Фантаст

ФАНТАСТЫЧНЫЯ ДНІ

“Ёсць усё, што яны прыдумалі... таму што нельга ўявіць
тое, што ў прынцыпе не можа існаваць, ці не так?
А адсюль вынікае, што ўсё, што можна сабе ўявіць,
існуе насамрэч. Зусім далёка, зусім даўно, зусім не так,
але існуе. Усё, што вы калі-небудзь прыдумаеце,
у той жа момант пацвердзіць сваё існаванне,
азірнецца і паглядзіць вам у вочы...”
Марыя Галіна

Давайце шчыра: кожны з нас калі-небудзь марыў. Нехта раней, нехта пазней пачынае задумвацца над чарадзейным «а калі б...». Хтосьці трохі прыпазніўся з часам нараджэння: яму б меч ды шчыт і – наперад, па галовы драконаў. Хтосьці, наадварот, паспяшаўся і трызніць, сочачы за палётамі астранаўтаў па «Discavery», глыбінямі космасу і бязмежжам галактык.

Прырода не дала людзям аніякай натуральнай зброі (драпежных клыкоў ды кіпцюроў), не надзяліла здольнасцю лётаць або вандраваць па падводных глыбінях. Магчыма, таму чалавецтва заўсёды было схільна марыць. І менавіта аматары паблукаць па свеце ўяўлення і рухалі гісторыю наперад. Пажадаў лётаць, быццам птушка, - вынайшаў свае, уласныя крылы. Пажадаў плаваць, як рыба, - выдумаў батыскаф.

Калі б не эфірнае «а калі б...», калі б не схільнасць да авантур ды драбок безразважлівасці, мы б ніколі не выйшлі з каменнага веку. Фантазія кіруе светам. А дакладней, светамі.

Таму што кожны з нас, так ці інакш, выдумвае свой, уласны. Таму што кожны з нас – у той ці іншай меры – дэміург. Згодна з Бібліяй, чалавек быў утвораны паводле падабенства Божага – адсюль, верагодна, гэтае імкненне да «сусветатворчасці». А можа быць, імклівы і неспакойны людскі розум проста не можа абмежавацца рамкамі штодзённасці, адвечна шукаючы новых шляхоў ды новых адкрыццяў.

Давайце шчыра: кожны з нас калі-небудзь марыў. Некаторыя з нас прывязваюцца да сваіх мараў болей за іншых і набываюць звычку захоўваць іх – на паперы. Фантастыка кіруе светам, спадарства: хто ж не чуў пра Дж.Р.Р. Толкіена або Джоан Ролінг? Свет добрага літаратурнага твора валодае дзіўнай прыцягальнасцю – у яго пачынаеш верыць. А мастацкі свет, што жывіцца вераю і любоўю многіх су-творцаў аўтара, робіцца яшчэ больш блізкім да рэальнасці.

Фантастыка як такая падзяляецца на безліч накірункаў: ад класічных фэнтазі ды sci-fi да стым- і кібер-панка. Колькі людзей – столькі густаў. Галоўнае, каб у гэтай безлічы адбіткаў рэчаіснасці вы здолелі адшукаць свой. А нават калі не атрымаецца – не праблема.

Свой свет заўсёды можна стварыць.

Фантазія вам у дапамогу.

М. Латышкевіч


Аўтары:
Маргарыта Латышкевіч


Наверх старонкі || Да зместу

Сайт создан в системе uCoz