Практыка: рэтраспектыва і сучаснасць
Фальклорная практыка – 2012

Ах, фальклорная практыка,фальклорная практыка!... Колькі маладых студэнцкіх жыццяў ты ўпрыгожыла дыяментамі народнай творчасці, колькі летніх вакацыяў узбагаціла і разнастаіла днямі вандровак па гарадах і вёсках у пошуках гэтых самых дыяментаў, колькі жнівеньскіх і вераснёўскіх (а то і кастрычніцкіх!) тыдняў адабрала на ўпарадкаванне і камп’ютарнае афармленне каштоўных знаходак!!!... Але ж якія б ні былі ўражанні, перажыванні, расчараванні і неспадзяванні практыкантаў, адно можна сказаць пэўна: ніводная юная натура не засталася да цябе раўнадушнай, ні для кога ты не прайшла бясследна.

“Фальклорная практыка – 2012 скончылася… Няхай жыве фальклорная практыка!”

– пад такой рубрыкай падаем мы падборку вытрымак са студэнцкіх дзённікаў фальклорнай практыкі 2012 года. Зразумела, каб перадаць хаця б трэць колераў з усяе палітры ўражанняў і перажыванняў, занатаваных у дзённіках практыкантаў-фалькларыстаў, давялося б скінуць у Альманах столькі мега- і гігаБайтаў, што ён (электронны Альманах) ператварыўся б у электронную бібліятэку. Таму – толькі некалькі ўрывачкаў з некалькіх дзённікаў. Астятняе – у скарбонцы вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору (не сумняемся, што ЎСЕ вельмі добра ведаюць, дзе яна знаходзіцца). Прыходзьце, чытайце, узбагачайцеся!

Алёна Лагвіновіч, студэнтка спецыяльнасці «Славянская філалогія», у вёсцы Стараселле Лепельскага раёна Віцебскай вобласці запісала рэкордную колькасць адзінак – 165 (!!!). І не толькі запісала, але яшчэ і аформіла іх у належным выглядзе. Дадайце да электронных тэкстаў 98 (!!!) аўдыязапісаў і 10 відэазапісаў і адчуйце ўсю веліч і велічыню гэтай працы.

“Вось і прыйшоў час збіраць практыку. Усе справы ў горадзе былі паспяхова завершаны і я з вялікім задавальненнем адправілася да сваіх бабулі і дзядулі ў вёску Стараселле Лепельск. р-на, Віцебск. вобл., там я звычайна і праводжу кожнае сваё лета. А чаму? - спытаеце вы, дык таму, што там неверагодна прыгожыя краявіды, таму што бабуліны стравы самыя прыемныя да паху і самыя смачныя на свеце, а яшчэ таму, што я ведаю, што нас там вельмі чакаюць.

Мы з братам ужо сядзім у аўтобусе, засмучана глядзім у вакно, і ў мяне адразу ў галаве ўсплываюць розныя малюнкі з мінулага. Напрыклад, як мы падоўгу сядзелі і пільна слухалі бабуліны аповеды пра мінулае яе жыццё, а таксама і ўсе мясцовыя “новасці” разам. Дзе яшчэ мне знайсці больш прыдатнага суразмоўцу? Праз бабуліны аповеды я пачала разумець жыццё, я вынайшла эліксір вечнай моладасці духу і ніколі не задумвалася нават над тым, што яны прыдуманыя, бо былі прасякнуты горыччу расчаравання ці радасцю, якія яна сама зведала.

Гэта можа падацца неверагодным, але я не чула ад яе ніколі казак, легенд ці нейкіх паданняў (тым больш, што я пасля даведалася, што яна іх проста не ведае), але гэта мяне ніколі не трывожыла, бо калі з табой размаўляюць на роўных, калі табе давяраюць самае патаемнае, што не ведаюць нават твае бацькі, то гэтую праўду хочацца слухаць, па ёй менавіта хочацца вучыцца. Можа, таму і гавораць, што мы нават болей разумеем сваіх бабуль і дзядуль, чым бацькоў, вось такая незвычайна цесная адбываецца сувязь пакаленняў.

А тым часам у мяне ў галаве ўжо быў план, як збіраць гэтыя ненавісныя, як спачатку здавалася, фальклорныя адзінкі. Таксама я добра ведала, што бабуля ведае многа песень, а таксама цудоўны апавядальнік, але яна ні ў якім разе не будзе гэтага рабіць пры дзеду. А ў дзеда таксама вельмі добрая памяць, а значыць можна спадзявацца на дапамогу таксама.

За гэтыя два тыдні я не адчула ні разу ніякага дыскамфорту пры збіранні практыкі. Мне вельмі спадабаўся гэты працэс. Сярод казусаў было толькі неспадзяваныя паводзіны тэхнікі, выражанае ў нежаданні са мной працаваць. А так, калі прааналізаваць усё, то мяркую, што даволі паспяхова з усім справілася. Гэта наконт збірання.

Заўсёды трэба падыходзіць да справы з розных бакоў і тады атрымаецца сабраць як мага больш з інфарманта.

Ветлівасць і гасціннасць, лёгкая манера гутаркі, а таксама прыемнае стаўленне да чалавека з’яўляюцца важнымі рысамі характару беларусаў, што вельмі дапамагаюць ім прасцей жыць, але болей бачыць.

Цяжкасці з’явіліся пры афармленні ўсёй практыкі. Дакументацыя была на асаблівым месцы. Можа і спатрэбілася б каму дадатковая кансультацыя, але тут трэба ўнікаць самаму і поўнасцю паглыбляцца ў справу.

А ўвогуле збіраць практыку мне спадабалася. Можа і паўтару калі-небудзь яшчэ проста так для сябе… Бо гэтаму адпавядае мой наступны прынцып: рабі тое, што не любіць рабіць большасць людзей, не спадзявайся на пасля і не чакай, а дзейнічай. Спадзяюся, што змагу дапамагчы студэнтам, калі ўжо стану бабуляй, назбірацю столькі ж асобкаў, як і ў мяне”.

Студэнтка I курса (сёння ўжо ІІ курса) спецыяльнасці «Славянская філалогія» Кавалевіч Крысціна збірала фальклорныя матэрыялы на радзіме – у Драгічынскім раёне. Гэта чарада вёсак, дзе жывуць яе блізкія ці знаёмыя: Радастава, Гутава, Ялач, Асіпавічы, Осаўцы,.Вулька, Валавель, Белін, Бездзеж і сам Драгічын.

“Вось і праляцела хуткай птушкай такое доўгачаканае і такое сонечнае лета. Закончылася мая фальклорная практыка, маё падарожжа. Акрамя добрага настрою, пазітыўных эмоцый і новых знаёмстваў, фальклорная практыка дапамагла бліжэй пазнаёміцца з народнай культурай, ацаніць маральную прыгажосць яе стваральнікаў, узбагаціць маю мову, пашырыць веды і дазнацца, як размаўляюць жыхары нашых вёсак.

Але час ідзе, свет змяняецца і народная мудрасць, на вялікі жаль, забываецца. Гэта адбываецца таму, што сапраўдныя носьбіты фальклору ўжо занадта старыя, а моладзь імкнецца з’ехаць з вёскі. Так і атрымоўваецца, што, жывучы ў горадзе, чалавек не прытрымліваецца тых канонаў, па якіх жыў калісьці ў вёсцы і, адпаведна, іх забывае. Таму так важна сёння займацца этнаграфічнымі даследаваннямі, каб не пасеяць дзесьці ў мінулым не толькі культурную гісторыю, але і проста гісторыю нашага беларускага народа, інакш нам няма чаго будзе пажынаць.

Са сваёй працы я зраблю наступныя вывады:

1. Нягледзячы на тое, што дабірацца да вёсак самастойна было цяжка, я ўсё ж такі ўпэўнілася, што наш народ захоўвае свае самыя адметныя рысы і якасці.Што нашы людзі шчырыя, што іх душа разнастайная, загадкавая і невычарпальная.

2. У кожнай вёскі свой дыялект гаворкі. У гаворках некаторых вёсак прысутнічае прыстаўное [г], у некаторых літара е вымаўляецца ў словах як [э] альбо [ы], адсутнасць якання; характэрна форма інфінітыва на –ты пасля галосных.

3. Усе інфарманты гавораць на заходнепалескім дыялекце.

Былі цяжкасці і ў тым, што людзі ссылаліся на сціпласць, няўтульнасць, адсутнасць голасу, памяці, часу, але, на шчасце, – гэта былі адзінкі. У большасці ж выпадкаў мой прыход яны ўспрымалі, як магчымасць трошкі адпачыць ад гаспадарчых клопатаў, успомніць маладосць.

Многія, з кім я сустракалася, дзяліліся сваімі радасцямі. Галоўнае для іх-мець нейкую мэту ў жыцці і тады будзе ўсё атрымлівацца, каб дзеці і ўнукі былі здаровымі, шчаслівымі, каб усё ў іх ладзілася.

Фальклорныя творы, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, з вуснаў у вусны сапраўды не забудуцца, а будуць існаваць яшчэ шмат-шмат гадоў, бо мы, студэнты, нейкім чынам паспрыялі захаванню гэтага неацэннага скарбу, з якім жылі нашы інфарманты ўсё жыццё. Мне б хацелася, каб кожны беларус і зараз адчуваў сэрцам і душой любоў да сваёй зямлі, якая была ў нашых продкаў”.

Вольга Качалка, студэнтка ІІ курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія”, занатоўваючы вусную спадчыну г. Ліды, фальклорны дзённік пісала як свой асабісты, дзявочы, спавядаючыся сабе і, не пабаімся такога меркавання, будучым пакаленням.

“Доўга ў сваіх шматлікіх думках ішла да таго, што неабходна пачынаць брацца за свае абавязкі. Шчыра кажучы, абавязкам фальклорную практыку я б ніколі не назвала, бо ў маіх памкненнях і поглядах гэты занятак – суцэльнае задавальненне! Але такое меркаванне я мела ў сваіх “ружовых” марах пра лета: з’ехаць ад людской мітусні і акунуцца ў чароўны свет людской творчай думкі…

Нарэшце пачаліся вакацыі, і пачаліся яны не ў адной мяне, а яшчэ ў незлічонай колькасці маіх сяброў, знаёмых ды проста файных людзей. І тут раптам я закруцілася ў розных падзеях, зацянулася і выйшла так, што папярэдне чаканая фальклорная праца пачала адкладвацца як нейкі звычайны абавязак…

Усё ж той дзень прыйшоў, калі я вырашыла распачаць справу вельмі цікавую, але ў той жа час цяжкую і адказную. Ну…Паехалі!

Перадусім варта мне распавесці пра адзін выпадак, які стаў вырашальным у выбары першага інфарманта пры зборы фальклору.

Аднойчы, яшчэ ў канцы чэрвеня, я прыбірала ў хаце: мыла падлогу, наводзіла парадак. Праца гэта часта зацягваецца з-за таго, што як пачнеш вымываць нават просты кут, то можна замарудзіцца на ім і пасля нічога не паспяваць. Так здарылася і тады: час не цярпеў, а праца марудзілася… Падышла да мяне маці і вырашыла пажартаваць, расказаўшы такую гісторыю:

- А ці ведаеш ты, Волька, чаму жанчыны пастаянна ў рабоце, а мужчыны заўсёды ўсё паспяваюць: і адпачыць, і абавязкі выканаць? Ішоў аднойчы Езус па зямлі і папрасіў жынчыну дарогу Яму паказаць. А жанчына нешта замітусілася і пачала прычытаці аб тым, што зусім часу не мае размаўляць, што праца чакае. Тады Езус сустрэў мужчыну і спытаўся дарогі ў яго. Дык той мужык і дарогу падказаў, і паразмаўляў з Езусам, і справы свае ўсе парабіў. Вось з той пары жанчына ўвесь час нешта робіць і робіць, а мужчына ўсё паспее.

Выслухаўшы матулю, я ўсміхнулася і працягнула сваю работу рабіць.

На наступны дзень я паехала ў Мінск ва ўніверсітэт на кансультацыю па фалькларыстыцы. Нам расказвалі пра фальклорную прозу, якую мы абавязаны будзем збіраць. Выступоўца распавядала нам пра каштоўнасць фальклорных адзінак на тэму так званай “Народнай Бібліі”. І што вы думаеце? Яна апавяла нам гісторыю адзін у адзін, што мне расказвала мая маці падчас дамашніх спраў! І тут я ўжо надумала ў першую чаргу звярнуцца па фальклор да маёй матулі – кладзезі фальклору.

Калі выдалася вольная хвіліна для маёй мамы, я, не губляючы час і настрой, падышла да яе сёння і ўзнёсла абвясціла яе першым маім інфармантам. Мама засмяялася, бо яна ўжо прыкладна ведала, што я да яе звярнуся, але пасля яе занепакоілі ў маіх руках праграма-апытальнік і дыктафон. Упэўніўшы маму ў тым, што няма аніякіх падстаў баяцца маіх “дапаможнікаў”, мы пачалі працу.

Шкада ўжо развітвацца з дзённікам, бо, як маеш абавязак кожны дзень запісваць свае ўражанні, думкі, пачуцці, то пачынаеш зрадняцца з гэтымі радкамі. Не, свой асабісты жыццёвы дзённік я весці не хачу, бо не лічу патрэбным, затое хоць раз у жыцці я адчула, што значыць задумвацца над кожным пражытым днём і ацэньваць яго хаця б з пункту гледжання справаздачы па фальклорнай практыцы”.

Студэнт ІІ курса спецыяльнасці “Славянская філалогія” Павел Бранавец у свіх фальклорных пошуках дабраўся да горада Закрочым, што ў ваяводстве Мазавецкім у Польшчы. І сваім вопытам, сваімі ўражаннямі не мог не падзяліцца з Чытачом, якім можа быць кожны з нас.

“Прывітанне, шаноўны чытач! Хто я такі, ты ўжо, мабыць, ведаеш. Хочаш даведацца аб нечым з маёй практыкі? Тады падрыхтуйся прачытаць гэтыя 20 – 30 старонак, каб паглыбіцца ў кулуарна-ідылічную атмасферу дамка маёй польскай бабулі. Спадзяюся, што ты адчуеш гэты па-свойму непаўторны водар польскай гісторыі, польскай народна-хрысціянскай культуры, які зыходзіць з прыведзеных ніжэй твораў праз вусны гэтай старэйшай полькі. Прыемнага чытання!

14.07.2012 г.
Ну што ж, надышоў час той самай славутай фальклорнай практыкі.
Зараз я знаходжуся ў маленькім польскім гарадку Закрочым ў бабулі на канікулах. Менавіта яна павінна стаць маім галоўным інфармантам, бо ў мяне потым не будзе амаль аніякай магчымасці працаваць з вуснай народнай творчасцю. Сёння рэшта сям’і ад’язджае дадому, а я застаюся акурат на два тыдні, а пасля з’язджаю да Чэхіі. За гэтыя трынаццаць (яшчэ адзін дзянёк, мабыць, адпрацую пасля прыезду) дзён трэба неяк намовіць бабулю на размову. Пасля вячэры трэба будзе ўдакладніць асноўную інфармацыю да пашпартызацыі і, калі атрымаецца, распачаць уласна практыку.
Што ў мяне па факце ёсць? Пачнем з тэхнічных сродкаў. Ёсць ў мяне наступнае: малы сшытачак на колцах, які стаўся прататыпам дадзенага дзённіка (з-за наяўнасці аўдыяматэрыялаў табе не пашанцавала яго ўбачыць, хаця ты б там і так нічога не зразумеў), чорная асадка і слабенечкі дыктафон на кітайскім прайгравальніку MP3 (адразу папярэджваю аб не зусім добрай якасці запісаў, асабліва першых некалькі дзён), які да таго ж з’яўляецца асноўным абмежаваннем у часе практыкі, бо дэ-факта ў мяне няма жаднай магчымасці яго даладоўваць. Галоўны дапаможнік – праграма-апытальнік. Працягнем людскім фактарам. Гэты людскі фактар – гэта я і бабуля. Бабуля ўяўляе з сябе такую маленькую, старэнькую, сівенькую, сухаватую, але даволі жвавую жанчынку. Яна выхавала шасцёра дзяцей, у тым ліку і маю маму. Жыве зараз з дзядулем у сваім радзімым доме ў вышэйадзначаным амаль ідылічным трохтысячным гарадку. Больш афіцыяльную інфармацыю ты атрымаеш заўтра.
Настрой пакуль ў норме, я амаль гатовы да працы, застаецца толькі пачаць. Поспехаў мне!
P.S. Так, матэрыял будзе на польскай мове. Прабач, калі ласка. Я б з радасцю пераклаў увесь матэрыял, але з-за тэхнічных абмежаванняў (дыктафон, цуд-камп’ютар), мне на гэта проста не хапіла часу. У базе дадзеных з асобнымі перакладамі ты можаш знайсці пераклады ўсёй парэміі (прыказкі, прымаўкі, загадкі, выслоўі), усіх прыкмет, а таксама па аднаму твору кожнага вузкага жанру (г.зн. з няказкавай прозы – адну гістарычную і адну тапанімічную легенду, адну прымхліцу і да таго падобнае), акрамя рэалістычнай казкі і наратыўнай прозы, – цалкам 27 адзінак.
А пакуль -- пакуль!

Што я магу сказаць аб гэтай практыцы? Ну, па-першае, гэта была нядрэнная практыка польскай мовы. Па-другое – практыка працы з камп’ютарам. Па-трэцяе, што датычыцца самога працэсу збірання, я б хацеў адзначыць, што ён атрымаўся крышачку адрозным ад прыведзенага ў апытальніку. Мяне гэта крышачку на пачатку смуціла, але потым, як аказалася, аніякай праблемы ў гэтым няма. Тое, што інфармант адказвае не дакладна паводле пытання, дае табе магчымасць запісаць творы большай жанравай і тэматычнай гамы, пры гэтым натрэніроўваеш навыкі размеркавання адзінак паводле іх жанравай прыналежнасці. Таму раджу будуым пакаленням фалькларыстаў-практыкантаў, каб запісвалі ўсё, бо амаль усё можна так, ці інакш інтэрпрэтаваць у якасці фальклорнага матэрыялу. Дарэчы, што датычыцца запісаў, то бок па-чацвёртае, раю знайсці сабе на практыку добрую тэхніку, каб пасля не мець праблем з запісам адзінак у дзённік і з чарнавымі запісамі. Таксама б хацеў параіць прысвяціць практыцы большую колькасць часу, бо за пару дзён яе аформіць цяжкавата.
А яшчэ я скажу, чытач мой, што практыка – гэта шыкоўная магчымасць пазнаць сваю сям’ю з тых бакоў, з якіх ты ніколі нават не падумаў на яе паглядзець, зблізіцца з роднымі, пачаць лепш разумець іх.
На жаль, я не збіраў фальклор ад незнаёмых людзей, таму ў гэтым плане магу толькі меркаваць, што гэта быў бы нядрэнны тэст на камунікатыўнасць, добрая магчымасць пазнаць людзей, якія цябе атачаюць штодня, але ніколі не набліжаюцца занадта блізка. Асабіста я даведаўся вельмі шмат чаго цікавага з жыцця маіх продкаў, іх краіны, іх веры і не шкадую, што праходзіў гэтую практыку.
Такім чынам, фальклорная практыка – гэта адна вялікая магчымасць для студэнта-філолага, дзеля якой трэба, канешне, нямала папрацаваць, але якая таго вартая.
Аграмаднейшае дзякуй маёй бабулі, якая адсядзела са мною два тыдні! Прабач, тата, што тайком уплёў цябе да гэтай усёй справы.
Дзякуй табе, чытач, што прагледзеў гэтаё маё нешта. Спадзяюся, што гэта не была зусім ужо марная трата часу для цябе. Бывай здаровы!”

Бывайце, будучыя філолагі, фалькларысты і проста аматары слова! Да наступнай сустрэчы з жывой стыхіяй народнай паэзіі і прозы. Да наступнай фальклорнай практыкі!


Далей

Сайт создан в системе uCoz