Дзьмухавец

Фальклорна-этнаграфiчны i лiтаратурна-мастацкi альманах

Маргарыта Латышкевіч . Падарожжа Скірніра

Я лечу! Возношусь! Поднимаюсь под самые облака! Теперь я знаю, для чего живу на свете!

Карел Чапек. Семя одуванчика.

Сябры альманаха:

Рубрыка "Філалагічныя гульні "

(пераклад са “Старэйшай Эды”)

УСТУП


“Старэйшая Эдда” – сапраўды невычэрпная крыніца. Сёння мы прэзентуем вам наш пераклад адной з песень “Эдды”, якая, на нашу думку, непасрэдна звязаная з беларускім фальклорам, – “Падарожжа Скірніра”.

ПАДАРОЖЖА СКІРНІРА


У конунга Храўдунга было двое сыноў: аднаго звалі Агнар, а другога – Гейрад. Аднойчы паехалі яны у сваім чаўне лавіць рыбу. Вецер знёс човен у адкрытае мора. Конунг даведаўся пра гэта і засмуціўся, бо згубіў адразу дваіх дзяцей. Тады ён пайшоў на марскі бераг і сустрэў там старога і старую. Стары насіў сіні плашч і называўся Грымнір. Храўдунг падаў старому рог з віном, той адпіў і сказаў:

-Шчаслівы будзь, Храўдунг,
Табе пажадаў
Шчасця Бог Бою:
Ці можа вышэй быць
Якая адплата
За адзіны глыток!

Стары і старая падняліся на Хлідскьяльв, а былі гэта Одзін і Фрыгг. Одзін сказаў: “Бачыш ты Храўдунга, у якога мора забрала сыноў? Пакліч сваю служку Фуллу, хай замесіць цеста і распаліць агонь у грубцы”. І зрабіла Фрыгг гэтак.

Узяў тады Одзін цеста, і прыдаў яму форму, і ўкінуў у агонь. Фрыгг дала форме дыханне, цеста ажыло, і Фулла дастала з грубкі дзіця. Одзін даў яму імя Скірнір. Фрыгг хадзіла за ім.

Увесну Одзін даў Скірніру човен. А калі стары і старая выйшлі на бераг, каб развітацца з ім, Грымнір пагаварыў з Скірнірам сам-насам.

Грымнір сказаў:

-Парады мае,
Лоддфафнір, слухай,
Ты з іх скрыстаеш,
Калі зразумееш:
Сяброўства захоўвай
І першым яго
Разарваць не імкніся;
Смутак сэрца знявечыць,
Як не зможаш
Сябру даверыцца.

Парады мае,
Лоддфафнір, слухай,
Ты з іх скрыстаеш,
Калі зразумееш:
Смяяцца не думай
З вандроўніка дальняга,
З уласнага госця.
Не ведаюць часта
Тыя, хто ў хаце,
Сапраўднага твару
Новага госця.

Парады мае,
Лоддфафнір, слухай,
Ты з іх скрыстаеш,
Калі зразумееш:
Злое злым і заві,
Помсці за злое!
Кепскім ніколі
Не задавальняйся,
Імкніся да лепшага,
Добрае помні.

Так сказаў Одзін. Скірніру выдаўся папутны вецер, і ён паплыў да прыстані Храўдунга. Скірнір сядзеў на носе чаўна; ён скочыў на бераг, адштурхнуў човен і сказаў: “Плыві туды, дзе Грымнір возьме цябе!” Човен панесла ў мора, а Скірнір пайшоў па беразе.

Пабачыў ён чалавека. А быў гэта Хрэйдмар, карлік ростам, мудры чарадзей. І сказаў Хрэйдмар:

-Хлопча, хлопча!
Кім ты народжаны,
Чый сын ты, скажы?

Адказаў Скірнір:

-Я звер дабрачынны,
Быў я ўсё жыццё
Сынам без маці;
І бацькі няма,
Як у людзей,
Заўсёды адзін я.

Хрэйдмар сказаў:

-Згода мая
Будзе з табою,
Мудры вандроўнік,
Калі мне адкажаш
Праўду пра свет.
Скірнір, скажы мне, -
Пра ўсё, што ў свеце ёсць,
Мусіш ты ведаць, -
Як сонца завецца,
Што людзі бачаць,
У розных светах?

Скірнір сказаў:

-Сонцам людзі завуць,
А богі – Свяцілам,
Сябрам Дваліна – карлікі,
Турсы – Палаючым,
Абадом – альвы
І асы – Святлейшым.

Так адказаў Скірнір. Хрэйдмар даў яму прайсці. Ішоў ён далей і пабачыў чалавека, а быў гэта Фенрыр, сын Локі, Магутны Воўк. І мовіў да яго Фенрыр:

-Хлопча, хлопча!
Кім ты народжаны,
Чый сын ты, скажы?

Адказаў Скірнір:
-Я звер дабрачынны,
Быў я ўсё жыццё
Сынам без маці;
І бацькі няма,
Як у людзей,
Заўсёды адзін я.

Фенрыр сказаў:
-Згода мая
Будзе з табою,
Мудры вандроўнік,
Калі мне адкажаш
Праўду пра свет.
Скірнір, скажы мне, -
Пра ўсё, што ў свеце ёсць,
Мусіш ты ведаць, -
Як месяц завецца,
Што людзі бачаць,
У розных светах?

Скірнір сказаў:

-Месяц ён у людзей,
Поўня – ў багоў,
У Хель – Кола,
У карлікаў – Светач,
Таропкі – у турсаў,
У альваў – Лік Год.

Так адказаў Скірнір. Фенрыр саступіў яму дарогу. Ішоў ён далей і пабачыў чалавека, а быў гэта Трум, конунг ётунаў. Мовіў Трум:

-Хлопча, хлопча!
кім ты народжаны,
Чый сын ты, скажы?

Адказаў Скірнір:
-Я звер дабрачынны,
Быў я ўсё жыццё
Сынам без маці;
І бацькі няма,
Як у людзей,
Заўсёды адзін я.

Трум сказаў:

-Згода мая
Будзе з табою,
Мудры вандроўнік,
Калі мне адкажаш
Праўду пра свет.
Скірнір, скажы мне, -
Пра ўсё, што ў свеце ёсць,
Мусіш ты ведаць, -
Як вецер завуць,
Што далей за ўсіх ходзіць,
У розных светах?

Скірнір сказаў:

-Людзі Ветрам завуць,
А богі – Імклівым,
Ён Голасны ў асаў,
Равучы  – у турсаў,
Шумлівы – у альваў,
А ў Хель ён Парывісты.

Так адказаў Скірнір. Трум даў яму прайсці, бо адказаў ён правільна. Тады Скірнір пайшоў далей па беразе і пабачыў жанчыну. А быў гэта сам Локі, брат Бюлейста.

Локі крыкнуў:

-Што там за хлопец
Стаіць ля вады?

Скірнір адказаў:

-Што за старая
Стаіць ля вады?

Локі сказаў:

-Згода мая
Будзе з табою,
Мудры вандроўнік,
Калі мне адкажаш
Праўду пра свет.
Скірнір, скажы мне, -
Пра ўсё, што ў свеце ёсць,
Мусіш ты ведаць, -
Лепшае дрэва, і аса, і човен,
Скальда, каня,
Мост і сабака
Мне назаві!

Скірнір сказаў:

-Лепшае дрэва –
Ясень Іггдрасіль,
Лепшы човен –
Скідбладнір,
Лепшы ас – Одзін,
Лепшы конь – Слейпнір,
Лепшы мост – Більраст,
Лепшы скальд – Брагі,
А Гарм – лепшы сабака.

Локі сказаў:

-Ведамі хвалішся,
А лёс свой ці ведаеш?
У цябе, напэўна,
І маці няма.

Скірнір сказаў:
-Словы такія
Кожнаму цяжкія –
Горка мне слухаць словы твае!

Локі сказаў:

-Наўрад ці трыма хоць
Дварамі валодаеш,
Калі ты босы,
Валацугай убраны.

Скірнір сказаў:

-Не кусаю я пятак,
Як стары абутак.
Ты пра тое гаворыш,
Чым хочаш пакрыўдзіць!

Локі сказаў:

-Хуткі адказ твой,
А шлях будзе доўгім:
Дойдзеш да камня,
І далей – да лесу,
Возьмеш налева –
Дойдзеш да Верланда,
Там з сынам Скірнірам
Стрэнецца Храўдунг.
Доўгаю будзе дарога дамоў!

Скірнір сказаў:

-Ці дайду туды сёння?

Локі сказаў:
-На світанні хіба.

Так сказаў Локі і замкнуў Скірніру вусны, а той рушыў далей. На світанні ён прыйшоў у Верланд. Людзі Храўдунга думалі, што ён чарадзей, бо ніводны сабака, нават самы злы, не нападаў на яго. Храўдунг не быў скупы для гасцей, але чалавека, на якога сабакі не сталі брахаць, загадаў схапіць. Скірнір не расказаў пра сябе нічога, як яго ні распытвалі. Конунг загадаў дамагчыся ад яго адказу праз пытку і пасадзіць яго між двух вогнішчаў. Так ён прасядзеў восем начэй.

На восьмую ноч з’явіўся перад ім Грымнір і разамкнуў яму вусны. І тады Скірнір сказаў:
-Пячэш ты мяне,
Магутнае полымя,
Агонь, адыдзі!
Футра тлее, патушыць не магу я,
Палае мой плашч!
Восем начэй
я ў пакутах правёў,
без пітва і без ежы.
Шчаслівы будзь, Храўдунг,
Табе пажадаў
Шчасця Бог Бою:
Ці можа вышэй быць
Якая адплата
За адзіны глыток!
Замест тваёй страты
Новае дадзена,
Радуйся, Храўдунг!

Конунг Храўдунг сядзеў, трымаючы на каленях меч. Пачуўшы гэта, ён падняўся, каб абараніць яго ад агня. Тады меч упаў у вогнішча, і агонь знік. Храўдунг прыняў Скірніра. Той у свой час зрабіўся конунгам і доўга правіў.

 

Маргарыта Латышкевіч,
студэнтка 5 курса філалагічнага факультэта БДУ


Папярэднi артыкул  |  Да зместа  |   Наступны артыкул

Пра альманах | Кантакты | ©2010 Альманах "Дзьмухавец"
Сайт создан в системе uCoz