Нашы перакладчыкі фальклору

Пераклад фальклору

Знаёмства з культурай розных краін уключае ў сябе і знаёмства з іх вуснай народнай творчасцю. Яно патрэбна і звычайным чытачам, якія хочуць ведаць фальклор іншых народаў, і спецыялістам, зацікаўленым праблемамі ўзаемадзеяння культур, узаемаўплываў, трансфармацыі сюжэтаў і вобразаў, выкарыстання іх у літаратурных творах. Пераклад фальклору – цікавая сфера даследавання, яшчэ досыць мала распрацаваная. Паспрабуем хаця б у больш агульным выглядзе абазначыць асаблівасцей вывучэння перакладчыцкіх праблем, звязаных з пераўвасабленнем вуснай народнай творчасці на іншай мове. Праблем нямала. Фальклор разнастайны па родах і жанрах, усе яны кожны паасобку валодаюць пэўнымі асаблівасцямі, якія ствараюць цяжкасці падчас іх новага ўвасаблення. Найбольш часта перакладаюцца ўзоры фальклорнай прозы: казкі, легенды. З фальклору моўных сітуацый многа перакладаецца прыказак, прымавак, загадак. Якраз іх пераклад найбольш даследаваны, асабліва з мовазнаўчага боку. Магчыма, прычынай таго стала частае ўжыванне гэтых форм у мастацкіх творах – у мове персанажаў, у загалоўках, эпіграфах. Да таго ж гэта адзін з самых складаных відаў перакладу. Прыказкі, прымаўкі, загадкі адлюстроўваюць індывідуальнасць народа, а ў кожнага народа свае традыцыі, звычаі, свая гісторыя, ментальнасць, што адбіваецца на вобразнасці твора, яго змесце і форме. Многа напісана аб тым, што нельга перакладаць фальклорныя фразеалагізмы даслоўна, бо ў такіх выпадках з іх абсалютна знікае сэнс. Успомнім, да прыкладу тое месца з “Яўгенія Анегіна” А. Пушкіна, дзе ён згадвае (у страфе XLVII главы чацвёртай) французскую ідыёму «entre chien et loup», што абазначае вечар, прысмеркі, бо ў французаў лічыцца, што дзень – пара сабакі, а ноч – пара ваўка:

(Люблю я дружеские враки
И дружеский бокал вина
Порою той, что названа
Пора меж волка и собаки...)

Для сваіх чытачоў – прадстаўнікоў рускага дваранства, якое французскую мову часам ведала лепей, чым рускую, Пушкін не палічыў патрэбным перакладаць гэтую ідыёму. Сучасны рускі чытач знаходзіць яе тлумачэнне ў каментарыях. У англічан бытуе прыказка "It rains cats and dogs"., якая даслоўна можа быць перададзена як “дождж ідзе кошкамі і сабакамі”, між тым правільней перакласці адпаведнікам “ліе, як з вядра”. Зусім недапушчальна, аднак, падмяняць як фразеалагізмы, так і цэлыя фальклорныя ўзоры іншанацыянальнымі. Агульнавядомым ужо стаў прыклад з няправільным перакладам англійскай прымаўкі "To carry coal to Newcastle" на рускую мову як “Ехать в Тулу со своим самоваром”. У мове персанажа англійскага апавядання згадка пра Тулу выглядае абсалютна недарэчнай.

Пры перакладзе казак нельга не ўлічваць фонавую памяць рэцыпіента, набытыя ім з дзяцінства ўяўленні пра фальклорныя творы. Іначай казка можа быць успрынята проста як апавяданне, выпадак з жыцця. Гэта асабліва адносіцца да перакладу французскіх казак, у якіх значна менш чараўнічага, дзівоснага, фантастычнага, чым у беларускіх казках, затое больш гумару, а сюжэт зводзіцца да дзеяння, аповяду, мала фантастычных істот. У рускай казцы многа моўных упрыгожванняў, яна больш урачыстая, святочная, светлая, нямецкая ж – больш змрочная, страшная. Перакладчык фальклорнага твора таксама стаіць перад неабходнасць перадаць своеасаблівую афарбаванасць, нацыянальны каларыт, “дух нацыі”, асаблівасці яго псіхалогііі. Вядома, як цяжка, а часам і немагчым аперадаць нацыянальны гумар, пераказаць іншаземцу анекдот. Тут трэбаведаць пэўныя акалічнасці, тонкасці быту, сацыяльных адносін, нацыянальнага характару.

Пераклад фальклорнай паэзіі – былін, гістарычных і лірычных песень, балад, рамансаў, частушак стварае дадатковыя цяжкасці. Перакладчыку тут трэба абапірацца яшчэ ў большай ступені і на веды гісторыі, культуры, геаграфіі, ведаць асаблівасці нацыянальнага і іншанацыянальнага фальклорнага вершавання. Нельга страчваць у перакладзе таксама рытмічнасць, меладычнасць фальклорнага твора.

Асобная праблема для перакладчыкаў узнікае падчас перакладу рознага рода фальклорных рэмінісцэнцый, алюзій, цытат, а то і поўнага ўключэнняў у мастацкі твор песень, рамансаў, паданняў і іншых узораў фальклорных жанраў. Інтэртэкстуальныя адсылкі цяпер вельмі папулярныя, яны могуць мець розныя функцыі, але звычайна іх увядзенне мае на мэце устанавіць пэўныя сувязі паміж аўтарам і чытачом, паміж сучасным і мінулым. Калі ж чытач не зможа ў перакладзеным творы ўлавіць, расшыфраваць гэтыя сувязі, то многае страціць. Простае тлумачэнне ў каментарыях ці зносках зніжае мастацкія вартасці перакладу, абцяжарвае разуменне, успрыняцце твора. І перакладчыкам даводзіцца ў кожным канкрэтным выпадку шукаць арыгінальнае рашэнне, зыходзячы са свайго разумення магчымасці пэўных кампенсацый, падстановак, перайначанняў.

Перанос чытача ў іншанацыянальны фальклорны свет патрабуе пэўнага прыстасавання, адаптацыі, каб ён мог лягчэй увайсці ў гэты свет, палюбіў яго. Зразумела, што нельга “абеларушваць”, пераніцоўваць на свой лад ні сюжэт, ні персанажаў, ні прыёмы замежнага фальклору. Пэўная экзатычнасць, непадобнасць яго не павінны знікаць. Вядома, лягчэй перакладаць фальклорныя творы народаў-суседзяў, у іх сустракаюцца сходныя сюжэты, многа агульнага ў выкарыстанні прыёмаў. абмалёўцы персанажаў.

Міхась Кенька,
кандыдат філалагічных навук,
дацэнт кафедры тэорыі літаратуры БДУ.


1. Кенька Міхась. Пераклад фальклору.
2. Лямніцкая Кацярына. Пераклады польскіх легенд.
3. Рыжкова Екатерина. Перевод стихотворения Г.Гейне “Лореляй”.

Сайт создан в системе uCoz