Рубрыка "Фальклорная практыка "
... па старонках рэгiянальнага архіва вучэбна-навуковай лабараторыі БДУ
Фальклорная практыка студэнтаў філалагічнага факультэта з 60-х гадоў ХХ ст. з’яўляецца неад’емнай часткай вучэбнага працэсу пры падрыхтоўцы спецыялістаў-філолагаў. Адбылося гэта дзякуючы намаганням выкладчыкаў філалагічнага факультэта БДУ Веры Анісімаўны Захаравай і Ніла Сымонавіча Гілевіча. Менавіта яны яшчэ ў той час прыйшлі да разумення неабходнасці фіксацыі і наступнага выдання твораў фальклору, як і распрацоўкі рэгіянальнага напрамку збіральніцка-выдавецкай дзейнасці.
Самыя першыя выязныя экспедыцыі студэнты і выкладчыкі філалагічнага факультэта БДУ здзейснілі ў 1965 годзе, і адбылося гэта на тэрыторыі Заходняга Палесся. У гэты час выкладчыкамі фальклору толькі наладжваліся сувязі з прадстаўнікамі ўлады ў пэўных раённых цэнтрах, распрацоўвалася методыка збіральніцкай работы і назапашваўся арганізацыйны вопыт. На месцах плануемых экспедыцый неабходна было дамовіцца аб размяшчэнні і сілкаванні студэнтаў, аб мясцовым транспарце. Калі камандзіровачныя выдаткі на суткі (“сутачныя”) для студэнтаў і выкладчыкаў аплочваў БДУ, то на мясцовыя ўлады клаўся клопат па прыманні экспедыцыі. Адпаведна той час можна назваць прапедэўтычным у адносінах выкрышлізоўвання методыкі арганізацыі выязных планавых экспедыцый. Не апошнюю ролю ў адборы тэрытарыяльна прыярытэтнага напрамку збіральніцкай дзейнасці адыгрывалі тыя абставіны, што выкладчыкі – арганізатары практыкі – былі родам з мясцін, у якіх планавалася экспедыцыя. Менавіта таму напачатку ўвага студэнтаў і выкладчыкаў БДУ была скіравана на Палессе. А ў пачатку 80-х гадоў ХХ ст. у планах збіральніцкай студэнцкай практыкі з’явіўся Хойніцкі раён Гомельскай вобласці.
Аналіз фальклорных матэрыялаў з фондаў рэгіянальнага архіву Гомельскай вобласці, якія цяпер захоўваюцца ў вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору пры кафедры тэорыі літаратуры БДУ, паказаў наступнае. Па-першае, экспедыцыя ў Хойніцкі раён ладзілася адзін раз у 1982 г. сіламі студэнтаў, якія былі накіраваны загадам рэктара на праходжанне фальклорнай практыкі менавіта ў дадзены раён. Адпаведна гэта была выязная планавая экспедыцыя, якая, тым не менш, мусіла стаць абмежаванай па ахопу адміністрацыйных адзінак. Абумоўлена гэта было тым, што вёскі Тульгавічы, Глінішча і Ломачы, дзе працавалі студэнты, аказаліся настолькі багатыя на фальклорную спадчыну, што часу праходжання практыкі ледзьве хапіла на тое, каб запісаць як мага больш твораў ад мясцовага насельніцтва. Па-другое, пасля 1982 г. запісы з Хойніцкага раёна ў архіў лабараторыі беларускага фальклору БДУ не траплялі, што было абумоўлена правядзеннем экспедыцый у іншых абласцях Беларусі, у тым ліку і ў іншых раёнах Гомельскай вобласці. Кардынальна сітуацыя выправілася напачатку новага стагоддзя, калі ў архіве з’явіліся фальклорныя запісы з Хойніцкага раёна, зробленыя ў 2000, 2003, 2005 і 2006 гг. Гэта ўжо былі не планавыя або выязныя экспедыцыі студэнтаў і не разавыя паездкі, ажыццёўленыя супрацоўнікамі навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору БДУ [* 1], а фальклорныя практыкі студэнтаў філалагічнага факультэта па месцы жыхарства [* 2]. Дадзеная акалічнасць сведчыць на карысць таго, што такія студэнты добра ведалі носьбітаў фальклору і мелі магчымасць зафіксаваць самае “дарагое” для інфармантаў – творы, якія “чужым” не давяралі (замовы, галашэнні, плачы, духоўную паэзію.
Летапіс экспедыцый вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ сведчыць аб наступным.
І. Планавая выязная экспедыцыя на тэрыторыю Хойніцкага раёна, як мы ўжо сказалі вышэй, ладзілася адзін раз – у 1982 г. Гэта была вельмі плённая экспедыцыя па колькасці зафіксаваных песенных твораў фальклору, хаця абследаваны былі, як мы згадвалі, толькі тры вёскі – Тульгавічы, Глінішча і Ломачы. З запісаў бачна, што ўзрост інфармантаў на той час быў вельмі паважаны: у некаторых год нараджэння пазначаны 1905-м, 1906-м і 1907-м, што на год правядзення экспедыцыі складала 77 і больш гадоў. Калі прааналізаваць запісы, зробленыя ў Хойніцкім раёне ў 2000-я гг., можна ўбачыць, што тут узрост інфармантаў “узвышаецца” і ніжэйшай часавай планкай з’яўляюцца ўжо 1930-я – 1950-я гады нараджэння. Хаця назіраюцца і выключэнні. Так, у 2000 г. студэнтка Г. Л. Сакалоўская зрабіла запісы ў той жа вёсцы Тульгавічы ад інфарманта 88-гадовага ўзросту К. С. Туравец (1912 г. н.)! Супастаўленне новых запісаў з існуючымі паказала, што падчас экспедыцыі 1982 г. ад гэтага інфарманта творы не запісваліся. Такім чынам, названыя матэрыялы значна ўзбагацілі архіў лабараторыі, а не сталі паўтарэннем ужо запісанага.
ІІ. Падчас планавай студэнцкай экспедыцыі былі зафіксаваны творы большасці жанравых разнавіднасцей сямейна-абрадавых вясельных песень, каляндарна-абрадавых і пазаабрадавых сацыяльных і бытавых, дзіцячага фальклору і малых жанраў – прыказак, прымавак, загадак. Значна менш запісана твораў казкавай і няказкавай прозы. І гэта не дзіўна. У нашым артыкуле, прысвечным фальклору Мазырска-Прыпяцкага Палесся, мы звярталі ўвагу на гэтую акалічнасць. Справа ў тым, што, па сведчанні кіраўнікоў практык, якія разам са студэнтамі займаліся збіральніцкай дзейнасцю на месцах, інфарманты з лёгкасцю спявалі, больш ахвотна ўспаміналі менавіта песні, “сыпалі” прымаўкамі і прыказкамі, анекдотамі, апавядалі пра жыццёвыя здарэнні. Што датычыць казкавай прозы, успаміналі творы з неахвотай, выкарыстоўваючы ў якасці адмовы штампы тыпу “часу няма”, “трэба сена грэбці”, а то і зусім “не памятаю” ці “стамілася” і да т. п. [1, с. 234].
У 2000-я гг. вопіс Хойніцкага раёна, акрамя вышэйназваных жанраў, папоўніўся і новымі разнавіднасцямі песень. Так, збіральнікі звярнулі ўвагу на спадчыну перыяду Вялікай Айчыннай вайны (тылавыя песні, рэалістычную прозу – успаміны), творы гарадскога фальклору, у тым ліку гарадскіх субкультур (блатной, фанацкай), а таксама дыскурсіўную прозу (тлумачэнні сноў, прыкметы, адказы на пытанні праграмы-апытальніка). Адзначым, што фальклорная проза ва ўсёй яе разнастайнасці пачала запісвацца студэнтамі філалагічнага факультэта толькі з другой паловы 90-х гадоў, калі выкладчыкамі фальклору кафедры тэорыі літаратуры Рымай Мадэстаўнай Кавалёвай і Вольгай Віктараўнай Прыемка быў падрыхтаваны спецыяльны апытальнік “Метадычныя ўказанні і праграма-апытальнік да правядзення фальклорнай практыкі студэнтаў І курса філалагічнага факультэта” (Мінск, 1995). У дадзеным выданні было прапанавана пашырыць разуменне фальклорнай адзінкі да адказу інфарманта на адно пытанне з праграмы-апытальніка, у тым ліку і па этнаграфічных тэмах, звязаных з хатнім бытам, будаўніцтвам, звычаямі, перасцярогамі і інш. Увесь гэты масіў адказаў прапаноўвалася класіфікаваць у адпаведнасці з прызначэннем. Названыя заўвагі праз 11 гадоў былі дапрацаваны ў новым выданні “Фальклорная практыка: метадычныя рэкамендацыі і праграма-апытальнік” (аўтары-складальнікі Р. М. Кавалёва, В. В. Прыемка, Т. А. Марозава), якое выйшла ў свет у 2008 годзе [*3].
Такім чынам, параўнальны аналіз зафіксаваных на тэрыторыі Хойніцкага раёна і захоўваемых ў вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ фальклорных твораў паказаў, што жанрава-відавы склад адзінак фальклору характарызуецца яскравым дамінаваннем песенных твораў – каляндарна- і сямейна-абрадавых, пазаабрадавых бытавых, сацыяльных, рознатэматычных прыпевак. Дастаткова поўна прадстаўлены парэміялагічны фонд (прыказкі, прымаўкі, загадкі), сфера дзіцячага фальклору (калыханкі, пацешкі, дражнілкі, дзіцячыя гульні, лічылкі, страшылкі), часткова – замовы. Сустракаюцца творы перыяду Вялікай Айчыннай вайны, сярод якіх, акрамя песень, маюцца запісы няказкавай рэалістычнай прозы, у прыватнасці ўспаміны. Найменш зафіксавана празаічных жанраў казкавай і няказкавай фальклорнай прозы, а духоўных вершаў і псальмаў, твораў народнай драмы зусім не выяўлена. Прычым увага збіральнікаў да твораў дыскурсіўнай прозы (ці адказаў інфармантаў на пытанні аб мясцовых звычаях, забабонах, перасцярогах, персанажах вышэйшай і ніжэйшай міфалогіі, будаўніцтве, арганізацыі хатняга побыту і многім іншым) з’яўляецца ў тых справаздачах студэнтаў, якія датуюцца 2000 гадамі. Дзякуючы гэтаму вопіс Хойніцкага раёна вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ папоўніліся запісамі некаторых відаў фальклорнай прозы, у большай ступені – каляндарна-святочнай і сямейна-абрадавай, у меншай – няказкавай, смехавай, магічнай. На жаль, зусім не сутракаюцца запісы міфалагічнай прозы (аб прадстаўніках вышэйшай і ніжэйшай міфалогіі). Акрамя таго, як паказваюць запісы, студэнты працягваюць актыўна запісваць фальклорныя творы ў вёсках, прычым дамінуюць у іх справаздачах усё роўна аўтэнтычныя песні розных жанраў, што сведчыць аб адзінстве развіцця і наследаванні фальклорнай традыцыі.
ЗАЎВАГІ
* 1. Каб пазбегнуць блытаніны ў назвах лабараторыі беларускага фальклору БДУ, лічым мэтазгодным даць наступную даведку.
Да 1981 года ўсё фальклорныя запісы захоўваліся на кафедрах, якія ажыццяўлялі фальклорную практыку, – беларускай літаратуры і рускай савецкай літаратуры. Калі, дзякуючы пастанове Савета Міністраў БССР ад 1 студзеня 1981 г., БДУ былі вылучаны сродкі для правядзення даследаванняў па беларускім фальклоры і дыялекталогіі, у складзе Праблемнай НДЛ сацыялагічных даследаванняў (якая існавала як структурнае падраздзяленне Навукова-даследчай часткі БДУ) быў утвораны сектар “Даследаванне беларускага фальклору і дыялекталогіі”. Сектар афіцыйна функцыянаваў на філалагічным факультэце, і з часам у ім была сканцэнтравана ўся збіральніцкая фалькларыстычная дзейнасць: практыкі па фальклору і дыялекталогіі, рэгулярныя комплексныя экспедыцыі супрацоўнікаў. Адразу пасля адкрыцця сектара пачалі фарміравацца архівы з фальклорнымі і дыялекталагічнымі запісамі і фонаархіў, запісы з якіх класіфікаваліся і рыхтаваліся да выдання.
Загадам па БДУ ад 14 лістапада 1985 г. на базе сектара “Даследаванне беларускага фальклору і дыялекталогіі” была створана навукова-даследчая лабараторыя беларускага фальклору і дыялекталогіі пры кафедры беларускай літаратуры. Фінансаванне лабараторыі ажыццяўлялася на аснове навуковых праектаў.
1 красавіка 2003 г.вучоным саветам Навукова-даследчай часткіБДУ было прынята Палажэнне, у якім афіцыйна замацоўвалася новая назва лабараторыі як лабараторыя беларускага фальклору. Скасаванне ў назве “і дыялекталогіі” было абгрунтавана тым, што з 1996 г. навуковыя даследаванні этналінгвістычнага характару ў лабараторыі не распрацоўваліся, а матэрыялы дыялекталагічных практык пачалі канцэнтравацца ў архіве новастворанай на філалагічным факультэце кафедры гісторыі беларускай мовы, якая з 1997 г. пачала самастойна ажыццяўляць дыялекталагічную практыку.
1 красавіка 2005 г. загадам па БДУ НДЛ беларускага фальклору была рэарганізавана ў вучэбна-навуковую лабараторыю (ВНЛ) беларускага фальклору на бюджэтнай аснове фінансавання (упершыню ў гісторыі).
* 2. Фальклорная практыка студэнтаў БДУ з 1994 г. ажыццяўляецца выключна самастойна па месцы жыхарства з прадстаўленнем справаздачы аб выніках збіральніцкай дзейнасці. Планавыя палявыя экспедыцыі з таго часу здзяйснялі толькі супрацоўнікі навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору філалагічнага факультэта, на базе якой у красавіку 2005 г. была створана вучэбна-навуковая лабараторыя. Нагадаем, што, у адпаведнасці са Стандартам па фальклорнай практыцы, на сённяшні дзень у ВНУ Беларусі афіцыйна зацверджаны наступныя формы ажыццяўлення вучэбнай практыкі па фальклору:
1) выезд груп з навуковым кіраўніком у запланаванае месца экспедыцыі (на фінансавых умовах аплаты ўсіх выдаткаў вну);
2) пры адсутнасці фінансавання:
2.1. самастойнае праходжанне практыкі студэнтамі па месцы жыхарства з прадстаўленнем справаздачы аб выніках збіральніцкай дзейнасці; 2.2. праца ў архіўных фальклорных фондах пры кафедры, якая ажыццяўляе практыку ў вну; 2.3. праца па індывідуальных праграмах (замежныя студэнты).
* 3. Адзначым, што у 2009 г. у Выдавецка-рэдакцыйны цэнтр БДУ названымі аўтарамі быў прадстаўлены дапоўнены і дапрацаваны рукапіс дадзенага дапаможніка. У ім змешчаны асобным раздзелам карагодныя песні (карагоды), а таксама прадстаўлены патрабаванні да афармлення выніковай справаздачы студэнтаў у электронным варыянце і на аўдыё(відэа)носьбітах.
Т.А.Марозава,
захавальнік i архівазагадчык ВНЛ беларускага фальклору філалагічнага факультэта БДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.