Дзьмухавец

Фальклорна-этнаграфiчны i лiтаратурна-мастацкi альманах

Дуня Марцінкевіч. З беларускай жаночай паэзіі ХІХ ст.

Я лечу! Возношусь! Поднимаюсь под самые облака! Теперь я знаю, для чего живу на свете!

Карел Чапек. Семя одуванчика.

Сябры альманаха:

Рубрыка "Філалагічныя гульні "

Гэты верш – шчаслівая і, як гэта часта бывае, выпадковая знаходка. Улетку я, як і заўсёды, адпачывала на вёсцы ў бабулі і дзядулі на Ласаўшчыне, што ў Гродзенскім раёне. Хата ў нас старая, яшчэ бабулінай маці. Да старой хаты мы дабудавалі новую кухню і два пакоі, але стары дом усе гады заставаўся амаль некрануты. І вось у мінулае лета, калі ад спякоты ўжо не было паратунку, а вада ў сажалцы была не халадней за паветра, я вырашыла забрацца пад страху старой хаты – бабуля казала, что калісьці там схавала стары саламяны капялюш. Магчыма, ён абароніць мяне ад сонца!

Пад страхой хаваўся сапраўдны скарб. Знайшоўся не толькі капялюш (шырокі і лёгкі, якраз тое, што трэба. На ім нават упрыгажэнні захаваліся – крыху пабляклыя, але хупавыя макі і стужкі). Сапраўднай каштоўнасцю быў патэфон, а побач, у асобнай скрыні, нават пласцінкі да яго. “Нашто ты схавала такі цуд?” – потым спыталася я ў бабулі. – “Ды надта галасісты”, – адказала яна. І то была праўда. Моц голасу я ацаніла, як толькі завяла патэфон і паставіла першы запіс – “Ландышы” ў выкананні Маі Крысталінскай. Бабуля прыбегла з агароду, а дзед – аж з ракі. Во які патэфон!

У скрыні з пласцінкамі ляжалі дзве кнігі: адна друкаваная, на старой, тоўстай вокладцы чыталася “А.С. Пушкін”, але ярчэй за літары быў выпалены круг ад патэльні; другая рукапісная ў скураной вокладцы з наклеенымі папяровымі кветкамі. Разгарнула адразу другую… І апынулася ў свеце дзявочых таямніц і ўздыхаў, сябровак і сялянскіх кавалераў. А створаны той свет з вершаў і дзённікавых запісаў! Да вечара не вылазіла я    з-пад страхі, нягледзячы на тое, што нагрэлася яна так, што толькі не кіпела. А ўвечары чытала бабулі вершы, якія пісала ў ХIХ стагоддзі, прыкладна ў 1870—1890-х гадах, родная сястра маёй прапрабабулі Аўдоцця Іванаўна Марцінкевіч. У той час ёй было каля шаснаццаці гадоў, і звалі яе, напэўна, Дуняй. Магчыма, мая знаходка будзе цікава даследчыкам беларускай паэзіі ХIХ стагоддзя, а калі мастацкай і гістарычнай каштоўнасці ў гэтым вершы і не знайдуць, то сапраўдная дзявочая душа з яго ўжо нікуды не знікне.

Марыя Харчэўнік,
студэнтка 2 к. філалагічнага факультэта БДУ

 

ВЕРШ ДУНІ МАРЦІНКЕВІЧ

Ой жа ж гэты дзень-дзяночак цягнецца,
Вечар не ідзе, каб з каханым сустрэцца!
Ен у вусны будзе мяне цалаваці,
Цалаваці-абдымаці, потым пытаці:
“Чаго ж мая панна бы прывід збялела,
Ды чырвоны вочы, ды спала ўся з цела?”
Ясны ж ты мой пане, – адкажу чэсна,
У хаце ўдзень і ўночы стала мне цесна.
Чым без ясна пана бы птушка таміцца,
Лепей мне, гаротнай, у раке ўтапіцца!
Люба малайцам да дзяўчын заляцацца.
Дзеўкам тым саромна, ды ў сэрцы баяцца,
Каб не зведаў бацька, з кім ноччу сядзела
Ля старога млына, ды ў вочы глядзела,
Кабы матка родна слезкі ня ліла,
Што дачка дурная цноту згубіла!
Вам жа, ясны пане, міла, ня міла,
Але добра бачу – жыцце мне магіла.
Чым удзень дрыжаці ды богу маліцца,
Лепей, маладой мне, у раке ўтапіцца!


Папярэднi артыкул  |  Да зместа  |   Наступны артыкул

Пра альманах | Кантакты | ©2010 Альманах "Дзьмухавец"
Сайт создан в системе uCoz