Свабоднае дыханне паэзіі
Віктар Шніп

Пра аўтара || Вершы

              АГОНЬ

агонь заўсёды галодны
агонь гоніцца за лёгкай здабычай
і ён жыве столькі колькі ёсць здабычы
агонь дзікі і за ім трэба глядзець і глядзець
агонь лёгка прыручаецца
і калі для яго не шкадаваць дроў
скінуўшы з сябе дым
агонь не пашкадуе сябе каб зрабіць для цябе што ты пажадаеш
але якім бы ні быў агонь прыручаны
у яго чырвонай грыве
заўсёды сядзяць д’яблы
якія шэпчуць яму
што ўсё лепшае там
дзе няма агню
і агонь у любы момант
гатоў кінуцца ўслед за ветрам
які таксама ўвесь час
піхае агонь да здрады гаспадару
і я седзячы ў полі ля агню
п’ю кіпень і малюся на агонь
і агонь разумее што я адзін замерзну
а ён без мяне памрэ
але агонь заўсёды галодны
і ён час ад часу плюецца іскрамі
ці то ў адказ на шэпт д’яблаў
якія сядзяць у яго грыве
ці то гледзячы на мой спакой

              ПЫЛ

пыл звычайна спакойны
часцей гэта яго і губіць
з ім змагаюцца і перамагаюць яго
і ніхто не шкадуе пыл
але пыл бывае шчаслівым
асабліва калі ў яго спакой
уразаюцца колы
і пыл узлятае ад радасці
і доўга застаецца ў паветры
і сочыць за вандроўнікамі
якія лаюць яго
пыл не любіць дождж
ён адразу ж дзьмецца на яго першыя кроплі
а дождж злуецца ў адказ
і змывае пыл са сваёй дарогі
пыл як шпіён пранікае ўсюды
да каралёў і да турэмшчыкаў
да салдат і да генералаў
і калі яму дзе спадабаецца
і калі яго асабліва не гнаць
і нават калі вас ніхто не будзе слухацца
пыл будзе хоць і маўкліва але на вашым баку
бо ён пыл
бо ён ёсць і будзе

              ТРАВА

трава—зялёнае полымя
якое раздзімаюць дажджы і сонца
як толькі сыдзе снег
распаўзаецца па зямлі
і нельга траву спыніць
трава ўсё ператрывае
і вастрыё плуга і вастрыё касы
і толькі сцежкам і дарогам
трава саступае месца
але і то да пары да часу
пакуль я па іх хаджу
трава ведае якая яна трава
яна можа даць сілу
і можа забраць жыццё
трава сябруе з ветрам
у якога няма сваёй хаты
і толькі снег варагуе з травой
бо ён не ведае што такое трава

              БАЛАДА КІРЫЛЫ ТУРАЎСКАГА
              (каля 1113—пасля 1190)

Мінае травень… Ліпень… Лістапад… Зноў снежань
З нябёс самотай белай на людзей імжыць.
А ты замураваны ў манастырскай вежы,
Каб толькі Слову, Слову божаму служыць.

І Тураў твой ад снегу, як ад квету, белы,
І толькі Храмаў купалы сярод нябёс,
Нібы вуголле ў снезе, на сусвет наш цэлы
Зіхцеюцца пад сонцам, страшачы мароз.

З малітваю глядзіш на родныя прасторы
І верыш, што твой край ніколі і нікім
Не будзе зваяваны і не змоўкне ў горы,
Не знікне, як знікае па-над свечкай дым,

Якая прад табой гарыць і асвятляе
Душу, як свет, і свет, нібы тваю душу,
Дзе Бог жыве і Беларусь жыве святая,
Якая стане белай, як пасля дажджу

Вясновы ціхі сад, што чорным быў, бялее
Ад квецені густой, нібыта белы Храм,
Дзе Слова, як анёла, ты душой сагрэеш
І Слова паляціць да нас, і светла нам

У свеце чорным будзе, у якім сягоння
Ёсць наша Беларусь, а з ёю ёсць і ты,
І ў беларускім небе, нібы на іконе,
Хто ў Бога шчыра верыць, бачыць лік святы,
Як бачыў ты…
                                        8.12.2008

              БАЛАДА ПАЎЛА ШПІЛЕЎСКАГА
              (31.10.1823—17.10.1861)

Над Айчынай глыбокае неба,
У якім наша сонца плыве
Праз аблокаў халоднае срэбра,
Праз малітвы, якія ў царкве
Праспявалі самотныя людзі,
Да якіх ты ідзеш, каб сказаць:
“Беларусь тут была, тут і будзе,
Толькі трэба любіць, зберагаць
Беларускага слова дыханне,
У якім Беларусь і жыве...”
І збіраеш ты песні, паданні,
Што, як кветкі ў высокай траве,
Існуюць, ды не кожны іх знае.
А дзе кветкі—там пчолы і мёд,
Там Айчына ад пчол залатая,
Бо, як пчолы вясною, народ,
Без якога не будзе краіны,
Пра якую ты марыш і сніш.
З-за аблок чутны крык жураўліны,
Працінае цябе, нібы крыж,
Што стаіць ля вясковай дарогі,
Дзе ідзеш ты і ў неба глядзіш,
Дзе ўсе радасці і ўсе трывогі
Сталі сонцам, якое плыве
Праз аблокаў халоднае срэбра,
Праз малітвы, якія ў царкве
Праспяваны, падхоплены небам,
Нібы кветкі, што спелі ў траве...
                                        8.07.2010

Сайт создан в системе uCoz