Асобы. Ларыса Лявонцьеўна Кароткая

ПРА ЛАРЫСУ ЛЯВОНЦЬЕЎНУ КАРОТКУЮ

Светлы юбілей Л.Л. Кароткай – добрая нагода асэнсаваць жыццёвы і творчы шлях жанчыны-легенды Беларусі, добрага і прынцыповага чалавека, удзельніцы антыфашысцкага падполля, партызанкі, глыбокага вучонага-медыявіста, таленавітага выкладчыка.

З цеплынёй і любоўю ўспамінае Ларыса Лявонцьеўна сваіх бацькоў – Лявонція Кандратавіча і Вячаславу Юльянаўну, якія вучылі дабру, спагадзе, узаемадапамозе і працавітасці. У 17 гадоў пасля заканчэння няпоўнай сярэдняй школы ў Астрашыцкім Гарадку пачала яна сваю працоўную дзейнасць як выкладчыца рускай мовы і літаратуры рабфака БДУ, а пасля заканчэння Мінскага педінстытута ў 1938 годзе і да Вялікай Айчынай вайны выкладала рускую і беларускую мову і літаратуру ў школе Астрашыцкага Гарадка. У час ваеннага ліхалецця маладая жанчына, якая ў 1938 годзе нарадзіла свайго першынца (у будучым вядомага літаратуразнаўцу і крытыка Варлена Бечыка), змагалася ў складзе антыфашысцкага падполля ў акупаваным Астрашыцкім Гарадку, потым у складзе партызанскай брыгады “Штурмавая” і была ўпаўнаважанай асобага аддзела партызанскага атрада “За Айчыну”. В. Сіманава ў аповесці “Мы будзем жыць” (1971) паказала ўсе выпрабаванні і жахі фашысцкага гестапа, якія перажыла Ларыса Лявонцьеўна. Здзекі фашыстаў не зламалі мужную жанчыну, яна выжыла…

За баявыя заслугі Кароткая Л.Л. узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны І ступені, шматлікімі медалямі. Партызанскія сябры – жаданыя госці ў яе хаце. Пасля вызвалення Беларусі Ларыса Лявоньцеўна працавала выкладчыцай і завучам у сярэдніх класах школах Астрашыцкага Гарадка, Талькаўскай і Прылуцкай школах Мінскай вобласці. Са сваімі былымі вучнямі яна сябруе і па сённяшні дзень. Першыя артыкулы прысвечаны праблемам школы “Любіце працу” (1946 г.), “За родную школу” (1947 г.), “Абмен вопытам работы” (1948 г.).

У 1955 годзе Ларыса Лявонцьеўна паступіла ў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага універсітэта і ў 1963 г. бліскуча абараніла кандыдацкую дысертацыю “Антыцаркоўная традыцыя ў старажытнарускай літаратуры”. У час працы над дысертацыяй яна шмат працавала ў бібліятэках г. Ленінграда, пасябравала з акадэмікам Д.С. Ліхачовым. З любоўю захоўвае Ларыса Лявонцьеўна кнігі вучонага, які вылучаюцца не толькі глыбінёй і тэарэтычнай навізной, але і цёплымі надпісамі да яе як аднаго з першых беларускіх медыявістаў. За амаль пяцідзесяцігадовую працу на філалагічным факультэце БДУ яна таленавіта выкладала старажытнарускую літаратуру і рускую літаратуру XVIII ст. Лекцыі Ларысы Лявонцьеўны вылучаліся змястоўнасцю і яркім аратарскім майстэрствам, яна любіла студэнтаў, а далёкія старажытныя рэаліі і вобразы ажывалі, бо выкладчыца знаходзіла шматлікія аналогіі ў сучасным жыцці, валодала тонкім гумарам.

Неаднойчы яна гаварыла пра вялікую адказнасць выкладчыка і высакароднасць нашай прафесіі. Мы працуем з маладымі і таленавітымі людзьмі, таму ўвесь час трэба самаўдасканальвацца, каб данесці да студэнцкай аўдыторыі “съкровища вечныя жизни”. Традыцыі аднаго з самых аўтарытэтных беларускіх медыявістаў працягваюць яе вучні, многія з якіх сталі вядомымі вучонымі – прафесар Т.Я. Аўтуховіч, кандыдат філалагічных навук Л.В. Ляўшун і іншыя.

Ларыса Лявоньцеўна напісала больш за 100 навуковых прац – манаграфіі, вучэбна-метадычныя дапаможнікі, хрэстаматыі, навуковыя артыкулы па праблемах рускай і беларускай літаратур, а таксама пра сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў – А.А. Лойку, Н.С. Гілевіча, П.Е. Панчанку; з любоўю працавала над “Выбранымі літаратурна-крытычнымі артыкуламі Варлена Бечыка” (1989 г.).

Цікавыя і змястоўныя манаграфіі Ларысы Лявонцьеўны “Публіцыстыка ХІІІ – XVI ст. у барацьбе з царкоўна-рэлігійнай ідэалогіяй” (1963 г.), “Антыцаркоўная сатыра XVIІ ст.” (1968 г.) карысталіся вялікім попытам у студэнтаў, а шаноўныя вучоныя (А.Ф. Коршунаў, М.Р. Ларчанка) напісалі на іх грунтоўныя рэцэнзіі. Піша яна і цудоўныя вершы для дзяцей, якія выходзілі асобнымі выданнямі (“Зоркавы горад: казка пра Маскву” 1974), а некаторыя друкаваліся ў календары “Родны край”.

Кароткая Л.Л. ніколі не была раўнадушнай, заўсёды захапляе нас пошукам, творчасцю, высокай маральнасцю і шчырасцю. Кожны чалавек для яе цікавы і непаўторны, усё жыццё яна дапамагае слабым людзям, не церпіць хлусні і здрады. Колькі духоўнай сілы ў гэтай элегантнай і прыгожай жанчыне!

Казакова Т.П.
кандыдат філалагічных навук, дацэнт,
загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ.


1. А. Лойка. Прысвячэнне Л.Л.Кароткай.
2. Казакова Т.П. Слова пра Ларысу Лявонцьеўну Кароткую.
3. Гончарова-Грабовская С.Я. Слово о Короткой.
4. Зарембо Л.І. О Ларисе Леонтьевне с признательностью.
5. Фота з асабістага архіва Л.Л. Кароткай.
6. Кароткая Ларыса Лявонцьеўна. Бібліяграфія.
7. Вучні пра настаўніцу.

Сайт создан в системе uCoz