Памятка практыкантамСкладальнiкi - студэнткi фiлалагiчнага факультэта Баранюк Святлана, Беленькая Аксана, Бародзіч Вольга, Вікторчык ВольгаШаноўныя практыканты! Памятайце, што сваёй працай па збору фальклору вы працягваеце традыцыі славутых папярэднікаў – Насовіча, Шырмы, Цітовіча, Кіклевіча, Якжыка, Кашэні, Дамінікана. Памятайце аб тым, што недакладныя запісы ўвядуць у зман навукоўцаў. Яшчэ памятайце, што ні пры якіх абставінах нельга карыстацца паслугамі выпадковых людзей, як та няголеныя мужыкі ля дарогі, падазроныя бабулькі з кошыкам яблычкаў “З’еш адзін – не ўстанеш”, ветлівыя хлопчыкі і дзяўчынкі з тварамі анёлаў і душамі д’яблаў. Вы зробіце вельмі разумна, калі паедзеце з чалавекам, да якога маеце давер. Вы зробіце яшчэ разумней, калі не паедзеце ўвогуле. За дапамогай звяртайцеся да мясцовых уладаў: старшынь сельсаветаў, райвыканкамаў, аблвыканкамаў, Вярхоўнага Савета, прэзідэнта. Лепш пачынаць знізу па “вертыкалі”, можа, хто пачуе. З такімі людзьмі лягчэй працаваць. Паспрабуйце высветліць, хто ў дадзенай мясцовасці лічыцца добрым спеваком, казачнікам, наогул мудрым, паважаным чалавекам. Пазбягайце гэтых людзей як мага даўжэй, памятаючы, што таленавітасць заўсёды мяжуе з вар’яцтвам. Вал вы ўсё ж такі пойдзеце да іх, падрыхтуйце загадзя шлях для адступу. А калі яшчэ вы заручцеся дапамогай суседзяў, то ўвас ёсць шанцы выйсці з гэтага пераплёту. Перш-наперш падрыхтуйцеся да практыкі. Для пэўнай дакладнасці на кожнага свайго інфарманта завядзіце справу. Там запішыце ўсе пашпартныя дадзеныя і палітычную прыналежнасць. Не забудзьцеся ўдакладніць, якія колеры яму больш даспадобы: белы і чырвоны ці чырвоны і зялёны і якую мову бачыць роднай: рускую, кітайскую ці ангельскую. У рабоце вам спатрэбяцца факс, ксеракс, прынтар, кампутар, тэлефон з аўтаадказчыкам, рацыя, тэлевізар, халадзільнік, аўдыё- і відэамагнітафон, дыктафон, пішучая машынка. Таксама не перашкодзяць вялікі сшытак для справаздачы, папера для запісаў, ручка ці просты аловак. Загадзя паклапаціцеся аб адзенні. Старыя людзі вельмі неадэкватна рэагуюць на міні і падрапаныя джынсы. Не ўганяйце іх у фарбу. Калі вы жадаеце дабіцца станоўчых рэзультатаў практыкі, не вылазце з агародчыка паддоследнай бабулькі дзён 5 – 6. можа, пасля яна вам што і раскажа. Загадзя папярэджвайце бацькоў, што вы можаце прыехаць крыху недаўкамплектаванымі, гэта значыць: без рукі, нагі, галавы і г. д., ці не прыехаць увогуле. Развітвайцеся з роднымі і тым больш жаданай будзе сустрэча. Збірайце фальклор, шаноўныя практыканты! Хай гэтая цяжкая, няўдзячная і часам небяспечная праца прыносіць вам задавальненне і асалоду. І хай нават вас вернецца на 3 – 4 чалавекі меней, а тыя, што застануцца, будуць атрымліваць пенсію па інваліднасці, што будзе бясспрэчнай дабаўкай да вашай студэнцкай стыпендыі, а нашая справа жыла, жыве і будзе жыць вечна. Жыве Беларусь! верасень 1995 года | |||
Папярэднi артыкул | Да зместа | На галоўную | Наступны артыкул |