Роздум над творчым і жыццёвым лёсам пісьменніка
Ніл Сымонавіч Гілевіч – гэта не толькі фенаменальны творца. Гэта цэлая эпоха, адбітая ў яго літаратурным і жыццёвым лёсе. Адкрываць гарызонты здзейсненага ім давядзецца даследчыкам новых пакаленняў айчыннай філалогіі.
Душа шчодрага сейбіта беларускага, які, па трапным вызначэнні В. Коўтун, не выпускаў з рук “сявеньку залатаслоўя”, самаахвярна рассявала “святло над дзірванамі і сцежкамі Айчыны”.
Каб расчытаць душу, істоту пісьменніка, мастацкі свет яго твораў, навуковыя канцэпцыі і стратэгіі, патрэбна абазнанасць даследчыкаў ва ўсіх перыпетыях жыццёвага лёсу і творчых пошукаў Майстра. І зусім недаравальна, што пры жыцці мастакоўскі і навуковы досвед Ніла Гілевіча адбіўся ўсяго ў дзвюх навуковых кнігах – Сіненка, Г. Ніл Гілевіч: нарыс творчасці / Г. Сіненка. – Мінск: Вышэйшая школа, 1981. – 270 с.; Нуждзіна, Т. Ніл Гілевіч: маштабнасць таленту і веліч асобы / Т. Нуждзіна. – Мінск: ПроХрысто, 2015. – 180 с. Даты красамоўна засведчылі нашу рэальнасць – сацыяльную, культурна-творчую, навуковую. І гэта пры тым, што гарызонты мастакоўскага “я” Ніла Гілевіча бязмежныя. Вялікі талент не вымяраецца звыклымі меркамі, бо глыбокі, бясконцы, шматаблічны, як само жыццё. Таму і прыцягвае, прымушае вяртацца, не адпускае, уцягвае ў свой вір думак, пачуццяў, захапляе эстэтычнай значнасцю вобразаў, іх філасофскай змястоўнасцю, багаццем жанрава-стылёвых навацый, прынцыповасцю творчых і грамадзянскіх пазіцый. Невыпадкова пасля выхаду кнігі напісалася яшчэ некалькі артыкулаў, якія дадаюць новыя штрыхі ў мастакоўскае і чалавечае аблічча вялікага Майстра.
Ніл Гілевіч і яго эпоха
Хочацца верыць, што нарэшце запаветная мара народнага паэта Ніла Сымонавіча Гілевіча аб сумленна-прафесійным прачытанні яго творчасці пачне ажыццяўляцца на такім даследчыцка-эстэтычным узроўні, якога заслугоўвае багацейшая спадчына геніяльнага мастака слова – паэта-мысляра, навукоўца, празаіка, драматурга, публіцыста, вучонага-фалькларыста. Пры гэтым маштабна акрэсліцца глыбіня разумення і гілевічаўская непаўторнасць мастацкага ўвасаблення праблем, супярэчнасцей і канфліктаў эпохі, у якую судзіў лёс жыць, тварыць і расціць сваю душу, непадлеглай карозіі і дэвальвацыі.
У абрысе пройдзенага шляху “Між роспаччу і надзеяй” аўтар прыгадае публікацыю верша “Роднае слова” як самы важны момант у яго пісьменніцкім лёсе: “Так пачалася мая пажыццёвая эпапея змагання за мову народа і радком паэзіі, і словам газетнай публіцыстыкі, і словам з трыбуны. За гэтым вершам неўзабаве загучаць адзін за адным іншыя – спыніцца і адступіць я ўжо не мог. Праз 40 гадоў вершаў аб гэтым і ў імя гэтага будзе больш за сотню, артыкулаў – у два разы больш. Так акрэслілася галоўная тэма ўсёй маёй творчасці і галоўная справа жыцця”.
У 60-я гады толькі пачыналася бура абурэнняў прадзяржаўных, антынацыянальных палітыкаў-ідэолагаў супраць паэта, які меў смеласць і гонар публічна сказаць пра становішча ў рэспубліцы беларускай мовы, літаратуры, культуры, адукацыі. Водгулле таго часу адбілася, напрыклад, у вобразна-сімвалічным апісанні аблічча мілай лірычнаму герою дубровы (“Замірае, сціхае мая залатая дуброва!..” – 1966), абумоўленага законамі прыроды. Асацыятыўнасць аўтарскага мыслення скіроўвае ўвагу чытача на відавочную сувязь, якая існуе паміж мовай дубровы і “раздольна-вячыстай мовай народа” на гістарычных скрыжалях яго існавання.
Век фальшу і бруду прымусіў Ніла Гілевіча звярнуцца да мастацкай містыфікацыі, калі перадаў аўтарства паэмы “Сказ пра Лысую гару” Ведзьмаку Лысагорскаму. Калі б нашы крытыкі больш грунтоўна прачыталі ў той час сатырычныя набыткі пісьменніка (зборнікі гумару і сатыры “Званковы валет”, “Ці грэх, ці два”, “Русалка на Нарачы”, “Як я вучыўся жыць”, “У добрай згодзе” і інш.), то “рассакрэціць” аўтара было б зусім няцяжка. Не дапамаглі б, не схавалі б імя пісьменніка і тыя пяць строф аўтарскага камуфляжу, самаіроніі, калі вуснамі Ведзьмака паэт бэсціць самога сябе.
У 2011 годзе ў самы пярэдадзень 80-годдзя Ніла Сымонавіча быў надрукаваны цікавы артыкул прафесара І. Штэйнера «“Сказ пра Лысую гару” Ніла Гілевіча і “Карабель дурняў” Себасцьяна Бранта». Паэт быў прыемна ўражаны супастаўленнем “Сказа” з выдатным творам еўрапейскай смехавай культуры ХV стагоддзя. У выніку супастаўлення навуковец зрабіў рэзонную выснову: абодва творы – гэта “вялікі ўрок паэтаў-гуманістаў розных стагоддзяў, бо іх творы садзейнічаюць ачышчэнню чалавека”.
У новай кнізе эсэістыкі “У віры быцця” ёсць цікавыя выпіскі з прачытанай у 1979 годзе кнігі “Вспоминая Ольгу Бергольц”. Асабліва моцна закране яго чэхаўская думка, якую выпісала Бергольц: “Пісьменнік расце да той пары, пакуль яго душа расце”. Запіс успрымаецца як перадумова з’яўлення самай галоўнай кнігі ў жыцці паэта – рамана “Родныя дзеці”. К гэтаму часу і душа ўзрасла, загартавалася. Яна разам з творцам была гатова ад лірыкі падацца “на стаўбавы эпічны шлях”. Больш за чвэрць стагоддзя літаратурнай дзейнасці. Акрэслены многія праблемы жыцця і творчасці, асвоены розныя паэтычныя жанры – верш-песня, зварот, пасланне, малітва, ода, верш-каментар, сюжэтны верш, лірычныя імпрэсіі, паэмы, адметныя сваёй жанравай сутнасцю – “Сто вузлоў памяці” (хроніка), “Нарач” (вянок санетаў), “Гарыць, гарыць мая Лагойшчына” (патрыятычная араторыя з чатырма баладамі), “А раніцы ўжо не было” (галасы на могілках вёсак) і інш. Аднак вір, стыхія народнага жыцця, эпічная памяць настойліва патрабавалі аб’ёмнага ўвасаблення таго, што ў “Сказе пра Лысую гару” абазначана афарыстычна-глабальна: “Быў час, быў век, была эпоха”. І ў рамане “Родныя дзеці” аўтар прапануе свайму чытачу, з якім вядзе пастаянны дыялог, вядзе адкрыта і непасрэдна, услухацца ў застольную гаману, каб улавіць і дух, і стыль эпохі.
Па маштабнасці і глыбіні ідэйнага зместу, прасторава-часавых параметрах, багацці і значнасці сацыяльных тыпаў, мнагалучнасці і панарамнасці народнага жыцця, моўна-стылёвай дасканаласці, адчуванні мастацкай меры раман “Родныя дзеці” можна лічыць эпапейным творам. Прасторава-часавыя параметры (50–70-я гады) таленавіта пашыраюцца за кошт успамінаў-гісторый вяскоўцаў, родных Сцяпана Вячоркі, дасціпных быліц, пачутых у святочным застоллі.
Асобна варта адзначыць, якое значэнне надаваў народны паэт ролі мастацкай літаратуры ў сістэме школьнай адукацыі. Невыпадкова ўсе лірычныя адступленні ў рамане скіраваны на выхаванне асобы школьніка так, каб вырастаў з адчуваннем Радзімы і ў сэрцы, і ў душы.
Нуждзіна, Т. Ніл Гілевіч і яго эпоха / Т. Нуждзіна // Роднае слова. – 2016. – № 9. – С. 4–7; № 10. – С. 3–5.
Аб рамане Ніла Гілевіча «Родныя дзеці»
Твор, які становіцца знакавым у мастацка-культурнай прасторы краіны, заўсёды мае сваю біяграфію, якая ўбірае мастакоўскі лёс стваральніка, характарызуе творчы рытм, стасункі з часам і людзьмі. Толькі аўтар ведае, чаго каштавала яму з’яўленне, скажам, такога ўнікальнага ў нашай літаратуры рамана ў вершах, як “Родныя дзеці” Ніла Гілевіча. Твор пісаўся на працягу дванаццаці гадоў – з 1972 па 1984. Сам пісьменнік засведчыў, што першыя строфы ён накідаў у 1972 годзе. Аднак многае адцягвала ад непасрэднай работы над вялікім паэтычным творам. Над вершаваным эпасам.
Хроніка напісання рамана раскрывае заняволенасць душы творцы шматлікімі абавязкамі: заняткі са студэнтамі, навуковая дзейнасць фалькларыста, перакладчыцкі вопыт і многае іншае адцягвала паэта ад работы над творам, які быў яго лёсам.
За ўсімі перыпетыямі лёсу кнігі бачыцца напружанае жыццё-быццё творчай асобы, па-грамадзянску мужнай і бескарыснай, прынцыповай і патрабавальнай да кожнага слова, да паэтычных радкоў, што выходзілі з-пад пяра. Пра гэта нямала сказана Нілам Гілевічам на старонках яго дзённікава-мемуарнай спадчыны.
На старонках дзённікавых запісаў, зробленых ад жніўня да канца снежня 1978 года, толькі двойчы згадае пра раман: “Думаў над «Роднымі дзеткамі», накідаў некалькі строф. Божа прамілы, калі ж я вазьмуся грунтоўна? Няўжо і сёлета не ўдасца вызваліцца ад выпадковай усякай «брэбедзені» і ўцягнуцца ў працу над «Дзеткамі»”?
Яшчэ доўга давядзецца чакаць таго запаветнага часу, калі аўтар ушчыльную падступіцца да рэалізацыі самай галоўнай і любімай ідэі-мары. Нездарма ж у запісах часта замест нейтральнага дзеці паэт ужывае эмацыянальна афарбаванае “Родныя дзеткі” або проста “Дзеткі”.
Самы змястоўны, насычаны інфармацыяй, роздумам і нават спрэчкамі з сабой і літаратурнымі персанажамі стане 1983 год. Запісы за студзень 1983 года – гэта найцікавейшая інфармацыя з першых вуснаў. У 1980 годе Ніл Гілевіч апынуўся на пасадзе першага сакратара СП Беларусі, дзяржаўнага чыноўніка па літаратурным ведамстве. Вырашэнне абавязковых праблем і пытанняў па службовых абавязках адбірала і час, і сілы, і настрой: было не да вершаў, не да творчасці. Каб актывізаваць работу над раманам, вымушаны ўзяць за свой кошт адпачынак. З гэтага моманту акуратна фіксуецца ўвесь працэс работы над творам. Кожны дзень запіс (як справаздача перад самім сабой) пра тое, што, як, калі пісаў, думаў, колькі часу аддаваў раману, які лічыў справай усяго жыцця. Толькі за чатыры дні (з 20-га па 23-е) апантанай працы напісана каля пятнаццаці строф. Узнікае трывога, сумненне, нават страх, каб апантанасць, што мяжуе з творчым вар’яцтвам, не адбілася на якасці. Урыўкамі, між значных і зусім звычайных падзей, спраў ці здарэнняў, ствараўся раманны эпас Ніла Гілевіча. Асабліва плённа працавалася ў Нідзе (Літва). Кожны дзень ад сямі – васьмі строф напачатку да ста радкоў пазней.
Сёмага жніўня закончыўся адпачынак. І ўжо напрыканцы 1984 года твор быў закончаны, а другога студзеня 1985 года Ніл Гілевіч пакіне і такую інфармацыю: “Днём спаткаўся з «цэнзарам» маіх «Родных дзяцей» М.К.Высоцкай. Сказала, што твор ёй спадабаўся”. Аўтару ж засталося адно: думы, трывогі за самастойнае жыццё рамана.
Нуждзіна, Т.С. Біяграфія рамана Ніла Гілевіча “Родныя дзеці” як хроніка быцця творцы / Т.С. Нуждзіна // Актуальныя праблемы сучаснага літаратурнага працэсу: зб. навук. матэрыялаў; Брэсцкі дзяржаўны ўн-т. – Брэст: БрДУ, 2016.
Аб паэтычнай вобразнасці
Для таго, каб расчытаць усё, што хвалявала душу і свядомасць, сэрца, розум пісьменніка і яго героя-творцы, патрэбна паслядоўная і мэтанакіраваная заглыбленасць у мастацкія пошукі Ніла Гілевіча, чый літаратурны шлях доўжыўся, лічы, сем дзесяцігоддзяў.
Ужо на пачатку 60-х гадоў творца абазначыць асноўныя складнікі вобразна-эстэтычнай сістэмы сваёй паэзіі: зямля, сонца, вецер, дождж. Гэта, так бы мовіць, нязменныя “жыхары” мастацкай прасторы яго лірыкі. Аднак яны пастаянна дапаўняюцца новымі адценнямі, пашыраючы ўнутраную змястоўнасць пэўнага вобраза. Узбагачаецца, такім чынам, вобразная сістэма ідэйна-філасофскім зместам, творы набываюць глыбокі падтэкст; узмацняецца сацыяльна-грамадскае гучанне лірыкі Ніла Гілевіча. Па-новаму акрэслівалася фактурнасць яго постаці, магнетызм думак і неўтаймоўны свет эмоцый. У залежнасці ад узросту, жыццёвага і літаратурнага вопыту, эмацыянальна-псіхалагічнай узрушанасці, высокай асвечанасці душы або працятасці ўсёй істоты пісьменніка незагойным болем за лёс краіны, яе будучыню кожны раз па-новаму “працуюць” на ідэйна-мастацкі змест твораў і згаданыя вобразы.
У вершах 40–50-х гадоў вобраз дажджу – гэта перш за ўсё разгорнутая карціна вясновага абнаўлення, сімвал ачышчэння зямлі, нараджэння новага жыцця, якое вітаецца грымотным гулам першых навальніц і шчодрых дарункаў нябёсаў. Лірычны герой многіх вершаў (“Першы гром”, “Вячэрні лівень”, “Маёвае”, “Свята зямлі”) існуе на хвалі поўнага суладдзя з музыкай дажджоў, іх магічнай сілай пераўтвараць свет.
Аднак бліжэй да сярэдзіны 50-х гадоў малады паэт напоўніцу зведае подых навальнічных хмар, злосныя грымоты абсурднай крытыкі. Падобныя акалічнасці (творчы лёс пісьменніка зазнае іх столькі, што як толькі сэрца вытрымлівала) будуць адчувальна ўплываць на ідэйна-эстэтычную змястоўнасць вобраза дажджу, на яго функцыянальна-стылёвае прызначэнне.
На пэўны час, да сярэдзіны 70-х гадоў, і чорныя хмары, і грымоты з ліўнямі не будуць трывожыць душу паэта. Усё адступіць перад яго захопленасцю фальклорам. А яшчэ была сур’ёзная работа над перакладамі з балгарскай паэзіі. Шмат дала Нілу Гілевічу і паездка (неаднойчы) на Балканы. Калі ж і згадваецца цяпер у яго творах дождж або навальніца, то каб выявіць захопленую новымі адчуваннямі душу героя-творцы.
Асабліва абвострана чуйная душа Ніла Гілевіча рэагавала на балючыя праблемы грамадска-палітычнага жыцця краіны апошніх дзесяцігоддзяў. Поўныя глыбокага падтэксту, напрыклад, вершы “Загадка прыроды”, “На краі дажджу”, “Дыфірамб доўгачаканаму дажджу” і інш. Традыцыйныя вобразы хмары, грому, дажджу, маланкі, навальніцы набываюць досыць часта алегарычны змест. У задушлівай атмасферы ўяўных дэкларацый аб перспектывах духоўна-культурнага быцця нацыі паэт выкарыстоўвае вобраз дажджу як магутнай сілы, здольнай ажывіць усмяглае, усохлае мысленне сучаснікаў.
Нуждзіна, Т.С. Навальнічныя дажджы ў сістэме паэтычнай вобразнасці лірыкі Ніла Гілевіча / Т.С. Нуждзіна // Дзясятыя Танкаўскія чытанні (да Года культуры ў Беларусі): зб. навук. артыкулаў / Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал.: В.Д. Старычонак, І. М. Гоўзіч, Н. В. Заяц; адк. рэд. В.Д. Старычонак. – Мінск: БДПУ, 2016. – С. 261–266.
Адзін год – і ўсё жыццё вялікага майстра
Вялікі творца – гэта заўсёды загадка, якую разгадваць і цікава, і складана, і адказна. Цікава таму, што Асоба, што прыродны дар, талент – бязмежны, што прага творчасці неспатольная. І гэта пры максімальнай патрабавальнасці і прынцыповасці. Такім вось Майстрам і бачыцца народны паэт, сын лагойскай зямлі Ніл Сымонавіч Гілевіч, чый унёсак у мастацка-інтэлектуальную сферу і грамадска-палітычнае жыццё Беларусі настолькі значны, настолькі адчувальны, што не паддаецца звыкламу ўспрыманню, не ўкладваецца ў параметры традыцыйных ацэнак і меркаванняў.
Амаль сем дзясяткаў невераемна напружанай працы – літаратурна-мастацкай, педагагічнай, грамадскай, дзяржаўнай… Няпроста было выбраць адзін толькі год, але такі, каб за ім убачылася велічная постаць Майстра на ўсёй жыццёвай і творчай дарозе з яе крутымі віражамі, дарозе, па ўзбоччы якой часцей не ружы цвілі, а “толькі шызы палын”. Вызначыцца паспрыяла дзённікава-мемуарная споведзь пісьменніка – “Выбраныя старонкі з дзённікаў” (т. 21) і “Між роспаччу і надзеяй” (т. 23).
Для таго, каб паказаць, у які час жыў, рэалізоўваў свой талент, паказаць, як лёс, улада, калегі па літаратурных справах уплывалі на стан душы пісьменніка, абраны толькі адзін год жыцця Майстра – 1983-ці.
Напорыстасць характару, здольнасць прымаць самастойныя рашэнні, што катэгарычна не супадала з жаданнем многіх мець кіраўніка-функцыянера, які лёгка прыстасоўваўся б да зручных абставін, выгадных сітуацый, да думкі высокага начальства або тых з літаратурнай браціі, што самі настырна рваліся да ўладнай кармушкі, не магла забяспечыць сапраўдную падтрымку.
Сумленнае, па-мастацку дасканалае слова паэта было яго адзінай зброяй і верна служыла да самых апошніх дзён. Усё, што адбывалася з паэтам, што ўзнікала вакол яго імя, яго мастакоўскіх пошукаў, не садзейнічала творчаму настрою, не дадавала здароўя, фізічных сіл. Аднолькава прынцыповы і патрабавальны да ўсяго, за што браўся, ён дарэшты выдаткоўваў сябе. Вольнага часу катастрафічна не хапала. Свой боскі дар тварыць рэалізоўваў не дзякуючы спрыяльным момантам жыцця, а насуперак умовам, абставінам і розным нечаканым акалічнасцям.
Талент, запраграмаваны на пазнанне высокай ісціны – быць верным і вартым запаветам тых, хто паклаў жыццё ў змаганні за праўду пра гістарычны лёс і будучыню крывіцкага краю, – на мяжы магчымага і немагчымага даказваў, пераконваў, сцвярджаў, папярэджваў, перасцерагаў усіх і кожнага паасобку ад страшных гістарычных памылак. Вучыў адрозніваць сапраўдны боль і клопат ад сытай пыхі “майстроў былой шуміхі”, ад сучасных дэмагогаў, што агрэсіўна і настырна лезлі і лезуць у прарокі.
Істотным набыткам паэта стаў зборнік перакладаў “Роднасць”, у якім асабліва цікавай і змястоўнай была балгарская частка. Больш за 100 паэтаў Балгарыі загучалі на беларускай мове. Прадстаўлены розныя творчыя пакаленні. Петка Славейкаў (1827–1895) і яго верш “Народны” адкрываюць перастварэнні Ніла Гілевіча з балгарскай паэзіі, а вянчае балгарскі раздзел Мірана Башава (1947) вершам “Кропка”. Нельга не адчуць, як вельмі рэльефна акрэсліваецца тое, што блізка, сугучна беларускай душы перакладчыка.
Вельмі стасуюцца з нашай нацыянальнай гісторыяй быцця-жыцця геніяльна таленавітай творчай асобы паэтычныя радкі балгарына Славейкава са зборніка Ніла Гілевіча “Роднасць”:
Біўся ў кроў за ідэалы –
іншы клопат меў за грэх.
Пра сябе не дбаў ні мала
і ў жыцці не знаў уцех.
Аб народзе думаў вечна:
так патрэбна, – гаварыў.
На свой лёс глядзеў бяспечна –
для людзей дабро тварыў.
І цяпер ніхто-ніводны
не ўсумніцца навакол,
што папраўдзе я народны:
босы, голы – як сакол.
(“Народны”)
Застаецца спадзеў на тое, што сапраўды “ў некім знойдзецца адвага” падняць, асэнсаваць і тую скібіну творчай дзейнасці Ніла Сымонавіча Гілевіча, якой пазначаны яго лёс у ХХІ стагоддзі. Гэта паэтычныя зборнікі, што выдаваліся з 2002 па 2014. Прынамсі, зборнікам “З Божай ласкі – дасеўкі” ён развітаўся са сваёй паэтычнай музай, што “баставаць пачала”.
Чыясьці дапытлівая і ўражлівая душа, узгадаваная іншым часам, дападзе, як да жывой, запаведнай крыніцы, да высокіх дум і бязлітаснай праўды Ніла Гілевіча. І загучаць ужо на новы лад пераствораныя ім радкі верша “Кропка” Міраны Башавай:
Я не магу сысці ні ў рай, ні ў пекла,
а гэты свет пусціць на самацёк:
мне эвалюцыя – як чалавеку –
дала бяссмерце – вечнае жыццё.
Валадар беларускага слова, руплівец на ніве народнага мудраслоўя Ніл Сымонавіч Гілевіч назаўсёды пакінуў нам сваю жывую, святлістую душу, якая многім пакаленням беларусаў будзе дарыць сваю “Любоў прасветлую” і прамяніцца вечнай энергіяй “Святлыні”.
Нуждзіна, Т.С. Адзін год – і ўсё жыццё вялікага Майстра / Т.С. Нуждзіна // Верасень. – 2016. – № 1.
"Я марна не згінуў, бясследна не знік..."
Творчасць народнага паэта Ніла Гілевіча – гэта высокае жыццё. Гэта апостальская дарога, гэта ўкрыжаванасць лёсу талентам і боскім наканаваннем. Іначай і быць не магло: “А мама мяне нарадзіла на сене ў калёсах, // Край бітай дарогі ў восеньскі вечар дажджлівы”.
Той “даруначак боскі” стаў сапраўды народным паэтам. Не па званні, а па самой сутнасці. І сёння, калі душа паэта належыць нябёсам вечнасці, бязмежна кранаюць прарочыя словы Ніла Сымонавіча Гілевіча, звернутыя да нас, сучасных, у вершы “Добрыя людзі” (1993):
Я – па-за вамі.
Не злуйцеся, любыя.
Гэта мінецца.
Я дзесьці – часова.
Потым вярнуся.
Жывы. Незагублены.
Потым… Як вернецца
Роднае слова.
Цяпер ён там, куды не дайсці жывым. Не пазваніць. Не запытацца. Застаецца толькі думаць разам з ім, наталяцца яго сумленным словам, вучыцца жыць з ім і без яго.
Нуждзіна, Т. “Я марна не згінуў, бясследна не знік…” / Т. Нуждзіна // Наша вера. – 2016. – № 2. – С. 44–45.
Тамара Сяргееўна Нуждзіна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт