Дзьмухавец

Фальклорна-этнаграфiчны i лiтаратурна-мастацкi альманах

Вершы Алега Лойкі.

Я лечу! Возношусь! Поднимаюсь под самые облака! Теперь я знаю, для чего живу на свете!

Карел Чапек. Семя одуванчика.

Сябры альманаха:

Рубрыка "Асобы"

ALMA MATER

Навук жыццёвую спажыву
У далечы ад родных хатаў
П’ючы шчасліва, гаманліва,
Цябе назвалі alma mater!..

І сёння да тваіх грудзей я,
Набраклых ведама багата,
Прыпаў і прагна п’ю ідэі…
На вуснах – прысмак гаркаваты:
Палынам поіць alma mater!..

1951
(Лойка А.А.Трэці золак. – Мінск, 1993. – С.108)

ГІМН БДУ
Навукі мудрыя скрыжалі,
Непераможны творчы дух
Нас з Белай Руссю нараджалі,
Каб дух Скарыны не патух.

Прыпеў:

Універсітэт –
Белай Русі квет,
Наша alma mater
Універсітэт!

Змяняйцеся, пазнання квадры,
Будзь вечнай поўняй, сонца круг, -
Той адраджэнскай славы варты,
З кім вечны пошук, вечны рух!

Прыпеў.

Нам не забыць студэнцкай лавы,
Сяброў, сябровак дарагіх, -
Прафесарам віват і слава, -
І слава тым, хто любяць іх!..

Прыпеў.

Навукі шлях цяжкі агорвай,
Будзь сэрцам ёй, як сонцу, рад, -
Віват, як маці, аўдыторыя,
Віват, як бацька, інтэрнат!

Прыпеў.

Адкрыем кожны ген і кратэр,
Час і прастору, шыр і вузь, -
Давеку слаўся, alma mater
Нас праслаўляй і Беларусь!..

Прыпеў:

Універсітэт –
Белай Русі квет,
Наша alma mater
Універсітэт!

(Лойка А.А.Ушанаванне. – Слонім, 2001. – С. 113)

ОДА ЗАВОЧНІКУ
Люблю цябе і кажу гэта ў вочы,
Настаўнік-завочнік! настаўнік-завочнік!..
Папраўдзе, паэты даўно бы павінны
Цябе параўноўваць з героем балінным:
Дырэктар ты, завуч ці проста настаўнік,
Якіх ты нагрузак, браточак, не цягнеш!..
Табе паўтары, а то й дзве стаўкі часам,
Бо вас і цяпер не хапае ў калгасах,
А ў класах дзяцей, нібы маку, ды ўсякіх,
Хапае харошых, не менш забіякаў;
І з іх ты павінен герояў даць новых,
Такіх, як Гагарын, Цітоў ды Паповіч,
Такіх, хто б штурвалы касмічныя даў ім –
Курчатавых новых і новых Ландау;
Такіх, каб і трактара не забывалі
і бульбакапалку як след змайстравалі
Зямлю каб аралі электраплугамі, -
А тут яны шморгаць толькі насамі,
А тут ім пакуль два і два не ўталкуеш,
Дзень-ноч за ўсенавач ваюеш, ваюеш…
Год цэлы ты ў школе – ўрокі, ўрокі,
Са школы – за школай ні вольнага кроку:
Даклады даяркам, свінаркам даклады,
Брыгадам на станах, цяслярным брыгадам;
Найпершы на выбарах ты агітітар
І першы ў адказе, як стаў недзе трактар,
Як лён не праполат, надоі упалі
Ці бульбу калгаснікі не дакапалі.
І гэта ж табе, мой настаўнік-завочнік,
Кантрольныя трэба у тэрмін закончыць,
І часам, чаго тут таіцца, бывае,
Ты проста ў таварыша «перадуваеш»
Ці спішаш з брашуры кантэкст таямнічы:
А ну ж рэцэнзент не заўважыць, залічыць!…
А тут яшчэ жонка, а тут яшчэ дзеці,
І на дэфіцытным красуе канспекце
Патэльня, якою цябе стрэне цешча:
«Ешча, зяцёк, ешча!..»
Ёсць, ёсць сярод вас, што й казаць, і такія,
Якія працуюць, нібыта з-пад кія,
І робяць усё толькі для справаздачы:
Бывае там-сям, абы хтось яго бачыў,
А сам пяцісценны адгрукае домік,
Каровачку доіць, свінчо сваё корміць,
І толькі за пазуху ўхопіць дыплом,
Як лахі пад пахі і ў логава-дом!..
Я тут не пра гэтых, я тут пра другіх
Завочнікаў, сэрцу майму дарагіх,
Такіх, да якіх кожны раз зноў і зноў,
Далёка ці блізка, я ехаць гатоў!…

1962
(Лойка А.А. Калі ў дарозе ты…. – Мінск, 1971. – С. 34)

ЖЫЎ ЗАКАХАНЫ СТУДЭНТ
Жыў закаханы студэнт,
Цяжка было студэнту:
Высах студэнт ушчэнт,
А потым не стала і шчэнту;

Астаўся адзін толькі нос,
На ім – акуляраў зломак,
Маўкліва пакуты ён нёс,
Не нос, а студэнт, вядома;

І скрозь з ім была яна,
Ад сну нат яго адбівала:
Сядзеў з ёю ён да відна
У ціхай чыталцы, бывала.

Раманы ёй, п’есы чытаў,
Аповесці, вершы, балады,
Штодзённа лісты ён пісаў
Даўжэзныя, бы «Іліяда»,

Чытала яна лісты
І высахла ў рэшце дашчэнту, -
Застаўся студэнт халасты…
Цяжка было студэнту!..

1962
(Лойка А.А. Калі ў дарозе ты… – Мінск, 1971. – С. 32)

ВЕЛІКОДНАЕ ЯЕЧКА
Велікоднае яечка:
Белы бялочак,
Жоўты жаўточак,
Зачатак – вечны.

Ці на пятку,
Ці на вяршочак,
Не разбіўшы,
Не паставіць
бялочак.

Маляванае ж яечка –
Маляванка:
Вяснова зялёная,
Радасна чырвоная,
Багата залатая
Ці бедна цыбульковая.

Я малюю лісточкі,
Сястра – кветачкі,
Маці ж
фарбуе яечкі
Амялой зялёнай бяроз:
Хрыстос уваскрос!..

Прытулі, каханая,
Яечка да грудзей, -
Хай доўжыцца дзень,
Меншыцца ад сонца цень…
Вялікдзень!..

Бялок – белы, як дзень,
Жаўток – жоўты, як сонейка,
Зачатак – вечны.
З Вялікадня –
Наш Вяліквек.

(Лойка А.А.Трэці золак. – Мінск, 1993. – С. 18-19)

КАЛЫХАНКА

Ходзіць коцік, горбіцца,
Носіць сон ў торбачцы,
Ходзіць на палатках
У беленькіх лапках,
Ходзіць, вочы косячы,
Сон у торбе носячы…

Люлі, хлопчыку, люлю,
А я коціка злаўлю:
«Пайшоў, коце, вон, вон!
Аддай хлопцу сон, сон!..
Ты па лаве не хадзі,
Ты мышэй лавіць ідзі, -
Уцякацьмуць мышы,
Хлопца закалышуць!..»
(Лойка А.А. Задуменныя пералескі. – Мінск,1961. – С. 37)

ВЕЛЯСНІЦА
Жэні Янішчыц

Велясніца!..
Як гучыць яно таемна:
Велясніца!..
Велес сніцца?..
Велес сніцца!..
Велес просіць
мала-веле
пакланіцца!..
Ён жа – Велес!
Сонцаў сын
і брат Пяруну,
брат Пяруну!
Апякун жывёл – хвала, хвала жывому! –
І –
Баяну струны –
свайму ўнуку –
ён жа ў гуслях
сам наводзіў,
сам наводзіў,
Каб гучала яго «Слова аб паходзе»
у стагоддзях,
у стагоддзях!..
Што за шчасце,
Што за шчасце ў гэткай вёсцы
нарадзіцца,
нарадзіцца!…
Велясніца!..
Велес – сніцца,
вёска – сніцца!..
Раскрываецца
загадка таямніцы
нечакана!
Не магла не паэтэсай нарадзіцца
Прапрапраўнучка Баяна!..
(Лойка А.А.Велясніца. – Мінск, 1976. – С.139)

НА ВЯСЕЛЛІ
Сёння ўсе вашы кветкі,
Сёння ўсе вашы птушкі!..
Пеўнікаў вам на сурвэткі,
Мярэжачкі – на падушкі!..

Вясельніцы, вясельнікі,
Найвесялейшыя душачкі, -
Хай будуць сыны – як пеўнікі,
Дачушачкі – як падушачкі!..

Славіць спорыш арэшкавы
Маладыя ляшчэўнікі,
Сон салодкі мярэжкавы,
Праспаць не давайце, пеўнікі!..

Сёння ўсе вашы кветкі,
Сёння ўсе вашы птушкі!..
Пеўнікаў вам на сурвэткі,
Мярэжачкі – на падушкі!..
(Лойка А.А.Скрыжалі. – Мінск, 1981. – С. 493)

ЗАПАВЕТ
Дзед і гэты запавет
Перадаў малому:
«Ты без прыказкі ў свет
Не кранайся з дому.

Верць-круць, круць-верць, -
Нелюдзі, як чэрці,
Ды лепей сем раз гарэць,
Чым адзін памерці.

А смерць прыйшла,
Мяне дома не знайшла,
А знайшла ў вішняку
З паўбутылькай на баку.

Эх, жыць будзем,
Сеяць, жаць будзем,
Пры-га-ва-ры-ваць
І прыпяваць
будзем…»

Будзем, дзеду, будзем!..
(Лойка А.А.Дзівасіл. – Мінск, 1969. – С. 9)

АДКУЛЬ КАЗКІ
Ехаў  Бай праз лясок,
Вёз казак мяшок.
Дарожка крывенька,
Кабылка сляпенька.
З-за рэчкі, з-за гаю
Жучка выбягае.
На бая брахала,
Зубы выскаляла,
Мех так церабіла,
Аж дзірку зрабіла.
Пакуль тое ўбачыў
Бай на свім возе,
Казак сто, няйначай,
Згубіў па дарозе.
З той пары дарогай
Хто б там ні праходзіў,
Казак мала, многа
Заўсёды знаходзіў.
1955
(Лойка А.А.Скрыжалі. – Мінск,1981. – С. 564).

Матэрыялы падрыхтавала
Жанна Сцяпанаўна Карповіч,
вядучы бібліятэкар аддзела абслугоўвання
філалагічнай і эканамічнай літаратурай ФБ БДУ

Папярэднi артыкул  |  Да зместа  |   Наступны артыкул

Пра альманах | Кантакты | ©2010 Альманах "Дзьмухавец"
Сайт создан в системе uCoz