Нашы перакладчыкі фальклору і блізкіх да яго літаратурных твораў

Казкі любяць усе. Як жа іх не любіць, калі першыя казкі пачуў яшчэ ў маленстве ад любімай бабулі?

Казкі расказваюць усе. Як жа іх не расказваць, калі спазніўся на пару на паўгадзіны, забыўшыся пры гэтым на сшытак з дамашняй працай і канспект?

Казкам вераць усе. У большай або меншай ступені, у залежнасці ад майстэрства казачніка. Уласна, у казкі хочацца верыць. Таму выкладчык цярпліва слухае расповед пра гераічнае выратаванне траіх кацянятак і адной суседкі ад іншапланетных захопнікаў, падчас якога вы, канечне, і згубілі сшыткі.

У гэтай рубрыцы вы маеце магчымасць пазнаёміцца з чэшскаю казкай у сакавітым перакладзе нашай выпускніцы Настассі Баярскіх.

Хто ведае, можа быць, у наступны раз вы будзеце расказваць любімаму выкладчыку варыяцыю гісторыі пра пернікавую хатку?..


Казка пра пернікавую хатку

У цёмным лесе, далёка ад людзей, жыў адзін дрывасек, а разам з ім жылі двое ягоных дзетак, Янічак і Марэнка. Маці яны не мелі. Пайшоў аднойчы дрывасек у вёску прадаць вяскоўцам дровы. “Будзьце паслухмянымі, як заўсёды”, - сказаў ён дзецям перад тым, як пайшоў. “Нікуды з хаткі не хадзіце, заўтра я вярнуся”. Але ані на другі дзень дадому бацька не прыйшоў, ані на трэці, ані на чацвёрты. Не было яго ўжо сем дзён і сем начэй, і вырашылі дзеці, што пойдуць тату шукаць. На досьвітку яны ўсталі.

Пакуль Марэнка гатавала сняданак, Янічак пайшоў да ручая памыцца. Яшчэ свяціў месячак, а краменьчыкі ля ручая ззялі ў яго святле, нібыты залатыя манеты. Янічку яны спадабаліся, і ён назбіраў іх поўныя кішэні. Пасля сняданку, яны рушылі ў шлях. У вёсцы яны ніколі не былі, толькі ведалі, што яна далёка за лесам у тым баку, дзе заходзіць сонца. Таму яны і пайшлі за сонцам, Янічак шляхам кідаў з кішэні белыя краменчыкі і ведаў, навошта. Ішлі яны цэлы дзень, толькі ў паўднёвую спякоту трошкі адпачылі пад папараццю і трошкі пад’елі.

У лесе рабілася ўсё цямней і цямней, у галлі не было чуваць ніводнай птушачкі, ў траве не зачырванелася ані ягадка. І раптам на ўсё паклася начная цемра. “Давай вернемся дамоў”, сказаў Янічак. “Тата ўжо, напэўна, дома, хвалюецца за нас”. “Як мы вернемся дадому?” – пыталася Марэнка. “Мы заблукаем яшчэ больш і не вернемся” “Дадому трапім”, – казаў Янічак “як толькі выйдзе месяц”.

Чакалі, месяц выйшаў і апошні краменьчык, які Янічак выкінуў з кішэні, ззяў у імху нібы залатая манетка. Ішлі яны назад ад краменьчыка да краменьчыка і на світанні былі дома. Але таты не было нідзе. Вырашылі яны, што пачакаюць яшчэ дзень і ноч. Чакалі чакалі, тата не ішоў, і накіраваліся яны яму насустрач. Гэтым разам Янічак забыўся назбіраць краменьчыкаў. Як-небудзь патрапім, думаў ён шляхам, і тут і там кідаў на зямлю драбочкі хлеба. Зноў яны прыйшлі ў той пусты маўклівы лес, ноч апусцілася навокал нібыта чорнае крысо, і дзеці пачалі баяцца. “Будзем вяртацца”, сказаў Янічак. “Але як?” пыталася Марэнка. “Ты кідаў шляхам краменьчыкі?” “Нешта лепшае за краменьчыкі”, адказаў Янічак. “Толькі пачкай, як выйдзе месяц, пабачыш”. Месяц выйшаў, Янічак агледзеўся, ці не пабачыць у траве драбок, але дзе было тым драбочкам узяцца, птушкі ўсё зклявалі. Дзеці былі не ведалі, што і рабіць. Заначавалі яны на сухім моху пад адной скалой. Яны былі такія стомленыя, што заснулі адразу ж як заплюшчылі вочы. Раніцой, калі сонца паказытала іх павекі, дзеці абудзіліся і пайшлі далей. Яны верылі, што цяпер да вёскі дойдуць. Ледзь яны прайшлі сто крокаў, як раптам лес перад імі адкрыў вялікую паляну. Ранішняе сонейка там пляло каралі з росаў, і першыя пчолкі ўжо размаўлялі з кветачкамі. Пасярод паляны стаяла дзіўная хатка: сцены яе былі цукровыя, дзверы з марцыпанаў, страха з пернікаў, а комін з лядзяшоў. Да яе вяла сцяжынка з цукровых калодачак. Ля шакаладнай галубятні сядзелі цукровыя галубы. Уся хатка пахла прыцягальней за дзесяць кандытарскіх крамаў. Янічак і Марэнка з учора былі галодныя, падбеглі да яе, каб паласавацца гэтымі дабротамі. Марэнка дапамагла Янічку, ён залез на страху і адламаў дзве пернікавыя чарапічкі.

Адну скінуў Марэнцы, за другую прыняўся сам. Пакуль ён так шчасліва ласаваўся, з хаткі пачулася: “Баба, ці не ламае нам нехта сраху?” Другі голас адказаў: “Спі, дзеду, нідзе ані ўзыху”. У дзяцей ад страху кавалак у горле стаў. Марэнка пабегла схавацца за хатку, Янічак залез за комін. Сядзелі ціха, нават не дыхалі. Але Янічак доўга не мог ўстрымацца, паўсюль прывабна пахла печывам, Янічак нестрываў, дастаў з кішэні ножык і аддзёр ад коміна кавалак лядзяша. Як толькі нож зарыпеў аб комін, з хаткі пачулася: “Баба, нехта ёсць каля коміна?” Другі голас адказаў: “Спі, дзеду, гэта вецер вые!” Дзеці спужаліся, і зноў хвілінку сядзелі ціха. Нідзе аднак нічога не варушылася, паўсюль пахла салодкім печывам, яны пасмялелі і пачалі зноў ласавацца. Марэнка выкалупваць міндаль з марцыпанаў, а Янічак па-ціху па страсе пасоўваўся да шакаладнай галубятні. Яму захацелася пакаштаваць цукровага голуба. Пацягнуўся за ім, а калі яго даткнуўся, галубок забуркаваў нібыта жывы: “Вурку, вурку, прыбяры сваю руку, вурку вурку!”

Янічак спужаўся, ледзь не зваліўся са страхі. Ён адсунуў руку, але голуб працягваў крычаць: “Вурку, вурку, сваю руку, сваю руку, вурку, вурку!” “Янічак, бяжы адтуль!”– закрычала Марэнка. Янічак саскочыў долу, паваліўся, але адразу ўскочыў на ногі, схапіў Марэнку за руку, і яны пусціліся на ўцёкі. Прабеглі праз паляну, і бачаць, як з імі бягуць дзед і баба. Янічак і Марэнка забеглі ў лес, віхлялі паміж дрэваў, але ўвесь час чулі, як за імі дзед з бабай беглі “я ўжо больш не магу”, – цяжка дыхаў Яначак. “Уцякайма!” – настойвала Марэнка. “Нельга, каб яны нас злавілі. Гэта можа кепска скончыцца”. Янічак сабраў апошнія сілы, Марэнка глыбока ўдыхнула, і яны пабеглі нібыта ў іх пяты гарэлі. На хвілінку яны зніклі з бабіных і дзедавых вачэй. Дабеглі да ручая, праз які была кладачка. На другім баку стаяў паляўнічы і цаляў у сойку. Дзеці перабеглі праз кладку і закрычалі: "За намі гоняцца дзед і баба з пернікавай хаткі!” Бабы з дзедам яшчэ бачна не было, але ўжо было чуваць як яны сапуць і злосна бурчаць. “Дзеці хуценька” – закрычаў паляўнічы “Бяжыце ўніз уздоўж ручая, я іх затрымаю!” Янічак і Марэнка пабеглі ў той бок, куды ім паказаў паляўнічы. Як толькі яны зніклі за першай вольхай, да калдкі дабеглі баба з дзедам. “Не было тут бачна хлопца, што ўцякаў?” пытаецца баба ў паляўнічага. “А дзеўку?” – пытаецца дзед. “Што-што? Ці мне баліць рука, калі страляю ў сойку?” – адпавядаў паляўнічы.

“Кажу, ці не уцякалі тут двое дзяцей.” “Калі страляю, ці не хоча яна паляцець? Дзе там! Падае з вершаліны нібы ігруша.” “Ты што, глухі? Пытаемся пра хлопца і дзеўку.” “А я думаў пра сойку”. “Уцякалі туды?” “Куды?” “Туды!” “А хто тут мусіў уцякаць?” “Хлопец і дзеўка!” “Туды?” “Туды! Пра гэта і пытаемся!” “А чаму вы не сказалі адразу? Ага, цяпер успомніў. Перабеглі праз кладку і ўцякалі ўверх супраць цечы”. Паляўнічы паслаў дзеда і бабу ў іншы бок. Дзед і баба пабеглі супраць цечы, мо, і дагэтуль бягуць. Янічак і Марэнка ўжо не ўцякалі. Трошкі ішлі ў траве, трошкі папляскалі ў ручаі, ахалодзілі ногі. На змярканні з вечарніцай стаялі дома перад хаткай, на парозе сядзеў тата, паклаўшы галаву на далоні. “Татка, татка!” – крычалі дзеці. Дрывасек ускочыў, усхапіў іх на рукі, і ўсім зноў стала добра.

З чэшскай мовы пераклала Настасся Баярскіх


1. Казка пра пернікавую хатку
2. Пераклады вершаў А. С. Пушкіна.
      Да 1-га Штогадовага Пушкінскага конкурса (2011 год)
        - Дарья Шевко. Kochałem Cię
        - Ольга Глоба. Anioł
        - Ганна Каронта. Баль падчас чумы
        - Ольга Шилак. Хто чуў пра край, дзе неба ззяе
        - Антон Павлович. Część I. Sierżant gwardii


Наверх старонкі || Да зместу

Сайт создан в системе uCoz