Настасся Албут
“Май сэрца, глядзі ў сэрца”, – словы А. Міцкевіча. Словы, скіраваныя, прынамсі, да кожнага, але асабліва іх трэба ведаць настаўнікам.
Чалавек не можа існаваць па-за соцыумам. Ён заўсёды камунікуе са знешнім светам. І працэс навучання, які мы імкнёмся гранічна аб’ектывізаваць, уводзячы тэставанне, прымяняючы модульныя тэхналогіі, методыкі ўзаемаабмену тэмамі, насамрэч ёсць працэс камунікацыі, працэс узаемадзеяння светаў – Настаўніка і Вучня. Сучасная педагогіка засвоіла пастулат пра вучня як асобу, зрабіўшы веды інструментам яе фарміравання. Ніхто не будзе спрачацца, што і настаўнік – асоба. Узаемадзеянне дзвюх асоб заўсёды абумоўлівае суб’ектыўнасць, ацэнку. Вучань глядзіць на веды праз прызму асобы настаўніка. “Я перакана, – адзначае М. Мантэсоры, – што ў нашых настаўніках мы хутчэй павінны развіваць дух, а не механічнае майстэрства вучонага; г.зн. кірунак падрыхтоўкі мусіць быць хутчэй у бок духу, чым у бок механізму”. Разбяромся, якога ж “духу”?
Я ўпэўнена: настаўнік адбыўся ў прафесіі , калі хаця б адзін з вучняў, кажучы вобразна, “пайшоў па яго слядах”. Нездарма гавораць: “Важна, у каго радзіўся, у каго вучыўся і з кім ажаніўся”. Вось вам і “ чалавек у соцыуме”! Назіранне: добрыя настаўнікі, выкладчыкі заўсёды з захапленнем, нават і хваляваннем могуць шмат апавядаць пра сваіх педагогаў, прадмет выкладання якіх зрабіўся і іх прадметам. Такім чынам, відавочная слушнасць выказвання Ш. Аманашвілі: “Для дзіцяці веды не існуюць без настаўніка”.
Шчаслівы і той, кім бы ён ні працаваў, хто можа з цеплынёй узгадаць любімага настаўніка. Без перабольшвання – гэта энергетычны імпульс на ўсё жыццё! Звернемся да класікаў, шлях многіх з якіх у літаратуру пачынаўся з уважлівых адносін людзей старэйшых да юнай творчай асобы. Я. Колас, напрыклад, успамінае: “Радасна мне было пачуць ухвалу Кудрынскага (настаўнік рускай мовы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі) і яго словы: “Вось дзе Ваша сапраўднае прызванне”. Я пачаў пісаць на мове свайго народа”.
Якімі ж якасцямі звычайна надзяляюць вучні настаўніка-эталона? Вось што піша А. А. Лойка: “Мне шанцавала на настаўнікаў: у большасці яны на ўроках у падручнік не зазіралі, былі валадарамі свайго прадмета, вуснага слова, выкладалі вольна, доказна, з жэстыкуляцыяй, з улюблёнасцю. Былі таксама тварам прыгожыя, маладыя, паставай, ці, як жанчыны, станам, фігурай зграбныя ці ўвогуле як грэчаскія і рымскія багі і багіні”. Настаўнік – гэта ўзор. Ад яго залежыць, ці палюбяць дзеці яго прадмет. Гэта актуальна для ўсіх дысцыплін, але праблема стаўлення да беларускай мовы, відаць, найбольш складаная.
Этыка вучыць нас ацэньваць найперш унутраны змест, а не знешнюю форму. Але што рабіць, калі чалавек, а тым больш дзіця, так уладкаваны, што першае ўражанне – ад успрымання знешняга. Варта гэта ўлічваць, аднак таксама не забудзьцеся і на тое, што знешнасць ёсць адлюстраванне ўнутранага свету чалавека – “воінства душы на палубе цела”. Таму так важна мець сэрца.
Місія настаўніка касмічная. Але статус настаўніка... Паводле сваёй ролі ў грамадстве настаўніцтва варта лічыць элітай. Аднак інтэлектуальны змест гэтага паняцця заціраецца зместам матэрыяльным. У такім выпадку, як растлумачыць, чаму прыгажосць паэзіі Максіма Багдановіча такая важная для беларусаў? Прыналежнасць да этліты карэлюе з паняццем аўтарытэтнасці, а настаўнік мусіць мець аўтарытэт у вачах вучняў. Узнікае новае пытанне: як чалавек, які адчувае сваю місію прыніжанай, можа данесці нешта высокае да іншага чалавека? А ў выпадку з беларускай мовай – як пераканаць, што прыніжанае ёсць насамрэч высокае, калі ў гэта з цяжкасцю вераць абодва (!) бакі? Наўрад ці настаўнікі здольныя кардынальна змяніць аперцэптыўную зададзенасць грамадства, “шырокіх мас”, у адзіночку.
Мяркую, тут будзе дарэчы згадаць мудрыя словы патрыярха Кірыла: “Неабходна памятаць, што стабільным і перспектыўным можа быць толькі тое грамадства, у якім хвароба называецца хваробай і падлягае лячэнню, а здароўе называецца здароўем і мусіць выклікаць у людзей жаданне пераймаць, таксама быць здаровым”. Пытанне не з лёгкіх, але сапраўдны настаўнік не мае права апускаць рукі, падпарадкоўвацца нейкай статкавай філасофіі. Гэта не значыць бесперапынна крычаць з амбона пра добрае і вечнае. Папраўдзе, надта сумнеўна, ці будзе хто тое слухаць. Размова ідзе пра адказнасць. Не адказнасць перад кіраўніцтвам, а адказнасць чалавека за сваё існаванне ў гэтым свеце. Калі яна ёсць, то праяўляецца нязменна і ва ўсведамленні сябе беларусам, і ў шчырасці працы, і нават у тым, што сапраўды адказны чалавек не дазволіць сабе выкінуць паперку не ў сметніцу. На жаль, і ўжо названыя, і шмат якія яшчэ сапраўды цудоўныя паняцці праз дэмагагічныя спекуляцыі іх зместам страчваюць сваё каштоўнаснае напаўненне. Настаўнік, даносячы да дзяцей гэтыя, здавалася б, простыя ісціны, каб не выглядаць недарэчна, смешна, мусіць адкрываць іх сэнс наноў. І дзецям, і найперш сабе. Ён фармуе, паводле ўжо згаданага намі Ш. Аманашвілі, наступнае пакаленне, а таму і сам павінен быць прадстаўніком будучага.
Дзеці нібы барометры. Бязглузда выглядаюць нараканні на сучасных вучняў, быццам яны не такія, як іх папярэднікі. Было б дужа дзіўна, каб усё змянялася, апроч дзяцей, інакш – апроч асобы чалавека ўвогуле. Калі дарослы стасуецца з дарослым, абодва спрабуюць найлепшым чынам паразумецца. Таму цалкам натуральна і настаўніку шукаць “чароўныя ключыкі” для камунікацыі з вучнем, асобай, адрознай ад самога настаўніка – гэтым надзвычай яму цікавай. Вось чаму нам патрэбна мець сэрца, жыць у суладдзі з ім. Якраз там месціцца тая ўсеабдымная адказнасць, багацце нашага мікракосму і святло тых асоб, якія нам неабыякавыя. Напрыканцы зноў звернемся да слоў Ш. Аманашвілі:
Сонца ўсіх сонцаў ёсць Сэрца.
Свет адукацыі і грамадства ўвогуле пакутуюць з-за сардэчнай недастатковасці.
Педагагічны сад марнее і чэзне без жыццядайнай крыніцы сэрца.