Альманах "Дзьмухавец"
Гісторыя філфака ў асобах
ПРАЧЫТАНА І ТВОРЧАСЦЬ, І ЎСЯ ІСТОТА ГЕНІЯЛЬНАГА ТВОРЦЫ
Водгук на кнігу: Тамара Нуждзіна “Ніл Гілевіч:
маштабнасць таленту і веліч асобы”

Амаль дваццаць гадоў таму – тады была яшчэ наіўнай шкаляркай, якая, у адпаведнасці з нормамі юначага максімалізму, дзяліла свет толькі на чорнае і белае, – мяне здзіўляла і абурала абсалютная сухасць і эмацыянальная ўніфікаванасць школьных падручнікаў па літаратуры. Заўсёды, калі даводзілася знаёміцца з біяграфіяй і творчасцю таго ці іншага пісьменніка, амаль пасля кожнага сказа ці абзаца глядзела ў столь, нібы там было напісана нешта больш цікавае і непаўторна-індывідуальнае ў адносінах аўтара (аўтараў) да кожнай творчай асобы. Была шчыра пераканана ў тым, што немагчыма спасцігаць і разумець праз бяздушныя лічбы і сухія, як калючая жоўтая трава ў ліпеньскую спёку, факты, сапраўдны талент, бачыць постаць майстра без усялякай рэтушы, тонка адчуваць магію мастацкага слова.

Здавалася, што аўтары падручнікаў наўмысна робяць усё магчымае і немагчымае, каб узвесці велічэзную сцяну паміж вучнямі і мастакамі, каб ператварыць апошніх у музейныя экспанаты – вечныя, заспіртаваныя, пазбаўленыя ўласнай унікальнасці. І марылася аб тым, каб убачыць сярод звыклай падручнікавай інфармацыі што-небудзь трапнае, сакавітае і цікавае, што б давала магчымасць убачыць асобу мастака, а не бясконцыя ярлыкі і шыльды.

Ішоў час. Наіўнасць змянілася скепсісам, а максімалізм – цвярозым разлікам. Аднак дзіцячая мара аб незвычайным падручніку ці манаграфіі настолькі трывала засела ў галаве, што высяліць яе адтуль не змаглі ні час, ні новае светабачанне, ні веды. Праўда, чым больш даводзілася чытаць, тым усё больш кволай рабілася надзея.

І, напэўна, таму, калі параілі пазнаёміцца з кнігай Тамары Нуждзіной “Ніл Гілевіч: маштабнасць таленту і веліч асобы”, аднеслася да прапановы з пэўным спакоем. Яшчэ адна манаграфія. Мабыць, такая ж, як і многія іншыя. Але прыродная дапытлівасць узяла верх.

Наогул, я ў цуды не веру, але тое, што адбылося, – варта было раскрыць кнігу і прачытаць літаральна некалькі старонак, – як цудам інакш назваць немагчыма. Зніклі недавер і скепсіс, на змену ім прыйшлі здзіўленне і шчырае захапленне. З аднаго боку, гэта – выдатная літаратуразнаўчая работа, прасякнутая грунтоўным, дзесьці філасофскім аналітызмам. З другога – глыбокае і тонкае літаратуразнаўчае эсэ, у якім арганічна спалучаюцца трапныя назіранні і абгрунтаваныя, дакладныя, незвычайныя і нават парадаксальныя высновы з канкрэтнымі фактамі жыцця пісьменніка і чалавека Ніла Гілевіча, яго непасрэднымі ацэнкамі, прызнаннямі, каментарыямі, што дазваляе злучыць у адно непарыўнае цэлае твор і асобу мастака. А гэта асабліва важна ў школьнай практыцы гуманітарнай адукацыі, калі твор нават выключнай мастацкай дасканаласці аналізуецца без уліку тых абставін і фактаў, якія выклікалі адпаведны рэзананс у свядомасці, душы, светапогляднай сістэме творцы, прымушалі ўзяцца за пяро.

У гэтым сэнсе даследаванне каштоўнае не толькі канцэптуальнасцю навуковых падыходаў да разумення і выяўлення сутнасці мастацкага мыслення творцы, але і глыбінёй асабістай пражытасці лёсу народнага паэта Ніла Гілевіча. Нельга не заўважыць і таго, як далікатна, карэктна ўводзяцца ў кантэкст даследавання тыя моманты жыцця, калі дарогі пісьменніка і будучай даследчыцы яго творчасці перасякаліся, пачынаючы з той пары, калі першакурсніцай слухала лекцыі выкладчыка-навукоўца і вядомага паэта. Такія ўспаміны прасякнуты глыбокай павагай, шчырым захапленнем і цёплай удзячнасцю. Тон такіх разваг падкупляе натуральнасцю інтанацыі, дакладнасцю думкі, а слова кладзецца ў сказ з нейкай асобай слухмянасцю і стылістычнай выверанасцю. Вось так, напрыклад, як у тым выпадку, калі ліст Ніла Гілевіча, дасланы ў Мазыр, акрэсліў новы, ужо даследчыцкі этап у дачыненнях з творчасцю паэта. Бо раней “нават і блізка не было таго адчування, што можна будзе набраць хатні нумар Ніла Сымонавіча, пачуць яго крыху перарывістае “Слухаю”, а пасля гаварыць пра літаратуру, час, пра творы і творцаў”. Зрэшты, у крыштальнай праўдзівасці гэтых слоў мазырскай даследчыцы давялося пераканацца асабіста. Памятаю, як аднаго разу марна спрабавала дазваніцца ёй: гадзіну слухала толькі дробны пульс зумера. А потым, у адказ на маю скаргу, што, маўляў, дазваніцца ў Мазыр цяжэй, чым у Белы дом, Тамара Сяргееўна абсалютна спакойна паведаміла, што гаварыла з Нілам Сымонавічам. “Няўжо так доўга?” – падумалася тады. І ўжо значна пазней, калі асабіста пазнаёмілася з паэтам, а гэтага вымагала работа над навуковай тэмай аб ролі эпісталярнай, дзённікава-мемуарнай літаратуры ў расшыфроўцы мастацкага свету твораў самых значных майстроў айчыннага слова, талент якіх асабліва ярка раскрыўся ў 2-й палове ХХ стагоддзя. Вось тады і зразумела: з ім можна гаварыць не гадзінамі, а гадамі, слухаць мудрыя парады і трапныя заўвагі, вучыцца неверагоднай жыццёвай мудрасці і невядомым дагэтуль тонкасцям і глыбіням роднай мовы.

Менавіта ад мовы – народнай, густой, сакавітай, ад народных песень і казак, “ад калыскі” пачынаецца ў кнізе знаёмства з Нілам Гілевічам – з чалавекам, асобай, творцам: “Іначай, як абранасцю, не вытлумачым той факт, што менавіта ён атрымаў у спадчыну ўнікальны прыродны дар дзеда”... Мазырская даследчыца ўмела і прафесійна выкарыстоўвае асабістую абазнанасць, успаміны і творчыя набыткі пісьменніка, вопыт іншых літаратуразнаўцаў і пісьменнікаў-сучаснікаў, каб пераасэнсаваць іх, перажыць. У выніку такой сапраўды шматграннай апрацоўкі чытач атрымлівае кардынальна новае і, мажліва, найбольш поўнае ўяўленне аб тым, якім чалавекам был Ніл Гілевіч і як выплаўляўся, узрастаў яго талент.

Даследаванне складаецца з двух раздзелаў, у якіх вылучаны асабліва істотныя моманты, што ўплывалі на фарміраванне таленавітай душы хлапчаняці з Лагойшчыны – радаводныя вытокі, вясковы лад жыцця, мясцовая народнапесенная культура, школа, педвучылішча, універсітэт, аспірантура, выкладчыцкая дзейнасць, навуковая і літаратурна-мастацкая сфера быцця, а за ўсім гэтым сур’ёзная школа творчага засваення вопыту яркіх майстроў слова – ад вялікага Купалы, чый талент узрасціла лагойская зямля, да засваення мастацкай культуры народаў свету і далучэння да боскіх вышынь святасці, без якіх немагчыма ўзвесці ні храм душы, ні храм творчасці, дзе ўсё асвечана вялікай любоўю і высокай праўдай. Тактоўна, з асобай дасведчанасцю ў складаных перыпетыях жыццёвага і творчага лёсу пісьменніка вядзецца літаратуразнаўчае асэнсаванне многіх аспектаў праблем, заяўленых у кожным раздзеле. А ў тым, што душа Ніла Сымонавіча была шчодрай на цеплыню і любоў да людзей, пераконваюць і мае асабістыя ўражанні ад сустрэчы з паэтам.

Дваццаць другога сакавіка дзесьці а дзясятай ранку, задыхаючыся ад хуткай хады, націснула на званок кватэры Ніла Сымонавіча. Пісьменнік сустрэў ветліва, з уласцівай яму вытанчанай, прыроднай далікатнасцю. Пасля кароткай размовы пакінуў на кнізе даследчыцы такі аўтограф: “Дарагія Валянціна і Павел Навіцкія, дазвольце падзяліцца з вамі радасцю, якую падарыла мне гэтай геніяльнай кніжачкай слаўная Тамара Сяргееўна. Здароўя і шчасця вам, мае даражэнькія. ” І дата: 22.3.16. Тады, калі пакідала кватэру Ніла Сымонавіча, не думала, што бачу яго ў апошні раз.

Учытваюся ў кнігу. І зусім па-новаму акрэсліваюцца маштабы ўнікальнага прыроднага таленту творцы, а разам – ужо праз тую апошнюю сустрэчу – бачыцца і постаць вялікага Майстра.

Валянціна Навіцкая, магістр філалагічных навук

Гісторыя філфака ў асобах