Філалагічныя гульні
foto

Новыя праявы беларускай сэксуальнасці, ці Як нам знайсці сябе

Не паспела беларускае грамадства апомніцца пасля шумнай сенсацыі, звязанай з адкрыццём твораў Дуні Марцінкевіч, як нас ужо чакае новая з’ява. Нашымі вучонымі была адкрыта і часткова апублікавана прыватная спадчына Ясі Ксапацкай – простай настаўніцы з Заловішчаў. Яся вяла дзённік, які, як высветлілася, валодае вялікімі вартасцямі, якія мы асабліва цэнім напачатку ХХІ стагоддзя, -- шчырай адкрытасцю жаночага пачуцця, глыбокім разуменнем праблемы адносін палоў. Першыя чытачы ўбачылі ў дзённіку якасці, вартыя таго, каб паставіць яго ў адзін шэраг з вядомымі дзённікамі Марыі Башкірцавай і Елізаветы Дзяканавай. Але што мы ведаем пра прыватнае жыццё нашых беларускіх жанчын? -- Задалі сабе пытанне навукоўцы. – Ці ў нас сапраўды не было сэксу?

Не. Быў. Ды яшчэ які!

Мы друкуем фрагмент дзённіка, каб вы маглі ўпэўніцца, што сэксуальнасць на Беларусі не маглі задушыць ніякія маральныя нормы і правілы, ніякая цэнзура. Гендэрныя праблемы існавалі нават у Заловішчах у злавесныя 30-я гады.

Яся Ксапацкая. Сшытак другі. 1936 г.
Арх.воп.№543/76523.

10.Х.

Я так валнуюся. Сягоння Пятрок прыгласіў мяне на свіданіе. Ён так глядзеў на мяне калі казаў: “Прыходзь, любая! Я буду чакаць…”. У мяне падала ўсё ўніз, уніз, туды, дзе звычайна ў людзей пяткі.

А што там у мяне, цікава?

12.Х.

Мужчыны ўсе скаты.

15.ХІ.

Не пісала так доўга. Але было не да дзённіка, хаця адбылося са мной столькі ўсяго! Але лепш не ўспамінаць. Забуду.

Захацелася перачытаць Коласа. Мой любімы герой – Лабановіч. Ён не такі скот, як гэтыя нынешнія мужчыны. “Адно слова “дзяўчына” выклікала ў душы яго чысты і прыгожы вобраз, на які можна пазіраць і любавацца толькі здалёк”. Здалёк! А не саваць свае рукі прама ў… На першым свіданні! Ах, як горка жыць чэснай дзяўчыне адной!

Лабановіча адразу ўсе спакушалі прыгажунямі, а ён заставаўся благародны і недаступны для гразных помыслаў.

16.ХІ.

Як я памылялася! Гэта ж нада, як жыццёвы вопыт застаўляе нас па-новаму перачытваць літаратурныя творы! Лабановіч – такі ж скот, як і нашы заловішчанскія мужланы. І як я раней гэтага не заўважала! Перачытвала тое-сёе і плакала. “Яна раптам кінулася яму пад рукі, каб уцячы. Але ён крэпка схапіў яе пад пахі і не пускаў”. Уся гэтая сцэна, дзе ў Лабановіча “забунтавалася кроў”, пакінула горкае ўражанне.

12. ХІІ.

Янка запрашае на вячоркі. Я ўжо і не ведаю, ці ісці. Але ён так глядзеў на мяне, так трымаў за ручку, ды й каўбасы прынес. Мы разам паелі, і сядзелі блізка, але ён нават і не спрабаваў суваць свае рукі ў…

Які хлопец! Вочы сінія-сінія. Будзь што будзе, а я пайду!

29. ХІІ.

Няма горш долі, як быць адной на волі.

Гэта я сачыніла прыказку і тым і ўцяшаюся зараз. Хутка новы 1937 год. Якія надзеі былі ў мяне яшчэ нядаўна! Я хацела паехаць у Маскву, думала Сталіна пабачу. А зараз хачу толькі ўтапіцца.

31. ХІІ.

Прыходзіў Мацей, прынес мне елачку. Намякаў, каб я запрасіла яго сёння сустракаць новы год. Глядзеў так масляна, і адразу цалавацца палез. А перагарам ад яго, як у клубе на танцах.

Ведаю я гэтых прапашчых! Усе толькі аб адным. Кажуць, што я прыгожая і сэксуальная. А дзяўчаты кажуць, што я сцерва – усіх мужыкоў паадбівала.

Няшчасная я. І што рабіць?

Але ж елачка такая пушыстая!.. Пайду зоркі ды гірлянды шукаць. Тыя, папяровыя, што Міколка ў мінулым годзе падарыў.

1937 г.

2.ІІ.

Сягоння ў школу прыязджала камісія. Адзін, самы галоўны, так напіўся, што ўсе паехалі ў Мінск, а ён так і спаў. Ачуняў і прыйшоў да мяне на ўрок – толькі на трэці паспеў. Тожа мне – правяральшчык! Перад дзецьмі сорам. Яны як убачылі яго, так і загалдзелі:

-- Жаніх Яськін! Жаніх Яськін прыйшоў!

Гэтыя ж учора як праверылі ўсё, так дырэктарка ім пачала наліваць, а мяне пазвала таксама. Кажа, без цябе якая ж праверка.

Ну і гэты самы галоўны – Пятро Мікалаевіч, ці шо? – канешне ж, палез мне пра сцёгны і бёдры крутыя беларускія вершы чытаць. Я – у слёзы. У мяне ж сапраўдны жаніх цяпер ёсць. Куды мне банкетаваць з рознымі. Я дамоў пайшла, а яны потым за паўноч яшчэ па вуліцы шасталі, а гэты Пятро пад маімі вокнамі спяваў:

-- Ах попалась, пташка, стой,
Не уйдешь из сети!
Не расстанемся с тобой
Ни за что на свеце!

І свісцеў, зараза. Сорам. Уся вёска чула. Што скажа Мацей?

А я, канешне, як тую песню пачула, ізноў пра Лабановіча ўспомніла. Я цяпер думаю, што ўсе настаўнікі гэтую кніжку напамяць вывучылі і ідэалу свайму падражаюць.

14.ІІ

Мацей са мной не размаўляе і нават не вітаецца, калі сустракаемся. Я не ведаю, што рабіць. Няшчасная я! Няўжо ж ізноў не буду нявестай, а на ўвесь век застануся “Яська, дай пацалую”.

18.ІІ

Як назло, сёння дзяўчаты прысталі:

-- Пачытайце нам з Якуба Коласа!

Я адгаворвалася як магла, потым раскрыла кніжку наўгад:

“-- Нашто вы замкнулі тут дзверы? – зусім нявінна спытала яна.

-- А каб тыя самыя ножкі, што прыйшлі сюды праз школу, не выйшлі праз кухню.

Лабановіч падышоў да яе зусім блізка. Яна неспакойна заварушылася.

-- Пусціце мяне!..

-- Вы – мая госця і нявольніца. Ніякаму на свеце паляўнічаму не здаралася злавіць такую слаўную сарначку, як мне сёння. Дайце ж хоць наглядзецца мне на яе!”

Больш я прачытаць не змагла. Расплакалася пры ўсіх. “Сарначка”… Якая пошласць! І гэта быў мой любімы герой! Заўтра напішу ліст Якубу Коласу, каб выкрасліў гэтых паненак, Людміл, Ядвісь, Вольгаў Андросавых, папоўскіх дочак, гуляшчых кабет -- усіх разам. Псуюць светлы вобраз Лабановіча. Дзецям чытаць немагчыма!

А мо, і сама паеду ў Мінск, тады прыду да Коласа і так і скажу… Але неяк страшна да Коласа дамоў. Ды яшчэ з такой размовай… Ён жа таксама мужчына. Лепей усё ж такі ліст.

<Дарагі наш Якуб Колас!>

(Ніжэй усё закрэслена. – заўвага навук. рэд.)

Сайт создан в системе uCoz