Рыхтуем да выдання
foto

НАРАТЫЎНАЯ НЯКАЗКАВАЯ ПРОЗА

1. ЛЕГЕНДЫ

Легендарная проза уключае ў сябе:

1) міфалагічныя легенды з падзелам на:
• касмаганічныя (пра стварэнне свету і яго асобных частак),
• заагенічныя (пра з’яўленне жывёл, птушак, раслін),
• антрапагенічныя (пра паходжанне чалавека),
• эсхаталагічныя (пра канец свету ці яго частак);

2) гістарычныя легенды, у якіх падаюцца міфалагізаваныя звесткі аб этнічнай гісторыі беларусаў, аб паходжанні іх асобных груп (напрыклад, палешукоў і палевікоў), расказваецца аб першых насельніках беларускай зямлі, гістарычных падзеях мінулых часоў, ёсць указанні на гістарычных асоб, грамадскія адносіны і г. д.;

3) тапанімічныя легенды, звязаныя з геаграфіяй пэўнай мясцовасці, яе памятных ландшафтных аб’ектаў, з паходжаннем гарадоў, вёсак, азёраў, рэк, урочышчаў, курганоў і іх назваў; ад гістарычных легенд яны адрозніваюцца дамінантнай мэтай: тапанімічныя легенды скіраваны на тое, каб даць гістарычнае або псеўдагістарычнае тлумачэнне паходжання назваў геаграфічных аб’ектаў;

4) маральна-этычныя легенды, галоўны матыў якіх – пакаранне за зло і ўзнагарода за дабро. Большая частка гэтых легенд развівалася ў рэчышчы народнай хрысціянскай культуры.

Жанравыя асаблівасці легенд

Цэнтрам сюжэтнага дзеяння легенд, да якой бы жанравай разнавіднасці яны ні належалі, выступае падзея, характар наступстваў якой з’яўляецца значным як мінімум для насельніцтва пэўнага паселішча або мясцовасці, максімум – у сусветным маштабе. Часцей за ўсё гэта ўнікальныя падзеі, наступствы якіх нельга змяніць ці выправіць: «Раз дзялілі два браты жыта, і пакуль адзін брат нёс жыта ў засеку, другі адсыпаў яму свайго. Так яны і перасыпалі жыта адзін аднаму. За тое іх Бог узлюбіў і ў месяц узяў. Дык во яны там здароўкаюцца». У легендах расказваецца аб падзеях мінулага, верагоднасць якіх для носьбітаў вусна-паэтычнай традыцыі не падлягае сумненню. Легендавым апавяданнем ствараецца своеасаблівая гісторыя, якая пачынаецца з часоў стварэння зямлі і цягнецца дагэтуль. Падзеі, пра якія расказваецца ў асобных легендах, з’яўляюцца падрабязнасцямі гэтай квазігісторыі і адрозніваюцца большай або меншай ступенню міфалагізацыі.

<…>

Дзеянне легенды, калі б яно ні адбывалася адносна моманту апавядання, – у нявызначана-мінулым часе («даўно», «вельмі даўно») або ўжо ў «гістарычным» і больш канкрэтна пазначаным («калі татары ваявалі») ці нават у эсхаталагічнай будучыні – заўсёды мае выйсце на цяперашняе, бо яно непарыўна звязана з ім прычынна-выніковымі сувязямі. У тэксце на гэта паказваюць спасылкі апаведача на рэчы, якія існуюць з тых часоў, калі адбыліся падзеі, па сённяшні дзень і тым самым пацвярджаюць іх сапраўднасць: «Камень той і зараз там ляжыць…»; або цяперашнія назвы ці заведзены парадак жыцця: «Там, дзе зараз стаіць Крычаў, некалі людзі прыносілі афяры сваім багам. Але раз прагучаў голас зверху, які загадаў кінуць паганства і хрысціцца. Ад таго крыку і назвалі гэта месца Крычаў».

Для стылю жанравага выказвання легенд характэрна тлумачальна-філасафічная накіраванасць, што ў тэксце можа выражацца праз пытанні («Ці ведаеце, скуль узяўся мядзведзь?...») і адпаведныя адказы («Дак от адкуль буслы ўзяліся...»).

МІФАЛАГІЧНЫЯ ЛЕГЕНДЫ

АДКУЛЬ НА ЛАГОЙШЧЫНЕ ГОРЫ

Вы бачылі, што ў нас тут на Лагойшчыне гор многа. Дык вось як гэта было, як яны тут сталі. Гэта даўно было, як толькі свет зараджаўся, патоп быў, вады многа было. Дык тая вада вельмі шумлівая была. Унесла яна шмат зямлі і камення рознага. Дзе лясы былі, гэтыя пяскі і каменні асядалі. Дзе лес вышэйшы – там і гара высокая, а дзе лес ніжэйшы – то там і горачка нізкая. Гэта вада аж да Чорнага мора дайшла. А калі ішла, то многа яе ў зямлю ўходзіла, і к Чорнаму мору гэтай вады ўжо не стала. Лясоў там таксама не было, і таму на Украіне раўніны.

Зап. Валюшыцкая В., Гунка Т., Жарыкава А., Камінскі А. ад Дабрагоста К. М. у в. Радзькавічы Лагойскага раёна Мінскай вобласці

МУЖ І ЖОНКА

Жыў муж з жаною. І ніколі да канца не даслухвалі, што ім гавораць. Прыйшоў к ім чалавек і прынес халат, каб яны купілі. І гаворыць ім: “Зашпіліцеся на адну пугавіцу – падыміцеся на адзін аршын, на два гузіка – на два аршына. А як на ўсі адразу – на неба ўзляціце. А яны не спыталі, як назад вярнуцца. Адразу на ўсе зашпілілі і ўзляцелі. Паляцелі і датуль ляцелі, пакуль не ўпалі ў рэчку. І людзі гавораць, што ён ператварыўся ў арла, а яна ў рыбу.

Зап. Працэпка А. Я. у 1987 г. ад. Яраш Г. У. (1910 г. н.) у в. Казлы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці

ПРА ЖАНЧЫНУ

Як пан Бук свет рабіў, зрабіў ён людзей. Сначала Адама з гліны, што змінаў з слінай сваёй. А як зрабіў Адама, дык стаў рабіць Эву з рабра адамавага. Але ж змогся і ён, пан Бук, і заснуў. А ляцела сабака і костку сцягнула. Пан Бук за сабакай паляцеў, але костку не адабраў. Толькі хвост адарваў. Ня мог таго рабіць, дык пан Бук з хваста сабачага зрабіў Эву. Таму цяпер жанчыны, як хвост сабачы, туды-сюды целяпаюцца і звягаюць, як сабакі.

Зап. Вайцяховіч М. І. у 1998 г. ад Менжынскай Ф. А. (1905 г. н.) у в. Краснае Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці

ПРА ВОЛАТ-КАМЕНЬ

А вот ішчэ табе раскажу пра камень, што на гэтай во гары стаіць. Жылі тут два браты-волаты – Іван і Фёдар. Былі яны такія вялікія, высокія, так людзі іх назвалі Дубам і Ясенем. Пасорыліся яны з-за зямлі, каму які пляц, і рашылі спор рашыць сілай. Прынеслі самы вялікі камень, у рост чалавека, і сталі біць кулакамі. Білі, білі, а толька дзве трэшчыны пайшлі. А браты змагліся і памёрлі. Пахавалі іх пад каменем. А на другі год выраслі каля каменю дуб і ясень, але і посля смерці не памірыліся – ніколі лісты іх не сплятаюцца. А камень той назвалі Волат-камень.

Зап. Вайцяховіч М. І. у 1998 г. ад Менжынскай Ф. А. (1905 г. н.) у в. Краснае Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці

ЛЕГЕНДА ПРА СІНЮЮ ВАДУ

У Клінах жыла дзеўка, і яна любіла парня беднага. А яе бацька хацеў замуж аддаць за багатага. А яна: «Як іцці за багатага, лучшэ крыніцай быць». Дзеўка преўрацілася ў крыніцу, выходзіць із крыніцы як русалка.

Туда хадзілі, прыязджалі і з Кіева, і з Масквы маліцца, з усяго света туды прыязджалі. Камуністы рашылі запрэціць, не сталі нікаго пускаць. А ў калхозе іздохлі свінні, іх у крыніцу кінулі. Крыніца развушылася і затапіла весь луг. Тагда ўсе адгарадзілі, вычысцілі, сталі снова людзі маліцца.

Людзі відзелі, што выходзе з вады дзеўка красівая, расчосвае валасы длінныя. Як хто ідзець, то ў ваду акунаецца.

Зап. Гарэлікава М. ад Ганчаровай М. Д. (1930 г. н.) у г. Гарадок Віцебскай вобласці

МАЦУК-КАМЕНЬ

О! Які гэта быў вялізны камень! Вось такі, як хата. Такога каменю ва ўсей акрузе не было. З усіх бакоў круглы, а зверху плоскі як далонь. На яго ўзлесці было цяжка. Пастухі падводзілі каня і толькі з каня ледзь ускарабківаліся. Розныя чуткі хадзілі пра гэты камень. Адны разказвалі, што жыў непадалек ў балоце нейкі дзіны чалавек, ці то Мацук, ці то Мацу-чарнакніжнік. Жыў ён адзін, ні да кога не хадзіў. А потым знік. Казалі, што ў балоце нехта крычыць, нібы напомач заве, а непадалёк ад хаты, якая згарэла, з’явіўся камень, нібы з зямлі вырас. А быў на ім рысунак, а можа хто высек твар чалавека. Пад восень, расказвалі старыя, на камяні нехта ноччу сядзеў і плакаў, можа і жанчына. Пасля вайны камень закапалі ў балота. Ён патануў, як той Мацук, калі гэта праўда.

Зап. Гарбачова Н. В. у 2004 г. ад Гарбачова А. І. (1935 г. н.) у г. Бягомль Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці

ЗАКЛЯТЫ НАРОД

Раней тут людзі жылі скрозь: і на балоце, і ў лесе. Вось за тое здані і здаюцца. Тут жыло многа чараўнікоў. Вось і былі закляты крыніцы, грошы. А яшчэ, казалі старыя, быў такі зачараваны народ, закляты такі. А заклялі яго чараўнікі. Старыя казалі, што днямі іх няма, а ноччу тады ходзяць.

Бывае, па лясу які чалавек ідзець, а яму кажацца, што хтосьці завець: «Ідзі сюды». А падойдзеш, там нікаго няма. А як праз Гарадзец ідзеш, то кажацца, што там таньчаць, паюць вакол цябе. А хто, дзе – бог яго ведаець.

Зап. Кавалеўская А. С. у 2002 г. ад Бадуна Р. К. (1909 г. н.) у в. Антонава Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці

ГІСТАРЫЧНЫЯ ЛЕГЕНДЫ

СОПАЧКІ

Калісь даўно вязлі з нейкай вайны нейкага галоўнага цара царэй. Так вось, як там яго вязлі на вазу, што стаў ён развалівацца. Тут, каля нас, вываліліся вантробы. Ну, і насыпалі вялікую гару. Павязлі далей. Адарвалася ў яго рука, кажуць, недзе ля Адамова, і яе так жа засыпалі. Вось так тут курганоў скрозь і панасыпалі.

Зап. Кавалеўская А. С. у 2002 г. ад Батурынай Г. М. (1923 г. н.) у в. Антонава Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці

ПРА БЯРОЗЫ

А яшчэ вот пра гэтыя бярозкі, што на гасцінцы растуць. Гэта ж некалі яшчэ ехала Кацярына, дык каля гасцінцу – голае поле. Дык непрыгожа. І каб Кацярына не ўгнявілася, пасадзілі кругом бярозкі. От яны ад таго часу і растуць у нас. А як ехала Кацярына, дык спадабаліся ёй надта малодзенькія бярозкі, і яна пажадала, каб яны век былі такія. Так вот яны і зараз маладзенькія.

Зап. Вайцяховіч М. І. у 1998 г. ад Менжынскай Ф. А. (1905 г. н.) у в. Краснае Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці

ГАРАДЗЕЦ

Кажуць, даўней, жылі тут людзі. Недзе тут, на Гарадцы. Плавалі па Дзвіне на лодках. Но было гэта так даўно, што старыя і не помняць калі. Рабілі людзі віно і вазілі на лодках прадаваць. А хавалі гэта віно ў каменных склепах. А як віном таргаваць перасталі, так і плаваць тут перасталі, жыць на Гарадцы.

Вось з таго часу людзі і знаходзяць тут то паўкірпіча, то цэлы кірпіч. Кажуць, гэта з тых склепаў, тых людзей. Мы, як малыя былі, так пачулі пра гэта і хадзілі на гэты Гарадзец, капаць яго, віно шукаць. Но колькі ні шукалі, нічога не нашлі.

Зап. Кавалеўская А. С. у 2002 г. ад Іванова А. Г. (1940 г. н.) у в. Княжыцы Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці

ТАПАНІМІЧНЫЯ ЛЕГЕНДЫ

ПРА НАЗВУ ДОКШЫЦЫ

Існуе легенда, што Расійская імператрыца Кацярыны Другая у час падарожжа з Санкт-Пецярбурга ў Крым, на «новыя землі», праязжала праз нашу мясцовасць. Дарога была ня лепшай якасці, імператрыцу падкідывала на калдобінах, але раптам карэта паехала роўненька і плаўна. Яна выглянула ў акно – ехалі праз паселішча і маставая была засланая дошкамі. «Дошчачкі! Дошчачкі!»- быццам бы ускрыкнула Кацярына Вялікая. А мясцовыя жыхары, не дачуўшы, назвалі мястэчка Докшыцамі.

Зап. Гарбачовай Н. В. у 2004 г. ад Гарбачова А. І. (1935 г. н.) у г. Бягомль Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці

ГЛЫБОКАЕ

Глыбокае існуе вось ужо 400 год. Вельмі многа было раней памешчыкаў тут. А адзін памешчык меў вельмі многа іменняў ад Вільнюса і ў гэту мясцовасць, а другі быў памешчык Корсак, які быў бедным панам, але меў добрых коней. А аднойчы яны сустрэліся ў Вільнюсе, дзе разам яны елі і пасля заспорылі. Адзін гаварыць, што мае многа іменняў. А другі спорыць, што зможа іменні яго аб’ехаць за суткі. І вось на сваіх добрых конях ен паехаў у Слабаду (так ране звалося Глыбокае). І едучы, у возера загнаў сваю лошадь, бо яму не жалка было. І мястэчку далі назву Глыбокае.

Зап. Маляўка Т. У. у 1996 г. ад Каліцкага А. К. (1920 г. н.) у в. Дунілавічы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці

БЕШАНКОВІЧЫ

Кажуць, даўным-даўно на месцы Бешанковіч была толькі адна хата. Там жылі браты Беш і Якаў. Адзін кравец, другі шавец. Пачалі да іх прыязжаць гандляры, стаў кірмаш. Хутка ўзнікла паселішча, назва якога ўтварылася ад імёнаў знакамітых братоў – Бешанковічы.

Зап. Вільтоўская А. А. у 2005 г. ад Берасцень А. К. (1938 г. н.) у в. Філіпенкі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці

ПРА РАДАШКОВІЧЫ, КРАСНАЕ І МАЛАДЗЕЧНА

От яшчэ адна табе легенда, як ты гаворыш. Дык то ж не легенда, а сапраўды так было. Ехала неяк Кацярына са сваімі прыслужонкамі па гасцінцы па нашым і ехалі міма нашых вёсак. А тады і вёсак яшчэ не было, так, хвутары тока. А ў адной прыслужонкі тым часам нарадзілася дзевачка, так от ёй кажа Кацярына: «Радуйся, красная малодзіца!» Таму вот па яе словах і сталі называцца Радашковічы, Краснае і Маладзечна.

Зап. Вайцяховіч М. І. у 1998 г. ад Менжынскай

Ф. А. (1905 г. н.) у в. Краснае Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці

ПРА ВЁСКУ АРАЖЫЦЫ

Калісь на месцы вёскі стаялі суцэльныя лясы, у якіх было шмат звяр’я. Гэтыя лясы належалі пану Аражыцкаму. Аднойчы, калі пан паляваў у гэтых месцах, ён заначаваў у лесе пад дубам. І ноччу яму прыснілася, што ён на гэтым месцы абавязаны пабудаваць царкву. Гавораць, што калі разабраць парог цяперашняй царквы, то пад ім будзе пень гэтага дуба. Вакол царквы сталі будаваць дамы. Так з’явілася першае паселішча і атрымала сваю назву ад імя памешчыка.

Зап. Хінец Г. у 1998 г. ад Патапчук У. (1920 г. н.) у в. Аражыцы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці

ПРА ВЁСКУ ВАЎКАЛАТЫ

Такое паляванне (на ваўкоў) было вельмі небяспечнае і складанае. Самым галоўным было даведацца, дзе гэты асцярожны разумны звер хавае свае логава. Паляўнічыя ўмелі імітаваць воўчы голас, ведалі «воўчую навуку». Ваўка трэба было прывабіць. Калі да ваўка падысці у патрэбны час, толькі каб не скочыў, падаць голас, ен абавязкова адкажа. Паляўнічыя добра ўмелі распазнаваць ваўкоў па голасу. Яны валодалі гэтым майстэрствам і прываблівалі, вызывалі ваўкоў голсам. За гэтае ўмельства «воўкам выць» чалавека называлі «ваўкалатам». Адсюль і стала веска называцца Ваўкалаты.

Зап. Гарбачова Н. В. у 2004 г. ад Гарбачова А. І. (1935г. н.) у г. Бягомль Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці

ГВОЗДАВА

Адзін татарскі абоз ішоў па той мясцовасці. І вось у абозе нечага не хапіла. Ці якіх у павозках загвоздкаў, ці яшчэ чаго. Но зараз чаго – не памятаю. І нада былі гвазды гэтыя затаркваць у восі. І далі месцу назву Гвоздава.

Зап. Маляўка Т.У. у 1996 г. ад Каліцкага А. К. (1920 г. н.) у в. Дунілавічы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці

МАРАЛЬНА-ЭТЫЧНЫЯ ЛЕГЕНДЫ

ПАКАРАННЕ ЗА СЛОВА

Жыў ў нас калісь у дзярэўні, там, ля дарогі, чалавек адзін. Пракопаш называўся. Гэткі рабочы быў, працаваў з раніцы да ночы. І адзін раз пайшоў ён сам з самага ранку дровы калоць. Свята было – Барыс. Дык от. Калі Пракоп тын дровы, а па дарозе мужык ідзе, таксама адсюль, ды кажа яму: «Сёння ж Барыс, працаваць няльзя». А пракоп: «У Барыса срака лыса».

А праз тыдзень навальніца была. Гром грымеў, і маланка якраз апаліла пракопаву хату. Дык усё пагарэла: і хлявы, і хата, і скірды, от як Бог за слова карае.

Зап. Пучко Н. А. у 1997 г. ад Шкуратовіч М. К. (1911 г. н. ) у в. Верхняе Чарніхава Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

НЕЛЬГА КЛЯСЦІ

Ішоў некалі адзін голы чалавек па зямлі. Сустрэў ён праз некаторы час Бога. Бог кажа: «Чаму ты голы?» Той адказвае: «Няма чаго надзець». Ну, некалі ж плаццяў было многа-многа, калі лічылі іх, дык на платах вешалі. Дык вось Бог і кажа: «Ідзі, знімі от у етай кабеты, тады схадзі пад вакно і паслухай. Калі не будзе клясці, дык занясі і назад павесь. А калі будзе – надзявай і ідзі, куды табе трэба». Так той голы чалавек і зрабіў. Тая маладзіца, у якой ён світку ўзяў, кажа: «Мабыць, гэта нехта голы быў, бо толькі адну пару узяў. Няхай сабе бярэ». Ну, тады Бог кажа: «Занясі, бо будзе грэх. Пайдзі да другой». Пайшоў то чалавек да другой, зняў, дык яна ужо ўсялякімі славамі – вядома ж, баба! Бог і кажа: «Вось гэта насі, праз гэта ня будзе табе граха, а толькі ёй, таму што нельга чалавеку клясці адзін аднаго. А будзеш клясці – сам такі зробішся».

Зап. ад Блізнец В. Д. (1911 г. н.) у в. Пагарэлае Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці

ВОЗЕРА ГЛЫБОКАЕ

Так гаварат. Раней ішоў нейкі старычок, абарваны, старэнькі. Прасіў у вёсцы начаваць і паесці, але ніхто не пусціў яго і не даў паесці. На краю вёскі жыла жанчына з дачкой. Ён папрасіўся і ў іх начаваць. Жанчына кажа: «Я амаль такая ж жабрачка, як і ты, сама з дачкой скора пайду ў свет. Але заходзь, начуй. Толькі ў мяне няма чаго есці. Засталася апошняя горстка мукі». А стары кажа: «Мяшай хлеб з горсткі». Яна так і зрабіла, намяшала з горсткі цэлую дзяжу, спякла хлеб і накарміла дачку і старога.

А гэта будта быў Бог. Ён сказаў, што накажа гэтых людзей з вёскі, а жанчыне сказаў ісці з ім, але не аглядвацца, калі ззаду будуць крычаць і прасіць памагчы. Але жанчына абярнулася паглядзець і адразу і яна, і дачка ператварыліся у камні. Сталі два крыжа.

А вёска правалілася пад зямлю і на гэтым месцы стала возера Глыбокае. Людзі доўга лічылі гэтыя крыжы святымі і прыходзілі на пакланенне ім. Прыносілі грошы, кускі палатна, іконкі ў ваду кідалі. Адзін з крыжоў, большы, і цяпер стаіць на берагу возера.

Кажуць яшчэ, што адзін мясцовы пан захацеў перанесці крэст к сабе ў парк, але ўвідзеў сон, дзе яму быццам Бог і сказаў: «Не ты яго ставіў, не табе яго знімаць». Тады пан не тронуў крэст, а наадварот, яшчэ больш укрэпіў яго ў зямлі.

Зап. Паўлоўская Н. В. і Рашчыная І.У. у 1989 г. ад Каласоўскай Н. Я. (1902 г. н.) у в. Заазер’е Талачынскага раёна Віцебскай вобласці

НАЙ І АЙ

Не ведаю я, браткі, ці праўда тое, што вам скажу – я там не хадзіла. Ёсць, гавораць, у свеце рака Нема. Сабраў аднойчы Бог на яе беразе два чалавекі, звалі іх Най і Ай. Адзін з іх быў такі злосны, так азліўся, што аж каб толькі яму ў свеце жыць, больш нікому. Толькі аб гэтым і просіць Бога. А другі маліцца не ўмее, а толькі прыгаворвае: «Табе Божа і мне Божа». Прыходзяць яны пад самую ваду. І вось Най, той, хто казаў «табе Божа і мне», пайшоў сабе па вадзе, як па адкрытай дарозе. А другі, Ай, – у ваду. Ішоў, ішоў, аж пакуль рот і вочы засцілаць не пачало. Узлаваўся, кажа: «Я ж табе маліўся! Ну яе, такую малітву!» А Бог адказвае: «О так табе, нельга рабіць, як ты. Я пусціў вас усіх на зямлю, каб усе вы разам жылі. І табе трэба жыць, і яму нада жыць!» Нельга, каб нянавісць на зямлі была. Усе няхай жывуць, усе няхай красуюць.

Зап. Чыгілейчык М. М. у 1993 г. ад Блізнец В. Д. (1911 г. н.) у в. Пагарэлае Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці

МАТКА БОСКА ВОСТРАБРАМСКА

А Матка Боска многа цудаў зрабіла. Вот тут у мяне на іконе во Матка Боска Вострабрамска. Яня у Вострай Браме стаіць у золаце ўся. Дык як прышлі бальшавікі сталі касцёл разбіваць, а іконы і золата дык тапіць насілі. Адзін да берага насіў, а другі тапіў. Дык у таго, што да берага насіў, рукі адсохлі, а хто тапіў, сам утапіўся. А трэці ж хацеў ужо карону з Маткі Боскай зняць, дык не вытрымала яна, па галаве яму жэзлам трэснула. Дык ён і памер там сразу.

Зап. Вайцяховіч М. І. у 1998 г. ад Менжынскай Ф. А. (1905 г. н.) у в. Краснае Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці

КАМЯНІ

У вёске Віраўлі ёсць поле. На ім вельмі многа камянёў: і малых, і бальшых. Старыя людзі казалі, што гэта такое пакаранне за дзялы продкаў тых людзей, што тапер тама жывут. Колькі гэтыя камяні ні збіралі, іх не зменьшвае. Мабыць, гэта і ёсць пакаранне за грахі.

Зап. Гарэлікавай М. ад Нарштэйн П. С. (1925 г. н.) у г. Гарадок Віцебскай вобласці.

2. ПРЫМХЛІЦЫ

Прымхліца – жанр фальклорнай няказкавай прозы, звязаны з так званай ніжэйшай міфалогіяй і народнымі павер’ямі. У прымхліцах апавядаецца пра сутыкненне чалавека са звышнатуральнымі істотамі і з’явамі, чымсьці незвычайным і жудасным, што быццам бы мела месца на самай справе: нячыстай сілай, прывідамі, мерцвякамі, ведзьмакамі, пярэваратнямі і да т. п.

Жанравыя асаблівасці прымхліц

Суіснаванне дэманічных істот і людзей – сэнсавы цэнтр карціны свету прымхліцы, разнастайныя адносіны паміж імі – крыніца яе сюжэтаў: «Жанчына пайшла ў лес па грыбы. Бачыць, на дрэве вісіць вялікі кавалак бярозавай кары. Падыйшла яна, зазірнула ў сярэдзіну, аж там ляжыць голае дзіця і спіць. Жанчыне шкада стала дзіцяці, адвязала свой фартух, прыкрыла ім дзіця... Але не паспела яна адыйсці, як пачула: “Пачакай, кабетка!" Яна азірнулася, бачыць – бяжыць да яе голая жанчына з распушчанымі валасамі. Гэта была русалка. Тая спужалася і хацела ўцячы, але русалка закрычала: “Пастой, кабетка, спор табе ў рукі!" Дакранулася да рук жанчыны і знікла. Калі жанчына трохі ачулася ад пуду, яна вярнулася дадому. З тае пары яна пачала так працаваць, што ўсе дзівіліся, адкуль у яе бяруцца сілы».

Прастора ў прымхліцах прадстаўлена ў выглядзе пэўных локусаў, вылучэнне якіх залежыць ад «месца жыхарства» тых ці іншых «нячысцікаў» (лесавіка, вадзяніка, дамавіка і інш.) або высокай частотнасці сустрэч з імі: лес, балота, рака, мост, сядзібныя пабудовы, скрыжаванні дарог, могілкі і інш. Час у прымхліцах прымеркаваны да гадзіны сутак, калі кантакты з духамі ці іх праявамі адбываюцца найбольш часта: вечар, ноч, світанне, поўдзень і г. д.

Сюжэты прымхліц вылучаюцца надзвычайнай напружанасцю, бо апавядаюць пра таямнічае, небяспечнае, страшнае. Экспазіцыя прымхліцы можа змяшчаць у сабе кароткую «перадгісторыю» з тлумачальнымі элементамі, якая знаёміць слухача з абставінамі, пры якіх адбылося здарэнне: «Мы спрэжда былі багаты, було ў нас трыццаць коней. Наканец таго заступілі памешчыкі з Масквы, асталась з трыццаці тры толькі... Цяперака ацец наш заскучаў, патаму не хватае нам на пракармленія…». Або ўяўляе сабой больш кароткі варыянт, які паказвае толькі на час і месца дзеяння: «Вот раз, у піліпаўку … пашоў бацька наш пасля абеда … ў авін, памаліўся богу і лёг спаць. Скінуў шубу, паклаў у галава, сам абпёрся на руку і задумаўся аб сваім хадзяйстве, што негдзі чаго ўзяць…». Завязка характарызуецца раптоўнасцю: «Удруг яўляецца яму старык: куртка чорная, пояс чорны, на галаве каўпак…»; «Адна кабета … перастала абсарваваці шчодрыя вечары. Прала яна, прала раз, аж да паўночы. Удруг чуе, што нехта стукае ў вакно…». Дзеянне разгортваецца імкліва і заканчваецца сціслай, стрыманай развязкай: «Назаўтра знайшлі спячага смельчака, а пры ім цела пана і скарб. Пахавалі пана, і з таго часу быў ужо спакойны»; «А нашыя мужчыны назаўтрае на адным вале дамоў прыбіліся». У якасці своеасаблівага пасляслоўя могуць сустракацца выразы, якія яшчэ раз падкрэсліваюць жудасць таго, пра што распавядаецца, тыпу «Страхата, не прывядзі бог», або яшчэ адно запэўніванне слухачоў у сапраўднасці апавядання: «Дак от гэта нам расказвала жанчына ў Смуроцку да й бажылася, што праўда»; «Вы не верыце, а я бачыла сама».

Сюжэты прымхліц апісваюць тыповыя выпадкі, якія могуць адбыцца і са слухачамі. Свядомасць носьбітаў вусна-паэтычнай традыцыі змяшчае ў сабе набор прэцэдэнтных сітуацый (напрыклад, нечысць заманьвае на згубу, ведзьма шкодзіць і інш.), у адпаведнасці з якімі ствараюцца і ўспрымаюцца прымхлівыя апавяданні. Пацвярджаюць гэта падагульняючыя заўвагі тыпу «Дак от як нячыстая сіла здзекуецца да дурыць людзей», «Во якія кепікі з людзей строіў тут калісьці нячысцік», «Дак во як баба паддзелала».

Для прымхліцы характэрна апавяданне ад першай асобы (форма апавядальніка): «Сядзімо мы раз у карчме, пакурваем люлькі да гамонім аб том, аб сём. Толькі ось улазіць Купрэй і пачынае жаліцца, што яго коні ноччу хтось заезджвае ў хляве...».

У сучасным фальклоры сустракаецца ў якасці страшылкі.

ПРА ЛЕСУНА

Усё сваё жыццё пражыла ў вёсцы. Лес, што побач з ёю, уздоўж і ўпоперак аблазіла яшчэ тады, як малой была. Кожнае дрэўца, кожную сцежачку ведаю. Калі на той яшчэ хуткая і моцная была, ледзь не ўвесь дзень па лесе хадзіла: то ў грыбы, то ў ягады.

Адзін раз устала раненька, яшчэ цёмна было, і пайшла ў грыбы, сабаку свайго ўзяла. Іду і дзіву даюся: здаецца, грыбнікі ўжо пабывалі тут не адзін раз, а грыбоў процьма. І чым далей іду, тым больш становіцца. Набрала я ўжо і другі кош, трэба дадому ісці. Гляджу вакол сябе і не пазнаю месца гэтага. Пайду, думаю, назад прайдуся, там ужо натраплю абавязкова на знаёмае. А тут яшчэ сабака як шалёны зрабіўся: завые і з лаем за дрэвы ляціць, пабрэша і вяртаецца. А потым зноў некуды бяжыць і на кагосьці гаўкае. А што самае цікавае, можа ўжо кіламетра тры прайшла, а лесу не пазнаю, быццам першы раз тут. Ужо час да абеду набліжаецца, горача становіцца. І тут я выходжу на вялізную адкрытую паляну. Да гэтага ніколі ні ад каго пра яе не чула, а не заўважыць яе раней было б цяжка. Дык выходжу на паляну, стала пасярэдзіне, не ведаю, што рабіць. Раптам як забрэша мой сабака, аж страшна зрабілася. Я яго супакойваю, а ён усё лае і да ног маіх ціснецца, быццам баіцца чагосьці. Гляджу туды, куды мой сабака глядзіць, бачу – з лесу выходзіць дзядок. Маленькага росту, сівенькі, барада доўгая, у лахманы апрануты. Я да яго хутчэй: «Ці не падкажаце, дзе вёска, у якім баку? Ужо колькі часу хаджу, а месцы незнаёмыя». Ён мне рукой махнуў у той бок, куды ісці трэба. Я падзякавала і пайшла. Прайшла пару крокаў і азірнулася, бо сабака забрахаў. Нікога не было на паляне, як быццам мне ўсё гэта прыснілася. Куды ж дзед мог падзецца? Мяне гэта ўжо не цікавіла, бо я выйшла на сцежку, якую я пазнала. За паўгадзіны дайшла да дому. А бацька з маткай на мяне яшчэ насварыліся з-за таго, што нікому нічога не сказала і знікла на поўдня. Трошкі адпачыўшы, расказала ім, што згубілася ў лесе, і пра старога расказала, і пра паляну. Бацькі спалохана глядзелі на мяне, слухалі, а потым маці сказала: «А магла ж і не вярнуцца! Бач, ты, лясун дапамог!» Лясун ці не – мяне не вельмі хвалюе, але ва ўсялякім выпадку я вельмі ўдзячна яму за тое, што ён мне дапамог.

Зап. Камароўская Х. А. ад Карповіч Т. М. (1923 г. н.) у в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці

ЯК ЧАЛАВЕК БЛУДЗІЎ

Ехаў чалавек адзін у пацёмак, ну і заблудзіў. Вот ён і з дарогі збіўся, і ідзе па балоце. А во бачыць – агеньчык. Гэта, думае, хата Слімка, трэбы паехаць туды.

Вот ён ідзе – агенчык далей адсовываецца, ен ідзе – а той усе далей. А потым саўсем у бок. Дзядзька думае: «То, мусіць я канаву аб’ехаў, ды не ў той бок павярнуў». Вот ён і зноў на той агенчык, а агеньчык ужо на другі бок. «Што за чорт, – думае дзядзька, – трэба раніцы чакаць, а то нешта не то тут». Вот раніцай глядзіць, як развіднелася, бачыць – нікога нема нідзе.

Гэта яго ліхое завяло.

Зап. Столяр А. Р. ў 1991 г. ад Зуя М. У. (1912 г. н.) у в. Шчэрбавічы Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці

ПРА ЧАРЦЕЙ

Расказвала бабка Агапка мая, што калісь да пана наймацца служыць прыйшлі два хлопцы, адзін на аднаго падобныя, як дзве кроплі вады. Ён не хацеў іх браць, дык іх нейкі адзін багаты селянін узяў. Амаль задарма служылі яны яму. А як час прыйшоў, дык яны замест грошаў прасілі душу яго. Абяцалі, што багацеем будзе да канца дзён сваіх. Ён згадзіўся і точна, стаў багатым-багатым. Але хутка ў яго двары пажар пабываў, згарэла ўсё. А селяніна не знайшлі, нават касцей гарэлых не было. Чэрці знеслі, з сабой узялі.

Зап. Камароўская Х. А. ад Краўцова В.Ю. (1936 г. н.) у в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскага раёна

ПРА РУСАЛКУ

Маці мне расказала, што ў вёсцы, дзе яна раней жыла, была адна дзеўка. Дзеўка, такая як і ўсе: на полі працавала, у хаце за парадкам глядзела, на гулянкі хадзіла. І трэба ж было бядзе здарыцца. Мыла яна бялізну на беразе ракі, паслізнулася і ў вір уляцела. Сяброўкі яе, што там былі, крык паднялі. Непадалёк ішоў пастух, але пакуль ён прыбег і выцягнуў няшчасную з вады, яна ўжо дух выпусціла, так і не ачуняла. Пахавалі яе, але з той пары хлопцы і дзеўкі бачылі не адзін раз тапельніцу. Сядзела яна на беразе каля таго месца, дзе богу душу аддала, уся такая бледная, космы распушчаны. А яшчэ некаторыя казалі, што бачылі ў яе замест ног рыбін хвост, калі ў ваду назад скакала. Але ці праўда тое, што людзі расказвалі, ці ўсё тое выдумкі, не ведаю.

Зап. Камароўская Х. А. ад Мялешка А. П. (1927 г. н.) у в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскага вобласці

СТРАШНЫ ДОМ

У вёсцы Ржаўка Бешанковіцкага раёна жыла сям’я. Гаварылі, што яны былі чараўнікамі. Дык вось і памёрла гэта сям’я, і дом перайшоў калхозу. Потым там сяліліся рабочыя. І ніхто не мог у гэтым доме доўга жыць. Як толькі ноч, дык кажэцца, быццам нехта ходзіць. Уключуць свет – нікога. А там, наверна, душа ходзіць гэтых чараўнікоў.

Адзін раз два калхозніка начавалі там. Селі за стол, выпілі пузыра. Ляглі спаць. І тутацька нехта ходзіць. Рашылі ўключыць свет. А тут усё цемна стала. Пальцам вока выкаліш. І яны ў цемнаце выключацель іскалі. Не нашлі! Ні дзвярэй, ні вакон – нічога. Аж прытразвелі!

Пасля таго бацюшку прыводзілі, каб пасвяцонай вадой абпырскаў. Але ўсё роўна! Цяпер ніхто не жывець.

Зап. Шняк Н. А. у 2006 г. ад Дубінец Г. У. (1927 г. н.) у в. Куты Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці

ЧАРАЎНІК І ЗМЕІ

Жыў у нашай вёсцы чалавек адзін. Ведаў ён розныя загаворы. Ведаў, укусы змей лячыць. А самаго яго ніколі змеі не кусалі. Аднойчы дзяўчынку малую гадзюка укусіла. Ён прыйшоў, падзьмухаў на нагу, пашаптаў нешта, і усе прайшло. А як хавалі яго, як памер, дык амаль усе двары вёскі кішэлі змеямі, якія невядома адкуль напаўзлі. А што ля могілак тварылася! А потым зніклі змеі, гэтак жа сама нечакана, як і з’явіліся.

Зап. Камароўская Х. А. у 2001 г. ад Міцкевіча Ю. А. (1932 г. н.) у в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці

3. БЫВАЛЬШЧЫНЫ

Бывальшчына – жанр фальклорнай няказкавай прозы; фабульнае апавяданне пра неверагодны, містычны выпадак, які адбыўся з героем і можа паўтарыцца з іншымі людзьмі. У адрозненне ад прымхліцы, у бывальшчыне, як правіла, няма персанажаў ніжэйшай міфалогіі (лесавік, вадзянік, дамавік і інш.). Апавяданне часцей за ўсё вядзецца ад 3-й асобы і можа пачынацца словамі «Старыя людзі кажуць...», «Расказваюць, нібы ў незапомныя часы...», «Некалі...», адсылаючы да далёкай мінуўшчыны, часам сустракаецца і герой-апавядальнік, які перажыў здарэнне зусім нядаўна: «Аднаго разу ў нядзелю я, паабедаўшы, прылёг на прызбе... да й моцна заснуў. Ось сніцца мне, што нейкі старац кажа, штоб я ўзяў штых да ішоў на капец паміж шляхам і Карпавым альсам... да ўсадзіў штых у зямлю, а ён... стукнуўся аб нешта цвёрдае. Прачнуўшыся, ухапіў штых да не то пайшоў, да проста пабег на той капец...». Да бывальшчын адносяцца гісторыі пра заклятыя скарбы, папараць-кветку, вужаву карону і інш.

ЯК ХАДЗІЛІ ПАПАРАТНІКА-КВЕТКУ ШУКАЦЬ

Гэто на Купала было. Пайшлі маладыя хлопцы і дзяўчаты шукаць кветку папаратніка. Дзве пары ішлі.

І от яны выйшлі ў лес. От ідуць, а во – дарога, броўнамі закідана, многа броўнаў. Лезлі яны, лезлі, перлезлі гэтыя броўна, а тут сталі на іх ваўкі лезці. І назад не павернешь, гэта само. Ідуць яны далей, неяк адбіліся ад тых ваўкоў. А во – вялікі роў, праваліўся. А гэта ж уночы было. Пералазілі цераз той роў, ледзве пералезлі. Ну што, думаюць, будзе дарога. І якраз агонь перад імі блішчыць. Як убіліся ў гушчарнік гэдакі, а адтуль ідуць зноў на агеньчык. І паабдзіралі ногі сабе усе. Выбіліся з гэтага гушчарніка – нешта пад нагамі варушыцца. Як глянуць – адны змеі. Тады адна дзяўчына стала плакаць і казаць: «Божа найвышэйшы, выведзі нас дадому».

І каля іх яко-то вецер-віхр які пранесся. І адразу яны угледзелі месяц, стаяць яны на дарозе. І вярнуліся яны назад і нічога не знайшлі.

Зап. Сталяр А. Р. у 1991 г. ад Галубко В.І. (1924 г. н.) у в. Задзвея Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

НА КУПАЛУ

То шчэ дужа давно казалі, што одзін дзед пас волов, а потым згубіў іх у лесе. Там ён ходзіў і шукаў іх. А там у лапці яго трохі зямлі насыпалася і травы. І раптам той дзед пачаў разумець, што птушкі гавораць. Тоде з іх гомону вон дознався, дзе трэба тых волов шукаць. Але вон не пойшов іх шукаць сразу, бо вельмі натоміўся ходзячы, ды ўжо і ноч була. До вон і пошов дудому. Прыйшов вон, вытрохнув з лапцяў зілле ты і забув, што тыя птушкі казалі. Так вон і не знайшов своіх волов.

От с того разу мы і справляем Купалу, зілле збіраючы. Бо то якраз на Купалу було.

Зап. Мурго Л. П. у 1983 г. ад Міхалевіч Е. М. (1910 г. н.) у в. Галубіца Петрыкаўскага раёна Гомельская вобласці

НА ІВАНА

На Поўнага Івана пайшоў дзід стары ў ліс. Захатыў зарваць цветка з папараці. Узяў гарніка, січку грамнычную і пайшоў. Ужа дванастая гадзіна надыходзіць, ажно кажыцца яму, што ягоная дырэўня гарыць. Вун усё раскідаў, ды і пабіг дадому. Як выйшаў з лісу, ды як што-та яму як увалілася на плечы, еле-еле вун дадому прывалокся. Сіў на лаву ды кажа: «Лепш быць дурным, ніж разумным».

Зап. Жукоўская А. М. у 1996 г. ад Малашчыцкай М. С. (1918 г. н.) у в. Сошка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці

ЗМЕЙ

Гэта было ў трыццатых гадах. Пашла я ў бабоўнік, з кілометр абязацельна ад дзярэўні. Быў іюль. Толькі пачаліся суніцы. Бабоўніку я нашла мала: было лета сухое. Ішла я дамоў у час дня. Было мне 22 гады. Іду босая, курта без рукавоў, і дажа галалобая. А пагода пыршчэла, як агонь.

Звярнула я са сцежкі і нарвала ахопак суніц з веткамі. Ў як стану ў мох, а ён у палавіну галёнкі – ваўкоў авёс. Такі мяне страх абабраў, што я босая і ног маіх не відаць з гэтага моху. І проста я аж падпрыгвала, як на дарогу выбівалася. Выскачыла я на лінію. Ішла па лініі, а ляжала на лініі бярозавая вывараць. Я на гэту вывараць стала і думаю: хоць троху аддыхну. Ногі са страху замарыліся.

Да... Пакуль я ўскочыла на вывараць, гляджу, ляжыць нейкая зялёная ляпёшка. Я тады ціханька злезла. А я б якраз стала на гэту ляпёшку, каб бегла. Ляжала там з кубаметр дроў. Я злезла з бярэзіны і стала кала гэтых дроў. Надумалася: вазьму падпорку ад дроў і ламану па гэтай ляпёшкі (а гэта быў змей, я паняла), мне бог адпусціць 40 грахоў. Як я парушыла гэтую падпорку, так шуснулі дровы. Ён і пачуў. Адкуль тут узялася галава! Ён жа кругом быў хвастом абвіўшыся, а галава з сяродкі вытыркнулася. Галава паявілася, як у гусака. Вочы жоўтыя, як у курыцы, бальшыя. І ён усё расслухваў, разглядаў: то на адзін бок галаву павернець, то на другі. І ў вачах усё-роўна як у калёсіках стрэлкі так і ходзяць: мык-мык-мык. А я стала пад ялушачкай каля етых дроў, што абрушыліся.

Прайшло ўрэмя настаяшчае. Ён мяне выглядаў, выслухаў. І ўсё-ткі я яго перастаяла, даждалася, што ён будзіць дзелаць. Змей гэты як стаў расцягвацца! Галава яго ішла чэраз гэты круг, чэраз ляпёшку. І быў ён метраў кала трох, так я апрадзяліла. Я стаяла нядыхаўшы. І якраз папоўз на тую лінію, па якой мне дамоў ісці. Расцягнуўся, а тады стаў дугой, хвост к галаве прыжаў і паляцеў, усёрна што загрымеў узрыў: ву-ву. І ляцеў па лясу, толькі веткі гнуліся. І тады я пабегла саўсім у другі бок. Бегла я, ажно мяшка не чула на спіне.

Відзелі ў кіламетрах чатырох, у Мураўцах, такога змея. Удзіўляліся ўсе, што за такі страшны змей.

Зап. Зянькова Т. У. у 1976 г. ад Зяньковай А. М. у в. Шашы Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці

4. ВУСНЫЯ АПАВЯДАННІ

Апавяданне вуснае – празаічны няказкавы фальклорны жанр, скіраваны на інтэрпрэтацыю падзей, якія адбываюцца зараз ці мелі месца ў нядаўнім мінулым і маюць статус верагоднасці. Выканаўцы сказаў нярэдка з’яўляюцца сведкамі ці непасрэднымі ўдзельнікамі таго, пра што яны распавядаюць. Блізкасць мастацкіх тэкстаў вусных апавяданняў да паўсядзённага бытавога маўлення, неўсвядомленасць носьбітамі вусна-паэтычнай традыцыі (а да нядаўняга часу і збіральнікамі) іх мастацкай каштоўнасці абумовілі перыферыйнае становішча вусных апавяданняў сярод іншых жанраў вуснай народнай прозы з пункту гледжання завершанасці мастацкай формы твораў. Нягледзячы на гэта, вусныя апавяданні адносяцца да жанраў, якія вылучаюцца высокай прадуктыўнасцю і ў наш час. Вусныя апавяданні не ствараюць агульнанародных, шырока распаўсюджаных варыянтаў. Яны расказваюцца сведкамі, часам пераказваюцца слухачамі, але шырокага народнага хаджэння не атрымліваюць.

Разнавіднасцямі вусных апавяданняў выступаюць апавяданні-ўспаміны і сказы, межы паміж якімі часта недастаткова выразныя. Апавяданні-ўспаміны звычайна з’яўляюцца мемуарамі сведкаў прыгонніцтва, ваенных часоў, перыяду калектывізацыі і да. т. п.: «Пры Польшчы, пры панах у лес за ягадамі хадзілі з такімі бумажкамі, спраўкамі, што можна збіраць. А я дык вельмі баялася хадзіць і з міне ўсе смяяліся..». У сказах аповед вядзецца часцей за ўсё ад першай асобы і прысвечаны ён выпадкам з асабістага жыцця: «Раз у мяне ўнучка была. І во прыйшлі каровы, я падаіла, а яна: “Бабушка, я пайду пагуляю." – “Ідзі", – кажу… Пайшла – няма, няма. Ой, а выйшла хмара. І ўсё маланка накрыж… Есьлі накрыж – то ўжэ недзе стрэліць гром… Бяру палку ў рукі і выходжу на вуліцу. Прыходжу, а там… ой, каля крыжа танцы! А іх там… Хлопцы, матацыклы, і гэтую музыку: тык-тык… Гэта ж цяпер музыка такая вот. Гэта не даўнейша музыка! Я кажу: “А ну ўсе па дамам! Што вы проціў Божай волі пастроілі танцы?"».

Жанравыя асаблівасці вусных апавяданняў

Паколькі сюжэты вусных апавяданняў часцей за ўсё заснаваны на здарэннях, якія на самай справе адбываліся з апавядальнікам або яго блізкім ці добра знаёмым чалавекам, і расказваюцца як жыццёвыя гісторыі, то мастацкі свет гэтых твораў будуецца ў найбольшай падобнасці да рэальнага свету. У творах гэтага жанру не выяўляецца цікаўнасці да звышнатуральнага свету (як у прымхліцах) ці да падзей далёкага мінулага (як у легендах). Жанравая карціна свету вуснага апавядання ўяўляе сабой інтэрпрэтацыю «па гарачых слядах» сацыяльна-палітычных, сямейна-бытавых адносін і разгортваецца ў мастацкі свет твора праз сэнсавы цэнтр, у якім знаходзіцца герой (часцей за ўсё герой-апавядальнік) і здарэнне, якое з ім адбылося. Само здарэнне і звязаныя з ім персанажы і рэчы падаюцца праз прызму адносін да іх героя, яго так званага «індывідуальна-суб’ектыўнага» погляда і прыватнага жыццёвага досведу, за якім, зразумела, знаходзяцца традыцыйныя ўяўленні калектыву.

Тэксты вусных апавяданняў невялікія па аб’ёме і ў пераважнай большасці змяшчаюць адзін эпізод: «Ехалі мы раз з дзедам Парфёнычам па дровы ў лес. А блізка з вёскай рубіць жа нільзя, то і заехалі далёка. Так далёка, што і к партызанскім бліндажам заехалі. Ну, яны і далі па нас з кулямётаў. А наш конь спужаўся ды як рванець! Мы – кулдык з яго. Так-та. А каня потым аж у вёсцы спаймалі. А дзеду Парфёнычу ногі пасеклі кулямі».

<…>

Сюжэтнае дзеянне ў вусных апавяданнях мае характар здарэння: яно адрозніваецца адзінкавасцю, часта выпадковасцю, а яго наступствы маюць значнасць звычайна толькі для самога героя. «Ось як мы жылы. Пошол муй чоловік до врача – і’дэ пан наш порічскій. Да він здраў з нево шапку і піджак, да й прыйшоў мой чоловік голы. Бо не разрешалы ходыты там, где паны ходылы. Пошол на другі дэнь до пана да просіць аддаць шапку да піджака. Да туй і гаворыць: “Аддай шапку дурню"».

<…>

Стыль вусных апавяданняў характарызуецца канкрэтыкай дэталяў самага рознага кшталту: ад дакладнай даты пэўнага здарэння да ўнутранага стану героя ў вызначаныя моманты. «Жыццепадобнасць» выступае стылеўтваральным прынцыпам вусных апавяданняў: «У мяне было сем дзяцей. Кушаць нічога не было. Карова мала давала малака. Хлеба давалі грамы. Думалася: “Госпадзі, ці прыйдзецца хлебца есці досыта". Бывала, іду палоць картошку, і вочы мае не глядзяць і ўсё тут... Цяпер лепей жыць. Калі дбаеш, дык і маеш».

ЯК ПРЫ ПАНАХ ЖЫЛІ

Був некалі в Юравічах пан. Гадов пад сорак було яму тады. Звався Рыгорам, а фамілію забув ужо давно. Було в гэтага пана чатырыста каров, сто двадцать коней, сто валов. И рабів я в яго дзесяць гуд. Зямлі сваёй в мяне не було, вось і прыходзілася рабіць ад сонца да сонца на пана. У бацькі майго було пяць сынов. Я був старэйшы. Тых грошай, што мне давав пан за работу, нам не хапала. Часам зімой і босыя ездзілі па дровы. У пана рабіла чалавек пяцьдзесят. Бувала змокнеш на рабоце, а пасушыцца няма дзе. Так і лажылісь мокрыя спаць в бараке.

Вось, дзеткі, як прыходзілася жыці раней.

Зап. Палуянавіч В. М. ад Добранскага Я. Ф. (1891 г. н.) у в. Прудок Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці

ДОБРАЯ РАБОТНІЦА

Зямля была едзіналічная. Сваю хватаеш, хватаеш, тады ляціш зарабіць, каб на сукеначку якую. А кушаць шляхта работнікам харашо давала, дзе я рабіла ў сямі кіламетрах ад Мінску. Я сільна сцяслівая была, у бяседзе не магла есці. То паны ўжо бачаць, што я нічаво ня ем, так паклікаюць, каб я адна паела. А работала я, не хвастаюся, вельмі добра. Така была ўжо работніца! Яшчэ жнейкі толькі пачнуць жаць, а я ўжо далёка абагнала і іду дальша. Так пан бачыць, што я вельмі добра работаю, так яшчэ к заробку две капейкі прыбавіў.

Зап. Бажковай М. У., Валчок Н. М. у 1986 г. ад Гуд С. І. (1899 г. н.) у в. Падневічы Валожынскага раёна Мінскай вобласці

ПАРТЫЗАНСКАЯ ЗВЯЗНАЯ

Было такое ў жызні... Страху было – не давядзі гасподзь. Была наша дзярэўня нунтральная: ні немцаў, ні парцізан. Дзярэўню нашу спалілі палавіну немцы, каб парцізаны не былі, а другую палавіну – парцізаны, каб немцы гарнізон не ўстанавілі. Ну, што ж нам дзелаць!

У нас была граніцай Дзвіна, а за Дзвіной былі парцізаны. Пражывалі мы на парцізанскай зоне, а дабывалі прадавольствія на нямецкай зоне. Быў тут закапаны хлеб ад немцаў.

Я ў парцізан была звязная. Быў у нас дагавор такі: партызаны тры разы свіснуць, а я тады пераеду. Я ждала цэлы дзень, ніякага свістка не даждалася. На заўтрашні дзень я даждалася гэтага свістка. Прыйшла к Дзвіне. У раве стаіць лодка. А гэта было ў канцы апрэля. Вясенняя вада была бальшая. Лодка была ўся ўтоплена, толькі карма трошку была відаць. Я прыйшла ў гэты роў і не відзела засады немцаў. Была ў міне шубка даўгая, я яе ў лазе здзела. Немцы былі на адным баку рава, а я на другім. Была ў міне лапатка, што хлеб садзяць, места вясла. Выліла я гэтай лапаткай ваду. Боўталася не менш часу. Выліла ваду і паехала за парцізанамі. Парцізаны нашлі зярна, катлы, рашато. Села парцізан пяць чалавек. Лодка была з зімы, рэдкая, большы нільзя было сесці. Астальныя ждалі на тым баку перавозу. Метраў за дзесяць ад берага мой брат увідзеў: чэрпаець немец ваду лююміневым кацялком. Парцізаны шэпчуць: «Ты што, не відзела немцаў, што нас вязеш?» Я гавару: «Канешна, не відзела, бераг размыты ямамі, роў глубокі». Парцізаны быстра вярнуліся назад, а я выскачыла на свой бераг і пашла ў лес. Пакуль немцы абабеглі роў, парцізаны ўцяклі. І я ў лес ўдрала, толькі мая шубачка асталася ў лазе пад Дзвіной.

Пераначавала я ў лесе. Даждалася я дня і не вытрывала сядзець у лесе. Думаю: «Схажу к Дзвіне і пагляжу: калі на гэтым баку лодка – забралі парцізан, а калі на тым баку, тады яны ўцяклі». І спусцілася я ў той роў, дзе немцы былі (тожа ж розуму сабрала!). Ў са страху давай рваць шчавель у падол перад імі. А немцаў там аж зялёна! Шчавель ірву і прашу: «Пан, дай солі». «Пан» нешта прабалбатаў, ускочыў з аўтаматам і як даў у грудзі ствалом. А нейкі з высокай кукардай адвярнуў гэты ствол і нешта рукой махнуў, сказаў: «Чурык!» Ну, я і панеслася, аж не дагналі. А немцы пакуль абабеглі роў (хадоў жа так не зналі), я схавалася ў лес. Пераксцілася і думаю: «Ай-я-я, якая ж я дура. Учора лавілі – уцякла, а сягоння сама прышла».

На гэтым я не кончыла. Хадзіла ў другую дзярэўню правадзіць партызан. Выйду, бывала, на поле, сабяру бульбы, напяку ляпёшак і нясу парцізанам. Раненых лячыла, мыла ім бяллё, усяк памагала. І сама жывая асталася. Усё не апішаш, што было за вайну. Пагібла з маёй радні чалавек трыццаць.

Зап. Зянькова Т. У. у 1976 г. ад Зяньковай А. М.у в. Шашы Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці

У НЯМЕЦКІМ ПАЛОНЕ

Гнаў ён (немец) нас усякімі ціхімі дарогамі, штоб нашы не напалі, гнаў нас. Хто прыстане – ўбівалі палкамі, чым пападзе. А народу многа, многа! Усё жанкі з дзецьмі ды старыя. Дзяцей не пускаў у жывых. Некаторыя маткі саджалі дзяцей на дарозе: можа, добры чалавек падбярэ, можа, жывое дзіця застанеца, а ён убіваў.

Акружылі провалакай тры кашары. Туды загнаў ён нас з дзецьмі. Не дасць нам ні вады, ні яды. Многія ўдзіралі, а ў нас жа ж рабёнкі. Я з трыма дачкамі (старэйшай сем год, а малую ташчыла за плячыма ў палаценцы).

Двое сутак дзяржалі без нічога. Вады няма. Наламалі палак да вады дакапацца. А пясок, ды цяжка. Тады тры жанкі сабраліся (там недалёка ўзгорак быў): «Можа, там якая канава, ці ручэй, можа, хоць троху вады дастанем. Дзеці ж гінуць». І пашлі. А ён как застрачыў – і ўсіх.

Адзін пацан палез на грушу (расла там нейкая). Ён стрэліў і ўбіў хлопца.

Да трэцяй кашары падвезлі на машыне хлеб. Кідаў па буханцы з машыны. А народу! І прыдушылі каго, а ён за буханку хлеба і як шэрбурне тую буханку ў ліцо, ці як, і ў кроў, а я не лезу. А потым прыглядзелася: у ног ляжыць булачка хлеба. Я схапіла ды дзецям прынесла.

А на другое утра, яшчэ не развіднелася, нашы прыйшлі, адбілі і павялі. Ён гнаў, а нашы дык вялі. Елі троху таго, троху таго, некія сухія ляпешкі, а дзе ж яшчэ узяць? Яны ж са свайго пайка ўсё давалі…

Зап. Астроўская і Парфенавая ў 1976 г. ад А.Т. Гардзей (1907 г. н.) у в. Парэчча Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці

ПЕРШЫ ТРАКТАР

Даўно ета было, я тады яшчэ маладая была. Яшчэ толькі-толькі паявіўся калхоз. Я пасьціць кожны дзень хадзіла на работу. Ета ж цяпер кругом цехніка была, іна за людзей усё робіць, дык людзям можна і адпачыць і па хазяйству што-небудзь зрабіць. А раней усё рукамі ды рукамі. Помню, першы трактар паявіўся, дык уся вёска ішла глядзець. Бабы гавораць: «Тырахтыр нейкі прыедзе, араць поля будзіць, пайдзём паглядзім». Усе пайшлі і я тожа. Ох, і страшным зверам здаўся нам еты «тырахтыр». Тырахціць як пустая бочка, трасецца ўвесь і яшчэ густы дым пускаець, як Піліп са сваёй піпкі. А як паехаў па вёсцы, дык старыя бабы хутчэй у хату і праз вакно пазіралі на чуда. Хораша ён тады араў, але ж адзін многа ня зробіць. Работы нам сіраўно хватала. Бывала, як наробішся на полі, ці на дворні за дзень, дужа заморысся, а дома яшчэ трэба карову падаіць, свіней, курэй, гусей пакарміць і дзецям павячэраць. Маладая была, усё спраўлялася, ні хвілінкі свабоднай не было.

Зап. Тамашоў М. В. ад Сапетавай П. у в. Каменка Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці

ТАНЦЫ

Булі ў нас і танцы, а як жа. Була маладая ды дутая, дык не адну пару лапцяў зтаптала. А маці пашкадуе лапцяў, дык і босая пабягу. І весела, і хораша було, і не хварэлі. Па снезе босая прыбягу да дзявок, а там ужо вячорка ў самым разгары, дык крыху на печцы адагрэюся, і давай скакаць.

Зап. Серанкова Н. С., Тарасевіч І. А., Юровіч Т. Т., Янчэўская М. Б. ад Раўчык Ф. М. у в. Ляды Старадарожскага раёна Мінскай вобласці

5. БЫВАЛІЦЫ

Бываліца – празаічны няказкавы жанр фальклору; рэалістычнае, сюжэтна аформленае, фабульнае апавяданне пра тое, «што ў жыцці бывае», жыццёвая гісторыя. У адрозненне ад бывальшчыны ў бываліцы пераважае побытавы матэрыял. Сюжэт можа быць прыгаданы выканаўцам з любой нагоды, у любым месцы: рыбацкія, паляўнічыя, вайсковыя, любоўныя гісторыі, кур’ёзныя выпадкі і інш. Бываліцы – жанр надзвычай прадукцыйны і ў цяперашні час.

ЯК ДЗЕД МАКАР ЖАНІЎСЯ

Жыў калісьці дзед Макар. І не было ў яго жонкі, хаця немалады быў, каля шасцідзесяці гадоў яму было. І вырашыў ён пайсці ў сваты да маладой Марусі. Узяў з сабой ў сваты маладога хлопца Івана.

Прыйшлі яны да Марусі і кажуць: «Сваты прыйшлі, запрашай у хату!» Ну, дзеўка запрасіла ў хату, сабрала на стол, а сама ўсё на Івана паглядае, спадабаўся ён ёй. Ды і Іван не спіць у шапку таксама. А што пачалося, калі Маруся даведалася, што яе сватаюць за старога дзеда! Паперла яна дзеда Макара чапялой. А з Іванам скора пажаніліся.

Зап. Саевіч С. І. у 1998 г. ад СлуцкагаЯ. І. (1942 г. н.) у в. НянькаваНаваградскага раёна Гродзенскай вобласці

ДВА БРАТА

Прыйшоў брат к брату. Сабраўся адзін брат дамоў, просіць другога: «Правядзі троху». А абое былі трусы.

Павёў брат брата да паўдарогі. Нада назад ісці. А страшна. Просіць брат: «Правядзі мяне назад, дужа я далёка цябе правёў». Павёў назад брат брата. А таму назад зноў страшна ісці. Разы тры адзін аднаго праводзілі, пакуль не вярнуліся ў братаву хату і не пераначавалі разам.

Гэты чалавек быў ахотнікам. Бывала ідзець на ахоту і моліцца: «Дай, Гасподзь, каб нікога не ўстрэціць, ніякога ні звера, не птушкі не ўвідзіць».

Зап. Зянькова Т. У. у 1976 г. ад Зянькова У. К. ў в. Шашы Шумілінскага раёна Віцебскай вобласц

і

ПОП І КАЛЯДА

Раней хадзілі збіраць каляду. І вось аднойчы ехаў у гэты дзень поп на кані і вёз бочку, куды ўсе лілі смятану (каб поп памаліўся за іх). Хлопцы ўбачылі, што поп некуды адыйшоў, знайшлі нейкія анучы і абмазалі каня смятанай.

Выйшаў поп. А каня няма! Пакуль да яго дайшло, што да чаго, хлопцы, рагочучы, збеглі.

Зап. Бацяноўская А. І. у 2005 г. ад Нікіфарава У. П. (1924 г. н.) у в. Берасні Бешанковіцкагаа раёна Віцебскай вобласці

6. АНЕКДОТЫ

Анекдоты займаюць адметнае месца ў сістэме жанраў народнай прозы, абумоўленае іх тэкставай спецыфікай. Тэкст анекдота фіксаваны і ў працэсе свайго функцыяніравання не ствараецца кожны раз нанова, а ўзнаўляецца. Паводле вызначэння Е. Я. Шмялёвай і А. Дз. Шмялёва, якія даследавалі анекдот у якасці маўленчага жанру, гэта квазінаратыўны маналагічны тэкст з двухчасткавай структурай: больш доўгі зачын, потым кароткі і нечаканы канец, які вымушае слухача пераінтэрпрэтаваць пачатак анекдота. У неадпаведнасці пачатку і канца анекдота – яго соль [Шмелёва, Е. Я., Шмелёв, А. Д. Русский анекдот: Текст и речевой жанр. М., 2002., с. 131].

Жанравыя асаблівасці анекдотаў

Жорстка зададзеная схема анекдота, якая імкнецца ўкласціся ў мінімальны аб’ём тэксту, абумоўлівае асаблівасці будовы яго мастацкага свету, таксама абмежаванага да мінімуму. Таму часцей за ўсё анекдатычныя сітуацыі абагулена схематычныя, а персанажы падкрэслена безасабовыя і ўяўляюць сабой маскі: пан, войт, мужык, баба, кум ці проста чалавек: «Да войта прынесла баба піражкоў. Ён ёй кажа: “І навошта было несці? Твае дзеткі зласавалі б". – “Ды ешце, пане начальнік, – адказвае бабка, – я дзеткам скажу, што свіння паела"».

Мастацкі свет анекдотаў мадэліруецца жанравым мысленнем носьбітаў вусна-паэтычнай традыцыі адметным чынам: акцэнт робіцца на сутыкненні розных светаразуменняў герояў або героя і апаведача, моманце неадпаведнасці, які ўскрывае схаваны сэнс і вымушае слухача пераінтэрпрэтаваць змест анекдота. Своеасаблівы дыялог прынцыпова розных поглядаў на вызначаную сітуацыю або розных адносін да жыцця фарміруе мастацкі свет анекдота і структуру яго тэксту, ён жа з’яўляецца вызначальным і для стылю мастацкага выказвання гэтага жанру: «“Уставай, стары, пеўні ўжо крычаць!" – “Не трэба нам у гэту справу ўмешвацца..."» Жанравае выказванне анекдота імкнецца да мінімізацыі маўленчых сродкаў і можа быць зведзена да «рытарычнай мяжы", у якасці якой выступае «камічная апафегма, г. зн. дасціпны выраз": «“Кума, як ты думаеш, што раній було – яйко ці курыца?" – “Э, кумэ, раній усё было"».

СВАРА

Ругаюцца мужык і жонка. Жонка крычыць:
– Лепш бы я пайшла за чорта, а не за цябе!
А мужык ей:
– Жаніцца братам з сестрамі не можна!

Зап. Мазырка Н. В. у 1998 г. ад Крук В. С. (1930 г. н.) у в. Стрыгінь-Засекі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці

ВЯЧЭРА

Вярнуўся мужык з лесу. Рэзаў дровы. Стаміўся і сеў есці проста з каструлі. Уваходзіць жонка:
– А што я сабаку дам?
– Сабаку свежага зварыш.

Зап. Арэшка І. М. ад Маславай Л. А. (1942 г. н.) у в. Ведрыч Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці

ПАРАЗМАЎЛЯЛІ

Пайшлі два браты за сяло гліну капаць. А звалісь браты Мікалай і Антон. Адзін з іх глухой ад бога быў. Капаюць, капаюць яны і відзець ідзе кум іхній. Падашоў к ім гаварыт:
– Здарова, Мікалаю!
– Ага, кум, гліну капаю.
– Ці ты, Мікалай, глух?
– Ды не, вось з братам удвух.
– Дык да свідання, Мікалаю.
– Не знаю, можэт, да вечара дакапаю.

Зап. Лапушынская Л., Лобач В., Качынская Г. у 1974 г. ад Пісарук Я. І. (1922 г. н.) у в. Маляўкі Міёрскага раёна Віцебскай вобласці

ПА ДРОВЫ

Паехалі бацька з сынам сеччы дровы. Сын і кажа: «Давай, бацька, ты будзеш сеччы, а я буду ланаць». – «Добра, – кажа бацька, – але калі мы прыедзем дахаты, я буду есці, а ты цмакаваць».

Зап. Сянкевіч Т. ад Бузюк Т. Я. (1948 г. н.) у в. Уселюб Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці

КРАВЕЦ КАНДРАТ

Ідзе п’яны кравец. Ідзе, ды ніяк не знойдзе сваёй хаты.
– Скажы, брат, дзе тут жыве кравец Кандрат? – пытае ён у другога чалавека.
Той глядзіць яму ў вочы. Думае, што кравец з ума сышоў.
– Ты ж сам Кандрат-кравец!
– Я не пытаю ў цябе, хто я. Ты мне скажы, дзе я жыву.

Зап. Скараходава Л. А. у 1989 г. ад Памазковай Е. Я. (1904 г. н.) у в. Дабранка Слаўгародскага раёна Магілёўскай вобласці

НАПАІЎ КАНЯ

– Паіў ты каня?
– Паіў.
– А чаго ў яго пыса сухая?
– Да вады не дастаў.

Зап. Мітраховіч Г. у 1977 г. ад Крук І. (1918 г. н.) у в. Коўчыцы Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці

ДАРАДЧЫК

Пайшлі ахотнікі на ахоту. Забілі нешчо, а шо, – самі не знаюць. Прыйшлі да спороўца, каб парадзіў ім. Той паглядзеў, паглядзеў і кажэ:
– Ну, як не воўк, то дзікая качка точна!

Зап. Мазырка Н. В. у 1998 г. ад Крук В. С. (1930 г. н.) у в. Стрыгінь-Засекі Бярэзінскага раёна Брэсцкай вобласці

ГАРАДСКІЯ БУЛКІ

Адзін мужык прыехаў з горада і кажа: «От жа ў горадзе смачныя булкі!» А жонка пытаецца: «А ці еў ты іх? » А ён кажа: «Не, я відзеў как смачна паніч еў».

Зап. Вайцяховіч М. І. у 1998 г. ад Машко С. І. (1923 г. н.) у в. Плябань Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці

У СУДЗЕ

Пабілі аднаго мужыка. І ён падаў у суд. Прыйшоў ён, наняў сведак. Суддзя ў яго і пытае: «Каким образом Вас побили?» А ён адказвае: «Міне білі не образом, а аглобляй».

Зап. Ігнацюк С. І. у 1981 г. ад Драбушэвіч М. П. (1933 г. н.) у в. Буда-Грэская Слуцкага раёна Мінскай вобласці

ПАЖАР

У вёсцы быў пажар. Усе людзі прыбеглі, бачаць, стаіць стары каля гумна рукі ў бокі. Гумно гарыць, нават і страха абвалілася. Мужыкі крычаць: «Чаго ты стаіш? Дабро ж тваё прападае!» Стары адказвае: «Ага. Але ж тут і мышэй ляснула!»

Зап. Васілевіч Г. М. у 1988 г. ад Лявончыка І. І. (1930 г. н.) у в. Гарадзішча Слуцкага раёна Мінскай вобласці

НА КІРМАШЫ

Праз кірмашны пляц праходзіць п’яны і, убачыўшы незнаёмага, пытаецца:
– Ска-ааа-жыце, якая цяпер пара: ці на небе свеціць сонца, ці месяц?
– Не ведаю, браце, бо я не тутэйшы.

Зап. Ніконавіч І. Н., Чэльцова Н. Б. у 1987 г. ад Рулінскай У. А. (1923 г. н.) у в. Колкі Клецкага раёна Мінскай вобласці

Сайт создан в системе uCoz