Асобы
Васіль Ліцьвінка

Успамін пра сябра, дарадчыка, чалавека В.Д. Ліцьвінку

Незнарок, як лёс, мы сустрэліся непадалёку ад філалагічнага факультэта БДУ. Тады я толькі чуў пра В.Д. Ліцьвінку, ды і ён чуў пра мяне (відаць, ад Н.С. Гілевіча).

Так мы пачалі ўспамін пра Палессе, людзей і шчырую любоў да зямлі, да традыцыйнай культуры, абрадаў.

Відаць, мая размова пра фальклор беларусаў прыйшлася яму даспадобы, і ён запрасіў мяне ў навукова-даследчую лабараторыю беларускага фальклору. Так пачалася наша сумесная праца, былі і спрэчкі, але яны мелі творча-навуковы характар.

Так, мы разам ехалі на вёскі, каб падрыхтаваць фальклорныя гурты да тэлеперадачы “Запрашаем на вячоркі”. Быў час, калі мы вялі яе ўдваіх, а затым ён даверыў гэта мне. Бывала, пасля эфіру я атрымоўваў “у косці”, ён казаў: “Ты ж, Мікола, навуковец, ты не маеш права на выдумку, толькі даследаванне, яшчэ і яшчэ да людзей, да галоўных носьбітаў нашай спадчыны, толькі яны галоўныя нашы ўніверсітэты і настаўнікі”.

А аднойчы прыехалі ў Тураў, ёсць там ля ракі Прыпяць невялічкі скверык. Сеў Васіль і запеў, праз хвілін пятнаццаць ля нас было шмат народу, усе ад душы спявалі разам.

Аднойчы вырашылі правесці ў Траецкім прадмесці гулянні на Вялікдзень – сумесна з Фондам культуры. Далучыліся да нас шчырыя людзі: напрыклад, Анатоль Кісель з вёскі Обчын Любанскага раёна Мінскай вобласці шчыра чытаў свае вершы, вёў праграму. Увогуле, тыя святы прайшлі весела і пазнавальна.

Памятаю, як Васіль Дзмітрыевіч запрасіў мяне на яго малую радзіму – у вёску Церабяжоў Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Хата іх стаіць на высокім кургане, унізе цячэ маленькая рачулка, ручаёк. Расказваў мне Васіль, як малы галяком збягаў да гэтай ручаіны з пруцікам, пляскаў лазінай па вадзе, дзе рыба патрывожыць ваду ці жаба скокне. Малым дапамагаў маці капаць бульбу, насіў паленцы ў хату.

Хадзілі мы да яго дзядзькі Сашы, той вельмі хораша спяваў народныя песні, збіраліся аднавяскоўцы – і адбываліся сапраўдныя вячоркі, і вясёлыя, і сумнаватыя трохі. Васіль Дзмітрыевіч болей слухаў і, здавалася, сэрцам сваім убіраў словы народных песень.

Аднаго разу прыехалі мы да яго дамоў, калі вельмі хворая была яго маці. Вывелі мы яе, зусім кволую, у двор, паклалі посцілку на прызбе, пасадзілі маці, і яна ціха расказвала пра сваё жыццё, пра тое, як Васіль служыў на флоце, як умеў пячы бліны, як спяваў разам з ёю і дзядзькам Сашам.

Аднойчы ў Церабяжове ладзілі мы дажынкі. Жанчыны, прыгожа апранутыя, з сярпамі, ішлі з поля, а іх сустракалі ля вёскі жніўнымі песнямі, карагодамі, пачастункамі. Шчыраю была людская падзяка.

А Васіль Ліцьвінка нават слязінкай вітаў сваіх землякоў, ён быў дужа ўсхваляваны, адчуваў гонар за людзей, якім не патрэбны быў рэжысёр, якія проста дзякавалі зямлі за тое, што корміць і сагравае іх.

На Палессі, ля вёскі Чэрнічы Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, навукова-даследчая лабараторыя стала ініцыятарам свята “Грай гармонь” на беразе ракі Прыпяць. Былі карагоды, былі спевы. Калі ж мы вярнуліся ў Мінск, адбылася грунтоўная размова. Васіль казаў: “Я ўпэўнены, што студэнты мусяць не толькі праходзіць практычныя, але і бываць у глубінцы, побач з людзьмі, каб натхняцца духам народна праўды”.

Пры навукова-даследчай лабараторыі існаваў канцэртны гурт. Васіль вельмі любіў танчыць ды спяваць, на канцэртах абменьваліся вопытам прафесіяналы і аматары. Галоўнаю місіяй Васіля Ліцьвінкі на зямлі было служэнне людзям, аберагаючы традыцыі народа і перадаючы іх моладзі.

Я ўдзячны за яго навуку, нізкі паклон яму. Яшчэ і цяпер ён дае мне натхненне, і подых яго заўжды побач.

Мікола Котаў
у гады сумеснай працы з В.Ліцьвінкам малодшы навуковы супрацоўнік
НДЛ беларускага фальклору БДУ, харэограф, танцмайстар,
выкладчык кафедры рэжысуры свят і абрадаў БДУКМ

Сайт создан в системе uCoz