"Дзяцінства - мой страчаны рай"Бажэна Мацюк, студэнтка 1 курса (2009), спецыяльнасцi "Беларуская фiлфлогiя"Цёмным дажджлівым вечарам 8 чэрвеня 1991 г. у Вілейскім радзільным доме з’явілася на свет цёмнавалосае дзіця з блакітнымі вачыма. У той час ніхто яшчэ не ведаў, што дадзена ёй лёсам стаць русавалосай дзяўчынай з вачамі, колер якіх змяняецца ў залежнасці ад настрою: шэры – у звычайныя дні, ярка-зялёныя – у дні небяспекі і вялікіх турбот. Так здарылася, што давялося мне праз усё жыццё мець дзве хаты. Напэўна, так здарылася таму, што падчас рэгістрацыі месцам майго нараджэння запісалі г. Ашмяны Гродзенскай вобласці, хоць і нарадзілася я ў г. Вілейка Мінскай вобласці. Аглядаючыся назад, я з кожнай хвілінай усё больш усведамляю, якія скарбы дарыла мне дзяцінства. Яно, такое бестурботнае і вясёлае, засталося за парогам новага этапу, які, я веру, будзе адзначаны іншымі імгненнямі шчасця. Шчасця сталага і поўнага. Я чула гэтыя песні…Некалькі год свайго дзяцінства я правяла ў вёсцы Касцяневічы Вілейскага раёна Мінскай вобласці пад пільным вокам самай лепшай бабулі, Вербіловіч (Сіняк) Аліны Сцяпанаўны. Яна, заўсёды актыўная і моцная, даглядала ў гэты час мяне, маю стрыечную сястру і бацьку свайго мужа, чалавека, якому я вельмі многім абавязана, Вербіловіча Вікенція Антонавіча. Менавіта Вікенцій Антонавіч, ці, як называлі яго мы, дзеці, дзед Вінцук, спяваў нам самыя родныя беларускія песні: “Купалінку”, “Касіў Ясь канюшыну”, “Цячэ вада ў ярок”, “А я лягу-прылягу” і г.д. Бабуля, жанчына вельмі набожная, спявала ў асноўным рэлігійныя песні. Прывіваючы дзецям веру, яна імкнулася як мага больш расказваць нам пра Біблію, каталіцкія святы і літургіі, якія заўсёды суправаджаліся польскамоўнымі песнямі. Назіраючы зараз за стрыечным братам, які не слухаў іх у дзяцінстве, я разумею, што мая вера выйшла менавіта з гэтых таемных і тады яшчэ незразумелых песень, якія я памятаю і да сённяшняга дня. У дзіцячым садку настаўніца па музыцы заўважыла мае музычныя здольнасці і прапанавала пайсці ў музычную школу. Там я ўсёй душой прыкіпела да класікі, а на занятках па вакалу спазнала ўсю прыгажосць “Белавежскай пушчы”, “Спадчыны”, “Роднага горада”:
Закалыхалі начныя праспекты, Песні, радыяльна родныя, як і мой характар, суправаджаюць мяне па жыцці, але іх першае прачытанне прыйшло з дзяцінства, разам з галасамі, якія мне ніколі не забыць. Homo ludensДзяцінства – час бясконцых гульняў і забаў. Вясковае дзяцінства – шаляніца. Час ляціць неўтаймоўна пад крыкі, смех і слёзы суседскіх дзяцей. Безумоўна, самай папулярнай гульнёй у нас былі хованкі, прычым часцей за ўсё на вуліцы. Мы маглі з раніцы да вечара лазіць па гумнах, хлявах, падстрэшшах, дахах і дрэвах. Дарэчы, пра дрэвы. У кожным двары Касцяневіч былі цудоўныя яблыневыя сады, а ўскрай дарогі раслі таполі, ліпы, дубы і бярозы. Для кожнага дзіцяці вельмі важным было залезці як мага вышэй, дакрануцца да нябёсаў, пасмяяцца з тых, хто не можа зрабіць гэта сам. На адным з самых вялікіх дрэваў вёскі быў зроблены драўляны шалаш, дзе мы бавілі час у размовах, жартах і смешках. Там мы дзяліліся паміж сабой сакрэтамі, “страшнымі тайнамі”, расказвалі гісторыі, якія пачулі ад дарослых, разважалі. Былі ў маім дзяцінстве і тэатральныя пастаноўкі. Старэйшыя дзеці прыдумлялі сцэнарыі, рабілі касцюмы і дэкарацыі, а потым мы паказвалі свае “шэдэўры” з адрыны бацькам, бабулям, дзядулям, суседзям. Такім пастаноўкі вельмі добра заўсёды ўспрымаліся дарослымі, нас называлі сапраўднымі акцёрамі, дарылі кветкі, частавалі і хвалілі. Ужо пазней мы пачалі гуляць у “Гарадкі”, “Класікі”, “Казакоў-разбойнікаў” і “Бальніцу”. Гульня ў “Бальніцу” была вельмі сур’ёзнай і нават складанай. Справа ў тым, што мае бацькі, дзядзькі і цёткі, а таксама дзядуля з бабуляй – урачы, таму шмат часу я праводзіла разам з імі ў розных аддзяленнях бальніцы. Гэта вельмі цікава адлюстравалася ў гульні: мы заводзілі на кожнага хворага карту, гісторыю захворвання, у нас былі капельніцы, шпрыцы і іншыя прылады, з дапамогай якіх мы “лячылі” лялек і сваіх сяброў. Мая мама і зараз захоўвае тыя карты і гісторыі, а таксама дэкарацыі і касцюмы – сведчанне майго дзяцінства. Часам, гледзячы на іх, яна усміхаецца, а часам я бачу ў яе вачах празрыстыя слязінкі… Пяшчотны голас маці: мае калыханкіМае бацькі, Юрый Сяргеевіч і Ёлянта Іванаўна, заўсёды былі для мяне прыкладам ідэальнай сям’і. Адзінае, што заўсёды засмучала мяне, гэта тое, што мы вельмі рэдка збіраліся разам. Справа ў тым, што, з’яўляючыся ўрачамі, яны вельмі часта працавалі не толькі днём, але і дзяжурылі па начах. Яшчэ ў дзяцінстве я вырашыла, што ніколі не буду ўрачом, бо хачу бачыць сваіх будучых дзяцей як мага больш, праводзіць з імі ўвесь свой вольны час. Выхаваная ў рускамоўнай сям’і, я памятаю 2 калыханкі, якія спявала мне мама: «За печкою поёт сверчок» і калыханку пра шэрага ваўка. Першая калыханка пачынаецца з такіх радкоў:
За печкою поёт сверчок: Але часцей за ўсё я засынала пад гукі малітваў “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”. Спачатку іх чытала бабуля, потым, вывучыўшы, пачала паўтараць і я. Аднак і цяпер, калі мне становіцца дрэнна, калі жыццё здаецца вельмі складаным і несправядлівым, маці абдымае мяне і спявае тыя самыя калыханкі, пад гукі якіх я засынала ў часы незваротнага дзяцінства. Беларусь святочная: ад каляд да калядУжо колькі год запар я бачу сон: вялікая цёмная елка ва ўтульным пакоі, круглы стол, засланы белым ільняным абрусам, шчаслівыя твары самых родных і дарагіх людзей, перазвоны шкляных цацак, вясёлыя гутаркі... Каляды ў вёсцы... Самы яскравы і па-святочнаму жывы ўспамін з дзяцінства, такога далёкага і такога блізкага. Я памятаю, як хадзілі мы гуртам ад хаты да хаты, спявалі песні, словы якіх, на жаль, я цяпер не ўспомню. Дзіўна, напэўна, аднак я памятаю з дзяцінства даволі мала святаў. Мне здаецца, што так здарылася таму, што самым галоўным у маім жыцці з’яўляецца сям’я і я памятаю ў большасці сваёй сямейныя святы: Дні народзінаў, Дні анёлаў. Але ў галаву прыходзіць яшчэ адно свята з дзяцінства: свята старажытнае і сумнае – Дзяды. Я памятаю, як усёй вёскай хадзілі мы да могілак родзічаў, прыбіралі там, прыносілі кветкі, маліліся, а потым. ужо дома, успаміналі кожнага з іх з радасцю і болем. Асаблівае значэнне набылі для мяне гэтыя моманты, калі памёр Вікенцій Антонавіч, які быў не толькі маім прадзедам, але і найлепшым сябрам. Я ведаю, што ён назірае за мной і накіроўвае ў складаныя моманты майго жыцця. Ужо падчас навучання ў школе я прымала ўдзел у многіх святах: мы гукалі вясну, калядавалі, скакалі праз вогнішча на Купалле, спявалі велікодныя і калядныя песні, аднак мая асабістая святочная Беларусь – у маёй сям’і, у маім жыцці. Я далучалася да беларускага фальклоруВельмі цесна пазнаёміцца з беларускім фальклорам мне давялося ў 8 класе, падчас навучання ў Вілейскай гімназіі. Мой настаўнік беларускай мовы і літаратуры, Кажура Віктар Віктаравіч, прапанаваў мне напісаць даследча-творчую работу “Тапаніміка Вілейшчыны ў паэтычных апрацоўках”. Падчас падрыхтоўкі працы, мне давялося пазнаёміцца з вялікай колькасцю легенд і паданняў, якія датычыліся паходжання назваў вёсак, сабраных супрацоўнікамі краязнаўчага музея. Ведаеце, я б ніколі не падумала, што кожная назва мае столькі варыянтаў народнай этымалогіі, каб сама не слухала і не чытала іх! Практычна няма на Вілейшчыне ніводнай назвы, пра якую не былі б складзены адна ці некалькі легенд. Да прыкладу, вёска Сліпкі:
Каля хаты—хата,
Вось і атрымліваецца, што з адной назвы высноўваюцца два варыянты паходжання: Толькі пасля гэтага я зразумела сэнс выказвання К. Паўстоўскага: “Назвы – гэта народнае паэтычнае афармленне краіны. Яны гавораць пра характар, гісторыю народа, яго схільнасці і асаблівасці побыту”. Сапраўды, кожная легенды і паданне пра паходжанне назвы вёскі ці мястэчка, расказвалі так шмат пра гісторыю і культуру, што менавіта па такіх крыніцах маглі б навучаць маленькіх дзяцей. Чаго толькі не сустрэнеш у назвах! І імёны каханых, і прафесіі, і злыя мянушкі, і геаграфічнае становішча, і жарты! Для прыкладу я хачу прывесці сваю паэтычную апрацоўку падання пра ўзнікненне назвы вёскі Сутокі:
Дзвюх плыняў вольнае зліццё,
Хутчэй хто: Сэрвач ці Вілля? Як я ўжо гаварыла, мае бацькі шмат працавалі, таму часу на казкі ў іх амаль не заставалася. Безумоўна, пра “Курку-Рабку”, “Калабка”, “Пеўня і лісу” я даведалася менавіта з іх вуснаў, аднак потым, зразумеўшы, што давядзецца нешта зрабіць самой, я прымусіла бацькоў навучыць мяне чытаць. З гэтага ўсё і пачалося. Чытаць я вельмі люблю, прычын зусім розную літаратуру: ад фантастыкі да псіхалогіі. Таму і казкі мае былі роднымі: я чытала казкі родных народаў свету (“Сказки бабушки про чужие странушки»), казкі Андэрсена, братоў Грым, Ш. Перо, кнігі А. Лінгрэн, А. Мілна, Волкава і г.д. Кожная прачытаная мной казка пакідала след у маім светаўспрыманні. Цікавая гісторыя ў маім жыцці звязана з казкай “Рапунцэль”. Дзяўчынку Рапунцэль выхоўвала вядзьмарка, якая пасадзіла яе ў высокую вежу і ніколі не выпускала з яе. Аднак у дзяўчыну закахаўся прынц, які прапанавала ёй збегчы. Вядзьмарка скінула прынца з вежы, ён выкалаў сабе вочы аб куст шыпшыны, але Рапунцэль усё ж збегла з вежы, знайшла прынца і нарадзіла яму 2 дзяцей. Дык вось. На дарозе ў Гродна, дзе жывуць мае бабуля і дзядуля па бацькоўскай лініі, ёсць месца, дзе шмат вежаў – там знаходзіцца нейкі перапрацоўчы завод. У дзяцінстве, убачыўшы гэтыя вежы пасля прачытання “Рапунцэлі”, я закрычала: “Вежы Рапунцэлі! Вежы Рапунцэлі!” З тых часоў, убачыўшы іх, мы заўсёды кажам пра “вежы Рапунцэлі” і ведаем, што Гродна ўжо недалёка. Ужо ў дастаткова сталым узросце я пазнаёмілася з яшчэ аднымі казкамі – “Казкамі жыцця” Я. Коласа. Іх алегарычны змест кранае мяне і цяпер, у іх я шукаю мудрасць і разважлівасць, імклівасць і супакой. Страшныя гісторыіКалі я спыталася ў маці, якія страшныя гісторыі яна расказвала мне, я засмяялася: “Я не расказвала табе страшных гісторый”. Але потым я успомніла, што была і такая гісторыя ў маім дзяцінстве. Гісторыя пра калодзеж. Як і кожнаму дзіцяці, мне заўсёды было вельмі цікава, што ж знаходзіцца на дне калодзежа. Дарослыя ж пужалі нас, малых, тым, што ў калодзежы жыве вельмі страшная вядзьмарка, якая з’ядае тых дзяцей, што трапляюць да яе. Бабуля, якая расказала і мне гэтую гісторыю, ведала, што я не палезу ўжо ў калодзеж. Аднак ужо праз некалькі хвілін яна, не ведаючы, што я слухаю, пасмяялася разам з дзедам над гэтай гісторыяй – давялося ёй потым расказваць сапраўдную прычыну небяспечнасці калодзежа. А я смяялася разам з імі. Дзяцінства…Я памятаю дзяцінства. Такое цудоўнае, светлае, рознакаляровае. Перад вачыма паўстаюць незабыўныя, вечныя малюнкі шчасця. Там няма расчараванняў і роздумаў, там толькі жыццё – сапраўднае, знаёмае, чыстае. Я памятаю нараджэнне асобы. Пакутлівае, балючае, крывавае. Я чую жахлівы крык пераламанага лёсу – і разумею, што я змагла. Тады ўсё здавалася такім хуткаплынным і радасным. Я памятаю крок. Першы крок у будучыню з кола былога. Адчуваю вострыя крылы душы, што рвалася з цемрадзі ў Сусвет. Няўпэўнена, асцярожна, незваротна.
Я памятаю знікненне часу. Ён вымушаны быў знікнуць, бо мне не патрэбна чаканне нечага. Удыхнула незнаёмы водар бясконцасці і аддала вятрам пакуты.
Кліча нешта туды, дзе маленства чакае нас,
Не вярнуцца назад, не застацца ў чароўных снах...
Кліча нешта туды... Запрашае дзяцінства смак,
Не вярнуцца назад... Вінаватых няма, прабач... | |||
Папярэднi артыкул | Да зместа | На галоўную | Наступны артыкул |