Рэдкалегія
Натхняльнікі: Р.М. Кавалёва (аўтар ідэі), А.Завадскi (аўтар назвы), В.В. Прыемка, Т.А. Марозава.
Творчая група: Настасся Баярскіх, Маргарыта Латышкевіч, Вера Дзянісенка, Алена Смольская, Вольга Палукошка, Таццяна Лук’янава, Ганна Жагала, Вольга Лынша, Эмiлiя Скарабагатая, Марына Верабей, Кацярына Бабiна, Раман Беразоўcкi, Iван Ясюк.
Фота: Міхась Кенька
Мастак вокладкі: Дар’я Матвеенка
Тэхнічны выканаўца і вэб-дызайнер: Юлія Барадзіна
Фота Марыны Верабей
Шаноўныя сябры! Перад вамі першы выпуск электроннага фальклорна-творчага альманаха “Дзьмухавец”, які падрыхтавалі супрацоўнікі кафедры тэорыі літаратуры, вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору і члены студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Фалькларыстыкі”. Сваім электронным выданнем мы імкнемся зацікавіць шырокае кола карыстальнікаў Інтэрнета, найперш школьнікаў і студэнтаў, фальклорнай нацыянальнай спадчынай. Мы хочам паказаць, што фальклорная традыцыя неперарыўная, пакуль жывуць носьбіты фальклору, пакуль захоўваецца памяць пра таленавітых казачнікаў і спевакоў. Мы арыентуем студэнтаў на паглыбленне сваіх ведаў па фальклору праз падрыхтоўку да напісання розных відаў навукова-творчых работ (эсэ, партфоліа, водгукаў і інш.), а таксама знаёмім з матэрыяламі фальклорнай практыкі (у рэтраспектыве і апошніх гадоў) – першай вытворчай практыкі, якую студэнты-першакурснікі ажыццяўляюць пасля летніх іспытаў. На старонках альманаха маюць магчымасць надрукавацца маладыя паэты і паэткі, а таксама прадставіць сучасны погляд на казкатворчасць аўтары новатвораў у рубрыцы “Філалагічныя гульні”.
Назва нашага альманаха – “Дзьмухавец” – невыпадковая. З аднаго боку, мы хацелі ўзгадаць у чытачоў уражанне, якое пакідае аб сабе гэтая кветачка, асабліва калі яна з жоўта-сонечнай прыгажуні пераўтвараецца ў пяшчотна-белы лёгкі шарык, такі далікатны і недакранальны: павеў ветрыку – і паляцелі парасончыкі ў белы свет... З другога боку, кожны такі парасончык нясе ў сабе новае зерне, якое вясной народзіць новыя жоўта-сонечныя кветачкі. І так будзе зноў і зноў. Таму і мы спадзяемся праз альманах “развеяць” па свеце веды, якія з лёгкасцю ўспрымуцца, натхняць на творчасць, выклікаюць жаданне далучыцца да нацыянальнай фальклорнай спадчыны.
Мы ўпэўнены, што выданне зацікавіць усіх, хто жадае праявіць свой філалагічны талент, здольны да ініцыятывы і імкнецца даведацца болей аб фальклорна-фалькларыстычнай дзейнасці ў БДУ.
Рэдкалегія запрашае да супрацоўніцтва ўсіх жадаючых стаць аўтарамі наступных выданняў. У нашых планах – ажыццяўленне аднаго-двух выпускаў альманаха ў год. Матэрыялы можна прадстаўляць на адрас: Мінск-30, вул. К. Маркса, 31, аўд. 69 (кафедра тэорыі літаратуры) або на e-mail: folkndl@yandex.ru Тэлефон кафедры тэорыі літаратуры 227-21-76. Сачыце за інфармацыяй на сайце філалагічнага факультэта і на дошцы аб’яў кафедры тэорыі літаратуры.
Рэдкалегія
|