуты – доўгі шэраг, які не можа ўвабраць усіх пачуццяў, што студэнты і студэнткі намагаліся выразіць у вершах. А нехта, наадварот, хаваецца сам у гэтым тумане і не жадае дарэшты шчыра выказаць свае боязі і сумненні, ці саромеецца гэта зрабіць. І гэта характэрна для творчай асобы.
Цікавым асабіста падалося яшчэ мне і тое, што ўсе творы лучацца ў раздзелы, але падзел гэты досыць ўмоўны, бо кожны з іх сугучна, і гарманічна, дапаўняе адзін аднаго. “Смутак па доме” разам з “Веснавым павевам” нагадваюць пра тое, што вярнуць немагчыма і гэтаксама немагчыма забыць. Прыемныя мелодыі прырод ці людскога жыцця знітаваны і як быццам свецяць адным звонкім промнем у тваё адчыненае акенца – сэрца.
Прыемна адчуваць, як пячэ сонейка, як ты мружыш вочы ад згадкі пра каханне…Прыемна і зусім не дзіўна, што гэта тэма сустракаецца тут амаль праз кожныя два-тры вершы: вясна, узрост. Але мо таму, што гэтая вясна сёлета зацягнулася, вершы пераважна маюць нейкую шэрую , песімістычную афарбоўку. Мяркую, гэта нястрашна і часова, прыёдзе лета – мо і зменецца што?...
                За туманам нічога не відна.
                Кволыя фарбы няспынна губляюць адценні.
                Дарэмна малюю бястварае заўтра.
                ( Г. Дубіна )
Не, не дарэмна. Спадзяюся. Перакананая. Што не дарэмна. Доказ ёсць. Тут, побач. Ёсць і надзея. Трэба ўбачыць і зразумець.
Поспехаў!

Вольга Анікевіч

                        Раіса Кірчанка
Чалавек без асновы
За туманам нічога не відна,
Што наперадзе будзе?
Не скажа ніхто.
Я гляджу на сябе –
І чамусці агідна.
Мне сямнаццаць гадоў.
Ну і хто я? Ніхто.

Ну і хто ж будзе там, за туманам?
Зноў нудота, а я хачу жыць.
Я хачу пачуцця, хай з падманам,
Хачу бегчы, смяяцца…сабой быць!

Сабой быць?! І што гэта значыць?
Ідэалаў няма,
Страчаны ўсе пачаткі,
І канцоў не знайсці.
Як тлумачыць Сябе?
Без асновы людзі – канчаткі…

                        Яўген Румянцаў
За туманам нічога не відна –
Быццам дымам зацягнута ўсё,
Ззаду й спераду…Моцна абрыдла
Мне такое – ў тумане – жыццё.
Бо туман – то няўпэўненасць, хістасць,
Цемра ў ведах пра заўтрашні дзень.
Бо туман адводзіць наўмысна
Ўвесь жыццёвы бруд наш у цень.

                        Ірына Гірза
За туманам нічога не відна
Не відаць святла ў жыцці.
Усё марнасць. Пустэча. Абрыдла.
Хто падскажа , куды мне ісці?
А жыццёвая проза смяецца:
“Нарадзўся – маўчы, што слабы,
Ад мяне нікуды не падзецца!”
Нікуды… Нікуды…Нікуды…

                        Юлія Барташ
За туманам нічога не відна,
І мне цяжка наперад ісці.
Абарочвацца неяк агідна:
За туманам нічога не відна.

Простым быць я хачу чалавекам,
Не забыцца на мілых людзей,
Не зайздросціц ьдушэўным калекам,
Простым быць я хачу чалавекам.

Гэта дзейсніць усё вельмі проста,
Толькі варта яшчэ захацець.
І не трэба з высокага моста
На людзей, табе роўных, глядзець.

                        Фёдар Палякоў
За туманам нічога не відна
І арлу. Гэта ясна любому.
І таму ўдвая больш агідна,
Як яго мы ствараем свядома.

Мы ім вочы тады засцілаем,
Калі побач няшчасныя людзі.
Так лягчэй. Мы іх не заўважаем.
І спакойным жыццё наша будзе.

Вось такое ўяўляецца шчасце:
Спажываць, не зрабіўшы нічога.
Гэта тое ж, фактычна, што красці.
І таму я малюся да Бога:

Не пакутвалі б людзі, што робяць.
Не пускалі б туман свой бяздушны.
Бо туману прыроднага хопіць.
Дык навошта ствараць яшчэ штучны?

                        Кацярына Голуб
За туманам нічога не відна…
Толькі ціш ды маўклівы абсяг.
Сэрца душаць, і розум, і крыўда,
Кроплі слёз задрыжалі ў вачах.

Ну навошта – сябе я пытаю –
Існуе чалавек на зямлі?
Лепей толькі бы птушкі ляталі
Ды блукалі па лесе звяры.

Чалавек – цар прыроды, так кажуць…
Можа, цар, але шляхам якім?
Над зямлёю маёй ,я заўважыў,
Плыве шэры, удушлівы дым.

Птушак ў небе з-за шуму не чутна,
Замест дрэўцаў у лесе пянькі,
Усе балоты навокал асушаны –
Мы шукаем новай зямлі.

Летам – снег, а зімаю – адліга…
Гэта помста прыроды, зямлі.
Чалавецства турбуеца крыху.
Дзе ж падзеліся мы, каралі?

Наш загад нічога не значыць,
Хоць прыроды нічым не змяніць.
Трэба многае што прейначыць,
Каб яшчэ на зямлі нам пажыць.

За туманам нічога не відна…
Толькі ціш ды маўклівы абсяг.
Чалавек. І прырода. І крыўда.
Кроплі слёз задрыжалі ў вачах.

                        Таццяна Батурля
За туманам нічога не відна.
Уцякае ў далеч дарога,
Ты паломнікам стаў свайго лёсу,
Крок зрабіўшы ад бацькі парога.

Намаганні твае ўсе дарэмны,
Не зрабіў для другіх ты нічога.
Сам з сабою ў цемру ты крочыш,
Але гэта не тая дарога.

Не знайшоўшы ў жыцці сваёй мары,
Свае думкі не здзейсніш ніколі.
Ты жыцця змаляваў усе старонкі,
Век шукаючы лепшае долі.

                        Вольга Лепешава
За туманам нічога не відна.
Нібы хтосьці закрыў людзям твар.
На наш свет глядзець стала агідна,
У якім чалавек – валадар.

А колькі прыгожага ў свеце:
Шмат жывёлаў, азёр і лясоў.
Людзі ж – крупінкі на нашай планеце,
Але ж губяць усё ,льецца кроў.

Мы глядзім на ўсё гэта і плачам,
І не можам нічога зрабіць,
Каб былі нашы дзеці шчаслівыя,
Адчулі свабоду, змаглі палюбіць!

                        Дзяніс Фунт
За туманам нічога не відна –
Толькі бачу я стары плот,
І сабаку, што спіць побач смірна,
Не вартуючы агарод.

І зялёную чыстую траўку,
Усю ў халоднай празрыстай расе,
І драўляную сінюю лаўку,
Пад якою ляжу. І трасе

Усяго, бо прачнуўся пад ёю
Я, і холадна раніцай мне…
Пасварыўся падвечар з табою
І пайшоў сум тапіць у віне.

                        Аляксандр Канановіч
За туманам нічога не відна
Голас сэрца мой здрадзіў бязвінна
І цяпер мне так прыкра і крыўдна
Што душа просіць смерці няспынна
Безнадзейнасць мне шэпча начамі
Ты не здолеў стрымаць абяцанне
Адвярнуўся ад веры ў адчаі
І жыццё тваё пройдзё ў маўчанні
Гнеўным рэхам мой ьоль адкукнецца
Цемра радасць зацягне ў пустэчу
Нітка шчасця раптоўна парвецца
І надзея адменіць сустрэчу


1. РАЗДЗЕЛ I. “Ці чакаць цябе, месяц нязгасны?..”
2. РАЗДЗЕЛ II. Светлае дзіцячае ваконца
3. РАЗДЗЕЛ III. “І кахаць, да вар’яцтва кахаць!..”
4. РАЗДЗЕЛ IV. “Без асновы людзі-канчаткі…”
5. РАЗДЗЕЛ V. “І клялася сваім я дзявоцтвам…”
6. РАЗДЗЕЛ VI. “Толькі чуецца дзесьці – курлы!..”
7. ПАСЛЯСЛОЎЕ
8. Аутары


Наверх старонкі || За туманам нічога не відно || Да зместу

Сайт создан в системе uCoz