Рубрыка "Фальклорная практыка "
***
Паводле сюжэтаў “Тысячы і адной ночы”
– Здурнела! Сорам на вачах губляеш!
Пагардліва зірнуўшы спадылба,
Ўсясветнаму цару ты адмаўляеш
І да грудзей штомоцы прыхінаеш
Нахабнага і брыдкага раба!
І цар, адрынуты, абагаўляе
Тваю між смецця знойдзеную рэч,
А раб каравы твар свій прыкрывае
Ад пацалункаў і цябе піхае,
Нібы свінню: “Пайшла, пачвара, прэч!”
– О той, хто загаворвае сурокі,
Дапамажы, бо звяну, як трава:
Самаадданы, юны, яснавокі,
Мне цар не мілы; нічые папрокі
Не дапамогуць: чую толькі крокі
Карослівага чорнага раба.
***
Мяне не слухаюцца рыфмы,
І верш – той нудны гук, калі
Тужліва ўслед сапраўдным рыпнуць
Калодзежныя жураўлі.
Паперы – мо на трыццаць столак,
Ды аднаго няма на ёй:
Як вылузнуўся з ночы золак
І раскрываецца зарой.
***
Туман ярам, ярам-даліною… З народнага
Туман ярам… Плятуцца стужкі туману
Вакол чорных хмызоў, вакол елак малых.
Але ім устыдацца тонкага стану
І празрыстых веяў тваіх.
Пералеска ўскіне сцеблы маладыя
У глухіх вільготных ярах вясной –
І падасца, быццам хлапечай шыі
Не ўтрымаць галавы буйной.
І, нібыта аскепак светлага лёду,
Аплывае сэрца весняй парой.
Толькі позна – згінулі насалоды,
Толькі сцюжай цягне з яроў.
***
Піск, гоман, скокі, вогнішча ўначы –
І ціхі светлы хлопчык пры плячы.
Усенькі час – праз крыкі і пяянне –
Прысутнасці ягонай адчуванне.
Адданасці і прагі повен рух
Празрыстых воч і загарэлых рук.
І кожны міг пасоўвае няўмольна,
Нібыта гайку па разьбе, павольна
Насустрач: мне – яго, яму – мяне…
Нас непазбежнае не абміне:
Ні разгаранне, ні згасанне страсці.
Адно ж было – на самай справе – шчасце:
Піск, крык, пяянне моладзі ўначы –
І незнаёмы хлопчык пры плячы.
ПЕСНЯ
Каханы мой вячэраў у доме маім, у сціплым і бедным пакоі;і не зайздросціла я гаспадыні маёй у пышных яе палацах.
Валасы твае пахнуць ветрам, цела тваё пахне хлебам, семя тваё пахне горкай травой палявой.
Сонца ўзыходзіць – залоціць шаты соснаў ды кіпарысаў; сонца сыходзіць – ты са мной застаешся.
Валасы твае пахнуць ветрам, цела тваё пахне хлебам, семя тваё пахне горкай травой палявой.
***
Маці сына й выправаджвала, А месяцам падперазала, А зораю засцібнула, А доляю агарнула… Вясельная песня
Як цяжка спалучаць
Пачуцці маці – і любоў жанчыны.
Як цяжка – але толькі не з табой:
Ты і ў каханні застанешся сынам.
Не маці – я цябе падперажу
Халодным срэбрым месяцам; і зорку,
Як фібулу, замкну пад падбароддзем
(От хораша пяецца ў даўніх песнях!);
І доляй агарну, нібы плашчом:
Нясі старожка чару – не пралі –
Да той, танюткай і доўгавалосай,
Якую згадваў, толькі адступала
Абдымкаў нашых злітнае шаленства.
Дзе хочаш будзь. З кім хочаш будзь. А я
Парадуюся за цябе здалёку –
Бы тая, з песні, што на раздарожжы
Стаіць, страчаючы вясельны поезд,
З іконаю – і з чаркай у руцэ.
***
Зямля, дзе мяжуюць глыжы і будылле
З крыжамі;
Дзе ржавыя косткі змяшаны з жалезам
Іржавым;
І ўсё гэта сплёты здзічэлых малінаў
Хаваюць ад свету…
Калі Бог і праўда зляпіў мяне з гліны –
То з гэтай.