Свабоднае дыханне паэзіі
Анатоль Зэкаў

Пра аўтара || Вершы

З кнігі "ЗЯЗЮЛЯ ГУЛЮЛЯ" (Мінск, "Літаратура і Мастцатва" 2010 год)

                ШПАЧЫНАЯ РАНІЦА

У шпачынае ваконца
Зазірнула ўранку сонца.
Разбудзіла шпачанят –
Абудзіла піскам сад.
Гэткі гам паўсюль ідзе!

Так пачаўся новы дзень.

                РЫБАК

Ля ракі сядзіць Антон.
Вудзіць рыбу ў рэчцы ён.

У вадзе трымціць кручок,
На кручку тым – чарвячок.

Ходзяць плоткі ля кручка,
Браць не хочуць чарвячка.

Мо шапнуў ім чарвячок,
Што на іх клюе кручок?

                ЗЯЗЮЛЬЧЫНЫ ГАДОЧКІ

У дубняку Гануля
Збірала жалуды.
-- Ку-ку,
-- Ку-ку, –
Зязюля
Кувала ёй гады.

Ды колькі ўсё ж зязюля
Гадочкаў наварожыць,
Ніяк пакуль Гануля
Злічыць сама не можа.

Да дзесяці налічыць –
Далей хоць маму
Кліч ёй.

                ВУЧОНЫЯ ВАРОНЫ

На галінах
На зялёных
У дрымучым
У бары
Парасселіся вароны
І чыталі буквары.

      Кар-кара,
      кар-карані,
      кар-карась,
      кар-каралі.

Дзе з усхліпам,
Дзе са стогнам
Прачыталі ўвесь буквар.
А запомнілі вароны
З той навукі
Толькі “кар”.

                ХТО ЎКРАЎ СОНЦА?

Ці ж не дзіва:
З-пад аблокаў,
Як было ў бары заўжды,
Сонца да ракі на золку
Не прыйшло папіць вады.

Ад сарокі па сакрэту
Пра бяду алень уведаў.

Ён паверыў балаболцы
І разнёс па ўсім бары,
Што укралі ноччу сонца
Невядомыя звяры.

Зай пачуў, заплакаў горка:
– Як без сонейка сядзець?
Горка плакала вавёрка,
І наўзрыд рыдаў мядзведзь.

Ды не варта румзаць марна
І па сонцу слёзы ліць.
Вось сплывуць удалеч хмары –
Будзе зноў яно свяціць!

                ТРАМВАЙНЫЯ МАРЫ ТАМАРЫ

Сёння ў цырк Тамара
На трамваі едзе,
Дзе пабачыць марыць
Цыркача-мядзведзя,
Што іграе на дудзе
І пра штось сваё гудзе…

А трамвай,
Пра што ён марыць,
Як у цырк вязе Тамару?

                АЛЁНКА-СВЯТЛАФОР

Шапачка чырвоная,
Жоўтая сукенка,
Штонікі зялёныя
Ў нашай
У Аленкі.

Выйшла пагуляць у двор –
Нібы ўспыхнуў святлафор.

                ЯК РАСКУСІЦЬ АРЭШАК?

У Надзейкі зуб баліць –
Ах, якое горачка!
Мо арэшак раскусіць
Папрасіць вавёрачку?

                ЖМУРКІ

З нашай рыжай кошкай Муркай
Мыш гуляе сёння ў жмуркі.

У падпечку мыш скрабецца –
Мурка ўміг туды нясецца.

А пад венік мышка юркне –
Каля веніка і Мурка.

Падпаўзае ціха збоку –
Толькі мышка зноў наўцёкі.

Вунь забілася ў куточак
І адтуль за кошкай сочыць.

Кошка ледзь цягае лапы.
Як жа мышку кошцы сцапаць?

На таго злуецца Мурка,
Хто прыдумаў колісь жмуркі.

                ВАРЫЛА ВЯЧЭРУ ВАРОНА

На вячэру варона,
Прадаўшы каралі,
Кілаграм макаронаў
Купіла ў краме.

Як варыла вячэру
У выварцы чорнай,
Ля кастра крылы грэла
Ды зіркала ўгору.

А з вячэрай не жарты –
Не будзь тут цяцерай!
Страпянулася раптам:
Згарэла вячэра.

Каб не правароніла
Варона –
Ела б на вячэру
Макароны.

Сайт создан в системе uCoz