"Курка-раба". Філалагічныя гульні

Настасся Баярскiх, студэнтка 4 курса (2009), спецыяльнасцi "Беларуская фiлалогiя"


Урбанiстычная казка для дарослых

Чорны рваны цэлафанавы пакет падляцеў уверх, iрвануўся ад яшчэ аднаго парыву ветру i рушыў далей, уздымаючыся ўсё вышэй i вышэй над дахамi дамоў. Курка Раба глядзела на яго праз акно i думала пра тое, што калi-небудзь i яна зможа вось так вось паддацца ветру i паляцець, паляцець высока-высока над гэтым горадам i ўбачыць яго як на далонi. Яна паляцiць, будзе махаць сваiми крыламi. Людзi стануць маленькiя-маленькiя (уласна, такiя яны усе i ёсць на самой справе) i нават не даведаюцца пра гэта, бо яна, Раба, паляцiць далёка-далёка адсюль.

Курка глыбока ўздыхнула, яшчэ разок уявiла, як паляцiць, выйшла и зачынiла за сабой дзверы.

Справы, справы, справы, справы… Калi ты жывеш у мегаполiсе, немагчыма быць незанятым. Нават калi ты не вымушаны кожнага дня з ранiцы iсцi працаваць, скажам, на завод, справы i заняткi неверагодным чынам захоплiваюць у палон твой час. Дваццаць першае стагоддзе – век камп’ютэрных тэхналогiй. Здавалася б, усе навокал толькi i радыя гэтаму, толькi i гавараць пра тое, што вось дзесьцi там вынайшлi новы камп’ютэр, якi дазволiць сучаснаму чалавеку зрабiць любую аперацыю у пяць разоу хутчэй i гэтым самым сэканомiць хвiлiнак пятнаццать-дваццаць жыцця. Аднойчы Курка Раба вырашыла падлiчыць, колькi часу ёй патрэбна кожны дзень на тое, каб праверыць тры свае электронныя паштовыя скрынi, выдалiць з iх СПАМ, прачытаць тры лiсты далёкiх-далёкiх сяброу, напiсаць iм стандартны адказ са стандартным зместам: «Жыву, хлеб жую, добрае надвор’е», затым праглядзець хуценька навiны i прагноз таго ж самага надвор’я, пачатаваць з iнтэрнэт-сябрам, якому ўжо даўно збiралася прызнацца, што нават не памятае, як яго завуць, i што ёй не падабаецца, калi незнаёмы чалавек штодня гаворыць ёй: «Добрай ранiцы, кiска, як спалася?» Высветлiлася, што за ўсiмi гэтымi з большага бессэнсоўнымi справамi можна проста забыць пра эканомiю часу i паляпшэнне ўмоў чалавечага жыцця.

А тэлефон? Гэтая яшчэ адна радасць, якую падараваў нам тэхнiчны прагрэс… Бессэнсоўны троп па тэлефоне з сяброўками зусiм не дапамагае сэканомiць час, аднак жа, дзень сённяшнi актыўна навязвае нам вербальныя стасункi. Нават калi табе тэрмiнова трэба сыходзiць, чалавек на другiм канцы провада можа перазванiць на мабiльны, а калi ў цябе i рукi занятыя – калi ласка, маленечкi навушнiчак цi мiкрафончык: чапляеш яго i працягвай сабе. Але галоўнае, што i сама Раба добра разумеe, што большасць з гэтых тэлефонных размоў бессэнсоўная, што па сутнасцi маналогi яе сябровак паўтараюцца з дакладнасцю 90%, трэба толькi замянiць у iх Колю на Вову, цi Косцю на Сяргея. Эпiтэты кшталту бессардэчны, чэрствы, залётнiк, хцiвец и себялюбец можна смела пакiдаць.

З усiми гэтымi думкамi Курка Раба нават не заўважыла, што ўжо спускаецца ў метро. Метро… Яна часта думала пра тое, як там адбываецца цыркуляцыя паветра. Кожнага разу, калi яна спускаецца туды, думае, што ўжо нiколi не зможа выбрацца наверх. Рабе заўседы здаецца, што там, унiзе, ёй не хопiць кiслароду, i яе апошнi ўздых зробiць хто-небудзь iншы.

Як можна жыць у горадзе, дзе людзi не ўмеюць нават «равномерно распределяться по краю платформы»? Але больш за ўсё Рабу пужае вось гэтая маленечкая шчылiнка, якая застаецца памiж вагонам i платформай, калi цягник стаiць на прыпынку. Людзi ў гэтым горадзе заўседы некулi спяшаюцца, i часам Курцы Рабе здаецца, што некаторыя гатовы ўцiснуцца нават у гэтую шчылiнку, каб толькi не заставацца чакаць на платформе наступнаго цягнiка.

Абцасы, вузкiя джынсы – вось стандартная ўнiформа сучаснай гараджанкi. У вагoне метро разам з Куркай Рабай ехала дзяучына гадоу дваццaцi, якраз апранутая ў такую ўнiформу. Яны выйшлi на адным прыпынку, дзяучына вельмi грацыёзна i па-майстэрску манеўравала на танюсенькiх абцасiках-цвiчках у натоўпе. Рабе заставалася толькi пазайздросцiць такому ўменню, аднак Курка ўжо наперад магла сказаць, што вось зараз гэтая прыгожая мiнiацюрная бландынка раптам спынiцца каля самага выхаду, бо абцасiк трапiць у рашотку на падлозе, стройная ножка абцягнутая джынсамi не захоча крочыць далей, вымушаючы дзяўчыну вызваляць сябе з гэтага палону пры дапамозе смешных i недарэчных рухаў.

Калi б Раба мела магчымасць абуваць кеды, нават iдучы на працу ў свой прэстыжны i пафасны офiс, яна б, вiдаць, была самым шчаслiвым стварэннем на Зямли, аднак страшэннае слова дрэскод забараняе ёй камфортна перамяшчацца ў прасторы. Да абцасаў яшчэ варта дадаць i строгi касцюм-тройку. Адзiнае, што можа дазволiць сабе Раба – гэта купляць абутак на больш тоўстых абцасах з мэтай засцерагчы сябе ад рашотачнага палону ля выхаду з метро.

Экскалатар заўсёды пужаў Рабу. Выгляд змяюкi, якая сама зжэрла свой хвост нагадвала Курцы пра смерць. I вось цяпер, апынуўшыся на прыступачцы, якая нейкiм дзiуным цудам падымае цябе вышэй за астатнi натоўп, Раба з роспаччу падумала, што ўвечары ёй прыйдзецца зноў стаць на жалезнага гада i праехацца па ягoнай спине, пакуль той будзе закусваць уласным хвастом. На выхадзе Раба абагнала бландынку, што ўзмахвала рукамi i не магла крануцца з месца.

Апынуўшыся на паверхнi i зрабiўшы першы ўдых свежага певетра, Курка Раба адчула сябе значна вальней. Перад сабой, як гэта i адбывалася кожнага дня, яна ўбачыла вялiзную плошчу, гэта i ёсць самы цэнтар горада. На плошчы не было нiчога, акрамя аднолькавых на памеры бетонных плiтачак, што ўсцiлалi яе. Плiтачки былi двух колераў: барвовыя i шэрыя i размяшчалiся ў шахматным парадку. На кожнай барвовай плiтачцы стаяў чалавек, шэрыя плiтачкi не былi занятыя. Такiм чынам у шахматным парадку стаяла каля тысячы. Стоячы нерухома, яны нагадвалi нiбыта слупочки. Учора занятыми былi шэрыя плiтачкi, барвовыя ж были вольныя, пазаўчора людзi стаялi на барвовых, а шэрыя адпачывалi, заўтра зноу будуць занятыя шэрыя – i так кожнага дня.

Шырокiя, такiя падобныя адна да адной i такiя паралельныя i перпендыкулярныя адна адной вулiцы вельмi прыдатныя для таго, каб маршыраваць па iх у калоне па чатыры роўнымi радамi. Яны называюць гэты горад горадам Сонца… Вiдаць, такi ён i бывае ўлетку, калi на небе нi хмурынкi. У гэткiя днi вулiцы i праспекты сапраўды запаўняюцца сонечным святлом. Аднак жа такiх дзен на год прыпадае няшмат, астатнi час вулiцы разам с шэрыми сценамi будынкаў нагадваюць калектары.

I ад гэтых чалавекаслупочкаў на галоўнай плошчы, i ад гэтых калектарных тунэляў халодная трывога абудзiлася, варухнулася недзе глыбока ўнутры. А потым быў дзень, запоўнены музыкай, дакладней, антымузыкай.

Антымузыка.

Шапаценне паперы…
Шэпт вентылятараў…
Шап-шэпт шап-шэпт шап-шэпт…
Сакатанне ксераксаў…
Вiскатанне прынтэраў…
Сак-вiск сак-вiск сак-вiск…
Грукатанне штэмпеляў…
Стук абцасаў…
Грук-стук грук-стук грук-стук…
Шап-шэпт шап-шэпт шап-шэпт…
Сак-вiск сак-вiск сак-вiск…
Грук-стук грук-стук грус-стук…

Бралося пад вечар, калi Курка Раба зноў вярталася дадому тым жа шляхам, цяпер толькi яе патылiца глядзела туды, куды ранiцай глядзели вочы, а вочы ўзiралiся туды, куды глядзела патылiца… А ў небе над городам нехта перарэзаў горла ягняцi – такога прыгожага захаду сонца Курка Раба не бачыла нiколi. На хвiлiнку яе збянтэжыла нелагiчначць гарадскога пейзажу перад сабой: цёплым летнiм вечарам з двух вялiзных комiнаў гарадской кацельнай клубамi iшоў дым.

Толькi на момант яна здзiвiлася, павяла бывом i… узняушы крылы, адарвалася ад зямлi i паляцела. Так, Курка Раба паляцела… яна ўздымалася ўсё вышэй и вышэй… вось яна бачыць усю плошчу разам з вулiцамi, вось яна ўжо вышэй за тыя комiны, што дымяцца так недарэчы, вось i людзi сталi маленькiмi… а вось i ўвесь горад на далонi… яна ляцiць… ёй лёгка… бывай бетонны могiльнiк, бывай, горад, бывайце, мурашы-людзi… Курка Раба ў свабодным палёце накiроўвалася на захад…



Папярэднi артыкул Да зместа На галоўную Наступны артыкул
Сайт создан в системе uCoz