Pro Memoria

ІВАН ШАМЯКІН І СРОДКІ АДУКАЦЫІ

Праз усё жыццё і творчасць Івана Шамякіна прайшла думка, што літаратура можа змяніць чалавека, зрабіць яго лепшым, дабрэйшым. Гэтае перакананне асноўвалася на ўласным вопыце: Шамякін сам адчуваў дабратворную сілу ўздзеяння чытання на ўласны характар, нязменна аналізаваў выхаваўчы эфект той ці іншай кнігі, неаднаразова згадваў пра сілу ўздзеяння літаратуры ў сваіх мемуарных творах і дзённіках.

Што помніцца мне? Найперш, калі можна так сказаць, фетышызацыя кніг ў нас дома. Нішто не дастаўляла такую радасць, як знаёмства з новымі творамі. Дзіцячыя кнігі ў нас, дзяцей Шамякіна, у параўнанні з нашымі сябрамі, заўсёды былі самыя лепшыя: бацька прывозіў іх найчасцей з Масквы – у шыкоўным афармленні, з ілюстрацыямі выдатных мастакоў. Нельга думаць, што тады не клапаціліся пра мастацкую аздобу дзіцячых кніг, проста іх выходзіла няшмат. Некаторыя я помню вельмі добра і да сённяшняга часу шкадую, што яны не захаваліся: у асноўным мы іх раздарылі, раздалі родзічам і знаёмым.

Фармаванне сямейнай бібліятэкі асабліва інтэнсіўна адбывалася, калі мы жылі ў так званым “пісьменніцкім доме” – там прайшлі самыя шчаслівыя гады майго маленства і юнацтва. Дом пабудавалі ў 1954 годзе спецыяльна для літаратараў, паколькі побач, праз дарогу, на вуліцы Энгельса, знаходзіўся Саюз пісьменнікаў Беларусі. Будынак Саюза ў некаторым сэнсе гістарычны. Тут у час вайны гераіня-падпольшчыца Алена Мазанік забіла гаўляйтэра Кубэ. Пасля вайны дом адрэстаўравалі і аддалі пісьменнікам. Таму і жыллё для іх пабудавалі побач.

Жылы дом захаваўся і сёння, але сапсаваны “пячорай” – уваходам у метро на рагу вуліц Маркса і Энгельса. У пяціпавярховым будынку на тры пад’езды пісьменнікі жылі ў двух пад’ездах. Прычым першы паверх займала па даўжыні ўсяго дома кнігарня, якая тады называлася “Палітычная кніга”, а сёння – “Веды”. Натуральна, пісьменнікі сталі самымі заўзятымі пакупнікамі ў кнігарні, да і мы, дзеці, калі пачалі чытаць, заходзілі туды ледзь не кожны дзень.

Жыццё ў доме № 36 – асаблівая старонка ў гісторыі пісьменніцкай карпарацыі Беларусі, можа быць, адна з самых цудоўных старонак. З поўным правам можна называць быт літаратараў у 50-60-я гады ХХ стагоддзя тут, у цэнтры сталіцы Беларусі, камунай. Дзверы не зачыняліся, як і ў вёсках таго часу. Жалезныя дзверы, электронныя замкі, дамафоны – нічога гэтага і ў страшным сне не магло б нам тады прысніцца. Жыхары свабодна заходзілі адзін да аднаго, жанчына разам гатавалі стравы, пазычалі адна ў адной прадукты, разам сядзелі на лавачцы ў тады ўтульным дворыку, а каля іх круціліся дзеці розных узростаў: малыя корпаліся ў пясочніцы, больш дарослыя гулялі ў “класы”, хованкі, валейбол. Самі дзеці, заходзячы да суседзяў, не адчувалі раўнадушша з іх боку, а наадварот, заўсёды зацікаўленасць, павагу, імкненне з боку дарослых дапамагчы, распытаць пра справы. Нас частавалі чым-небудзь смачным, чыталі нам свае вершы, наладжвалі гульні. Часам ажыццяўляліся і выхаваўчыя акцыі. Скажам, мой брат Саша на гарышчы дома трымаў галубоў, і часта, ганяючы іх, вылазіў на дах дома. Янка Брыль, які жыў на пятым паверсе, у сваю чаргу, ганяў Сашу, сцягваючы яго з небяспечнай страхі.

Важнейшая частка быту пісьменнікаў – набыццё ўласных бібліятэк. Да таго, як правіла, умоў асаблівых не было: большасць літаратураў перасяліліся ў новы дом з прыватных кватэр, камуналак, а тое і баракаў. Цяпер упершыню яны займелі нават уласныя кабінеты. Натуральна, пачалі адзін перад адным ганяцца за кнігамі. Неабходна сказаць, што і прыклад добры быў: у нашым пад’ездзе, на трэцім паверсе (цяпер тут кватэра Ніла Гілевіча), жыў вядомы тады паэт і акадэмік Пятро Глебка. Яшчэ ў 20-я гады, будучы маладым літаратарам, ён пачаў набываць самыя розныя выданні, якія тады выходзілі. Яго бібліятэка нейкім чынам нават перажыла вайну і лічылася ўнікальнай, на яе зайздросцілі многія і, натуральна, марылі пра такую ж. Мой бацька, хоць і намнога маладзейшы, як ніхто, сябраваў з Глебкам, часта заходзіў да яго, яны нярэдка гаварылі пра кнігі, чыталі надзвычай рэдкія ўжо тады выданні маладнякоўцаў. Увогуле, Пятро Глебка, Пятрусь Броўка, Міхась Лынькоў, Максім Танк – усе старэйшыя пісьменнікі былі своеасаблівым універсітэтам для маладых. Толькі Кандрат Крапіва, па натуры чалавек змрочны і маўклівы, хоць і гумарыст, рэдка ўспамінаў мінулыя гады.

Мой бацька з маленства любіў кнігу і заўсёды вельмі добра вучыўся. Акрамя таго, вызначаўся выключнай дапытлівасцю, умеў слухаць, таму і апавядаць яму старэйшыя сябры любілі. Некаторыя з іх успамінаў Шамякін узнавіў у сваіх мемуарных творах.

Валодаў Шамякін яшчэ адной уласцівасцю, якая, відаць, і паспрыяла пісьменніцкаму таленту: ён чытаў вельмі павольна, надзвычай уважліва і таму добра запамінаў прачытанае. Цытаты, вобразы з самых розных твораў сусветнай літаратуры можна сустрэць практычна ва ўсіх яго творах.

Аснова любой пісьменніцкай бібліятэкі – падораныя, з аўтографамі, кнігі сяброў. Такіх было і ў нас шмат. Акрамя таго, бацька як кіраўнік Саюза пісьменнікаў Беларусі ледзь не штомесячна ездзіў у Маскву, Ленінград і іншыя гарады Савецкага Саюза, а таксама за мяжу. І адусюль прывозіў кнігі, звычайна такія, якія нельга было набыць у Мінску, напрыклад, Ф. Кафку, А.Камю. У нас часта іх бралі пачытаць. Прычым зусім нярэдка не вярталі. Яшчэ ў 50-я гады ён пачаў прыводзіць і мастацкія альбомы, з якіх я з цягам часу сабрала прыстойную бібліятэку, а захапленне мастацтвам стала, урэшце, і часткай маіх прафесійных інтарэсаў.

Некаторыя прывезеныя бацькам кнігі літаральна вызначылі мой навуковы лёс. У прыватнасці, памятаю, у пачатку 80-х гадоў, з нейкага з’езда або сесіі Вярхоўнага Савета СССР Шамякін прывёз надзвычай рэдкія “Язычество древних славян” Б. Рыбакова і энцыклапедыю “Мифы народов мира” ў 2-х тамах. Прачытаўшы іх, я захапілася міфалогіяй і пачала ёю займацца сур’ёзна.

Яшчэ адзін канал фармавання пісьменніцкіх бібліятэк – падпісныя выданні. Кнігарня “Падпісныя выданні” размяшчалася на Праспекце Леніна, недалёка ад Галоўпаштамта, дзе і цяпер. Але тады там была паслуга: чарговыя тамы насілі пакупнікам дадому, безумоўна, за дадатковую плату. У прыватнасці, насілі нам, Брылю, Мележу, Навуменку. Добра памятаю сталую ўжо тады жанчыну, якая такім чынам зарабляла на жыццё. Паколькі падпісак у нас у 50-60-я гады было шмат, то прыходзіла яна ледзь не кожны тыдзень. І тут жа, атрымаўшы чарговыя тамы, пісьменнікі пачыналі іх чытаць, а потым хадзіць адзін да аднаго і абменьвацца ўражаннямі. Дзесяць гадоў мы пражылі на адной пляцоўцы з Іванам Мележам, а ў 1964 г. у яго кватэру ўехала сям’я Івана Навуменкі – заўзятага кнігамана, як і мой бацька. Я помню іх пастаянныя размовы пра розныя творы ў нашай кватэры. Прычым Навуменка ў той час – ужо кандыдат філалагічных навук, а неўзабаве і доктар. Таму яго думкам і меркаванням Шамякін асабліва давяраў. Шамякін увогуле быў з тых людзей, якія ніколі не спрачаюцца. Ён на ўсё меў сваю думку, але выказваў яе ў асноўным у творах, укладаючы ў вусны таго ці іншага персанажа. А ў гутарках з сябрамі і калегамі ўважліва выслухоўваў кожнага.

Пэўны час, адразу пасля вайны, мой бацька настаўнічаў у вёсцы, адначасова вучыўся завочна ў Педагагічным інстытуце ў Гомелі (цяпер Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны). Аднак ухваліць бацькавы настаўніцкія здольнасці мне даволі цяжка. Ва ўсялякім разе, са мной яго вопыт не ўдаўся. Пасля маёй шматмесячнай хваробы ў першым класе бацька ўзяўся падцягнуць мяне па ўсіх прадметах. Але хутка астыў і перадаручыў мяне маці, якой усё лёгка ўдалося. Мяркую, уся справа была ў яго страшнай занятасці ўжо тады; акрамя таго, заўсёды цягнула хутчэй за свой рабочы стол – дзе тут было вучыць са мной табліцу множання.

Але Шамякін выдатна ведаў многіх настаўнікаў, дырэктараў школ, шмат з кім сябраваў, часта выступаў у іх і вельмі любіў гэтую катэгорыю беларускай інтэлігенцыі. Сярод яго герояў настаўнікі сустракаюцца часта: у “Глыбокай плыні”, “Крыніцах”, іншых раманах. Але асабліва папулярнай аказалася аповесць “Ах, Міхаліна, Міхаліна...” – пра грахоўнае каханне маладых настаўнікаў. Калі сёння чытаеш твор, пераконваешся ў яго сапраўдным для таго часу наватарстве. Ён абараняў прыватнае жыццё асобы ад дыктату грамадства, дзе, кажучы па-сучаснаму, паліткарэктнасць важней за стан чалавечай душы. Тым не менш душа захавала сваю незалежнасць. Аповесць Шамякіна і пра радасць кахання, нават калі яно трагічнае. А таксама пра прынцыпова невырашальны антаганізм прыватнага жыцця чалавека і законаў соцыуму.

Шамякін ніколі не адмаўляўся выступаць у школьных, студэнцкіх калектывах, піянерскіх лагерах, бібліятэках. Выступаў ён на працягу 50-80-х гадоў надзвычай часта. Ужо пазней стала не да літаратуры, і ўсё роўна выступленні працягваліся. У БДУ бацька выступаў неаднаразова, прычым на розных факультэтах. Так, я памятаю яго літаральна трыумфальныя сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі ў 80-я гады на геафаку, на матфаку. Натуральна, і на філфаку – тады яшчэ наш факультэт размяшчаўся па вуліцы Чырвонаармейскай, 6, там, дзе цяпер гістарычны факультэт. Пытанняў ад студэнтаў было настолькі многа, што бацька ўрэшце літаральна ўзмаліўся яго адпусціць. Наведваў ён філфак і ў новым памяшканні – па вуліцы К.Маркса, 31. Заходзіў ён сюды з прыемнасцю яшчэ і таму, што сам некалі вучыўся ў гэтым жа корпусе, калі тут размяшчалася Вышэйшая партыйная школа (у канцы 40-х гадоў). Пра яго павагу да БДУ гаворыць хоць бы той факт, што яго дзве дачкі, сын, два зяця і ўнукі закончылі гэтую навучальную ўстанову: я і мая малодшая сястра Алеся, а таксама яе муж Сяргей – філфак, брат Саша і мой муж Слава – геафак (геалагічнае аддзяленне), унук Алёша (сын маёй старэйшай сястры Ліны) – гістарычны факультэт, мае дочкі Марыя і Славяна – таксама філфак. Шамякін, сам будучы народным пісьменнікам і акадэмікам, надзвычай ганарыўся навуковымі і выкладчыцкімі поспехамі сваіх блізкіх.

Таццяна Шамякіна
доктар філалагічных навук, прафесар,
загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ



Культурная памяць
Сямейная памяць

Сайт создан в системе uCoz