"Дзяцінства - мой страчаны рай"

Ганна Небаўсенка, студэнтка 1 курса (2009), спецыяльнасцi "Беларуская фiлфлогiя"


Нарадзілася я ў пасёлку Калодзішчы, што пад Мінскам. У сям’і я была другой дачушкай. Першая дзяўчынка ў нашай сям’і нарадзілася за 6 год да мяне. Мае бацькі родам з Віцебшчыны: матуля з вёскі Рапяхі Докшыцкага раёна, а тата з горада Полацка. Калі мне быў годзік, мы з сям’ёй пераехалі ў Мінск. У тры годы я пайшла ў дзіцячы садок, што быў недалёка ад дому. Адразу ж ў мяне з’явілася шмат сяброў і сябровак. Ад дзіцячага садка мяне адправілі на цудоўны фестываль “Голас дзяцінства”. Гэта было непаўторна, бо менавіта тады я першы раз выступала на вялікай сцэне. У шэсць годзікаў я пайшла ў сярэднюю школу № 84 г.Мінска. Калі я вучылася ў першым класе, я займалася ў “Нацыянальным вялікім тэатры оперы і балета”, удзельнічала ў операх… І у тым жа годзе я пайшла вывучаць музыку ў “Каледж-гімназію пры БДАМ”. Але праз год я скончыла займацца і ў тэатры, і ў каледжы-гімназіі, бо мне, шасцігадовай дзяўчынке, такая нагрузка была не пад сілу. Але я не развіталася з музыкай і паступіла ў музычную школу № 9 г.Мінска на аддзяленне па класу фартэпіяна. Была салісткай у школьным хоры. Пасля сканчэння музычнай школы, я займалася спевамі ў “Вакальна-эстраднай студыі пры арт-групе “Беларусы”. Скончыўшы сярэднюю школу я паступала ў БДУКіМ на эстрадны вакал, але, паступіўшы на платнае аддзяленне, недабраўшы 2-х балаў на бюджэт, вырашыла пайсці ў БДУ на філалагічны факультэт каб вывучаць беларускую філалогію, бо гэта мне таксама вельмі падабалася. Здаецца, ужо шмат чаго было ў маім жыцці, але я ведаю, што ўсё ў мяне толькі пачынаецца і самае лепшае мяне яшчэ чакае. Толькі не трэба сядзець і чакаць, што ўсё прыйдзе да мяне само, трэба працаваць і працаваць. Па жыцці я іду са словамі “Толькі ўперад” і заўсёды ў маёй галаве гучаць словы Якуба Коласа: “Жыццё – рух”.

З самага майго маленства вакол мяне гучалі песні маёй матулі. Гэта былі бытавыя песні. Яна спявала калыханкі, любоўныя песні, песні аб сямейным жыцці і інш. Мне здаецца, што характар дзіцяці закладваецца ў яго з першай матчынай калыханкі, добрага слова таты. Калыханка адыгрывае вялікую ролю у маленстве кожнага з нас. З дзяцінства я памятаю такія калыханкі:

* * *

Спі, дачушка, спі
Ды аб долі сні.
Маці будзе калыхаці,
Будзе песеньку спяваці.
Расце ў жыце кветка,
Кветка васілёчак.
Расце маё дзіцятка
Ў ясненькі дзянёчак.
Жыта зжалі, кветка звяла.
Па дзянёчку змрок.
Адыдзі ты, доля злая,
Ад майго дзяцяці ўбок.

* * *

На дварэ цямным-цямно,
Зоркі тры глядзяць ў вакно.
Тры сябровачкі яны,
А ты, донечка, засні.
Першая - красівая,
Другая - праўдзівая,
Трэцяя - шчаслівая.
Каб расла красівая,
Каб расла шчаслівая,
Малая мая донька.

У маёй памяці існуюць і дзіцячыя песні, што пелі мы маленькімі. Яны часам выглядаюць адарванымі кавалачкамі ад даўніх абрадавых песень-замоў, а некаторыя з іх былі складзены намі самімі. Тут былі песні аб сонейку, аб дожджыку, песні-вылічэнні (каму з дзяцей бегчы ў гульнях даганяць другіх дзяцей), насмешлівыя песні над дзяцьмі або над кім іншым.

Ну а ці могуць існаваць дзеці без дзіцячых гульняў? Канешне не! Вось і я, як і ўсе дзеткі, гуляла ў іх. У маім дзяцінстве было шмат якіх цікавых гульняў. Нарыклад, гульня "Мост": дзецi збiраюцца, становяцца пара за парай i спяваюць якую-небудзь песню. Той, хто застаецца лiшнiм, iдзе пад мост, гэта значыць пад выцягнутыя рукi гуляючых, i адтуль з якой-небудзь пары выцягвае ўдзельнiка, цягне яго праз увесь мост i становiцца з iм ззаду. А той, хто застаўся без пары, у сваю чаргу iдзе праз мост i цягне з сабой каго-небудзь зноў.

Таксама вельмі забаўляльнай была гульня "У Бабу Ягу": з удзельнiкаў гульнi выбiраюць Бабу Ягу. На зямлі праводзяць лiнiю. Усе стаяць па адзiн бок лiнii, Баба Яга – насупраць. Дзецi хорам прыпяваюць:

Бабкі Ёшкi не баюся,
Чапялой абаранюся.

Потым бягуць насустрач Бабе. Баба Яга ловiць. Каго зловiць, той становiцца Бабай Ягой. Гульня працягваецца.

А яшчэ мне вельмі падабалася гульня "Харты і зайцы": з дапамогай лiчылкi выбiраюцца “матка”, “хорт”, “заяц”. “Зайцы” стаяць у крузе, узяўшыся за рукi. Матка крычыць: “Хорт у поле!”. “Зайцы” даюць магчымасць ўцячы “зайцу” i затрымлiваюць “харта”. На жаль дзяцінства хутка скончылася, і зараз нельга згуляць у гэтыя цудоўныя дзіцячыя гульні...

Казкі... Цудоўны іх свет! Глыбокая народная мудрасць, высокая паэтычнасць вобразаў, нязломная і светлая вера ў чалавека, у яго сілы і магчымасці, непараўнаны гумар і вострая сатыра, прастата і даступнасць зместу, займальнасць апавядання і сапраўднае моўнае чарадзейства, - вось, што заўсёды прываблівала і прываблівае нас да беларускай казкі.

Мая матуля мне расказвала казкі пра хітрую лісіцу, дурнаватага і злоснага воўка, дабрадушнага мядзведзя, труслівага зайку і інш. Незабыўныя, на мой погляд, казкі "Курачка-Рабка", “Лісіца і дрозд”, “Кот Максім”, “Алёнка”…

Вельмі шмат цікавых казак я пачула ад сваёй матулі ў дзяцінстве. А зараз я іх расказваю сваёй хроснай дачушцы.

Мяне ніколі не замаўлялі. І ўсё, што я пра гэта ведаю, дык гэта тое, што замовы - гэта слоўныя творы чалавека, якімі ён спрабаваў кіраваць сіламі прыроды на сваю карысць. Замовы пераходзілі з вуснаў у вусны, з роду ў род.

А вось з беларускімі абрадамі я знаёма трошкі больш, чым з замовамі! Абрады ўтрымліваюць у сабе элементы песеннага, харэаграфічнага, драматычнага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Святы - сукупнасць звычаяў і абрадаў. Яны былі звязаны з каляндарным (гуканне выясны, грамніцы) ці зямельнымі цыкламі. Я раскажу пра Купалле – свята, на якім мне давялося пабываць у вёсцы Дзеркаўшчына (Глыбоцкі раён, Віцебская вобласць) тры гады таму. Святкуецца гэтае свята ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Купалле насычана прыгожымі язычніцкімі звычаямі і святкуецца ў гонар летняга сонца звароту.

З ранку 6 ліпеня хлопцы запасалі паліва, збіралі па вёсцы старыя рэчы, сухое ламачча, бо спальваючы гэта, быццам можна было дагадзіць продкам, а мы, дзяўчаты, ішлі збіраць васількі, руты, купаленку і спявалі песні.

Увечары купальскі гурт начале з Купалай з музыкай і танцамі выходзіў з сяла. Затым грамада падыходзіла да месца, дзе было раскладзена вогнішча, якое знаходзілася ля возера (каля в. Дзеркаўшчына ёсць цудоўнае возера Сервеч).

Усю ноч у нас гучалі песні, вадзіліся карагоды, гульні, мы скакалі праз вогнішча, каб ачысціцца ад злых сіл і асцерагчыся ад іх, спальвалі іх антрапаморфную выяву. А ў гонар сонца падпальвалі прасмаленае кола. Потым на словы "Ляці, ляці вяночак, лаві, лаві дружочак" кідалі на ваду вянкі і варажылі па іх руху. Ля возера мы назіралі за гульнёй сонца на паверхні вады. 3 асвечанай зелені мы вілі вянкі і захоўвалі іх як сродак супраць нашэсця злой сілы.

Наша краіна вельмі багата на розныя святы і абрады. Мне вельмі шкада, што многія з іх зніклі назаўсёды з нашай гісторыі. Але ўсё ж такі вельмі добра, што некаторыя святы і абрады пачынаюць аднаўляцца. І я спадзяюся, што мы, беларусы, будзем паважаць і цаніць ўсё тое, што мелі нашы продкі.



Папярэднi артыкул Да зместа На галоўную Наступны артыкул
Сайт создан в системе uCoz