"І Яны былі практыкантамі..."

Павел Iванавiч Навойчык


Павел Iванавiч Навойчык - намеснiк дэкана па навуковай рабоце, кандыдат фiлалагiчных навук, дацэнт. Праходзiў практыку ў 1983 годзе.

Фальклорная практыка ў маім жыцці

1. Успаміны аб практыцы (дзе былі, з кім сустракаліся, якія падзеі адбыліся падчас практыкі).
2. Момант, які запомніўся больш за ўсё.
3. Які след пакінула практыка ў Вашым жыцці (першае каханне, сустрэча з цікавымі людзьмі, іншае)?

1. Фальклорную практыку я праходзіў пасля здачы летняй сесіі за першы курс (вучыўся на аддзяленні беларускай і рускай мовы і літаратуры) у першай палове ліпеня 1983 г., калі мелася мне споўніцца васемнаццаць год. Месца праходжання – вёска Машканы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці (радзіма П. М. Машэрава). Выязджалі туды ўсёй групай, за выключэннем некалькіх чалавек, якія мелі па 18 год і былі прынятыя ў студэнцкі будатрад. На камфартабельным “Ікарусе” мы даехалі да самай вёскі і высадзіліся ля старога будынку мясцовай школкі, у якой нас і пасялілі. Кіраўніком нашай групы быў прызначаны В. К. Каратай, аднак па прыездзе на месца ў той жа дзень па сямейных прычынах ён мусіў з’ехаць, пакінуўшы мяне за старшага. У выніку атрымалася амаль як у той показцы: дваццаць дзевак адзін я.

Мясцовыя жыхары паставіліся да нас з прыхільнасцю. А калі сказаць асобна пра моладзь, то і з надзвычайнай цікавасцю. Не прайшло і некалькіх гадзін (мы ледзь паспелі рассяліцца па пакоях), як будынак школы аказаўся ў даволі шчыльным акружэнні хлопцаў самага рознага ўзросту, пачынаючы гадоў з 10 і, прыблізна, да 25. Маладзейшыя абляпілі вокны, старэйшыя паважна курылі ля ганка. Яны гарэлі жаданнем пазнаёміцца, а “мае” дзяўчаты, асабліва мінчанкі, панікавалі, нібы аказаліся ў варожым атачэнні. Я выйшаў на “перагаворы” і папрасіў аднесці час знаёмства да вечара, калі мы прыйдзем на тутэйшыя танцы (тады амаль не ўжывалі слова “дыскатэка” ў адносінах да вясковых “вечароў адпачынку”). Хлопцы аказаліся згаворлівымі і ўвечары, як і было дамоўлена, на “танцы” пайшлі амаль усе мае аднагрупніцы за выключэннем чалавек васьмі (мінчанак). Першае знаёмства прайшло даволі прыязна, і далейшы наш побыт увогуле можна назваць нават камфортным. Але не для ўсіх.

Тыя дзяўчаты-мінчанкі, якія ці пагрэбавалі, ці проста пабаяліся тутэйшых людзей і нікуды не пайшлі, аказаліся тыя вечар і паўначы (пакуль усе не вярнуліся з клуба) у “асадзе”. Ім стукалі ў вокны і дзверы, клікалі выйсці на вуліцу мясцовыя падлеткі, якім яшчэ ранавата было на дарослыя забавы, а пагарэзнічаць ля вокан – самы смак! Напалоханыя ў першы вечар дзяўчаты ледзь вытрывалі дзён пяць і, сабраўшы неабходны мінімум матэрыялу, паспешна збеглі з непрыветнай да сябе вёскі.

2. На збор матэрыялу я хадзіў з дзвюма-трыма аднагрупніцамі. Яны пісалі, я дапамагаў. Разам выпытвалі ў мясцовых адрасы. На гэта, дарэчы, выкарыстоўвалі “вячэрніх” знаёмых – яны падказвалі, хто спявае на вяселлях, хто добры апавядальнік, хто ведае даўніну і да т. п. Добра запомнілася першая спроба запісу. Бабка, якую нам падказалі “вячэрнія” знаёмцы (думаю, не без прытоенай усмешкі), аказалася з цяжкаватага пахмелля, але паспяваць не адмовілася, папрасіла толькі пачакаць, “пакуль Цімох пахмяліцца прывязе”. Дзяўчаты, у адпаведнасці з праведзеным выкладчыкамі філфака інструктажом, наладжвалі кантакт – мылі посуд, дапамагалі штосьці згатаваць. Цімоха не было добрыя гадзіны паўтары-дзве. Калі ж з’явіўся, то быў ужо прыкметна “падлечаны” пасля ўчарашняга пачастунку. Гаспадыня запрасіла нас да стала, які мы, дарэчы, разам накрывалі. Наліла па чарцы віна сабе, Цімоху (кім ён даводзіўся бабцы, не ведаю) і… нам. Праінструктаваныя, каб не парушыць “кантакт”, ад чаркі не адмаўляліся, хаця і не пілі – абмежаваліся сціплым прыгубліваннем, што, здаецца, бабку не засмуціла. Калі ж дзень ужо добра пераваліў за палову, бабка нарэшце заспявала!..

Я і зараз памятаю невыносна трагічны радок з таго жудаснага раманса, якія нам запісваць не рэкамендавалі: “…А на бярёзе трюп яё вісіць”. Гэта быў надзвычай выразны ўзор віцебскага дыялекту, але як фальклорны шэдэўр нам яўна не падыходзіў.

Пазней мы назбіралі неабходны матэрыял. У адной з вясельных песенніц быў нават цэлы сшытак песень і прыпевак, адкуль мы шчодра “пачаставаліся” (віном, дарэчы, больш ніхто нас не частаваў, ды мы і самі пазбягалі заводзіць знаёмствы з такімі “весялунамі”). На жаль, тады нам не хапіла разумення, які каштоўны матэрыял нам трапіўся, і абышліся з ім па студэнцку легкадумна, дбаючы не пра захаванне народных скарбаў, а выключна пра атрыманне заліку.

фото-иллюстрация к статье

3. След у маім жыцці фальклорная практыка пакінула значны і, прабачце за таўталогію, на ўсё жыццё. Па-свойму цікавымі былі нашы песняры і апавядальнікі, але сёння я іх практычна ўжо не памятаю. Навукай у той час не займаўся і да фальклору ставіўся не з той сур’ёзнасцю, якую ён заслугоўвае. А вось асабістае жыццё вызначылася дакладна.

Год правучыліся ў адной групе, а я і не звяртаў на ЯЕ асаблівай увагі. Зрэшты, на філфаку хлопцам цяжка разгледзецца, жартам кажучы, “вока замыльваецца” – столькі прыгажосці на кожным кроку! А там нібы вочы адкрыліся: столькі прыцягальнай цеплыні і нечакана глыбокага душэўнага ўзаемапаразумення я не сустракаў у сваім жыцці ніколі… Але гэта, як кажуць, ужо іншая гісторыя. Скажу толькі, што ўвосень мяне забралі ў войска. Два гады мы перапісваліся, а праз паўгода пасля майго вяртання са службы згулялі вяселле. Так што без перабольшвання можна сказаць: гісторыя нараджэння маёй сям’і пачалася з фальклорнай практыкі.

З дзеннiкавых запiсаў студэнтаў 1 курса фiлалагiчнага факультэта Навойчыка П. І., Прыгодзіча В. І., Ждановіча В. В., Мялешкi І. К.


Прымаўкі

Работы – аж да самай суботы
Гасцей было з усіх валасцей
Поп два разы абедню не паўтараіць. [Сказала, больш казаць не буду]
Гэта мае прыборы: лапці ды аборы
Дзела ідзёт, кантора пішаць, каса дзеньгі выдаёць
Дзела ідзёт, толькі дзень мал

Няказкавая рэалістычная проза
Бываліца

Ехаў Машэраў у Машканы, завяз на дароге. А там балота, раскарчоўка. Выехаў трактарыст, выцягнуў яго і кажа: «Выцягнуў, больш цягаць не буду». Тады тую дарогу і зрабілі добрай.

Прыпеўкі

Дзевяноста песень знаю,
Начынаю первую.
Пракляну свайго мілёнка
За любоў няверную.

А з якое ты дзярэўні,
А з якога ты сяла?
Я танцую, прыпяваю –
Ты стаіш, як чапяла.

Шчавялёк, шчавялёк
Ды каля дарожкі.
Харошы мой міленькі,
Ды крывыя ножкі.

Мілы шапачку не носіць,
Носіць серу кепачку.
І мяне пакінуў
Як у полі ветачку.

Пела, пела я напела
На сваю галовушку:
Чатыры дзевера напела
Ды адну заловушку.

Запісалі ў 1983 г. у в. Обаль Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ад Шамровай Настассі Дзмітраўны, 1916 г.н., студэнты Навойчык П. І., Прыгодзіч В. І., Ждановіч В. В., Мялешка І. К.

Праклёны

Каб цябе прыпадкі забілі
А пранца табе ў дупу
Каб ты дудой стаў
Каб цябе качкі затапталі

Запісалі ў 1983 г. у в. Бялькі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ад Кухаронак Галіны Іванаўны, 1955 г.н., студэнты Навойчык П. І., Прыгодзіч В. І., Ждановіч В. В., Мялешка І. К.

Анімалістычная казка

Бондар

Жыў-быў бондар. Пайшоў у лес рабіць бочкі. Здзелаў бочку і чуіць, што ў лесе: трэсь-нам! Трэсь-нам! Спугаўся бондар. Хацеў спачатку бегчы. Тут выходзіць мядзведзь. Схваціў бондар бочку, сеў і сядзіць пад бочкай. Мядзведзь убачыў бочку і : – О, якая слаўная калода! – сеў і сядзіць, лапкай камароў адганяіць. Бяжыць воўк.
– Э, ваўчышча-дружышча! Паглядзі, якая слаўная калода. Трэба аддахнуць. Сядзяць яны разам, лапкамі камароў адганяюць. Тут глядзяць і бачаць – заяц:
– Э, заяц, прысядзь з намі, аддахні!
Сеў заяц разам з імі, а мядзведзь кажа:
– Жыве адзін чалавек багаты, называецца бондар. У яго eсць мёд для мяне, для цябе, ваўчышча, – авечак многа, а для цябе, заяц, – капуста. Сабраліся, пайшлі. Бондар тым часам вылез з бочкі і карацейшай дарогай прыбег дамой і сказаў жонке:
– Гаспадыні, капяток!
Толькі яны прыйшлі, мядзведзь пайшоў у сад, заяц направіўся к капусце, а воўк – да авечак. Усе разашліся па сваім дзялам. Воўк стаў ламіцца ў хлеў. Толькі бондар іх увідзеў, бондар закрычаў:
– Гаспадыні! Капяток! – і абліў ваўка.
Тым часам мядзведзь забраў калоду і пайшоў у лес, дзе яны сядзелі раней. І заяц прыбег з капустай. А бондар ужо тым часам вярнуўся пад бочку. А ваўка ўсё няма… Раптам бачаць: ідзе воўк, еле цягнецца. А мядзведзь кажа:
– Відна, яму цяжка, трэба памагчы.
Калі воўк падышоў бліжай, яны ўбачылі, што ніякай авечкі не была. А ён еле цягне свой зад.
Заяц гаворыць:
– Што з табою?
Воўк кажа:
– Калі пачуеце дзе «Гаспадыні! Капяток!», бяжыце з усіх ног.
А бондар з-пад бочкі як закрычыць:
– Гаспадыні! Капяток!
Звяры панясліся, хто ў які бок. Бондар вылез з-пад бочкі і пайшоў дадому.

Запісалі ў 1983 г. у в. Бялькі Сенненскага раёна Віцебскай вобласці ад Лебедзевай Кацярыны Ігнатаўны, 1920 г.н., студэнты Навойчык П. І., Прыгодзіч В. І., Ждановіч В. В., Мялешка І. К.

Фотаздымак з уласнага архiва П.I.Навойчыка




Папярэднi артыкул Да зместа На галоўную Наступны артыкул
Сайт создан в системе uCoz