Асобы. Карпаў Уладзімір Аляксандравіч
М.Р. Прыгодзіч аб саратнiку

У 1973 годзе мы сустрэліся з Ул. Карпавым у славутай Рудабелцы – Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, калі ён працаваў камісарам занальнага штаба студэнцкіх будаўнічых атрадаў. Наш жа СБА “Буравеснік” імя В.І. Казлова тады дыслацыраваўся ў в. Буда на беразе ўслаўленай Янкам Купалам ракі Арэсы. Будаўнічы рух у пэўнай ступені зблізіў нас, пазней сюды дабавіліся навуковыя клопаты, партыйна-прафсаюзныя справы, урэшце – трывога за лёс унікальнай структуры ў навукова-даследчай дзейнасці факультэта і універсітэта – лабараторыі тэарэтычнай і прыкладной лінгвістыкі.

Не ўсе сёння ведаюць, але гэта была ЯГО лабараторыя – выпакутаваная, “выбітая” ў выніку шматлікіх хаджэнняў па чыноўніцкіх кабінетах, у многіх з якіх адмахваліся ад Уладзіміра Аляксандравіча як ад надакучлівай мухі. Але ён не здаваўся, іншы раз насуперак рэзкім вокрыкам ганіцеляў слова, зноў і зноў пісаў пісьмы, абгрунтаванні, уносіў прапановы ў Саўмін і Мінадукацыі...

Многія з нас пабывалі ў яго хатняй “штаб-кватэры”, дзе ўпершыню ўбачылі ў электронным выглядзе яго шматлікія напрацоўкі. І... магчыма, не заўсёды ўсё разумелі, бо не кожнаму дадзена прадбачыць ход навуковай думкі, будучую запатрабаванасць інавацыйных тэхналогій, як гэта адбываецца ў нашы дні, і як гэта ўжо тады добра разумеў Уладзімір Аляксандравіч.

Загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы
філалагічнага факультэта беларуского дзяржаўнага ўніверсітэта,
доктар філалагічных навук
Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч


Назад || Змест || Далей

Сайт создан в системе uCoz