Асобы
Васіль Ліцьвінка

Слова пра Васіля Дзмітрыевіча Ліцьвінку

Любы напрамак дзейнасці чалавека становіцца значным, важкім, заўважальным, калі яму прысвячаюць сваё жыццё сапраўдныя прафесіяналы. Такім прафесіяналам, безумоўна, быў В.Дз. Ліцьвінка. У наш прагматычны век людзі больш аддаюць увагу матэрыяльнаму ва ўсіх яго праявах, таму, што прыносіць хуткі даход. Духоўнае ж часта застаецца па-за ўвагай. І толькі разуменне духоўнага як важнейшага складніка нашага жыцця дазваляе чалавеку гарманічна развівацца, выкрышталізоўвае яго найлепшыя якасці, робіць узаемаадносіны паміж людзьмі больш дасканалымі. В.Дз. Ліцьвінка гэта добра разумеў, як разумеў і тое, што адной з крыніц духоўнага з’яўляецца фальклор – крыніца традыцый народа, яго адметных якасцей, яго мудрасці.

Калі я глядзеў тэлевізійныя перадачы з удзелам В.Дз. Ліцьвінкі, слухаў яго выступленні па радыё, бачыў на сцэне, мне здавалася, што гэты чалавек ведае ўсё пра народную творчасць беларусаў, іх звычаі, абрады. І не проста ведае – гэтым жыве, гэтым пранізаны.

Памятаю, як на факультэце выступалі фальклорныя калектывы з розных куткоў нашай краіны. З якой павагай яны адзываліся аб дзейнасці нашага Васіля (менавіта так яго часта называлі)! Каб хтосьці ўпершыню трапіў на наш факультэт на гэта мерапрыемтсва, то нават не ведаючы, хто такі В.Дз. Ліцьвінка, зразумеў бы, як многа зрабіў гэты чалавек для вывучэння, прапаганды вуснай народнай творчасці, для прывіцця любові, павагі да традыцый, культуры нашага народа.

В.Дз. Ліцьвінка стаяў ля вытокаў стварэння на факультэце лабараторыі, якая спачатку мела статус навуковай, а цяпер з’яўляецца вучэбна-навуковай лабараторыяй беларускага фальклору. Збіральніцкая дзейнасць В.Дз. Ліцьвінкі спрыяла таму, што сёння па каштоўнасці і багацці матэрыялу лабараторыя займае перадавыя пазіцыі ў Беларусі. Новае пакаленне фалькларыстаў працягвае традыцыі, заснаваныя В.Дз. Ліцьвінкам, працуе над тым, каб найкаштоўнейшы скарб народа захаваць і перадаць наступным пакаленням.

Мы памятаем пра заслугі Васіля і ўдзячныя за яго самаадданую працу на карысць нашага ўніверсітэта і нашай краіны.

Іван Роўда,
дэкан філалагічнага факультэта БДУ, д.ф.н., прафесар

Сайт создан в системе uCoz