Фальклорная проза ў запісах студэнткі філалагічнага факультэта БДУ
завочнай формы навучання Аляксандры Імбра-Прымавай
Я пазнаёмілася з Яўгеніяй Іосіфаўнай Жукоўскай вельмі даўно. Магу нават сказаць, як бы дзіўна гэта не прагучала, што любоў да падарожжаў мая матуля выхоўвала ў мяне з дзяцінства. Мы нярэдка ездзілі па прыгожых мясцінах нашай краіны. Адно стала маім любімым: цудоўная, з некранутай прыродай вёсачка Залессе-Аколіца. Калі сказаць дакладней, то гэта нават і не вёсачка. Вёска – гэта Залессе.
У Яўгеніі Жукоўскай у пашпарце таксама адзначана, што яна жыве ў вёсцы Залессе. І калі раптам хтосьці дасылае ёй ліст, то пад словам «Куды» напісана Залессе. Але гэта толькі для таго, каб паштарцы было лягчэй арыентавацца. А насамрэч, гэтая мясцовасць усяго толькі аколіца (хутар). І называецца яна паміж жыхарамі навакольных вёсак «Аколіца». Менавіта, Аколіца з вялікай літары. І многія ведаюць, хто ў ёй жыве. Па майму меркаванню, гэта таксама цікавы факт. Можна нават сказаць фальклорная назва мястэчка. Там шмат такіх назваў: лес Камяніца, Бадзіны горы, гара пана Цвіркі і гэтак далей.
Ад электрычкі да Аколіцы трэба ісці пешшу восем кілометраў, а можна і на злоўленай па дарозе машыне. Я наведвала гэтае месца даволі часта. Толькі з кожным годам, на жаль, атрымліваецца ўсё радзей: з’явілася праца, сям’я. Але калі ўжо вырашыў туды трапіць, то мне здаеццца выдатным тое, што можна прайсціся, адпачыць ад усяго на свеце, паглядзець на чыстую, некранутую прыроду. Галоўнае, каб па дарозе не сустрэўся дзік або воўк. Хаця апошнім часам сустракаеш усё больш паляўнікоў, вавёрак і зайцоў.
А яшчэ мне вельмі падабаецца сама Яўгенія Іосіфаўна Жукоўская, яе Аколіца, яе казкі. Я памятаю з дзяцінства, як я, яе унукі, дзеці з суседніх вёсак збіраліся ў хаце Жукоўскіх і слухалі бабулю Геню з захапленнем, паразінаўшы рты. А які страх апаноўваў нас у некаторых месцах аповеду! Аж дрыжыкі па скуры ад такога незвычайнага пачуцця. Ужо потым, калі я падрасла, прыйшла ўпэўненасць: тое, што расказвае Яўгенія Іосіфаўна, – сапраўдная культура, найвялікшая каштоўнасць. Усё гэта не проста забаўляльныя «казачкі». Гэта – урокі жыцця. Цераз іх закладвацца аснова. Таму захацелася, каб пра бабулю Геню ведала як мага больш людзей: я зрабіла рэпартаж пра яе для радыё Культура і напісала артыкул у газету. Паехала я да яе і тады, калі даведалася, што мне трэба збіраць фальклорную практыку. І дзеля таго, каб наведаць яе; і дзеля таго, каб, магчыма, штосьці запісаць. Магчыма – таму, што яна не будзе расказваць проста тады, калі хто папросіць. І тым больш не дазволіць за ёй запісваць. Яна расказвае толькі ў пэўных адпавядаючых абставінах.
Запіс з яе расказамі 2008 года ў мяне ўжо быў. А значыць, у дадатак можна будзе яшчэ і параўнаць запісы розных гадоў. Праўда, на мой погляд, вынікі атрымаліся не вельмі добрымі: чым больш з’ўляецца ў Аколіцы новых дамоў так званых дачнікаў і саміх дачнікаў, тым больш у гаворцы бабулі Гені з’яўляецца русізмаў. Але, тым не менш, мне падалося, што і Вы абавязкова зразумееце каштоўнасць гэтых фальклорных твораў. І ў дадатак, вельмі захацелася, каб яны знаходзіліся ў архіве, хаця б Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, бо калісьці яе не будзе, мяне не будзе, нас не будзе… А хочацца, каб тое, што яна расказвае, жыло, не знікла. Ну і, безумоўна, у наступны раз я паеду да яе з дыктафонам. Раптам зноў з’явіцца магчымасць запісаць яшчэ што-небудзь.
Пра зачараванае золата
У адных людзей…Былі ў дваіх хадзілі на работу яны. А маленькі, маленькі хлопчык быў дома. Ну дык яны гэта… ну, гуляе гэты хлопчык. Прыходзяць бацькі з работы і пытаюцца: «Ну, табе не скучна было?» Ён кажа, што «не, мне не скучна. Да мяне прыходзіць маленькі баранчык». Дык яны кажуць: «Які-та маленькі баранчык?» Ну, прыходзіць, гуляюць, гуляюць і добра. Яны ізноў на работу ходзяць. Прыходзяць ізноў з работы. Пытаюцца: «Ну, ты не плакаў, не скучна табе было?» Ён кажа: «Не. Ка мне, кажа, тожа баранчык той прыходзіў». Гэтак доўга часу ўсё той баранчык прыходзіў, прыходзіў. Тады яны дзівяцца: «Ну што там такое? Адкуль той баранчык узяўся?» Яны тады падумалі і кажуць яму: «На табе вяровачку і, як гэты баранчык прыдзе, ты яго вазьмі за рожкі і прывяжы да стала да ножкі. За рожкі зачапі вяровачку і прывяжы да стала да ножкі». Ну і самі пайшлі на работу. Ну гэты ізноў гулёў, гулёў. Прыйшоў гэты баранчык да яго. Ён па-маленьку вяровачку зачапіў за рожкі і прывязоў да ножкі гэтага баранчыка. Ну ізноў гуляе. Ну і прыйшлі ба…, бо так баранчык, баранчык так уцікае, як бацькі прыходзяць, а тут ужо як прывязаны стаіць… Прыйшлі бацькі. Кажуць: «Ну, дзе ж твой баранчык?» «Во, – кажа, – стаіць». А з гэтага баранчыка зрабіўся такі (некаль збаночкі такія былі з дзвюма ручкамі)… дык ён, як прывязоў за гэтыя рожкі, аж гэна быў такі збаночак з дзвюма ручкамі. І поўны збаночак золата гэтага было. Дык гэна некаль людзі былі багатыя, дык яны хавалі золата. Дык, ну, проста зачароўвалі ці як там яны рабілі. Проста закліналі ў нейкае там гэты ў што-небудзь. Дык во заклялі былі гэта золата ў баранчыка. І гэты баранчык, ужо срок прыходзіў, што трэба было гэтаму ўжо золату выходзіць. І баранчык прыходзіў да хлопчыка гуляць. Аж гэта то не баранчык, а гэта золата. Ну і гэтак бацькі ўзналі, з якім баранчыкам хлопчык гуляе.
Зачараванае золата
Гэта мая цёця, Анцілевіч Франя, яна некаль служыла ў паноў. Ну і гэты. Ну, і там яна ўжо ахмістрыняй была. Ну як ляжа спаць. Яна ўжо не разам з панамі гэтымі спала, а аддзельна яна там ужо спала у пакоі. Як ляжа спаць… Ну, ляжа спаць там ужо на карваці нейкай. Нейкае врэмя спакойна было. Нічога не было, ні… А патом праз нейкае врэмя с печы скакоў, там печ была, с печы скакоў сабака. Рыжага сабаку яна ўвідзела, што ён скача. Яна так баялася. Яна і коўдрай галаву накрые. Думае, можа скакаць не будзе. Не, усё адно ён скакоў гэты сабака. Ну і гэты… і яна тады некалі некаму неяк расказала, расказала, што гэтак во скача сабака на яе. Дык, людзі, кажуць, што гэта, кажа, не сабака. Гэта, кажа, недзе, недзе золата было… проста ўжо зачаравана ў гэтага сабаку. Кажа, як будзе скакаць ён болей, дык вазьмі стукні чым па ім. Дык рассыпіцца гэты сабака і будзе золата. Але пасля таго, як людзі ёй сказалі, што гэтак, гэты сабака перастоў скакаць. І болей яна яго ўжо не відзела, гэтага сабаку. Вот такая была гісторыя.
Пра багацце
У нашай мясцовасці ёсць бярэзнік і каля гэтага бярэзніку ёсць вялікі такі камень. І ўсё там людзі ўсё кажуць, што там нехта, там нейкі скарб закапаны. Ну дык во, сабраліся такія падшывальцы, хлопцы невялікія. Ну і пайшлі той ужо скарб выкопваць. Капалі, капалі… што там ім здалося? Хто яго знае… Не ведаю… яны нічога нікому не казалі, але такія прыйшлі іспуганнныя адтуль ужо, ад таго каменя, і болей ужо нікуды. І болей ніколі не ішлі, нічога не расказвалі пра той скарб. І скарба таго не нашлі. Толькі папужаліся. А што там было – ніхто не ведае.
Пра бессмяротную душу
Аднаму чалавеку надта хацелася павесіца. Но вот… цягне яго.. Ён не можа проста: хочацца яму павесіцца. Тады свайму сябру сказоў гэта, што «Я не знаю, што гэта такое мне робіцца, што мне так хочацца павесіцца». Дык ён кажа: «Ты знаеш што…ты вазьмі вяроўку і ідзі да крыжа. І павесся. Але не чапляй за шыю, а зачапі за ногі. І павесся на крыжу гэтак, галавой уніз і вісі гэтак. Тады, кажа, табе перастане ахота. Не будзе табе болей хацецца». Ну ён гэтак і зрабіў. Пайшоў вечарам. Павесіўся. За ногі зачапіў. Вяроўку за крыж закінуў і павесіўся. Ну і вісіць ён гэтак. Сколькі там часу ён павісеў. Аж у дванаццаць часоў наляцела там чарцей. Лётаюць, крычааць. Кругом гэтага крыжа лётаюць. І кажуць: «Павесіўся, ды не так. Памаглі б, ды няма як», – бо на крыжы. І гэтак яны лёталі, лёталі, мусіць, нейкую з гадзіну. А тады пад ранне стала… ужо патом стала світаць – тады ўсё-такі паляцелі. Усё. Ён тады неяк там адчапіўся, знёўся з гэтага крыжа. І болей ён ніколі ўжо не вешаўся. Яму ўжо страх, страх узёў, што гэта, як павесіцца, дык чэрці душу тую сцягнуць у пекла, зацягнуць. А цяпер дык неяк людзі не глядзяць: усё чуеш, там павесіўся, і там павесіўся, і там павесіўся…
Пра блудныя месцы
У нашай вёсцы ёсць такія блудныя места, што людзі пойдуць ці ў ягады, ці ў грыбы, дык нават тыя, што тут і жывуць, блудзяцца. Блудзяць яны.
Але гэта ўжо даўно было. Тут мой татусь хадзіў да брата стрыечнага ў карты гуляць. Ну і яшчэ і бацька мой хрышчоны тожэ хадзіў туды. Ну і гулялі там вечарам у карты. І тады ўжо… ісці ўжо дамоў. Але тату майму трэба было ісці з таго ўжо, дзе яны гулялі ў карты, павярнуцца направа, а бацьку хрышчонаму майму гэнаму трэба налева. Между іх тут такія… быў там лес такі, горы і лес. Бадзіны горы. Ну і гэты… татусь ішоў, ішоў… Ідзе, ідзе і нейкія паказалася дрэвы нейкія, будынкі нейкія незнакомыя… Ён тады стаў гукаць на гэнага ўжо, на майго бацьку хрышчонага. Гэны адгукваецца. Ну ўжо кажацца, будзе ўжо ісці нармальна. Ідзе яшчэ татусь. Ужо ідзе, ідзе далей – ізноў ніяк. Ізноў ніяк. Нейкія такія… Не такая вёска! Усё чужое. І гэтак о хадзіў нескалькі разоў. Тры разы зварачоўся да тэй хаты, дзе ў карты гулялі. І тады ізноў ішоў. Аж пакуль не стала світаць. Тады ўжо панёў, дзе ён і што. А так во цэлую ноч гэтак праблудзіў. А гэны, як ішоў тым бокам, так і пайшоў дамоў.
А адзін раз женшчына была. Гэта Янушчыха такая была. Жыла яна на хутары. Ездзіла ў Мінск купляць там хлеб, усё, што трэба было, у нас нічога не было. Трэба было і хлеба, і мукі, і ўсяго купляць. Ну і накупляла яна. Тады сем кіламетраў трэба было ад поезда ісці пяшком. Пакуль прыйшла яна ўжо, дык і сцямнела. Ішла, ішла яна. І тожэ прыйшла ў такое месца… Дрэвы нейкія вялікія, будынкі… што яна ні раз… ні паняла, гдзе і што. Вярнулася там тады ў другі дом вярнулася. У гэных людзей паглядзела: там усё ўжо знакомае ўсё. І гэтак во хадзіла тоже да раніцы, пакуль ні стала світаць. Добра ўжо ні развіднела. Ніяк не зайшла дамоў. Гэтакі блуд яе ўзёў. Да гэтых прыйдзе людзей, паглядзіць: той дом, той усё. Пойдзе ізноў. Ізноў зойдзе ні туды, куды трэба, а тады ўжо раніцай зайшла дамоў.
Такія блудныя ў нас места.
Пра страх і вочы
Жыў муж з жонкай. Ужо старыя яны былі. Вечарам ён лег на печ. Грэецца сабе на печы. А жонка пайшла там да саседкі на сяло. Ну гэты і пазнавата была. Ён ужо думае, ужо злазе з печы: «Пайду ўжо глядзець, дзе там тая жонка, што доўга забавілася». Сеў на печы. Аж глядзіць на стале: гараць дзве свечкі. Ён тады думае, што тут такое? Сечкі спужоўся. Не будзе сюдой ужо злазіць напрамую, а палезе за комін. Палез, каб тудой злазіць, каб далей ад гэтых свечак. Злазіць тудой за комін, а там нешта па лбе яму стукнула. Стукнула па лбе – ён тады скарэй дзверы адчыніў, ходу ўцікаў, каб за дзверы. Тут нехта яго за палу хваціў. Ён тады, добра, што нож у кішані быў, дастоў нож, палу адрэзаў і паляцеў па тую жонку. Прыляцеў і кажа: «Ты, як пайшла на сяло, дык і сядзіш, сядзіш. А тутака дзве свечкі нехта на стале запаліў. Я стоў уцікаць праз комін (ну, там такая… места было каля коміна, вот) – мне па лбе стукнулі, тады я за дзверы, за палу нехта хваціў. Добра, што ў мяне нож быў, дык я палу адрэзаў і паляцеў да цябе. Ідзём скарэй». Ну, ідуць ужо. І сусед ідзе глядзець, што там такое.
Прыходзячць: пала ў дзвярах ушчэмлена. Ідуць далей: качарга ляжыць сярэдзінай хаты. Ідуць далей: і кот сядзіць на стале. А як цёмна, дык у ката вочы гараць. Ну і дзве свечкі. Дык во і весь страх. А ён ужо так спужоўся, што там нехта і па лбе доў, і свечкі запаліў, і за палу хваціў.
Пра чарцей і страх
Адзін раз на ўсюночную шлі жэншчына адна і дзяўчына маладая. Ішлі ў Крывічы на ўсюночную. Ім трэба было ісці з Залесь праз Ваўкаўню ў Крывічы. Ваўкаўня называлася – там многа ваўкоў было. Ну і вот яны ішлі ўжо. Даходзяць да гэнага лесу. Тады глядзяць. Перад лесам там такое балотца ёсць. І каля гэнага балотца скачаць чэрці з запаленымі факеламі. Запалены факелы такія. І яны не зналі, што рабіць: ці тут ісці, варачацца назад у Лабы (тут бліжэйшая вёска была), ці ісці туды ўжо цераз Ваўкаўню ў Крывічы ў цэркву. Але рашылі ўсё-такі пайсці ў цэркву. Ужо не пабаяліся гэтых чарцей. І пайшлі праз тую ваўкаўню у цэркву. Прыйшлі ў цэркву. Дык, там ужо страх было на іх глядзець.
Людзі пытаюцца: «Чаго вы так папужаліся?» Яны расказваюць, што, гэтак кажа, мы ішлі, мінулі Лабы, даходзім да Ваўкаўні. Там балотца ёсць. Дык, кажа, чэрці скакалі, і пішчэлі, і крычалі, што там яны ні рабілі. Гэтыя людзі кажуць: «Божа мой, гэта Залесь хлопцы ішлі са школы з Крывіч, а цёмна было, праз Ваўкаўню баяліся, што ваўкоў. Дык яны пазапальвалі факелы такія і ішлі, а тут тады недзе ўвідзелі, што ідзіцё, дык хацелі вас папужаць. Заляцелі да таго балота і сталі скакаць там, крычаць гвалт, каб вы папужаліся». Вот і цэлы іхны страх такі быў.
Вяселле чарцей у Камяніцы
Адзін раз чалавек ехаў з Ракаву з базару. Ну і ехаў праз гэтую самую Камяніцу. І там, уехаў у Камяніцу. А там сярэдзінай лесу… аж там гуляюць свадзьбу. І маладая ў вянку, усё. Ну, прігласілі яго ўжо на тую свадзьбу. Ужо ўгасцлі яго. Ну і гэты… і гэта да дванаццаці часоў ночы тую свадзьбу гулялі. Вечарам ехаў, а пакуль пагулялі – дванаццаць часоў ночы. Тады ўжо раз’ехаліся ўсе. Зніклі ўсе з тэй свадзьбы. Ну ён прыехаў дамоў. Кажуць: «Чаму гэта ты так позна прыехаў дамоў?». Ну, ён кажа: «Я свадзьбу гулёў». «Дзе кую свадзьбу?» Ну, кажа тут: «Параска, – кажа, –замуж выходзіла. У Камяніцы свадзьбу гулялі». Кажуць: «Якую свадзьбу гулялі?» Ну, кажа: «Ну, Параска… Ну, Парасчыну… У вянку Параска была». Яны кажуць: «Божа ты мой мілы, якая Параска? Параска, кажа, павесілася раніцай». Дык вот, кажа, тая Параска, як павесілася, тады разабрасіліся людзі: яна павесілася – сабраліся чэрці там усе і тую свадзьбу гулялі ў тым лесе да дванаццаці часоў ночы. А после дванаццаці тады ўжо раз’ехаліся ўсе. Меў і ён дамоў прыехаць.
У Камяніцы ёсць блуднае месца
У нас блізка ёсць такі лес паньскі. Называецца Камяніца. Вот. Ну і ў гэтым лесе такі вялікі камень. Вялікі камень. Зверху гладзенькі, як стол усё адно. Дык можна было там на ім… мы, бывала, калі там і ў каменьчыкі гулялі, як хадзілі, то каровы пасьвілі, то па ягадах хадзілі.
Ну і гэты… адзін раз чалавек ехаў з базару. Ехаў з базару. Ну пэўне ж ён ужо выпіўшы быў. Не быў жа ж ён цвярозы. Ну і заехаўся, вродзі дамоў прыехаў. Прыехаў дамоў. Раздзеўся ён. Ну, і ў ботах жа ж некалі былі парцянкі такія. Накручваліся, каб цёпла было ў ногі. Гэта ж не цяпер, што там усякія цёплыя боты былі, а якія там былі. Ну, ён прыехаў дамоў. Разаслоў на печы парцянкі гэтыя, каб яны высахлі. І сам лёг спаць. Прачынаецца тады раніцай. Глядзіць: аж на гэным камні парцянкі яго разасланы ляжаць. І ён споў на гэным камяні. Прыехаў тады раніцай дамоў. Жонка кажа: «Дзе ты, кажа, быў, усю ноч начавоў?» Дык, ён кажа: «Ну, дзе я быў? У Камяніцы, кажа, на камяні. Здаецца, прыехаў дамоў, разаслоў парцянкі на печы, каб яны сохлі, і спаць лёг. А раніцай праснуўся. Гляджу: я ляжу на камяні, і парцянкі тыя пада мной».
Вот такая гісторыя.
Душа ў белым ходзіць
Людзі расказваюць, што ёсць такія выпадкі, што чалавек па смерці яшчэ душа ходзіць па гэтым свеце. Толькі што ўжо відна, што яна ў белым. У белым ходзіць. Мамуся мая расказвала, што яна вечарам сцірала бяльё. Ну тады пасцірала бяльё. І вынесла на двор вешаць. А там стаяла хата такая пустая. Не іх. Чужая хата стаяла. І вешае бяльё і відзіць з гэнай хаты праз акно вылезла баба ў белым і пайшла. Мамуся так спужалася. Ужо кінула тое бяльё вешаць. Уцякла ў хату, што гэта ўжо тая душа тэй жэншчыны ці бабы тэй хадзіла.
У нас сасед адзін устоў ночы. Хацеў ісці ўжо запаліць сьвет. І ўвідзеў, што… пакуль да свету таго не дайшоў, увідзеў, што стаіць баба ў белым. Ён неяк так расціроўся. Хацеў падысці, каб бліжэй, уключыць свет, і гэта баба прапала. А гэта баба перад гэтым нядоўна памёрла.
Людзі на гэтым свеце як ходзяць, жывуць, хто бывае, у каго што пазычыць ці што ды не аддадуць, дык тады ўжо гэта душа прыходзіць разлічыцца з гэтымі людзьмі, каб не быць вінаватым.
Людзі ўсё палохаліся гэтых, што ў белым ходзяць, а тады ўжо сталі адзін аднаго баяцца. Не толькі гэтых памершых. У адным мейсцы людзі, два саседзі гналі самагонку. Ну, не хваціла ў іх дроў. Дык, адзін кажа, што «схадзі да мяне дамоў, там пад паветкай ёсць сухія дрова. Набяры сухіх дроў прынясі». Дык гэты, сасед гэны ўжо другі сваёй сястрэ сказоў. Ёй 17 гадоў было. Сказоў: «Схадзі ты да гэтага саседа і набяры дроў пад паветкай». Ну, яна пайшла. Пайшла. Набрала дроў. Выходзіць з пад паветкі з дрывамі. А гаспадыня была ў хаце і пачула, што там нехта страпаецца. Яна выйшла на двор. Ды ў белым. А гэта, як увідзела, што выйшла ў белым, дык спужалася і дровы тыя раскідала і ўсё і самлела тут. Так тады хварэла, хварэла і памёрла.
У які бок правільна спаць
Яшчэ прыкметы такія людзі знаюць, што вот лажыцца спаць, дык трэба ведаць, у які бок. Не трэба лажыцца на захад галавой, а лепей на захад нагамі, а галавой на ўсход.
Бліны
А на багатую Куццю, гэта перад Калядмі, дзяўчата варажылі. Варажыць, каторая замуж пойдзе скарэй. Збяруцца дзяўчаты і пякуць аладкі. Накладуць каждая. На сябе паложаць аладачку. І тады ўжо ўпусцяць сабаку ў хату. І глядзяць, якую сабака аладку… Чыю аладку першую хваціць сабака. Як хваціць аладку першую – тая замуж першая пойдзе. Якую другую – тая другая. Гэтак во, гэтак дзяўчата варажылі.
Лёс павінен быць загадкай
Гэта перад Новым годам ёсць багатая куцця. І на гэту багатую куццю дзяўчата, хлопцы варожаць. Ну і такія былі што… усе варажылі. І трэба было гэта… усякую варажбу прыдумлялі ў дванаццаць часоў ночы. На дах залазілі. Там стаўлялі люстэрка адно наперадзе, другое ззаду. І што там яны гаварылі, дык я не знаю. Нешта ж яны выклікалі сваіх гэтых жаніхоў. І тады ўжо суджаныя паказваліся ім. Трэба было, як ужо ўвідзець у зеркала, у люстэрку гэты… жаніха, трэба было схінуцца на бок. Ну, дык адна пачула ўжо дзяўчына. І палезла яна на гару. Люстэркі паставіла. І не ўбачыла яна ў люстэрках жаніха, а ўвідзела труну. І спужалася. І ад таго часу забалела, забалела і памёрла.
Плот
Ну яшчэ варажылі, дзе ў каго забор загароджаны, дык абнімаюць. Гледзячы… Абнімаюць забор, тады шчытаюць, у пару ён чы не ў пару.
Пра дровы
А не носяць…І гэтак яшчэ варажылі… Носяць дровы з аднаго месца ў другое. Носяць і тады… наброў так ахапак і тады носяць і шчытаюць, ці ў пару ці не ў пару. Я некаль пайшла. Аж каля Пяршай. Там вёска Даўгулёўшчына. Там мая сястра стрыечная. Ну і я пайшла туды, а там сабралася маладзёж на Новы год, на куццю перад Новым годам. Ну і сабралася там маладзёж да адных, да другіх, дзе ўсюды варажылі. Да аднэй… Танька Чучвал была. Пайшлі да гэнай Танькі. Яны жылі ў адным доме, а зруб быў не кончаны: там ні акон не было, ні дзвярэй. Толькі накрыта была. І каля гэнага зруба была цэлая куча дроў насечана. І не ўправіліся яны знасіць, пакуль той снег. Ну дык будзем варажыць: тыя дровы насіць. Колькі хто возьме так у ахапак дроў. Ну і тады нясе ў хату. І шчыталі: у пару ці не ў пару? Выйдзе хто замуж ці не выйдзе? Да вечара ўсе дровы знасілі ў тую хату. Вот такая варажба была. Маладзёж варажыла, а ім добра было, што тыя дровы знасілі, снегам не завеяла.
Смецце
А то посля вячэры на Куццю змятуць хату і тады выносяць ужо гэта смецце на двор высыпаюць і слухаюць, у якім баку сабака брэша. У якім баку брэша сабака, у той тады ўжо пойдзе замуж.
Як мой муж мяне знайшоў
А яшчэ так варажылі, што замок возьмуць закрыюць, дужку гэту ўложаць у замок закрыты. Ключам закрыяць. І тады ключ гэты пад падушку паложаць і тожа тады жаніха свайго… дзяўчыну ці хлопца ўвідзяць. І вот такі случай, мой муж расказываў, што быў ён у арміі, і так хлопцы варажылі. І ён замкнуў замок і палажыў пад падушку ў арміі. Тады сасніў мяне. А тады вярнуўся з арміі і ўвідзеў. Тады прыпомніў, што мяне сніў. Убачыў мяне ў такім адзежу, у якім ён сасніў, у такім адзежу ён мяне ўвідзеў. І дажа тутака пасамка валасоў на лбе вісела.
Пра месяц
Як жэншчына ў палажэнні, дык няможна, каб на яе месяц свяціў, бо тады будзе дзіцянё гэта лунацікам і будзе хадзіць па сценах.
Пра пазыку
Жанчыне, якая ў палажэнні, дык не можна хадзіць да нікога нічога ні пазычаць, нічога. Бо, як людзі, каторыя пазычаць тое, дык тады нічога не будзе. А як ні пазычаць, дык тады могуць кінуць… Калі хлебам кінуць, дык дзіця гэта будзе хлеб есці. А могуць кінуць ці гліняй, ці пяском, ці хоць чым. Тады дзіця гэта будзе есці. Кажуць гэтак, што, калі прыйшла пазычыць чаго, дык трэба… Як не пазычаць і нічым не кінуць, дык тады будуць мышы ўсё гэта есці. Дык тады ўжо людзі стараяцца, алюбо даць, калі хто мае. А як не даць, дык тады кінуць за гэтай жанчынай.
Пра плямы
Як жанчына ходзіць у палажэнні, як спужаецца дзе якога агню, дык не трэба хватацца за нішто, бо, калі хваціцца, там за ліцо ці дзе, так будзе чырвоная пляма. А калі спужаецца, гдзе якой мышы, дык тоже не трэба хватацца нігдзе, ні за рукі, ні за ногі, ні за ліцо, бо тады там астанецца такая, як мышыная шэрсць. Такая астаецца, што гэта ўжо не можна гэтак. Не трэба хапацца за нішто.
Пра чыстую сцежку
Яшчэ такія вот прыкметы, што, як ходзіць жэншчына ў палажэнні, дык не можна хадзіць нідзе па ніякіх, пераступаць чэраз вяроўкі, праз якія шлангі ці што, бо тады… тады будзе ў дзіцяці пупок каля шыі акручаны. Не можна гэтага.
Як высядзець жарабё
Адзін раз чалавек паехаў у Ракаў на базар. Хацелася яму там нешта купіць. Каня хацелася купіць ці што. Але ў яго грошай мала было. Дык каня ён таго не купіў. А ўвідзеў, чалавек прадае нешта такое вялікае круглае. Гэна быў гарбуз такі вялікі. А ён не зноў, што такія вялікія гарбузы растуць. Ён пытаецца ў гэна: «Што гэта ты прадаеш?» Дык, ён кажа: «Гэта кабылье яйцо». «Дык, а што з ім рабіць, з тым кабыльім яйцом?» Дык ён кажа: «Завязеш, – кажа, –дамоў. Паложаш гэта яйцо ў скрынку. І сядзеш, кажа, сам. Пасядзіш сем тыдняў і высядзіш, – кажа, – сабе жарабё. Ну, і вырасце – будзе табе конік». Гэты чалавек прыйшоў дамоў. Палажыў гэта яйцо ў тую скрынку. Ну і сядзеў. Сядзеў, сядзеў… Паадбірала яму ногі. Злосць яму ўзёў. Ён узёў за гэта яйцо. Вынес на двор. Як кіне яйцо ў кусты! А з гэнага куста паляціць заяц. І ён думаў, што гэта тая жарабё і кажа: «Ой, каб пасядзеў адзін дзянёк (не даседзеў да сямі тыдняў адзін дзянёк), меў бы свій канёк. Кузенька, кузенька, я твая матачка. І-га-га… Хадзі цыцачкі дам».
Пра папа
У аднэй вёсцы быў поп і пападдзя. Ну і пайшоў гэты поп недзе ў лес. Пайшоў у лес. І як пайшоў у лес – няма і няма, няма і няма гэтага папа. Гэта пападзя бядуе, што прапоў поп. Ну, і папрасіла там аднаго, што схадзі ты пахадзі па гэным лесе, пашукай, дзе там ён. Можа, нойдзеш. Гэты хадзіў, хадзіў, хадзіў, хадзіў – найшоў на нейкую яму. Але ўжо там і сцямнела, пакуль ён абышоў. Пасвяціў. Такія фанарыкі некаль былі. Пасвяціў там, што там у яме нешта ёсць. Ну, ён тады прыйшоў да гэтай пападзі. І кажа: «Знаеш, матушка, нашоў я твайго бацюшку». Папа гэтага. Дык яна кажа: «Гдзе?». Ну, кажа: «Там у лесе. Ён недзе хадзіў па лесе і ўваліўся ў яму. А я цяперака хадзіў і найшоў яго». Ну, дык, яна дала яму… заплаціла і кажа: «Мой ты чалавечак, ідзі ты як дастань бацюшку з гэнай ямы». Ну, і пайшла яна ўжо і сама туды. Узялі там вяроўку. Ён там зачэпіць за таго бацюшка вяроўку, а яна і яшчэ болей людзі сабраліся, будуць выцягваць.
Ну, ён палез туды ў яму, і тады, цёмна там, мацае, мацае і кажа: «Матушка, матушка, а ваш бацюшка з рагамі?» Дык, яна кажа: «Цягні, душачка, які ёсць». Ён ізноў там мацае: «Матушка, матушка, а твой бацюшка з барадой?» Яна кажа: «Цягні, душанька, які ёсць».
«Матушка, матушка, а твой бацюшка з хвастом?» «Цягні, душанька, які ёсць». Ну, ён зачапіў. Выцягнулі. Аж тутака казла. З рагамі, з хвастом. А той бацюшка гэты… таго бацюшка і не нашлі нідзе – ён і прапоў.
Пра непаразуменне
Адзін чалавек з сынам вёў прадаваць на базар бычка. Ну і вялі яны. Ішлі каля касцёла. Ён кажа сыну: «Ты пастой тут каля касцёла з бычком, а я схаджу памалюся там богу. Ну пайшоў там у касцёл, а ж ксёндз сядзіць спавядае. Ён пайшоў да споведзі. А трэба ж перад споведдзю перажыгнацца. Жыгнаюцца ж так: «В імен ойца і сына і духа свентэго. Амэн». А ён толькі перажыгноўся: «В імен ойца і духа свентэго. Амэн». Ксёндз яму кажа: «Дзе сына подзел?» Ён кажа: «Стаіць з волам за касцёлам». Ксёндз яму кажа: «Што ты пляцеш?» Дык ён кажа: «Кашалкі, кабялкі», бо ён плёў кошыкі і карзінкі. Дык ён так і сказоў. Ксёндз тады кажа, калі ты які гэты….глупы там ці які, так чаго ты прыйшоў да споведзі, ідзі да свайго сына, калі ён стаіць з волам за касцёлам. Ён прыйшоў да свайго сына і кажа: «Чаму гэта мяне ксёндз не прынёў да споведзі, а сказоў, каб я да цябе ішоў?»
Пра навуку
Жылі людзі адны. У іх не было дзяцей. А ўсё яны чуюць, што там сын у каго вучыцца, там дачка ў каго вучыцца. А ў іх быў бычок. Яны кажуць: «Немач яго знае, і бычкі ж гэтыя бываюць такія разумныя. Давай, – кажа, – завяду я ў Вільна гэтага бычка» Універсітэт там быў. Ну, дык жонка кажа: «Ну, вядзі». Адзеў ён вобраць гэтаму бычку і павёў у Вільна. Прыводзіць туды ва ўніверсітэт. Хлопцы, якія там вучыліся павыскаквалі: «Што ты, дзедушка, прывёў бычка?» Ён кажа: «Вы, знаеце, што, у людзей жа дзеці ёсць – вучацца, а ў мяне нікога няма. Дык, я думаю, а можа, бычка гэтага вывучаць. Будзе ён граматны». Яны кажуць: «Давай, давай… Вывучым. Усё добра, тутака прэпадавацелі харошыя». «Ну, дык а што, дзе яго дзець?» «Давайце, – кажа, – нам. Тутака вывучым. Прыдзіце тады праз пяць гадоў па яго».
Прайшло пяць год. Ён тады пайшоў у гэта Вільна. Гэтага бычка ўжо забіраць. Вучонага. Ізноў гэтыя хлопцы спаткалі. Кажуць: «Ну што, дзедушка, прыйшоў па бычка?» Ён кажа: «Да, прыйшоў па бычка. А вывучылі Вы яго ўжо?» «А во! Прафесасарам стоў». «Ну, дык пакажыце мне яго. Гдзе ён?» Адчынілі ў кабінет дзверы. Аж там сядзіць прафесар у ачках за сталом. Ён падыходзіць да гэтага прафесара. «Гэна, – кажа, – мой бычок?» «Да, твой бычок». Ён падыходзіць да яго, вобраць растаўляе і кажа: «Бысенька, бысенька, адны значкі, дзе рожкі былі».
Пра ліса
Адзін чалавек пайшоў у Ракаў на базар. Хацеў купіць ён жонцы каўнер да паліта харошы. Ходзіць шукае, шукае. Нігдзе няма каўняра. А ў аднаго чалавека там у мяху… ліса ўжо ён прадае. Прадае ліса. І з меха хвост лісіны відаць. Мяшок завязаны – толькі хвост відаць. Ён пытаецца: «А што гэта ты прадаеш?» Той кажа: «Ліса прадаю. Можа, хто на каўнер жонцы возьме… Можа, што». «Ну, давай, я забяру. Няма каўняра лісінага, дык я вазьму ліса». «Давай, купляй гэтага ліса. Чаму ж не…» Ён заплаціў грошы. Купіў гэтага ліса. А яшчэ ён пытаецца: «Як жа ж цябе зваць?» Ён кажа: «Дзяніс». Ну, і прынёс дамоў ліса гэтага. Кажа, жонцы: «Паглядзі, які я табе каўнер прынёс». Ён развязоў гэты мяшок: «Во, на паглядзі». А там не ліс быў, а сабака. А сабака як выскачыў з меха, у акно выскачыў, разбіў акно і паляцеў. Ну, дык паляцеў гэты сабака – паляцеў. Яны ўжо здагадаліся, што сабака. Прайшоў тыдзень. Пайшоў гэты чалавек ізноў на базар. Ходзіць па базары, прыглядаецца, каб таго ўжо Дзяніса ўвідзець. Ну і вродзе ён яго і пазноў. Падыходзіць да яго і кажа: «Гэта ты, Дзяніс, што прадоў сучку за ліс?» А гэны як скрывіцца і кажа: «Калііііі?» Дык, ён тады кажа: «Ай, не… Той быў роўны, а ты крывы».
Шыю, мыю
Прыехаў хлопец да дзяўчыны, аж у яе закрытыя дзверы. Ён пастукаўся. Яна кажа: «Пачакай, я шыю мыю». Ён пастаёў трохі, пачакоў. Тады яна адчыніла дзверы. Ён прыйшоў у хату. Ну ўжо нармальна, сядзелі там, гаварылі. Тады ён думае сабе: «Ну, я гэту дзяўчыну замуж вазьму. Яна дзве работы адразу робіць – і шые, і мые». Пражаніліся яны. І чакае ён, калі яна будзе дзве работы рабіць зараз. Усё адну работу робіць і адну. Ён тады кажа: «Чаму ты, як я да цябе прыходзіў, ты дзве работы рабіла – і шыла, і мыла?» Яна кажа: «Калі я гэта рабіла, што і шыла, і мыла?» «Ну, ты ж мне казала тады?» «Я шыю мыла, а табе здалося, што я і шыю, і мыю».
Падрыхтавала да публікацыі Т.В. Лук’янава