Фальклорная практыка

ДЗЁННІК
ФАЛЬКЛОРНАЙ ПРАКТЫКІ СТУДЭНТКІ 1 КУРСА 5 ГРУПЫ СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ “РУСКАЯ ФІЛАЛОГІЯ”
БАГДАНАВАЙ АЛЕНЫ АЛЯКСАНДРАЎНЫ
(29. 06. – 17. 07. 2005 г.)


28 чэрвеня.
У гэты дзень мы пераносілі шафы і скрыні з аднаго месца ў другое: праз вуліцу К. Маркса, унутар БДУ (філфак), ва ўнутраны двор, на другі паверх. Хтосці трымаў дзверы, астатнія насілі. “Кожнай дзяўчыне па скрыне…” і ўжо праз дзве гадзіны мы ўсё перанеслі, а менавіта: дзяўчыны – скрыні (малюнак 1), а хлопцы – шафы (малюнак 2). Пасля гэтага нас адпусцілі па хатах.

29 чэрвеня.
Першы дзень, калі ўсе збіраліся першы раз, але тыя, хто здавалі экзамен, маглі не прыходзіць. Менавіта таму мяне не было. Экзамен здала добра ?.

30 чэрвеня.
Прыйшла і нічога не разумела, бо ў чацвер мяне не было, але потым мяне пасадзілі ў маю групу, у малую комнату і мне растлумачылі, што трэба было рабіць. Мы павінны былі сістэматызаваць па жанрах і пералічыць колькасць картак у дзвюх шафах, як на малюнку 2.

1 ліпеня.
Другі летні месяц пачаўся, сесія засталася ў мінулым і цяпер толькі дапрацаваць яе і ўсё. Таму сёння некаторыя адчувалі сябе добра і весела, нягледзячы на маруднасць працы (малюнак 3). Хлопцы расказвалі анекдоты, дзяўчаты зачытвалі цікавыя фальклорныя адзінкі. Я перакладвала скрыню з вясельнымі песнямі, таму змагла папоўніць свае веды пра беларускае вяселле і звычаі, а некаторыя з песен былі нават смешныя.

4 ліпеня.
Панядзелак – дзень цяжкі. Гэты панядзелак не стаў выключэннем. Дзень быў вельмі спякотным і таму ў пакоях, дзе мы сядзелі, было дужа жарка, а яшчэ і папяровы пыл…
Ён быў усюды: у вачах, па ўсёй скуры, у роце… Невыносна! Хацелася піць. Мы перыядычна спыняліся, каб выйсці на вуліцу адпачыць, але потым вярталіся і зноў: раз, два, тры, чатыры… сто; раз, два, тры, чатыры… сто… (малюнак 4).

5 ліпеня.
Зноў прыйшлі у дзевяць гадзін, адзначыліся і пайшлі працягваць працу папяровых чарвёў… За дзень я пералічвала 2–3 тысячы картак. Цяпер я лічу да сотні вельмі хутка і без ніводнай запіначкі.

6 ліпеня.
Серада – гэта дзень, калі тыдзень яшчэ ў разгары, але ўжо адчуваецца блізкасць пятніцы. Таму ўсе прыйшлі не зусім сумнымі і нават жартавалі. Але ж… працы зноў шмат, пылу зноў шмат і колькасць скрыняў змяняецца вельмі няхутка.
“Лічыце, Шура, лічыце – яны фальклорныя…?

7 ліпеня.
Чацвер… Што за цудоўнае імя! Перадапошні дзень. Шафы ўжо не такія грозныя, як раней: засталося перабраць усяго некалькі скрынь. Вось яно, задавальненне ад зробленай працы.

8 ліпеня.
Пятніца. Вось ён, апошні працоўны дзень у тыдні. Адчуваючы блізкія і вельмі чаканыя выхадныя, я прыйшла вясёлая і адразу села працаваць. Пералічыўшы апошнюю скрыню, я дапамагала далічваць карткі суседзям. Засталося шмат картак з рэдкімі ў нашых скрынях жанрамі, таму мы хадзілі ў суседняе памяшканне і раздавалі гэтыя жанры тым, у каго былі поўныя скрыні такога жанру. Непрыкметна і вельмі хутка пятніца скончылася.

11 ліпеня.
Калі здаецца, што гэтыя скрыні дужа вялікія і колькасць картак там дужа вялікая, то трэба радавацца, што яны раскладзены па скрынях, што яны не дужа моцна пераблытаны, што на іх падпісаны жанр…
Сёння панядзелак. Гэты дзень ізноў пацвердзіў сваю дрэнную рэпутацыю. Па загаду кіраўніка хлопцы прынеслі неверагодную колькасць прыпевак, якія мы павінны былі разабраць, вызначыўшы жанр. Страшна было нават дакранацца да гэтай гары. Але мы вымушаны былі зрабіць гэта! Цяпер кожны ўспамінаў скрыні з любоўю.

12 ліпеня.
Зноў дужа спякотна. Чатыры гадзіны ідуць як чарапаха і толькі апошняя, пятая, пачала рухацца хутчэй.
Амаль ніводная картка з прыпеўкамі не была падпісана па жанру, таму мы чыталі кожную з іх і вызначалі жанр. Менавіта гэта праца, як мне здаецца, вельмі паспяхова пазнаёміла нас з беларускім фальклорам. Мы начыталіся прыпевак і ўжо амаль без цяжкасцей вызначалі жанр.

13 ліпеня.
Серада, але яна выключная, бо яна не прынесла пачуццё набліжэння канца практыкі. Так, так – гэта апошні тыдзень, і засталося ўжо ўсяго тры дні. Мы зноў чытаем і чытаем… раскладваем і раскладваем па жанрах… Здаецца, гэты дзень ніколі не скончыцца, а папяровы пыл канчаткова напоўніць твае лёгкія.
(Прызнаюся, я трошкі згушчваю фарбы… ?

14 ліпеня.
Вось ён, свет у канцы тунэля! Сёння перадапошні дзень. Цяпер нават сумна: “Як гэта мы без скрыней?!.”
А колькасць прыпевак нават паменшылася!!!

15 ліпеня.
Настрой цудоўны. Прыпеўкі пяюцца. Апошні дзень. Шмат жартаў і смеху. Усе чакаюць, калі ж наступяць сапраўдныя канікулы. Таму праца ішла хутка і лёгка. Так прайшоў апошні дзень фальклорнай практыкі, якая, безумоўна, застанецца ў нашай памяці як прыемны ўспамін аб жыцці і часе, праведзеным ва ўніверсітэце.


1. Багданава Алена.
2. Замскі Аляксей.
3. Кузняцова Таццяна.
4. Стоцік Яўген.

Сайт создан в системе uCoz