Фальклорная практыка

ДЗЁННІК
ФАЛЬКЛОРНАЙ ПРАКТЫКІ
СТУДЭНТКІ І КУРСА АДДЗЯЛЕННЯ РУСКАЙ ФІЛАЛОГІІ
КУЗНЯЦОВАЙ ТАЦЦЯНЫ


29. 06. 05.
Цягаем скрыні. Кіраўнікі напалохалі, што праца будзе брудная. Трымаем дзверы. Ля мяне колькі разоў прайшліся хлопцы з саліднаю шафаю.
Так што занатоўваю: “сёння мяне размазвалі па сценцы”.
Чамусьці хочацца ўсю практыку прапрацаваць рукамі. Пакуль прытрымліваюся думкі, што перацягваць скрынкі з месца на месца – вялікая халява.

30. 06. 05.
Спасціжэнне тэрміналогіі. Разбіраемся, што такое модуль (шафа? скрынка?) і як адлічваць рады (гарызанталь? вертыкаль?). Узбройваемся кавалкамі гаспадарчага мыла і націраем пазы. Мыліла я нешта чужое. Пасля нас разбіваюць па групах: наша “брыгада” – гэта я, Маша Салонская, Ліза Іўчанкава. Пазней да нас далучаецца Таня Юркевіч.
У нашым модулі – “дзірка”, і нам перадаюць “левую” скрыню. Выглядае вельмі ахайна: на ёй налеплены белы аркуш з акуратна выведзеным “Чарадзейныя казкі”. Засоўваем у нашую “дзірку”: а-а, не лезе! Ну й што? Была нічыйная – стала наша.
Так. Цяпер – разглядаць, што там унутры. Удвух разбіраем адну скрыню: я падлічваю адзінкі, дыктую сваёй напарніцы, потым – наадварот, усё няспешна і сузіральна. Аглядаемся на суседак, а ў іх ужо дзве скрыні перабраныя!
Тое, што пачалі, застаецца на мяне. Сямейна-бытавыя песні, сярод іх суцэльнымі пачкамі ўсунутыя сацыяльна-бытавыя, лірычныя і сіроцкія. Трапляюцца і такія, дзе жанр вызначаны лаканічна: “песня”.
Скрыня застаецца разабранай напалову.

01. 07. 05.

“Дабіваю” скрыню і прымаюся за пачак сацыяльна-бытавых песень. Раптам позірк выхоплівае знаёмы тэкст:
Я рос как вся дворовая шпана –
Мы пили водку, пели песни ночью, –
И не любили мы Серёжку Фомина
За то, что он всегда сосредоточен

В военкомате мне сказали: «Старина,
Тебе броню даёт родной завод «Компрессор».
Я отказался, – а Серёжку Фомина
Спасал от армии его отец профессор.

Но, наконец, закончилась война –
С плеч сбросили мы, словно тонны груза.
Встречаю я Серёжку Фомина –
А он Герой Советского Союза.

Высоцкі, ён самы… Такі вось “фальклор”. Гляджу на дадзеныя: студэнтка доўга не думала перад тым, каб зафіксаваць каштоўную адзінку. Запісала ад уласнае маці. 80–я гады. Маці працуе на заводзе – значыцца пралетарскі фальклор.
Трапляюцца і неардынарныя жанры. Бяру ў рукі карту з чымсьці лірычным, у правым верхнім куце азначэнне: “АБЫ ШТО”.
Працягваю сваёй каляжанцы, а яна:
– А ў мяне было “АБЫ КАЛІ”.
Застаецца знайсці твор з жанравай прыналежнасцю “АБЫ ДЗЕ” і адчуваць сябе канчаткова задаволенай.

04. 07. 05.
Незразумелы дзень: Настройваюся на працу, прыходжу, – адпускаюць. Аказваецца, спадзяванні калі-нікалі і спраўджваюцца…
На факультэце – цэнтралізаванае тэсціраванне.
Не па нашай віне.

05. 07. 05.
– Што ў тваёй скрыні? У той, што ты разбірала?
– Песні. Бытавыя…
– У сэнсе – бытавыя? Сацыяльныя? Сямейныя?
– Ммм… і тыя, і другія. А сіроцкія, яны як сямейныя лічацца, так?
– Не, яны асобна. І глядзі: бываюць яшчэ вясельныя і проста так сіроцкія.
Зноў абдымацца з гэтай скрыняй. У галаве тырчыць радок Земфіры: “Я хочу повеситься: фонарь, верёвка, лестница…”
Яшчэ раз раблю агляд жанраў. Любоўныя песні, адзначаныя як сямейныя. Лірычныя песні пра бярозкі пададзеныя як любоўныя. Жанры пад назвай: “ПРА [НЯЛЁГКУЮ/ ЖАНОЧУЮ/ ДЗЯВОЧУЮ] ДОЛЮ”
Другую скрыню ледзьве пачала.

06. 07. 05.
Праца ідзе як па масле: рамансы, рамансы і яшчэ раз рамансы! “Жорсткія”, гарадскія, мяшчанскія… Адна песня – пра “матросёнка”, у якога “аленькие губки” і да якога лірычная гераіня збіраецца збегчы “в одной юбке”, – трапляецца разоў дзесяць… Ну, гэта ўжо не раманс, гэта проста любоўная песня, яны будуць з рамансамі ў адной скрынцы. Іх мы падзелім паперкай. Так.
Сустракаецца і тое, пра што спяваюць у кожным двары. Пра “молоденького вора”, у якога бацька – пракурор. Пра тое, як хтосьці прыгожы і каварны падмануў прыгожую і наіўную дзяўчыну, а потым у яе нарадзілася дачка і адпомсціла за матчын гонар (помсціць за блізкіх істота жаночага полу? Проста нейкая “Песня пра Нібелунгаў”…). Адзінак у цэлым няшмат. Сартырую ўсё “не па тэме”, што выцягнула з папярэдніх скрынак.

07. 07. 05.
Колькі зведзена паперы на гэтыя падлікі… Яшчэ адна скрынка-гібрыд; вядзем запісы прыкладна такога кшталту: “сям.-быт. – 315+ 47+2+61+1+509+13+28=… любоўн. = 4+5+6+1+1+1+…”
Паступова зводзім дадзеныя ў табліцу. Мая наступная скрыня – цалкам “сірочая”.
– Ведаеш, колькі? 666!
– Быць не можа…
Апакаліптычная лічба праіснуе ў нашай чарнавой табліцы яшчэ дзень. Потым хтось з добразычліўцаў паднясе нам адну картку, і сірочых песень стане 667.
На гэтым я не спыняюся. Сумую (выводжу суму сямейна-бытавых песень) у “самай пустой” скрыні. У мяне выгляд вынаходцы.
– А гэтых 555.
– Вазьмі яшчэ адзінаццаць.
– Пакладу ў другую скрыню, добра. Я хачу, каб засталося менавіта 555…

08. 07. 05.
Прымаемся за скрыню “Чарадзейныя казкі”. Нам нахлусілі. Чарадзейных там на самой справе мала. Ёсць пра жывёл: традыцыйныя лісы, ваўкі. Той, хто перабіраў карткі раней, вылучыў цэлую катэгорыю “Пра жанчын”. Колькі аповедаў пра дурных чарцей, пра Бога, што спусціўся з нябёсаў. Нешта пра стварэнне сусвету. Народная касмагонія. Зараз сур’ёзныя навукоўцы робяць з гэтага перагружаныя тэрмінамі вывады.
Ёсць і такое: падышла савецкая студэнтка (карткі старыя, узрост вымяраецца дзесяцігоддзямі) да бабкі, папрасіла казку, а тая надыктавала: “Жылі дзед і баба. І нарадзілася ў іх дачка Марыя. І ёй з’явіўся анёл…” – далей выходзіць канспект Евангелля ад Лукі, якога бабка, хутчэй за ўсё, не чытала.
Адна казка мяне зусім здзівіла: варыяцыя на тэму першае сусветнае вайны. Пра тое, як спрытны мужык падмануў кайзера Вільгельма і ў выніку дапамог узяць яго ў палон. Прапагандысцкая такая казачка. А яшчэ жыве міф пра тое, быццам тая вайна была непапулярнай.

11. 07. 05.
– Вы ўжо ўсё разабралі? Віншую, вас чакаюць прыпеўкі…
Праз гадзіну пульхныя пачкі прыпевак завальваюць пакой. Раскладаем іх па раёнах. “У каго Буда-Кашалёва?” – “А ў каго Ваўкавыск?” – “А Полацка? Ні ў каго? Толькі адзін Полацка?!” – “Пачакайце, я ж складала ў адзін стос Краснаполле, ну й на фіг тут Мазыр ляжыць?”
– Расклалі? А зараз усё змешваем і сартыруем па жанрах!
У нас свае праблемы. Дзяўчына, якая працавала са скрыняй “Замовы”, шчыра яе закончыла і з’ехала. Яна зрабіла ўсё, забылася толькі на адно: падпісаць, колькі тут чаго. Вось мы і пакутуем.
Не падазравала ніколі, што замоваў ад зубнога болю можа быць болей, чым прысушак і адсушак, разам узятых!

12. 07. 05.
Нічога, акрамя прыпевак. Асноўная маса пра каханне. Наш народ – лагодны і спагадлівы. Ён, таварышы, ТАЛЕРАНТНЫ.
Я любила Кольку,
Не добилась толку.
Лучше б я его сдала
На мясозаготовку.

Калі разабрацца, то Кольку можна пакінуць у жывых. Найлепшая стратэгія – гэта:
Я сваю саперніцу
Адвяду на мельніцу –
І аб камень галавой.
Застанецца мілы мой.

Маё чарговае здзіўленне: “савецкія” прыпеўкі можна пералічыць па пальцах. І сум зялёны настае, калі іх чытаеш.

13. 07. 05.
Працягваем вандроўку па таямніцах нацыянальнай душы.
Одна дама в магазине
Назвала меня свиньёй.
Люди думали – свинина,
Стали в очередь за мной.

Гэта ад першай асобы. Калі гутарка вядзецца пра “мілага” ці “мілую”, то асоба – амаль першая:
Базар большой,
Купил поросёнка.
Всю дорогу целовал,
Думал, что девчонка.

Свінкамі справа не абмяжоўваецца. Заалогія можа быць і больш звычайнай:
Мая мілка – сем пудоў –
Разганяла верблюдоў.
Іспугалісь верблюды,
Разбежалісь хто куды.

Тут ёсць свае хіты. Самы запатрабаваны вобраз – гарманіст, самая распаўсюджаная з так званых “гумарыстычных” прыпевак мае такі выгляд:
Сядзіць (Ваня/ Коля/ Вася) на заборы,
Сядзіць, улыбаецца.
Зубы новыя паставіў, –
Рот не закрываецца.

“Гумар” сярод прыпевак прысутнічае ў вялікіх колькасцях, а вось сапраўдную сатыру не сустракала.

14. 07. 05.
“Дабіваем” прыпеўкі. Ёсць колькі танцавальных, ёсць нясмешныя лірычныя.
Самы-самы шэдэўр абсурду:
Девки по лесу ходили
И насунулись на ель.
Какая ель, какая ель,
Какие шишечки на ней!

Жыццерадасна.
Застаецца яшчэ тое, што не адпавядае тэмам нашых скрыняў. Разбяромся заўтра.

15. 07. 05.
Тое “смецце” – гэта большаю часткай вясельныя песні. Раскладаем, засоўваем, раздаем, – меней іх не робіцца. Заручыны, прыезды, ад’езды, караваі, вянчанне. Іх няма куды больш класці.
Час выходзіць, а ў нас яшчэ стос картак… Нам даруюць іх, і мы ў эйфарыі вызвалення кіруемся да корпусу, дзе нас адзначаюць.
Наш модуль “вісіць” на мне. Клеім на шафы назвы, набраныя даволі “легкадумным” шрыфтам Comic Sans New і Monotype Cursive. Карыстаемся дзвюма парамі нажніцаў: адны тупыя, другія з адной ручкай.
Стаўлю на модулі свой подпіс.
Практыка скончана. Я іду дамоў і не веру ў лета, канікулы і сваё права на тое, каб не рабіць абсалютна нічога.


1. Багданава Алена.
2. Замскі Аляксей.
3. Кузняцова Таццяна.
4. Стоцік Яўген.

Сайт создан в системе uCoz