Рубрыка "Асобы"
Успаміны пра Алега Лойку
Т.І.Шамякіна
Пазнаёмілася я з Алегам Антонавічам Лойкам на другім курсе філфака. Ён чытаў у нас гісторыю беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя. Чытаў натхнёна, пафасна, не ў акадэмічнай манеры, а артыстычна, робячы з кожнай лекцыі маленькі спектакль. Шмат каму са студэнтаў, звыклых да суха-рацыянальнай падачы матэрыялу, такі стыль аповеду не падабаўся – запісаць за Лойкам было цяжка. Але паколькі я валодала стэнаграфіяй, то запісвала практычна ўсё, ды яшчэ хапала часу сачыць за лектарам. Алег Антонавіч чытаў абсалютна без запісаў, па памяці, прытым імкліва рухаўся, гуляў мімікай, часта ўсміхаўся. Апытваў ён на экзамене дастаткова ліберальна, хоць не без некаторай хітрынкі. Памятаю, ён звяртаў асаблівую ўвагу на веданне фактаў біяграфій нашых класікаў. Потым гэта стала і маім крэда як выкладчыцы. Увогуле я найбольш люблю менавіта той перыяд, які чытаў Лойка, – нашаніўскі.
На З-ім курсе студэнты разышліся па навуковых семінарах. Да Алега Лойкі і Ніла Гілевіча пайшлі нашы, ужо знакамітыя, паэты: Яўгенія Янішчыц, Алесь Разанаў, Віктар Ярац, Алена Руцкая, Яўген Хвалей. Абодва прафесары заўсёды адкрывалі маладыя таленты ў глыбінцы, а потым апекавалі іх ва універсітэце. Алег Антонавіч яшчэ, акрамя таго, вёў паэтычнае аб’яднанне “Узлёт”. То быў залаты век “Узлёту”: хоць таленты і сёння не перавяліся, ды Лойкі з яго эстэтычным густам, чуццём да слова, з яго выключнай увагай да кожнай творчай індывідуальнасці ўжо, на вялікі жаль, няма…
Тады ж, на 3-ім курсе, адбылася падзея, якая скандальна ўвайшла ў аналы філфака. Памятаю пахмурны дзень восені: перад лекцыяй Міхася Ларчанкі ў актавай зале корпуса на Чырвонаармейскай 6, выйшаў наперад Алесь Разанаў і прапанаваў нам, яго аднакурснікам, падпісацца пад лістом-просьбай да рэктарата чытаць усе лекцыі на нашым аддзяленні па-беларуску. Ніякай крамолы я ў яго прапанове не ўбачыла і таму падпісалася адной з першых (ці не самай першай, бо сядзела на першым радзе). Падпісалася большасць, а было нас тады на беларуска-рускім аддзяленні 130 чалавек.
Як жа мы здзівіліся і абурыліся пазней, калі з закліку хлопцаў (Алеся Разанава, Віктара Яраца, Лёвы Барташа) раптам утварылася нейкая палітычная справа. Прычым, бясспрэчна, што ў ёй ніяк не было зацікаўлена кіраўніцтва факультэта. З’явіліся строгія афіцыйныя людзі з ЦК КПБ, з ЦК камсамола, пачаліся сходы, разборкі. Справа атрымала рэзананс у грамадстве.
У асяродку пісьменнікаў гаварылі, што справакавалі хлопцаў Лойка і Гілевіч. Я не лічу, што прафесары штурхалі нашых паэтаў менавіта на такі крок, але не выключана, што на семінарах і ў прыватных гутарках яны маглі выказаць думку пра неабходнасць ініцыятывы ў гэтым пытанні знізу, ад саміх студэнтаў. Я думаю, што ніхто – ні студэнты, ні выкладчыкі – не чакалі вострай рэакцыі ўлад. Значна пазней я зразумела, што такой рэакцыі і не было б, калі б не час нашай акцыі – верасень 1968 года, якраз пасля чэхаславацкіх падзей…
Хлопцаў перавялі ў іншыя ВНУ: Разанава і Барташа ў Брэсцкі педінстытут, Яраца – у Гомельскі. На выкладчыках падзея ніяк не адбілася.
Я ж на старэйшых курсах і ў аспірантуры знаходзілася пад відавочным уплывам свайго навуковага кіраўніка – прафесара, акадэміка Івана Якаўлевіча Навуменкі, а з Лойкам амаль не сутыкалася.
Па-іншаму склалася, калі я сама пачала працаваць на кафедры беларускай літаратуры. Я не ўваходзіла ў стасункі нашых прафесараў паміж сабой, хоць былі яны яўна няпростыя. Тым не менш кафедра тады, у 70-я – пачатку 80-х, пад кіраўніцтвам дацэнта Вольгі Васільеўны Казловай, перажывала, можна сказаць, свой залаты век, па многіх паказчыках з’яўлялася лепшай не толькі ва універсітэце – у рэспубліцы. Як такі поспех дасягаўся? Карыфеям – Алегу Лойку, Нілу Гілевічу, Сцяпану Александровічу, Дзмітрыю Бугаёву – давалі магчымасць, перш за ўсё, пісаць кнігі і падручнікі: нагрузка ім складалася такім чынам, каб выкладаць толькі адзін семестр, а тое і зусім месяцы два на працягу года, а астатні час займацца навукай. Выдатныя кніжкі – і паэтычныя, і навуковыя, выходзілі ў іх штогод, ды нават па некалькі ў год. Такая багатая навуковая прадукцыя рабіла кафедру унікальнай. Асноўную ж вучэбную нагрузку цягнулі жанчыны – дацэнты і старшыя выкладчыкі: Маргарыта Барысаўна Яфімава, Аліса Міхайлаўна Шыловіч, Любоў Канстанцінаўна Тарасюк, Людміла Уладзіміраўна Карпава, Любоў Аляксандраўна Ламека, я. Я ўдзячная і калегам, і сваім загадчыкам, што пастаянная падрыхтоўка ўсё новых і новых дысцыплін дала мне магчымасць набірацца ведаў і прафесійна расці.
У 80-я гады, калі ўзялася за новы курс “Псіхалогія творчасці”, я зацікавілася асобамі некаторых пісьменнікаў і навукоўцаў, у прыватнасці Алегам Антонавічам. Шмат начытаўшыся пра розную функцыянальную прыроду паўшар’яў кары галаўнога мозгу, я разважала над асаблівасцямі творчай асобы менавіта А.Лойкі, які спалучаў у сабе ўласцівасці выдатнага даследчыка літаратуры, а значыць, чалавека рацыянальнага, з паэтам-лірыкам, у якога пераважна задзейнічана эмацыянальная сфера. Я добра бачыла, які рамантычны па сваёй натуры Алег Антонавіч, як закаханы ў жыццё, у яго разнастайныя пачуццёвыя праявы: любіў купацца нават позняй восенню, хадзіць у грыбы, сам гатаваў розныя зёлкавыя напоі. І ён жа – выключна дапытлівы даследчык, зацікаўлены рознымі навукамі, найперш гісторыяй і літаратуразнаўствам, глыбокі аналітык.
Добра запомнілася наша кафедральная экскурсія ў горад Слонім і ў Жыровіцкі манастыр, куды нас прывёз Алег Лойка. Вось тады я ўбачыла, адчула ў поўнай меры, што значыць для чалавека малая радзіма. Я нарадзілася ў Мінску, але і ў мяне быў “родны кут”, – радзіма маці – вёска Церуха Гомельскага раёна, дзе Шамякіны мелі свой дом-лецішча. Таму пачуцці Алега Антонавіча я добра разумела і глыбока паважала. Яго апантанасць роднай зямлёй захапляла заўсёды. А для мяне самой наведванне Жыровіц сталася сапраўдным інсайтам – абудзілася цікавасць да рэлігіі, да манастырскага быцця, прынцыпаў навучання ў тэалагічных установах. Лойка так выдатна арганізаваў справу, што нас запрасілі нават у прыватныя пакоі светароў. Адначасова стала ясна, як любяць і паважаюць прафесара на яго радзіме.
Калі Алег Антонавіч ужо стаў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры, мы асабліва часта гутарылі з ім. Шмат якія з думак Лойкі сталі і для мяне ў нейкім сэнсе лёсавызначальнымі – я маю на ўвазе навуковы лёс. Памятаю лойкаву характарыстыку Дзмітрыя Ліхачова і яго філалагічнай школы. Калі я потым чытала, вывучала Ліхачова, меркаванні беларускага прафесара давалі пастаянную фонавую падсветку тэорыям расійскага даследчыка і абаранілі мяне ад уплыву яго канцэпцыі, якая ў многім збядняла гісторыю нашай культуры, пазбаўляла яе язычніцкай асновы. Помню, як асабіста мне Алег Антонавіч гадзіны тры распавядаў пра некаторыя малавядомыя факты з жыцця Адама Міцкевіча, што абудзілі маю цікавасць да паэта і вымусілі прачытаць не толькі ўсе яго творы, але і таўшчэзную кнігу “Міцкевіч” з серыі ЖЗЛ, серыі, для якой тады працаваў і Алег Лойка. Запомніліся яго развагі пра “час паэзіі”, час увогуле для кожнага жанру – потым яго дасціпныя назіранні я дапаўняла ўласнымі, ужо ў 90-я гады. Захапляла фенаменальная эрудыцыя прафесара ў самых розных галінах ведаў, глыбіня яго пранікнення ў з’явы культуры, уменне красамоўна даносіць інфармацыю, генерыраваць новыя ідэі, якімі ён надзвычай шчодра, як ніхто з карыфеяў, дзяліўся са сваімі вучнямі (вырасціў 25 кандыдатаў навук). Алег Антонавіч бачыў, што я цікаўлюся гісторыяй, і таму часта гаварыў са мной на тэмы беларускай і сусветнай гісторыі, на якую меў арыгінальны погляд, адрозны ад догмаў афіцыёзнай навукі. Увогуле, яму можна было задаць любое пытанне, па любой галіне ведаў, і заўсёды атрымаць адказ.
У 1991 годзе, адразу пасля жнівеньскага путчу, калі перасталі існаваць КПСС і КПБ, некаторыя з нашых выкладчыкаў падсоўвалі свае партыйныя білеты пад закрытыя дзверы партбюро. Мы гэта з Алегам Антонавічам з цікавасцю назіралі, і ён сказаў: “А я не буду выкідваць партбілет – захаваю ў сваім асабістым архіве: гэта мая гісторыя, мая біяграфія”. Я паверыла яму, нягледзячы на тое, што ўжо ведала яго сапраўднае стаўленне да савецкай улады, лепш сказаць, адчувала ў ім дваістасць бачання рэальнасці, прычым гісторыю ён шанаваў: куды ад яе падзецца.
У 1992 годзе, вясною, калі дэканам філфака стаў Алег Лойка, мы перасяліліся ўсім факультэтам з Чырвонаармейскай на Карла Маркса, 31, у корпус былой ВПШ. Час тады быў шалёны, віхурны, расхрыстаны, але спрыяльны для актыўных і авантурных людзей. Нейкая яго стыхійнасць, рэвалюцыйнасць, па-мойму, імпанавала рамантычнай натуры Алега Антонавіча, нават ап’яняла яго. Дарэчы, дэкан ён быў вельмі добры, у тым ліку для студэнтаў: шмат разоў я назірала, як ён махне рукой і скажа студэнту: “А, ладна, пераздавай!” І нам заўсёды гаварыў: “У любой сітуацыі мы павінны выступаць на баку студэнтаў”.
Працаваў тады Алег Антонавіч апантана, з энтузіязмам – гэта быў яго зорны час. Тады ён правёў рэарганізацыю факультэта, структура якога захоўваецца з большага да сёння. Так, нашу кафедру беларускай літаратуры ён раздзяліў на некалькі. Я стала дацэнтам кафедры тэорыі літаратуры. Мы працягвалі захоўваць з Лойкам прыязныя стасункі ўсе 90- я гады, ён мне раіў пісаць доктарскую дысертацыю і пры кожнай сустрэчы прапаноўваў розныя падыходы да тэмы, даваў парады. Я, са свайго боку, зноў і зноў задавала прафесару шматлікія пытанні – як ён ставіцца да тых ці іншых з’яў жыцця, палітыкі, культуры. Можа быць, тады ён успрымаў мае пытанні за правакацыйныя, але мне сапраўды была цікавая яго думка, бо я вывучала прафесара як своеасаблівы псіхалагічны феномен, пэўны чалавечы тып. А ў канцы яго жыцця, пры нашай адной з апошніх размоў, ён прызнаўся мне, што я – менавіта я – на многае адкрыла яму вочы. Значыць, у 90-я гады і ў пачатку 2000-х гадоў, у канцы жыцця, ён шмат што пакутліва пераглядаў – як, урэшце, усе мы…
Таццяна Шамякіна,
доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ