Свабоднае дыханне паэзіі
Мікола Чарняўскі

Да вершаў М. Чарняўскага

Першы мой верш надрукаваны ў газете «Піянер Беларусі» 18 ліпеня 1958 года. I называўся – «Васілёк». Усяго восем радочкаў.

Пасяліўся ён у збожжы,
I віднеецца здалёк
Такі сіненькі, прыгожы –
Беларускі васілёк.
Пад праменнем жыта спее,
Долу гнуцца каласкі.
Васілёк між іх сінее,
Як нябесны той блакіт.

Забягаючы наперад, хачу прывесці такую дэталь, магчыма, цікавую для ўсіх, хто прачытае гэтую аўтабіярафію: вобраз сінявокага васілька, дата яго з’яўлення ў друку, сталі ў маім далейшым жыцці, можна сказаць, па-свойму зорнымі, знакавымі: пад дэвізам «Васілёк» я двойчы станавіўся лаўрэатам рэспубліканскіх закрытых конкурсаў на лепшы твор для дзяцей і юнацтва, менавіта 18 ліпеня, але ўжо 1970 года, нарадзіўся мой сын-першынец Саша, чаму я таксама быў бязмежна рады...


Пры паступленні ў БДУ імя Леніна не пашанцавала двойчы. Спачатку не прынялі дакументаў на адцзяленне журналістыкі, куды я марыў паступіць вучыцца, – па правілах прыёму не было ў мяне двухгадовага працоўнага стажу. Тая вязанка публікацый, што прыклаў да заявы, не змагла пераканаць прыёмную камісію, каб зрабілі па мажлівасці выключэнне: закон для ўсіх адзін. Параілі падацца на беларускае аддзяленне. Што і зрабіў. Аднак не дабраў на экзаменах патрэбных балаў і быў залічаны не на стацыянар, а на вячэрняе аддзяленне, якое толькі адкрылася ва універсітэце. Добра не ведаючы, што гэта такое, прыняў «выклік», прыехаў у Мінск. Аказалася, трэба шукаць самастойна прытулак, спалучаць вучобу з працай. Апынуўшыся ў ролі «вольнага студэнта», я зачасціў у рэдакцыю «Піянера Беларусі», у шэрую камяніцу па вуліцы Карла Маркса, 40, дзе знаходзіўся штаб беларускага камсамола – ЦК. Я мог гадзінамі праседжваць у крэсле каля акна, часам уступаючы ў размову, а нярэдка – моўчкі назіраць за працай людзей, якіх добра ведаў па шматлікіх газетных публікацыях, па пісьмовых адказах з рэдакцыі, пранікаючы ў таямніцы рэдакцыйнай «кухні», назіраючы за тым, як робіцца газета.


За паўтара года, што правёў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі» (з двума кароткачасовымі пераходамі ў «Зорьку», дзе вызваляліся вакансіі з вышэйшымі стаўкамі), я вельмі блізка сышоўся з людзьмі, якія там працавалі, шмат чаму навучыўся ў іх. I з радасцю, і з вялікай трывогай браўся заўсёды за літаратурную пошту. Хоць Васіль Зуёнак – загадчык аддзела, пераемнік Хведара Жычкі – перад тым як аддаць адказы на машынку, пасля мяне сам іх прачытваў і нярэдка папраўляў, хвалявання было нямала: ці спадабаліся мае адказы, ці грунтоўныя, пераканаўчыя, як гэта ўмелі рабіць Хведар Жычка дый сам Зуёнак? Так воляй-няволяй вучыў іншых працаваць над вершамі і вучыўся гэтаму сам.


Мне пашанцавала на добрых і спагадлівых людзей. Не толькі ў рэдакцыях, дзе ў няпросты для мяне перыяд жыцця змог знайсці шчырую падтрымку, дзе атрымаў першыя ўрокі прафесійнага майстэрства, трымаў экзамен на самастойнасць і сталасць. Шчыра ўдзячны пісьменніку майго дзяцінства Алесю Шашкову. Зайшоўшы аднаго майскага дня 1962 года ў рэдакцыю газеты «Піянер Беларусі», даведаўшыся, што я знаходжуся тут «на птушыных правах», нечакана прапанаваў: «На радыё стварылася новая рэдакцыя, якая вядзе перадачы для беларусаў, якія жывуць за мяжой. На беларускай мове. Мне даручана весці аддзел культуры і мастацтва. Патрэбен чалавек. Пойдзеш да мяне рэдактарам?»


У «Бярозцы» мне выпала працаваць, кажучы мовай сучасных рэклам і серыялаў, аж пры чатырох «шэфах» – розных па характары, але сходных у адным: і Кастусь Кірэенка, і Васіль Зуёнак, і Анатоль Грачанікаў, і Вячаслаў Адамчык, будучы цікавымі творчымі асобамі, таленавітымі пісьменнікамі, з пашанай ставіліся да мастацкага слова, да літаратурнай творчасці. Кожны з іх на той час, апрача ўсяго, паспеў зрабіць свой значны ўнёсак у дзіцячую літаратуру. Ці не таму ёй, літаратуры, вольна і камфортна пачувалася на старонках часопіса: друкаваліся аповесці, шмат апавяданняў, вершаў, перакладаў. Расквечана кусціўся «Верасок» – старонкі, на якіх у кожным нумары змяшчаліся творы школьнікаў. Чаго, на вялікі жаль, не скажаш сёння: падхопленая імкненнем да модных павеваў сучаснага жыцця, «Бярозка» страціла свой твар, а з ім – і чытачоў. Як каму, а мне шкада, балюча...


За дваццаць два гады, што пражыты мною ў «Бярозцы», было ўсё: і радасці, і засмучэнні, выкліканыя ідэалагічнымі прыдзіркамі партыйных бажкоў, калі нават на здымках, што змяшчаліся ў часопісе і расказвалі пра гісторыю нашых гарадоў, даводзілася ў друкарні «здымаць» крыжы з храмаў. Ды я, згадваючы той час, усё ж саграваюся пачуццём сапраўднай радасці ад таго, што быў першым чытачом многіх цікавых твораў, якія, перад тым як выйсці асобнымі кнігамі, спачатку друкаваліся ў «Бярозцы», што змог паспрыяць з’яўленню ў ёй першых проб пяра дзесяткаў і дзесяткаў юных аўтараў, многія з якіх не згубіліся, творча выраслі, сталі сёння прызнанымі майстрамі паэзіі і прозы, не саромеюцца сказаць пры сустрэчы: «Мой настаўнік»...


Працуючы ў рэдакцыях, ужо маючы адпаведны жыццёвы і прафесійны вопыт, ні на хвіліну не забываў (дый не забываю цяпер!), як сам станавіўся на ногі, пра тую цярплівасць і добразычлівасць, якую праяўлялі да мяне, да маіх «твораў» мае першыя літаратурныя настаўнікі, таму заўсёды стараўся пазбягаць адказаў-трафарэтаў на вучнёўскія пробы пяра, а рабіў падрабязны іх разгляд, каб гэта прынесла нейкую карысць пачаткоўцу, дапамагло яму хутчэй зразумець сакрэты творчасці, каб дзень, калі прыходзіў ліст з рэдакцыі, станавіўся святам для яго; таму ніколі не адмаўляўся ад удзелу ў шматлікіх конкурсах і злётах маладых літаратараў; таму амаль трыццаць гадоў з’яўляўся аўтарам і вядучым штомесячнай радыёперадачы «Першыя сцяжынкі», праз якую прайшлі сотні і сотні пачаткоўцаў – прыхільнікаў прыгожага пісьменства; таму паўтара дзесятка гадоў нязменна кірую літаратурнай суполкай «Купалінка», якая гуртуе пачаткоўцаў-школьнікаў Мінскага раёна; таму я бясконца рады ад таго, што дапамагаю ім знайсці сваю сцяжынку ў творчасці, далучыцца да прыгожага, што, нягледзячы на ўсе жыццёвыя абставіны, жыве ў сэрцах дзяцей і моладзі любоў да роднага слова, да літаратуры, якая стала неад’емнаю часткаю майго жыцця.


Колькі б ні пражыў – усё тваё.
Колькі б ні зрабіў – тваё таксама.
Хоць жыццё парой – і фарс, і драма,
Колькі б ні пражыў – усё тваё.

Што прыдбаў – не змарнаваць ні грама.
Грэцца тым, што роднае, сваё.
Колькі б ні пражыў – усё тваё.
Колькі б ні зрабіў – тваё таксама.

Сайт создан в системе uCoz