"Дзяцінства - мой страчаны рай"

Эмілія Вольная,студэнтка 1 курса (2009), спецыяльнасцi "Беларуская фiлфлогiя"


Мяне зваць Эмілія, я нарадзілася ў Мінску, вырасла ў вялікай сям’і (у мяне 3 браты і 3 сястры, і мая маці зноў цяжарная, мы чакаем дзяўчынку). У мяне 2 старэйшыя браты, і я заўсёды слухала музыку, якую слухалі яны. Таму спевы, што я чула у маленстве, былі непасрэдна звязаны з музычнымі цікавасцямі маіх братоў. Мае бацькі не вялікія прыхільнікі музыкі, і таму яны ніяк не перашкаджалі праслухоўваць мне ўсё, што трапляла ў мае вушы. Але паскардзіцца на якасць гэтай музыкі я не магу, бо ёй абавязана станаўленнем мяне як асобы. Музыка была вельмі разнастайная, пачынаючы ад цяжкага року да фолька і іх сумессю разам, што прывяло мяне да асэнсавання мяне як беларускі.

Не толькі музыка, якую я слухала, залежала ад маіх братоў, але і гульні. Бацькі часта пакідалі мяне на іх рукі, і яны гулялі са мной у тое, што было ім цікава. Часта мне прыходзілася гуляць і з іх сябрамі. Напэўна, самай любімай гульнёй, у якую я гуляла нават калі у мяне з’явіліся свае уласныя сябры, і ў якую гулялі напэўна ўсе дзеці, --гэта хованкі. У мяне кватэра не вельмі вялікая, і хавацца асабліва месца не было, а вось на вуліцы хапала такіх месцаў, і я праводзіла ў гэтай гульне з маімі сябрамі цэлыя дні канікул... У прамежку паміж хованкамі мы скокалі на скакалцы. Таксама любілі мы гуляць ў краму або лякарню. А яшчэ і у сям’ю, выдумлялі розныя сітуацыі і абыгрывалі іх. Напэўна як і ўсе астатнія дзеці...

Голас маёй маці застанецца ў маім сэрцы назаўжды, такі пяшчотны і прыгожы. Напэўна, менавіта ад яе мне перадаўся голас, які расхвальвалі ўсе мае музычныя настаўнікі і сябры. Сама я не памятаю, як яна спявала мне калыханкі, бо было гэта вельмі даўно, і я была зусім маленькая, але яна кажа, што заўсёды спявала мне нанач песні, але на жаль дакладна не памятае, якія гэта былі песні менавіта. Кажа,што брала гэтыя песні ў розных калыханках дзіцячых па тэлевізары або проста якія-небудзь вядомыя калыханачныя напевы.

Я вырасла ў хрысціянскай сям’і, і мы заўсёды святкавалі хрысціянскія святы, нават самыя нязначныя. Да гэтага часу мы па пятніцах збіраемся на шабат, як на заканчэнне працоўнага тыдня. Так як я вырасла ў вялікім горадзе, ніколі народных святаў я на жаль не назірала. Я ніколі не была на праводзінах масленіцы і не ўдзельнічала ў калядках. Толькі калі падрасла, я пачала цікавіцца гэтымі народнымі традыцыямі.

Да беларускага фальклору я далучылася праз асведамленне сябе як часткі беларускага народу. Мой бацька, хоць і жыў у Мінску ўсё жыццё, часта ездзіў у вёску на канікулах і выходных, таму з самага дзяцінства любіў мову, песні і традыцыі беларускга народа. Любоў да гэтага выхоўвалася ўва мне кожную хвіліну ўсяго майго жыцця, і я вельмі ўдзячная сваім бацькам за гэта. Калі я пайшла ў сёмы клас, пачала размаўляць па-беларуску. І да гэтага часу я размаўляю толькі на роднай мове. Мая настаўніца ў школе падтрымала мяне ў гэтым, і вельмі было прыемна адчуваць гэта. Мае два старэйшыя браты ўжо размаўлялі тады па-беларуску, і яны дапамагалі мне. І болей ў мяне не было беларускамоўных сяброў. Але з цягам часу яны пачалі з’яўляцца, і вельмі прыемна, што я такая не адна.

Мая маці чытала мне шмат беларускіх народных казак. У нас да гэтага часу ляжыць дзесьці кніжка, адкуль яна мне чытала іх, але мы не можам яе знайсці і пачытаць маім маленькім сястрычкам. Слухала я і замежных пісьменнікаў казкі, а потым і любіла сама іх чытаць. Безумоўна, яны паўплывалі вельмі на мой стыль пісьма.

Страшных гісторый бацькі мне не расказвалі нанач,як усе нармальныя бацькі. Але старэйшыя браты лічылі сваім абавязкам пужаць мяне. І таму страшылак я наслухалася дастаткова. Але сапраўднае задавальненне я атрымала, калі знайшла ў Глобуса цэлую серыю страшылак. Я сядзела і без перапынку чытала іх, узгадваючы, што некаторыя з такіх мне распавядалі браты. На самой справе, я бы не сказала,што мне было асабліва страшна, бо чамусьці зусім не верылася ў праўдзівасць нейкіх странных гісторый, наплеценых старэйшымі братамі.

У дзяцінстве ў мяне было вельмі шмат цацак, з дапамогай якіх я сама сябе забаўляла. Шмат было хлапчукоўскіх, бо перайшлі ад братоў. Наогул, памятаю, лялькі мяне асабліва не цікавілі, а вось розныя шчыты і мячы—зусім іншая справа. Праўда, потым я ўбачыла Барбі, якую раптам пачалі набываць усе мае сяброўкі, і мне адразу захацелася такую ж. Але пакуль у мяне з’явілася першая лялька, часу прайшло шмат.

Увогуле, у мяне было цудоўнае дзяцінства, бо яно прайшло ў такой цудоўнай сям’і. Часта хочацца вярнуцца ў той час і яшчэ пабыць маленькай дзяўчынкай. Але на жаль, такое ўжо немагчыма....


Папярэднi артыкул Да зместа На галоўную Наступны артыкул
Сайт создан в системе uCoz