З фальклорнага архіва вучэбна-навуковай лабараторыі БДУ. Бываліцы
Бываліца – празаічны няказкавы жанр фальклору; рэалістычнае, сюжэтна аформленае, фабульнае апавяданне пра тое, «што ў жыцці бывае», жыццёвая гісторыя. У адрозненне ад бывальшчыны ў бываліцы пераважае побытавы матэрыял. Сюжэт можа быць прыгаданы выканаўцам з любой нагоды, у любым месцы: рыбацкія, паляўнічыя, вайсковыя, любоўныя гісторыі, кур’ёзныя выпадкі і інш. Бываліцы – жанр надзвычай прадукцыйны і ў цяперашні час.
ЯК ДЗЕД МАКАР ЖАНІЎСЯ
Запісана ў в. Нянькава
Наваградскага раёна Гродзенскай вобласці
ад Яўгена Іванавіча Слуцкага (1942 г. н.)
Жыў калісьці дзед Макар. І не было ў яго жонкі, хаця немалады быў, каля 60-ці гадоў яму было. І вырашыў ён пайсці ў сваты да маладой Марусі. Узяў з сабой ў сваты маладога хлопца Івана.
Прыйшлі яны да Марусі і кажуць: “Сваты прыйшлі, запрашай у хату!” Ну, дзеўка запрасіла ў хату, сабрала на стол, а сама ўсё на Івана паглядае, спадабаўся ён ёй. Ды і Іван не спіць у шапку таксама. А што пачалося, калі Маруся даведалася, што яе сватаюць за старога дзеда! Паперла яна дзеда Макара чапялой. А з Іванам скора пажаніліся.
Запісала Саевіч С. І. у 1998 г.
ПРА ПАПА
Запісана ў в. Шашы
Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці
ад Івана Барысавіча Зянькова
Ездзіў поп па калядзе. Прыехаў к адной бабе на двор. А баба толькі мужыка пахараніла. Адмаліўся каляду, пасвянціў усе куткі бярозавым венікам: макаў у ваду і махаў па ўсіх кутках. Баба папрасіла, каб поп здзелаў провад па хазяіну. Памаліўся поп. Тады пашла баба за “провад” расшчытвацца ў клець, і поп за ёй. У бабы быў усяго адзін мяшочак жыта. Стала сыпаць за папову малітву жыта і не відзела, адкуль поп збоку паявіўся. Захваціў коўш і начаў памагаць сыпаць сабе ў мяшок. “І поп сыпіць, і я сыплю”, – успамінала яна. А сама стыдзіцца атказаць. Тады гаворыць: “Не, бацюшка, і мне ж не застанецца нічога”. А поп гаворыць: “Памажы мне падняць на плечы, а табе бог паможаць”.
Запісала Зянькова Т. І.
“ЗАМІКАЙ”
Запісана ў в. Казлы
Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці
ад Г.І. Яраш (1910 г. н.)
Да пана ўсе ж ідуць людзі, каб што даў і што. Найшло многа людзей за пана ў хату. А пан не гаварыў хораша. Прыйшоў чалавек, а ўжо і дзверы не зачыняюцца. Дык пан, седзячы, кажа: “Замікай”. Чалавек маўчыць. Пан: “Замікай”. Той зноў маўчыць. Пан: “Дурню, замікай!” Той чалавек і замычаў: “Му-у-у-у”. Усе людзі ў смех тады з пана, што той не ўмее хораша сказаць “замыкай”. А той чалавек маўчаў, бо яму сорамна было “замікаць”.
Запісала Садыкава А.В. у 1987 г.
ЯК АННЫЯ ЛЮДЗІ ЖЫТО КРАЛІ
Запісана ў в. Задвея
Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці
ад Валянціны Іванаўны Галубко (1924 г. н.)
Анныя павялі коней пасвіць. Даўней гэто было. І пасвілі яны іх каля могілак. А было яшчэ каля могілак бацюшково поле. А другія людзі прыехалі якраз жыто красці бацюшково. Ну і німа як красці, тут жа тыя коні коней пасуць.
Надумаўся адзін чалавек з тых, што прыехалі жыто красці, як ім пастухоў адвясці ад гэтага месца. Раздзеўся ён да кашулі, падвязаўся повясам ды лёг на магілі. А тыя ўжо пастухе засыналі. Коней пусцілі пад могілкі ды засыналі. А тут давай стагнаць на магілі: “Ой, як мне тут цяжко ляжаць! Ну, як устану, – ну і дам, ну і дам!”
Тыя пастухе глянулі на магілу – ляжыць у белай кашулі. Гэтыя людзі ледзь не абамлелі. Як сталі яны ўцякаць, на коней скарэй. А адзін мужчына абамлеў. Яго як-то ўжо там пасадзілі на каня, а як ад’ехалі шагоў на сто, давай яго аттрасаць, ледзьве аттраслі.
А тыя сабе накралі жыта ды давай смяяцца. Гэта праўда было, мама мая мне казала.
Запісала Кухцянкова С. І.
ПАСЛАНЕЦ З ТАГО СВЕТУ
Запісана ў в. Лясковічы
Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці
ад Настассі Сяргееўны Жыгаль (1914 г. н.)
У бабы умер дзед. Баба гэтая сядзіт у хаце ды й галосіць. А ў яе засталося дзве тысячы грошаў. І вот у гэтую ноч нешта грукае ў дзверы. Яна чуе: “Баба, адчапі!” Яна адчапіла. Стаіць нешта лахматае, белае, у пер’ях. І пытае яна: “Хто гэта?” А сама спужалася-спужалася! А ў атвет: “Гэта я, Смерць! Мне твой дзед, бабка, з таго свету паслаў па грошы!”
Баба аддала грошы Смерці той, яна ўжо і пайшла, толькі тут яе спаймалі, ды як абадралі пер’е, дык аказалася, што гэта яе сусед.
Запісалі Норына і Арлова ў 1883 г.
ЗДАРЭННЕ НА КЛАДБІШЧЫ
Запісана ў в. Ордаць
Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці
ад Таццяны Дзмітрыеўны Юр’евай (1911 г. н.)
Былі такія слыхі. Умерла жэншчына. На 9 дней пілі водку на кладбішчы. Адна бабка напілася там і заснула. А хлопцы ўзялі і пайшлі на кладбішча піць. Адзін і гаворыць: “Стакана няма!” А бабка прачнулася і крычыць: “Хлопцы, у мяне ёсць!” Хлопцы, калі мелі ногі, пабеглі. А ў аднаго сэрца разарвалася.
Запісаў Капцэвіч У. А. у 1992 г.
ВЫНАХОДЛІВАЯ СЯБРОЎКА
Запісана ў в. Баранцы
Ашмянскага раёна гродзенскай вобласці
ад Веранікі Іванаўны Суравец (1930 г. н.)
Было гэта летам. У лесе саспелі ягады, і я з сяброўкай Геняй пайшлі па чарніцы. Блукалі доўга, пакуль знайшлі паляну. Але колькі там быо чарніц! Я ўзрадавалася. “Ну, вось”, – кажу, – тут мы хутка назбіраем і дахаты пойдзем. Пачалі мы збіраць ягады ды і ласаваліся патроху. Толькі чарніцамі прыкрылі дно ў вядзёрках, як пачулі шум. Бліснула машына, спынілася недалёка ад нас. Мы ціхенька пачалі назіраць. Божухна! Адтуль вываліла чалавек шэсць!, з кошыкамі, вядзёркамі і кубкамі. Гэта, скарэй за ўсё былі гараджане, яны, перагаворваючыся падаліся проста ў наш бок.
“Ну, вось”, – працягнула я, – назбіралі. Зараз ад гэтай паляны адны кусцікі застануцца. Сяброўка не адказвала. Раптам адкінула вядзерка і загадала мне: “Хавайся!” – “Нашто?” – “Хавайся хутчэй, кажу!” І яна амаль сілком зацягнула мяне за куст арэшніку. Я скарылася, але ніяк не магла зразумець, што гэта яна задумала. А Геня, прыхаваўшы вядзерка, раптам пачала… распранацца! Скінула ўсё адзенне, распусціла валасы, узлахмаціла іх і напусціла на твар. Вырвала некалькі кускікаў чарніц і пачала скікаць па паляне прыпяваючы: “Ля-ля-ля-ля”.
Гараджане, пабачыўшы пажылую кабету, голую, з ускудлачанымі валасамі, якая скікае па палянцыз кускікамі чарніц у руках і спявае песенькі, падаліся назад. А праз некалькі найбольш удалых скокаў сяброўкі іх як ветрам здула. Праз нейкую хвіліну пачуўся гук ад’язджаючага аўтамабіля.
“Ну, ты галава!”– пахваліла я Геню, збіраючы чарніцы, калі яна ўжо апранулася. – “І як толькі ты такое прыдумала?! Ды так хутка!”
Больш нас ніхто не трывожыў.
Запісала Іванова Т. В. у 1998 г.
ДВА БРАТА
Запісана ў в. Шашы
Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці
ад У. К. Зянькова
Прыйшоў брат к брату. Сабраўся адзін брат дамоў, просіць другога: “Правядзі троху”. А абое былі трусы.
Павёў брат брата да паўдарогі. Нада назад ісці. А страшна. Просіць брат: “Правядзі мяне назад, дужа я далёка цябе правёў”. Павёў назад брат брата. А таму назад зноў страшна ісці. Разы тры адзін аднаго праводзілі, пакуль не вярнуліся ў братаву хату і не пераначавалі разам.
Гэты чалавек быў ахотнікам. Бывала ідзець на ахоту і моліцца: “Дай, Гасподзь, каб нікога не ўстрэціць, ніякога ні звера, не птушкі не ўвідзіць”.
Запісала Зянькова Т. У. у 1976 г.
ПОП І КАЛЯДА
Запісана ў в. Берасні
Бешанковіцкагаа раёна Віцебскай вобласці
ад Уладзіміра Піліпавіча Нікіфарава (1924 г. н.)
Раней хадзілі збіраць каляду. І вось аднойчы ехаў у гэты дзень поп на кані і вёз бочку, куды ўсе лілі смятану (каб поп памаліўся за іх). Хлопцы ўбачылі, што поп некуды адыйшоў, знайшлі нейкія анучы і абмазалі каня смятанай.
Выйшаў поп. А каня няма! Пакуль да яго дайшло, што да чаго, хлопцы, рагочучы, збеглі.
Запісала Бацяноўская А. І. у 2005 г.
ЛІКБЕЗ
Запісана ў в. Пналіна
Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці
ад Васіля Піліпавіча Лукашонка (1920 г. н.)
Эта была ў 30-я годы. Перыяд лікбеза. Аднаму маладому ўчыцелю паручылі правесці бяседу з жыцелямі аднаго насялёнага пункта. І вот этат маладой чалавек так начал сваю бяседу: “Я чалавек гуманны. Прагрэс – мая ідзея”. Адна бабка талкает сваю суседку: “Манька, Манька, што гэта ён сказаў?” – “А гэта ж ён сказаў, што ён сідзеў у гумне, прагрыз крышу і пытаецца: “Дзе я?”
Запісана ў 1988 г.
Падрыхтавала Таццяна Лук’янава