Фальклорная практыка
Фальклор. Практыка. Фэст

Як пачынаецца сапраўдны фэст?.. За нейкі час на месцы, дзе ён будзе праходзіць, пачынаецца невялікая мітусня: старанна выстройваюцца па сваіх месцах рознага роду дэкарацыі, з грымёрак вее ажыўленнем, святло на сцэне не патухае з-за бясконцых рэпетыцый… Напэўна цяпер, многія, ужо другакурснікі філфака БДУ, якія прымалі удзел у фальклорным фэсце, на хвіліну акунуліся ў тую самую атмасферу, аб якой толькі што было сказана. І пакуль эфект ўспаміну ўсё яшчэ ў сіле, я крыху пафіласоўствую на тэму: “Што такое фальклорны фэст, яго роля і значэнне ў жыцці студэнта, а таксама ці варта яго наогул праводзіць”. І для таго, каб ніхто не пачаў, абапіраючыся на толькі што сказаныя словы, мяне крытыкаваць, тлумачу: я выказваю толькі сваё меркаванне, у вас яно бясспрэчна можа быць іншым і калі кагосьці маё меркаванне не цікавіць, ніхто не прымушае вас чытаць далей.

Ну а я ўсё-такі працягну! У аснове фальклорнага фэсту, як вы ўжо здагадаліся, палягае фальклор і вынікі фальклорнай практыкі. Слова гэта ангельскае і прыблізна яно перакладаецца як “народныя веды”, “народныя паданні”, “народная мудрасць”. У гэтую мудрасць ўваходзіць уся творчасць, якая на працягу многіх тысячагоддзяў захоўвалася, перадавалася з вуснаў у вусны, а дзесьці нават і зменьвалася нашымі продкамі, якія пры дапамозе розных песень, прыпевак, казак, легенд, анекдотаў, прыказак або прымавак выяўлялі свій настрой, думкі і пачуцці.

Нават такія тытаны беларускай літаратуры, як Ф. Багушэвіч, Я. Лучына, В. Дунін-Марцінкевіч, М. Багдановіч, Я. Колас, Я. Купала і інш., бралі за аснову сваёй творчасці фальклор, яму ж прысвяцілі ўсё сваё навуковае жыццё такія даследчыкі і навукоўцы, як П. Шэйн, А. Сержпутоўскі, Р. Шырма, С. Сахараў, К. Кабашнікаў і інш. Дзякуючы гэтым людзям, фальклор збіраўся ў пэўных месцах, даследаваўся і вывучаўся. Напісана велізарнае мноства прац, кніг, прысвечаных гэтай тэме, але, стаміўшыся, чытач, напэўна, задасца пытаннем: “Каму ўсё гэта патрэбна?” А трэба гэта ў першую чаргу навуцы, бо дзякуючы фальклору, сабранаму у розных кутках зямлі, мы мяркуем аб цэлым народзе, аб тым як і чым ён жыў на працягу многіх гадоў, якіх традыцый і звычаяў прытрымліваўся, як працаваў, адпачываў і весяліўся, на якім дыялекце размаўляў і г.д.

Але час ідзе, свет змяняецца і народная мудрасць, на вялікі жаль, забываецца. Гэта адбываецца таму, што патэнцыйныя носьбіты фальклору ўжо занадта старыя, а моладзь імкнецца з’ехаць з вёскі. Так і атрымоўваецца, што, жывучы ў горадзе, чалавек, зразумелая справа, не прытрымліваецца тых канонаў, па якіх ён калісьці жыў у вёсцы і, адпаведна, іх забывае. Таму так важна сёння займацца этнаграфічнымі даследаваннямі, каб не пасеяць дзесьці ў мінулым не толькі культурную гісторыю, але і проста гісторыю нашага беларускага народа, інакш нам няма чаго будзе пажынаць.

Я лічу, што ўніверсітэты, якія звязаны з культурай Беларусі, яе гісторыяй, гісторыяй мовы, абавязаны выкладаць сваім студэнтам фалькларыстыку, хоць шмат хто з маіх аднакурснікаў не згродны, лічачы, што дастаткова толькі семінара па выбары.

На філалагічным факультэце БДУ маецца лабараторыя, у якой сабраны фальклорны матэрыял з розных куткоў Беларусі. Гэты матэрыял збіраюць студэнты-першакурснікі у перыяд летняй прафесійнай практыкі, якім чытаўся курс лекцый па навуковай дысцыпліне “Фалькларыстыка”. Безумоўна, збіраць фальклор трэба, але многім студэнтам проста не падабаецца гэтым займацца: ездзіць па вёсках, знаходзіць кантакт з часам негаманлівымі бабулямі і дзядулямі, палоць ім градкі або капаць гарод, інакш яны нічога не распавядуць; куды прасцей пахадзіць два тыдні ў лабараторыю, папрацаваць там і практыка гатовая. Але памяркуйце самі: няўжо гэта дастатковая праца? А калі б, напрыклад, на кожную групу студэнтаў вылучаўся аўтобус і канкрэтная мясцовасць, то, як мне здаецца, жадаючых паехаць на фальклорную практыку было б больш, бо, па-першае, месца, дзе “жыве фальклор”, шукаць не трэба, па-другое, аднаму ісці на перамовы з носьбітамі народных традыцый ужо не прыйдзецца, у кампаніі куды весялей, па-трэцяе, заўсёды будзе побач любімы выкладчык, які дапаможа аформіць усе патрэбныя запісы.

Ну, і вяртаючыся на любімы філфак. Завяршальным этапам фальклорнай практыкі з’яўляецца фальклорны фэст, у якім прымаюць удзел студэнты і выкладчыкі філфака. Самы актыўны пласт студэнтаў распавядае і паказвае, як праходзіла практыка, усё гэта суправаджаецца выдатнымі, вясёлымі і яркімі танцамі, песнямі, скокамі, вершамі, прымаўкамі, анекдотамі і г. д.

Для кагосьці гэты фэст проста адзнака, для кагосьці – шанец паказаць свае таленты, для кагосьці – наогул нічога не значыць, але калі б вы ведалі, як шмат значыць для тых людзей, якія спявалі і распавядалі для вас, ведаць, што іх песні, загадкі або прыпеўкі чула вялікая аўдыторыя ці, яшчэ лепш, ім дзе-небудзь надрукавалі, і таму зараз многія людзі даведаюцца, што жыве такая Мар’я Іванаўна або Аксёна Фёдараўна, якая назапасала шмат песень, якія перадаваліся з пакалення ў пакаленне, з вуснаў у вусны, і якія сапраўды не забудуцца, а будуць існаваць яшчэ шмат-шмат гадоў, бо мы, студэнты, нейкім чынам паспрыялі захаванню гэтага неацэннага скарбу, з якім жылі нашы інфарманты ўсё жыццё, і вельмі шкада, калі мы гэтага не разумеем.

Наталля Бельская


Назад || Змест

Сайт создан в системе uCoz