"Вухам да зямлі"

Ларыса Мікалаеўна Рыжкова пра этнафоназнаўчыя праблемы

Узорны фальклорны ансамбль "Калыханка"
Міханавіцкага Дома фальклору, Мінскі раён.
Кіраўнік – Л.М. Рыжкова

Ансамбль Калыханка створаны ў 1989 годдзе. Ў рэпертуары каляндарна-абрадавыя, сямейныя, лірычныя, дзіцячыя песні, карагоды, гульні, казкі розных гісторыка- этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі. Ў рэпертуары ёсць песенныя комплексы для святкавання Каляд, Масленіцы, Гукання Вясны, Зялёных святак, Купалля, Дажынак, Багача, Вяселля і Радзін. На Раждство Хрыстова і Вялікдзень ансамбль спявае ў праваслаўнай царкве ў гонар свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага ў Міханавічах. Ансамблем запісаны і выдадзены дыск “Калыханка” з песнямі каляндарнымі і лірычнымі з розных рэгіёнаўБеларусі. І дыск “Душа мая” з духоўнымі вершамі, запісанымі ў Іванаўскім і Жыткавіцкім раёне фалькларысткай і даследчыкам фальклору Аленай Боганевай. Ёсць і праграма “Куманёк” са сказак, гульняў, забаўлянак для дзяцей. Ансамбль выступаў у Польшчы, Германіі, Францыі, Сербіі, Малдове, Расіі, Украіне. З’яўляецца дыпламантам і лаўрэатам фестываляў “Музыка ўтрацона” ў Кракаве і “Найстаршы песні Еўропы” ў Любліне, “Красная горка” ў Бранску, “Покуць” у Харкаве, тэлефестываля “Песні маёй краіны” ў Беларусі і інш. З Легендай расійскага рока Вячэславам Бутусавым ў 2000-ым годдзе ансамбль выступаў у Мінску (КЗ “Мінск”), Ў Санкт-Пяцербургу (КЗ “Акцябрскі”) і ў Маскве (КЗ “Расія”. Галоўная задача педагагічнай сістэмы, існуючай ў Міханавічах, – зрабіць фальклор мінулых эпох справай блізкай і арганічнай для сучасных дзяцей і моладзі.



ЗАЛАТОЕ СЯЧЭННЕ ГУКА
( спроба пастаноўкі праблемы)


На працягу 25-ці гадоў Узорны фальклорны ансамбль Калыханка ў Міханавічах ажыццяўляе эксперымент па слухавому навучанню дзяцей мастацтву фальклорных спеваў. Сёння ёсць пэўныя наработкі, выраслі вучні. Прыйшоў час і арганічная патрэба пералічыць і обазначыць свой вопыт і, можа быць, спатрэбіцца з ім іншым энтузіястам слухавых спеваў.
Нотная перадача музыкі мысліцца па сённяшнім часе адзіна магчымай. Аднак слухавое навучанне больш арганічна для фальклорных спеваў. Ноты не перадаюць музычны дыялект, які бясспрэчны ў традыцыі. Слухавое навучанне актуальна і ў царкве, дзе ў вясковых прыходах бывае спяваюць пажылыя жанчыны, выхаваныя на фальклорных спевах і ім складана спяваць з нотных лістоў. Маладым рэгентам можа быць цікава інфармацыя пра магчымасці і асаблівасці народнага слухавога спявання. Тым больш, што царкоўная музыка, як і ўся музыка, колісь была слухавой.
А як спяваць з малымі дзеткамі? Хоць бы калыханку? Бегчы к інструменту? Як развучыць з дзецьмі народную гульню ў полі? Каля ракі? Як перагуквацца ў лесе? Як расказаць дзіцяці казку з песенкай тыпа “Піліпка-сынок, маляваны чаўнок…” Ўсё з гэтай разнастайнасці жанраў стваралася, існавала і перадавалася ад чалавека да чалавека вусным шляхам.
Калі глянуць на гарадскія спеўныя традыцыі, то таксама можна пасумаваць. Яшчэ не так далёка тыя часы, калі моладзь збіралася каля вогнішчаў ў турпаходах, на лавачках каля пад’ездаў, каля школ, каб паспяваць пад гітару, ці без яе. Альбо пахадзіць прыгожым маладым шэрагам, з гітарыстам у цэнтры, па вуліцах роднаго раёна Цяпер такія эпізоды мы бачым толькі ў старым кіно. І не таму, што няма рэпертуара. Прыгожых, чыстых, моцных галасоў, як масавай народнай з’явы, ужо, нажаль, няма.
Вусны спосаб існавання музыкі быў дэмакратычным, даваў магчымасць кожнаму чалавеку выразіць сябе ў спевах, ігры на музычных інстрементах, і рабіў настаўнікаў музыкі людзьмі не так занятымі, таму што людзі вучыліся “чалавек ад чалавека” ў момант выканання музыкі. Вучыліся ў лепшых, прызнаных у сваёй групе спевакоў і музыкантаў. А падручнікам быў традыцыйны, ці модны на той час рэпертуар.
Я помню са свайго дзяцінства ў Віцебску, як наша сям’я збіралася ў нядзелю на абед. Звычайна прыходзіла ў госці сям’я якога-небудзь майго дзядьзькі ці цёткі. А пасля абеда ўсе пачыналі спяваць. Існаваў вялікі гарадскі рэпертуар застольных і любімых песен. У дні святаў і пры спрыяльным надвор’і ўсе выходзілі на вуліцу. З’яўляліся музыканты з другіх кватэр са скрыпкамі, цымбаламі, гармонікамі, бубнамі. І атрымліваліся сапраўдныя танцы. Цяпер, канешне, такое пышнаквецце народнай культуры ў нашым двары ў Віцебску ўжо не ўсе і помняць. А ў вёсках Беларусі такія эпізоды ўзнікаюць і сёння. Сведкі таму фалькларысты і ўдзельнікі розных фальклорных экспедыцый. Нажаль толькі не кожную нядзелю і не кожнае свята гучаць у вёсках традыцыйныя інструменты і традыцыйныя спевы.
Яшчэ я помню з свайго дзяцінства, як кожны год на школьных і гарадскіх навагодніх ёлках дзеці спявалі ў карагодах «В лесу родилась ёлочка», «Маленькой ёлочке холодно зимой» «Мишка косолапый по лесу идёт» і іншае. Рэпертуар быў нязменны. Спявала ўся зала громка і чыста. Без акампанімента. Песні папярэдне вучылі- ўспаміналі дома, у дзіцячым садку, ў школе. Кожная настаўніца, выхавацельніца, нянька, паварыха, мама, папа, бабуля, дзядуля, сястра, брат, цётка, дзяцька, ведалі гэты рэпертуар. Песні навагоднія выконваліся раз у годзе, былі чаканымі і вядомымі.
Цяпер да кожнага свята ў садках, школах, клубах штогод вучаць новыя песні. Дзеці, як і раней, становяцца перад гасцямі і Дзедам Марозам і пяюць.Аднак пяюць часцей фальшыва, забываюць “наступны куплет”. І родныя людзі не могуць ім дапамагчы, бо не чулі раней гэты новы рэпертуар. Атрымаўшы падарункі, дзеці вучаць песні да новага свята. Аднак, калі спяваць фальшыва, музычны слых так і не сфарміруецца. Слых пачынае будавацца хоць бы ад адной лічылачкі, прапетай чыста. Ведаючы гэта, ансамбль Калыханка імкнецца спяваць чыста, трапляць у “залатое сячэнне гука”. І слухавое спяванне і добры густ, звычайна, даюць такі вынік.



АД ЧАЛАВЕКА ДА ЧАЛАВЕКА

Фальклор узнік і існаваў у часы непісьменства, калі словы і музыка былі не зафіксаваны на паперы буквамі і нотнымі знакамі. Інфармацыя перадавалася голасам непасрэдна ад чалавека да чалавека. І, канешке ж, належыла чалавеку. Гадуючы, навучаючы, забаўляючы дзіця, маці, ці бабуля спявалі калыханкі, песенкі, расказвалі казкі, павучальныя гісторыі. І рэпертуар дыктаваўся сітуацыяй, настроем дзіцяці і самой нянькі. Спявалася тое, што хацелася праспяваць, расказвалася тое, што хацелася расказаць. І слухач і выканавец знаходзіліся ў стане радасці, творчасці, імправізаціі.. Усё было сіюмінутна, максімальна служыла моманту жыцця.
Я заўсёды успамінаю карціну знікаючай сёння ў многіх народаў педагагічнай сітуацыі. Было гэта ў канцы 90-х гадоў мінулага века ў горадзе Харкаве на Ўкраіне. Я з ансамблем Калыханка жыла там некалькі дзён ў гатэлі “Харкаў”. Мы удзельнічалі ў фальклорным фестывалі “Покуць”. Побач з намі некалькі пакояў займалі цыганы. Дарослыя, немаўляты і старэйшыя дзеці днём адсутнічалі. У гатэлі заставаліся 2-4-х гадовыя члены вялікай сям’і. Дзверы былі шырока расчынены, дзеці гулялі на калідоры і ў пакоях. З расчыненых дзвярэй за імі назіралі пажылыя жанчыны, якія, не хаваючыся ( цыганам ні адна адміністрацыя не магла гэта забараніць), варылі ў вялікіх каструлях на электраплітках абед. Смачна пахла і дзеці час ад часу падбягалі да адной з паварых, заскоквалі на ложкі, якія былі шчыльна прыдзвінуты да стала і глядзелі і нюхалі тое, што скора чакала іх у талерцы. Паварыха адразу пачынала нешта распеўна гаварыць, спяваць на сваёй мове. Дзеці ўважліва слухалі яе, разявіўшы роцікі, глядзелі то ў каструлю, то на расказчыцу і спявачку.. Нарэшце, гублялі інтарэс і беглі далей. Вельмі хутка яны былі ўжо каля другой, трэцяй паварыхі. І там ўдыхалі новы арамат і слухалі новыя маналогі. Цыгане не хочуць аддаваць дзяцей у школу можа таму, што ў іх ёсць свая сістэма перадачы ведаў, мовы, музыкі і іншага. Відаць, цыганскія мужчыны, вярнуўшыся з промыслу і апынуўшыся побач з дзецьмі, таксама не гублялі час і вучылі іх таму, што самі ведалі. А яшчэ таму, што неабходна чалавеку для здаровага і разумнага жыцця ў сваёй сям’і, са сваім народам.
А сёння мы жывем у часы пісьменства, літаратуры, падручнікаў, методык і метадыстаў. І ўся сістэма адукацыі пільна сочыць за педагогам, каб усё было па праграмах і “ ўзгоднена”. І бацькі, ведаючы, што іх дзеці ў садку, ці ў школе абучаюцца па “ўзгодненых” праграмах, недаацэньваюць сваю ролю і свае магчымасці ў выхаванні.