Анонсы, рецензии
.
Т.В.Кабржыцкая, П.І.Навойчык, Э.Ю.Дзюкава. Украінская літаратура. Хрэстаматыя. У пяці частках. Частка 3. Паэзія, драматургія, проза канца ХІХ-першай трэці ХХ ст. Мінск: БДУ, 2014 г.–600 с.

Алена Вострыкава. Украінская літаратура на беларускай прасторы

22.08.1972, г. Мінск, у 1994 г. скончыла філфак БДУ, у 1997 г. – аспірантуру.
Філалагічны факультэт БДУ, спецыяльнасць па дыплому --“філолаг; выкладчык рускай мовы і літаратуры”
Кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дацэнт кафедры славянскіх літаратур
Спецыялізацыя: славянскае літаратуразнаўства
Кандыдацкая дысертацыя “Паэтыка раманаў Мілана Кундэры”, 1998 г., навуковы кіраўнік – д.ф.н., прафесар Шаблоўская І.В.
Чытаt курсы па гісторыі чэшскай і славацкай літаратур, гісторыю славянскіх літаратур, тэорыю і практыку мастацкага перакладу, розныя спецкурсы.

За апошнія часы кафедра славянскіх літаратур выдала даволі шмат кніг, якія развіваюць тэму беларуска-іншаславянскіх стасункаў. Дастаткова прыгадаць такія манаграфіі, як “Фальклор і літаратура: феномен беларуска-польска-ўкраінскага сумежжа” Т.В.Кабржыцкай, М.М.Хмяльніцкага, Ю.Ю.Дзюкавай (Мінск, “Кнігазбор” 2011), “Дзве Радзімы—Україна і Беларусь--пад міратворчымі курыламі буслоў” Т.Кабржыцкай (Мінск, “Кнігазбор”, 2011), “Нарысы суседазнаўства. Україна, Польшча ў прасторы і часе вачыма беларусаў” ” Т.В.Кабржыцкай, М.М.Хмяльніцкага, Ю.Ю.Дзюкавай (Мінск, “Кнігазбор” 2012), вучэбныя дапаможнікі “Украінская літаратура і ўкраінска-беларускія літаратурныя ўзаемасувязі” Т.В.Кабржыцкай і У.В.Рагойшы (Мінск, БДУ, 2012), “Гісторыя ўкраінскай літаратуры. Украінска-беларуска-польскія літаратурныя дыялогі. Частка 1.” Т.В.Кабржыцкай, М.М.Хмяльніцкага, Ю.Ю.Дзюкавай (Мінск, БДУ, 2012), “Гісторыя ўкраінскай літаратуры. Украінска-беларуска-польскія літаратурныя дыялогі. Частка 2.” Т.В.Кабржыцкай, М.М.Хмяльніцкага, Ю.Ю.Дзюкавай (Мінск, БДУ, 2014), анталогія сербскага пісьменства ў 6 частках прафесара І.А.Чароты.

У канцы 2014 г. свет пабачыла трэцяя частка вучэбнага дапаможніка “Украінская літаратура. Хрэстаматыя”, якая з’яўляецца складнікам цэласнага вучэбна-метадычнага комплексу, разлічанага перш за ўсё на студэнтаў-украіністаў. Аднак неаспрэчна тое, што азначаны комплекс будзе карысным і студэнтам-русістам, і беларусістам, і ўвогуле шырокім колам навуковай грамадскасці краіны. Прапанаванае для разгляду выданне - працяг распачатай яшчэ ў 2004 г. работы па азнаямленні беларусаў з дасягненнямі ўкраінскага прыгожага пісьменства. Першую частку аўтары-складальнікі Т.В.Кабржыцкая, П.І.Навойчык і У.В.Рагойша прысвяцілі старажытнай украінскай літаратуры ХІ-ХVІІІ ст. Другая частка выйшла ў 2005 г. і была прысвечана новай украінскай літаратуры ХІХ ст. Першыя часткі хрэстаматыі мелі шырокі навуковы рэзананс як у Беларусі, так і ва Украіне. Лагічным працягам плённай навуковай і метадычнай працы стала цяперашняя трэцяя частка названага выдання.

Зразумела, што, згодна з вызначэннем “хрэстаматыя”, чытачам прапануюцца найперш мастацкія тэксты. Аднак заўважым: жанр выдання – сінкрэтычны. Тут адлюстраваны сучасныя падыходы ўкраінскіх даследчыкаў да вылучаных творцаў, да асэнсавання цэлых плыняў, мастацкіх метадаў і школ ва ўкраінскай літаратуры. Ва ўсіх частках хрэстаматыі корпус мастацкіх тэкстаў суправаджаецца навукова-крытычнымі артыкуламі, грунтоўнымі літаратуразнаўчымі аглядамі. Дыяпазон прапанаваных аўтараў і іх мастацкіх твораў выключна аб’ёмны. Прадуманасць кампазіцыі, канцэптуальнасць навуковага асэнсавання спрыяюць стварэнню аб’ектыўна цэласнай карціны самабытнага нацыянальнага пісьменства. Асобныя пытанні вырашаюцца з выкарыстаннем метадалогіі параўнальнага літаратуразнаўства.

Выданне пазбаўлена штампаў і схематызму. Так, жыццёвы і творчы шлях абраных аўтараў асвятляецца вельмі уважліва. Звяртаецца ўвага на значныя факты біяграфіі пісьменнікаў, прасочваецца эвалюцыя іх поглядаў, ідэйна-эстэтычныя пошукі, вызначаецца традыцыяналізм, наватарства ў галіне формы і зместу, жанрава-тэматычныя, мастацка-выяўленчыя адметнасці, месца і роля творцаў не толькі ва ўкраінскім пісьменстве, але і ў іншых славянскіх і нават еўрапейскіх літаратурах. Увогуле пазітыўным момантам дадзенага выдання з’яўляецца ўключэнне пэўных літаратурных з’яў і вылучаных аўтараў у агульнаеўрапейскі літаратурны кантэкст. Метадалагічнымі прынцыпамі хрэстаматыі сталі наступныя моманты: літаратуразнаўчы матэрыял, аглядныя артыкулы і навуковыя каментарыі падаюцца на беларускай мове. Мастацкія тэксты, паколькі галоўны рэцыпіент кнігі – студэнты-ўкраіністы, прапанаваны на ўкраінскай мове. Аўтары пры адборы тэкстаў арыентаваліся на ўкраінскія акадэмічныя выданні. У хрэстаматыі захоўваюцца лексічныя і сінтаксічныя адметнасці арыгіналаў, што дазваляе скласці адпаведнае ўражанне пра прадстаўленую эпоху, стыль пісьменніка і нацыянальны каларыт.

Трэцяя частка хрэстаматыі прысвечана ўкраінскай літаратуры канца ХІХ - першай трэці ХХ ст. Гэты перыяд вызначаецца выключнай інтэнсіўнасцю фарміравання нацыянальных адметнасцей украінскага пісьменства, пошукамі абноўленых шляхоў яго развіцця. У выданні ўключаны спецыяльныя літаратуразнаўчыя агляды, у якіх грунтоўна даследуюцца асноўныя тэндэнцыі развіцця ўкраінскай літаратуры ў кантэксце наватарскіх тэндэнцый еўрапейскага літаратурнага працэсу, аналізуюцца дынаміка жанрава-стылёвага дыяпазону ўкраінскай паэзіі, наватарства нацыянальнай драматургіі, асноўныя тэндэнцыі развіцця ўкраінскай прозы. Падбор мастацкіх тэкстаў падначалены выяўленню яскравых творчых індывідуальнасцей, якія дастаткова выразна характарызуюць шырыню ўкраінскай мастацкай панарамы часу.

Грунтоўна прэзентаваны ў хрэстаматыі ўкраінскія паэты Уладзімір Самійленка, Леся Украінка, Мікола Вараны, Аляксандр Алесь, Грыгорый Чупрынка, Пятро Карманскі, Багдан Лепкі, Паўло Тычына, Міхайла Семянко, Яўген Плужнік, Валяр’ян Палішчук, Міхайла Драй-Хмара, Максім Рыльскі, Уладзімір Сасюра, Мікола Бажан. Характарыстыка ўкраінскай драматургіі падаецца праз творчую дзейнасць пісьменніка Міколы Куліша. Гэты выбар цалкам апраўданы: праз прызму мастацкіх тэкстаў М. Куліша можна высветліць цэлую эпоху станаўлення ўкраінскага (і беларускага таксама) тэатральнага мастацтва. Проза хораша прадстаўлена тэкстамі Архіпа Тасленкі, Сцяпана Васільчанкі, Міхайлы Яцківа, Марка Чарамшыны, Васіля Стафаніка, Міхайлы Кацюбінскага, Вольгі Кабылянскай, Уладзіміра Віннічэнкі, Андрэя Галаўко, Грыгорыя Касынкі, Валяр’яна Підмагільнага, Аркадзя Любчанкі, Астапа Вішні, Міколы Хвылявога.

Спецыяльнай увагі заслугоўвае раздзел хрэстаматыі “Украінская класіка і беларуская літаратура”, у якім знаёмімся з глыбока навуковым, наватарскім падыходам да пытанняў “Леся Украінка і Беларусь: духоўнасць і трагедыя”, “Мікола Хвылявы і беларускае нацыянальнае адраджэнне першай трэці 20-х–30-х гг. ХХ ст.” Аўтар матэрыялаў – кандыдат філалагічных навук, дацэнт Таццяна Вячаславаўна Кабржыцкая. Яна ж – навуковы кіраўнік калектыва аўтараў і куратар дадзенага праекта.

Выяўленне шырокіх тэндэнцый беларуска-ўкраінскіх літаратурнага ўзаемадзеяння – увогуле адзін з акцэнтаваных складнікаў комплекса. Многія аспекты ўкраінска-беларускіх сувязей, як кантактных, так і тыпалагічных, распрацаваны даследчыкамі ўпершыню спецыяльна для праекта “Украінская літаратура. Хрэстаматыя”, што знайшло сваё адлюстраванне таксама і пры складанні творчых партрэтаў украінскіх пісьменнікаў. Адзначанае сведчыць пра дадатковыя навуковыя вартасці выданняў, пра іх актуальнасць пры спасціжэнні гісторыі і ўкраінскага, і беларускага нацыянальнага пісьменства.

Такім чынам, разгледжаны комплекс выконвае шырокія функцыі. Тут і прадстаўленне мастацкага матэрыялу, так званы хрэстаматыйны складнік тэкстаў. Тут і манаграфічны агляд творчых індывідуальнасцей. Тут і цэласнае літаратуразнаўчае асэнсаванне ўсяго складанага перыяду станаўлення ўкраінскага прыгожага пісьменства. Літаратурны працэс падаецца з улікам шматвектарнасці яго развіцця і разнастайнасці мастацкага асэнсавання. А гэта ўсё сведчыць пра тое, што выданне можа быць ахарактарызавана як сучасная форма сапраўднага падручніка па гісторыі ўкраінскай літаратуры. Зрэшты, нельга не адзначыць тут і тое, што усе часткі выдання, якія выйшлі друкам, атрымалі грыф: “Дапушчана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь у якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па філалагічных спецыяльнасцях”. У сувязі з гэтым здзіўяе наступнае: Т.В.Кабржыцкая, П.І.Навойчык і Э.Ю.Дзюкава пазначаны ў выданні трэцяй часткі толькі як яе “складальнікі”. Фармальна дэфініцыя “складальнікі” нібыта нівеліруе іх аўтарскі ўклад у праект, змяньшае сапраўдную значнасць і вартасць той каласальнай даследчыцкай працы, здзейсненай паважанымі выкладчыкамі і таленавітымі навукоўцамі.

Тыраж рэцэнзаванага дапаможніка -- усяго 100 экземпляраў. Няма сумненняў: у хуткім часе будзе запатрабавана яго новае выданне. У пашыраным варыянце трэцяй часткі хрэстаматыі хацелася б убачыць яшчэ і паэму Лесі Украінкі “Одержима”, што раскрывае філасофію асэнсавання біблейскай праблематыкі ўкраінскімі творцамі пачатку ХХ ст. Варта было б ажыццявіць у ім больш шырокае знаёмства з выдатным празаікам, драматургам еўрапейскага масштабу У. Віннічэнкам, які меў, безумоўна, уплыў і на станаўленне беларускага пісьменства праз наватарства стылю, антытаталітарнае мысленне. У аглядных артыкулах рэцэнзаванага выдання згадваецца цікавы ўкраінскі аўтар Майк Ёгансен, аднак персанальна ён не прадстаўлены. Магчыма, яго арынінальнае парадыраванне стэрэатыпных прыёмаў авантурнай літаратуры пры распрацоўцы актуальнага нацыянальнага матэрыяла таксама вартае нашай увагі?... І яшчэ: вельмі ўзбагачалі эстэтычны бок выднання першых дзвюх частак хрэстаматыі ўдала падабраныя ілюстрацыі. Хочацца верыць, што пры працягу працы над вучэбным комплексам выдаўцы не адмовяцца ад гэтай ужо ўсталяванай практыкі.

Выхад у свет выдання “Украінская літаратура. Хрэстаматыя. Ч.3” – знамянальная з’ява культурнага жыцця Беларусі. Наватарства і арыгінальнасць даследавання ўзмоцнена наступнымі акалічнасцямі: ні ў далёкім, ні ў блізкім замежжы падобных праектаў не існуе. Зробленае дае падставы спадзявацца, што працяг выданняў вучэбнага комплекса будзе надалей вызначацца прафесіяналізмам, наватарствам, культурай рэдактарскай працы, афармлення, паліграфіі. А.У.Вострыкава