"Дзяцінства - мой страчаны рай"

Аліна Пігас, студэнтка 1 курса (2009), спецыяльнасцi "Беларуская фiлфлогiя"


Мяне завуць Пігас Аліна Яўгенаўна. Я нарадзілася ў Брэскай вобласці г. Драгічыне, можна лічыць, што на Палессі. Гэта адбылося 17 жніўня 1992 г. Бацькі чакалі хлопчыка, але нарадзілася дзяўчынка, і яны спачатку не ведалі як мяне назваць, але бацька вырашыў назваць мяне Алінай. Але на самой справе ў мяне два імя: калі мяне хрысцілі, то святар сказаў, што ў царкоўным календары імя Аліна няма і тады мяне па хрысцілі пад іменем Алена. Зараз я ў пашпарце пішуся як Аліна, а калі прыходжу ў царкву, то называю сябе Аленай.

У тры гады я пайшла ў дзіцячы садзік. Кожнае лета наш садзік зачынялі на рамонт і цэлае лета я была дома. Старэйшая сястра не вельмі хацела, каб я заставалася з ёю на цэлыя дні, і таму бацька браў мяне з сабою на працу. Ён працаваў шафёрам у калгасе і цэлыя дні я праводзіла разам з бацькам у машыне, але мне гэта вельмі падабалася, таму што я бачыла шмат чаго новага: камбайны, машыны. Калі прывозілі палуднаць, то мы палудналі ў полі, так і праходзілі мае летнія дзянёчкі. Потым зноў прыходзіла восень і зноў трэба было ісці ў садзік.

Пасля садзіка, калі мне споўнілася шэсць год я пайшла ў першы клас, тады ён называўся нулявы, таму што ў той год як раз быў пераход да дванаццацігадовай сістэмы навучання. Я ўсе адзінадцаць год хадзіла ў сваю любімую гімназію г. Драгічына. Навучанне ў школе мне падабалася, але як і ў кожнага былі моманты, калі не хацелася ісці ў школу ці не хацелася вучыцца, таму што не вельмі падабаўся прадмет. У асноўным усе школьныя прадметы мне падабаліся, але некаторыя менш, а некаторыя больш. Ужо ў сёмым класе я вырашыла, што буду настаўнікам, але чаго яшчэ не ведала, а праз год я была на канферэнцыі па беларускай мове ў сваёй школе і тады я вырашыла, што буду настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Акрамя вучобы ў школе было шмат чаго цікавага. Толькі два тыдні таму назад адбылася сустрэча з выпускнікамі, мы ўспаміналі наша вясёлае жыццё ў школе, нашы дзіцячыя гады, якія раней мы не заўважалі, а толькі зараз разумеем, што гэта “залатыя гады” нашага жыцця.

Пасля школы я паступіла ў Беларускі дзяржаўны універсітэт на філалагічны факультэт, на беларускае аддзяленне. Зараз я толькі на першым курсе, але спадзяюся, што я давучуся да пятага курса і стану настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, як я заўсёды марыла.

***

Дзіцячыя гады – гэта найлепшыя гады нашага жыцця. Калі перад сном спяваюць калыханкі, расказваюць казкі, пяюць песні. У дзяцінстве кожнаму пелі калыханку, каб дзіця добра спала. Маёй самай любімай калыханкай была :

“ Баю, баю, баиньки,
прибежали заиньки,
сели на дорожку,
смотрят на Алинку!”

Яшчэ матуля мне спявала ўсім вядомую калыханку пра воўка, пра косю:

а)“ Баю, баюшкі, баю
не лажыся на краю прыйдзе шэранькі ваўчок
схваціць Аліну за бачок.”

б) “Прыйдзі, прыйдзі кося,
Аліна спаць не хоча,
хоча, хоча ды не спіць, трэба яе усыпіць.”

в) “Баю, баю, бай,
ты сабачка не лай,
белалапа не скулі, маю Аліну не будзі!”

Таксама у дзяцінстве мы шмат чулі розных казак. Больш казак я чула ад сваёй бабулі, таму што бацькі заўсёды былі нечым заняты і вельмі рэдка чыталі мне казкі. Гэта былі казкі пра калабка, курачку-рабу, таксама бабуля, часам, распавядала мне казкі ўзятыя з рэальнага жыцця, яны былі самыя цікавыя з усіх прачытаных. Матуля мне любіла чытаць казку пра Ваўка і семера казлят, Мальчик-спальчик, З рога ўсяго многа, Маша і мядзведзі. Але самай маёй любімай казкай была казка пра Рэпку, калі ўсе яе цягнулі, але ні як не маглі выгцянуць.

“ Я чула гэтыя песні…” акрамя калыханак і казак ў дзяцінстве спявалі дзецям песні, але я памятаю вельмі мала песен. Канешне гэта песні знаёмыя ўсім:

-Галубы вагон;
-Усмешка;
-Два вясёлыя гусі;
-Антошка

Яшчэ я памятаю песню “Купалінка”,”Го-го-го каза”, “Люблю наш край старонку гэту” гэту песню я пачула ад сваёй сястры, якая ўвесь час яе спявала мне:

“Люблю наш край, старонку гэту,
дзе я радзілася, расла,
дзе першы раз зпазнала шчасце,
слязу нядолі праліла.”

Большасць песен мне спявала мая старэйшая сястра. Але калі я падрасла, то мяне больш пачалі цікавіць дзіцячыя гульні, таму што я бачыла як дзеці смяяліся, якімі яны былі вясёлымі, калі гулялі і мне таксама хацелася да іх.

Я жыву ў вялікім двары і ў нас шмат дзетак рознага ўзростаў. Кожны дзень мы гулялі ў нешта новае, цікавае і вясёлае. Самымі любімымі гульнямі для мяне былі: Казакі-разбойнікі, цікавая гульня “Слон”, калі адной камандзе трэба было сесці на кукішкі, а другая каманда павінна была запрыгнуць на іх, і тыя павінны ўстаць і прайсці з імі да пэўнага месца, канешне, атрымлівалася гэта рэдка, але было смешна калі адна каманда ўстае і ўсе падаюць. Яшчэ мы гулялі ў хованкі, Алібаба і сорак разбойнікаў, лапта і выбівала, калі трэба было выбіць мячом пэўнага чалавека, а калі яго выбіваюць, то ён выбывае з ігры. Зімой я любіла гуляць у снежкі ці ляпіць снежную бабу. Мне падабалася, калі вечарам прыходзіла да хаты ўся мокрая ад гэтага снегу, бацькі жартам сварыліся на мяне, але самі разумелі, што калі яны былі такога ж узросту як я, то таксама прыходзілі дахаты мокрыя, стомленыя, але ўсё роўна на наступны дзень зноў беглі на вуліцу і зноў вярталіся вечарам стомленыя і вясёлыя.

Святочныя гульні і абрады, яны, канешне, адрозніваюцца ад простых гульняў. Святочныя гульні, яны адбываліся ў свята, пры чым у кожнае свята праводзіліся свае пэўныя гульні і абрады. Пачнём з пачатку года - гэта з Калядак. На Каляды мы заўсёды збіраемся з сям’ёй, ранкам мы ўсе сядаем снедаць, але перад тым як пачнуць есці мы ўставалі, запальвалі свечку, чыталі малітву, а толькі потым сядалі снедаць. А вось вечарам адбывалася самае цікавае: мы ішлі калядаваць. Калядаваць я хадзіла з сяброўкамі, заўсёды неслі з сабой звязду, калі заходзілі ў хату, то спявалі калядныя песні, гаварылі розныя пажаданні, за гэта нас частавалі цукеркамі, падарункамі, некаторыя нават давалі грошы. Далей пасля Каляд ідзе Шчадруха(13 студзеня) – гэта адно з маіх самых любімых свят, таму шо вечарам мы перапраналіся і хадзілі шчадраваць. Калі калядаваць у асноўным хадзілі дзеці, то на Шчадруху пераапраналіся амаль усе: і старыя, і малыя. Калі мы заходзілі ў хату, то казалі: “Давай баба кубасу, а то хату растрасу.” ці “Каб у вас у хаце дзіця нарадзілася, а ў сарае свіння апарасілася.” Пасыпалі ў хаце зернем і гаварылі: “Сею, сею, пасеваю дабра, радасці жадаю.” Часам пераапраналіся і станавіліся пад вокнамі і пужалі людзей. На Шчадруху гулянне адбывалася ўсю ноч. Адным з самых цікавых зімніх свят – гэта Масленіца( у нас апошні дзень масленіцы адбыўся ў мінулую нядзелю). Звычайна на Масленіцу адбываліся шырокія гулянні. Мой родны горад не вялікі, ад таго і гулянне не было вельмі шырокім, але ўсё роўна было. Галоўным атрыбутам Масленіцы былі бліны, таму мы з маці кожны дзень пяклі бліны. Потым, у апошні дзень Масленіцы мы ішлі ў парк, і там я ўдзельнічала ў розных мерапрыемствах, а самае галоўнае – гэта было спальванне пугала. Мы ўсе збіраліся каля вогнішча, дзе палілі пугала і чакалі пакуль яно не згарыць. Калі яно згарала, то лічылася, шо прыйшла вясна. Ужо бліжэй да лета адзначаецца свята Юрый ці Юр’еў дзень. З гэтым святам я не ведаю ніякіх гульняў і абрадаў, але мы ўспамінаем яго, калі першы раз летам прыходзім у лес, у пачатку леса мы становімся і гаворым: “Святы Юрый у чацверг (гэта залежыць ад таго, калі гэта свята было), вазьмі ў Бога ключы, зачыні на чатыры замкі, ад ветра буйнага, ад чалавека злога, ад грома грымучага і ад гада палзучага”, а толькі потым мы ідзём у лес. Самым вясёлым летнім святам з’яўляецца свята Купалле, якое адзначаецца з шостага на сёмае ліпеня. На гэта свята я заўсёды прыязджаю да бабулі ў вёску. Да хаты мы прыходзілі амаль, што раніцай, таму што я ўдзельнічала у розных гульнях, прыгала праз вогнішча, шукала кветку-папараць. Першы раз я пашла шукаць кветку-папараць з сястрой, я тады была яшчэ малая і, не знайшоўшы, я доўга плакала, а толькі потым зразумела, што яе пакуль што яшчэ ніхто не знайшоў. І зараз я ведаю, што, напэўна, яе няма, але мне так хочацца знайсці яе. На Купалле мы ўсёй моладдзю прыгалі праз вогнішча, калі агонь не быў такі вялікі, а я зноў жа была яшчэ малая і мне дазвалялі перапрыгнуць толькі калі агонь зусім знікне, канешне, была шкада, але было весела і цікава. І зараз, кожнае лета на свята Івана Купалы я прыязджаю ў вёску да бабулі, іду да моладзі, удзелінічаю ў розных гульнях, і мне гэта падабаецца. Яшчэ ёсць такія святы як Зажынкі, калі жанчыны сярпом жнуць першыя калоссі і ставяць іх у снапы, а толькі потым прыходзяць на поле камбайны, і Дажынкі, калі лічылася, што ўсе зернавыя культуры ўжо прыбраны. І пасля Дажынак надыходзіла да нас восень, а пасля зіма і зноў пачыналіся Калядкі.

Усё тое, што было сказана вышэй, адным словам, можна назваць фальклор. У яго ўваходзяць і казкі, і паданні, і песні і многае іншае нават замаўленні. Мяне замаўлялі два разы: першы раз мяне спужаў суседскі сабака і я пачала заікацца. Тады маці адвезла мяне да бабулі, якая лячыла малітвамі. Бабуля да мяне нават не датыкалася, але праз дзень я перастала заікацца. І другі раз мяне загаворвалі, калі ў мяне моцна балеў жывот і мяне адвезлі да жанчыны. Яна палажыла рукі на мой жывот і нешта пра шаптала, і толькі мы пайшлі ад яе мой жывот перастаў. Прычым, не адна з жанчын не брала грошай, а разлічваліся з ёю рознымі рэчамі.

Мяне з фальклорам пачалі знаёміць яшчэ ў дзяцінстве, але тады я проста не ведала, што розныя народныя звычаі, абрады, казкі, песні, адным словам, можна назваць фальклор. Толькі пайшоўшы ў школу я пазнаёмілася з гэтым паняццем, але пры вывучэнні, некаторыя моманты сталі для мяне знаёмыя. На працягу ўсяго навучання ў школе я знаёмілася з рознымі паданнямі і песнямі, прымаўкамі і прыказкамі. Але, можна сказаць, шо на працягу ўсяго жыцця мы знаёмімся і вывучаем фальклор. Вось і зараз ва універсітэце мы вывучаем фальклор і мяне гэта цікавіць.


Папярэднi артыкул Да зместа На галоўную Наступны артыкул
Сайт создан в системе uCoz