Альманах "Дзьмухавец"

Апошнія сустрэчы з Нілам Гілевічам


Вячаслаў Рагойша

З Нілам Сымонавічам Гілевічам мы сустракаліся, гутарылі, прычым у розных месцах, адзін на адзін і ў сяброўскім коле, мноства разоў. Інакш і быць не магло. Яго запрасіў на кафедру беларускай літаратуры БДУ тагачасны яе загадчык прафесар Ларчанка М. Р. у далёкім ужо 1960 г. З 1963 г. я стаў аспірантам, а з 1967 г. – выкладчыкам той самай кафедры. Працавалі поплеч на філфаку чвэрць стагоддзя: ён чытаў студэнтам лекцыі па фалькларыстыцы, я – па тэорыі літаратуры. У памяці засталося многае, у прыватнасці – час фантастычнага з’яўлення надзвычай папулярнага ананімнага (тады) “Сказа пра Лысую гару”. Мы, супрацоўнікі кафедры, прафесіяналы-літаратуразнаўцы, прыставалі да Ніла Сымонавіча нават не з пытаннем – са сцвярджэннем: “Вы ж аўтар паэмы!” А ён заўсёды аднекваўся ад аўтарства: “Ні ў якім разе! Я нават ні разу не быў на той Лысай гары…”. Так здарылася, што доўгі час мы і жылі па суседству – у суседніх пад’ездах мінскага “пісьменніцкага” дома па вуліцы Карла Маркса, 36. Асабліва помняцца нашы сустрэчы ў маім родным Ракаве: і на нашым з Таццянай Вячаславаўнай “вяселлі веку” ў лістападзе 1967 г., дзе Ніл Сымонавіч з жонкай Нінай Іванаўнай былі сярод самых ганаровых гасцей, і ў кампаніі з нашымі ракаўскімі суседзямі-краязнаўцамі настаўнікамі Васілём Пятровічам і Леакадзіяй Іванаўнай Налецкімі, з маімі колішнімі школьнымі настаўнікамі, а яго, Ніла Сымонавіча, студэнцкімі сябрамі Зінаідай Аляксееўнай і Аляесеем Лук’янавічам Зяневічамі... Ды ці мала што можна ўспомніць! Хочацца, аднак, згадаць пра нашы апошнія (на вялікі жаль!) сустрэчы. Хаця б таму, што я быў адзін з яго блізкіх знаёмых, хто заспеў яго яшчэ пры жыцці.

20.01.2016. Галоўная падзея таго дня для мяне – наведанне Ніла Сымонавіча. Дамовіліся па тэлефоне аб сустрэчы напярэдадні. Н. С. папрасіў прыйсці яшчэ да 14 гадзін: у гэты час сястра, якая даглядала яго, павінна была на нейкі час адысці, а яму дзверы адчыняць цяжкавата. Дамовіліся пра сустрэчу на 12 гадзін, ды непрадбачаныя клопаты затрымалі мяне. Н. С. маёй затрымкай, відавочна, быў незадаволены. Але падарунак – галоўная прычына майго візіту, кніжка “Наш гонар – Ракаў”, якая выйшла да 550-годдзя гэтага славутага мястэчка, – яго адчувальна ўлагодзіў. Тут жа з прыемнасцю пачаў прыгадваць:

– У Ракаве я бываў яшчэ да знаёмства з Вамі. Дзякуючы Зяневічам. З Зінаідай мы былі аднакурснікі, а яе будучы муж Аляксей тады вучыўся на геаграфічным факультэце нашага ўніверсітэта. Яны мяне пазнаёмілі і з Налецкімі. Які цікавы чалавек быў Васіль Пятровіч! Гісторык, апантаны краязнавец... На жаль, яго ўжо няма. А як маецца Леакадзія Іванаўна? Яна ж мой аднагодак...

Калі сказаў, што Леакадзія Іванаўна цяпер ляжыць у абласным шпіталі з цяжкім двухбаковым запаленнем лёгкіх, шчыра паспачуваў ёй, але вестку ўспрыняў не трагічна. Што ж, у такім узросце ўсё бывае!

Стаў гартаць кнігу, спыняўся ледзь не на кожнай старонцы. Уважліва разглядаў здымкі. Вось ён сам, малады, з густой чупрынай, дастае вядро вады са студні, побач – Аляксей Зяневіч (1956 г.). А вось на заснежаным ракаўскім пляцы поплеч з выдатнымі ўкраінскімі пісьменнікамі Дмытром Палычкам і Раманам Лубкіўскім (2003 г.)... Дагартаўся да свайго колішняга верша “Быль пра Ракаўскую бярозу”. Быль пра тую прыгажуню-бярозу, што расла каля хаты, дзе жылі Зяневічы (“Была яна развесістай, // Высокай і кунатай. // Заўжды шумела весела // Ля вуліцы над хатай”), і якую па загадзе мясцовага старшыні калгаса бязлітасна спілавалі (“Матэрыял спатрэбіўся // На дэрцы і на білы”).

– Пра бярозу мне расказала Зінаіда Аляксееўна... Я верш тады ў “Вожыку” надрукаваў. Але ў свой 23-томны Збор твораў яго не ўключыў.

Стаў чытаць верш, разглядаць суседні здымак “з вядром вады”.

– Была яна развесістай... Заўжды шумела весела… Добрая рыфма: развесістай – весела! Ці не так?.. А паглядзіце, якія кучары былі ў мяне! А што цяпер...

Прыгледзіўся: ускалмачаныя валасы, як і бровы, сівыя-сівыя, але галава не палысела, як у многіх у такім узросце. Твар у Н. С. бледны, стомлены. Ды вочы жвавыя, з аганьком.

– А дзе Вы ўзялі гэты мой верш – “На адкрыццё Дома творчасці”? Я яго таксама не ўключыў у 23-томнік, а мог бы, калі б ведаў...

Кажу, што не памятаю, адкуль узяў, але калісьці апублікаваў у сваёй кнізе “Там, дзе бруіцца Іслач” (1991). Магчыма, перапісаў яго, як і некаторыя іншыя запісы, з “Кнігі водгукаў” таго ж Дома творчасці пісьменнікаў, што пабудавалі каля Ракава на сродкі ўсесаюзнага Літфонда і на адкрыцці якога 26 лістапада 1986 г. Н. С. і прачытаў свой верш з пажаданнем-наказам:

Хай шчыруюць тут, удумна мыслячы,
Творцы ўсіх народаў і зямель.
Дык у добры й доўгі шлях па Іслачы
Блаславёны музай карабель!

Н. С., як першы сакратар праўлення СП БССР, афіцыйна адпраўляў у плаванне той “карабель”, “хрысціў” яго імем Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які некалі жыў і працаваў у зусім блізкай адтуль Люцінцы. Але пазнейшыя кіраўнікі Саюза пісьменнікаў ганебна не ўратавалі той “карабель”, і цяпер ён стаў персанальнай “яхтай” нейкіх “новых беларусаў”.

Загаварылі пра ўніверсітэцкія справы. Згадаў пра колішні наш прыход дружнай філфакаўскай дэлегацыяй на чале з дэканам І. С. Роўдам да яго на кватэру. Тады цёплымі словамі, народнымі песнямі, падарункамі мы віталі яго з 80-годдзем. Добра адгукнуўся пра супрацоўнікаў кафедры тэорыі літаратуры, яе фалькларыстаў, у прыватнасці пра дацэнта Р. М. Кавалёву, папрасіў перадаць ім прывітанне. Затое рэзка негатыўна выказаўся пра аднаго філфакаўскага прафесара:

– Я зусім змяніў пра яго думку. Гэта ж трэба, такім беларусафобам аказаўся! Можа, і быў такім, толькі затаіўся да часу...

Кніжка перагорнута да апошняй старонкі. Кажу, каб не краязнаўчая шматтыражка “Ракаўскі шлях”, якую я са сваёй сям’ёй выдаваў на працягу васьмі гадоў (2000 – 2008 гг.), то і гэтай кніжкі хутчэй за ўсё не было б: за невялікім выключэннем, яна ўкладзена мной з матэрыялаў таго ж “Ракаўскага шляху”.

– Ну ж Вы і малайчына! Вось гэта патрыятызм! Калі б хаця не пра мястэчка, а толькі пра кожны раённы цэнтр Беларусі напісаць такую кніжку, колькі цікавага і карыснага можна было б адкрыць! Працуйце і далей, памагай Вам Бог!

Сустрэча заканчваецца. На развітанне прашу дазволу сфатаграфаваць Н. С. Ахвотна згаджаецца. Фатаграфуецца, трымаючыў ў руцэ кніжку пра Ракаў. Падыходзіць сястра. Прапануе сфатаграфаваць нас удвух. Абяцаю зрабіць здымкі і прынесці іх.

– Прыносьце, буду рады атрымаць. Тады, магчыма, ужо і выйдзе з друку кніжка пра мяне. З прыемнасцю падарую яе Вам. Але пакуль што нават не скажу, хто яе аўтар...

4.03.2016. Прайшло крыху больш месяца, але Н. С. знешне адчувальна паблажэў. Гэта відаць і па твары, і па жэстах. Пры сустрэчы ўжо не зрабіў спробу прыўзняцца з канапы, каб павітацца за руку. Перад ім – хадункі (чаго мінулага разу не было). Але здымкі разглядае зацікаўлена, хваліць іх. У адказ з адчувальнай радасцю працягвае мне невялікую кніжку ў цвёрдых вокладках – “Ніл Гілевіч: Маштабнасць таленту і веліч асобы”. Аўтар – Тамара Сяргееўна Нуждзіна. Добра ведаю яе: кандыдат філалагічных навук, дацэнт Мазырскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Івана Шамякіна, таленавіты і плённы літаратуразнавец. Колішняя студэнтка і аспірантка нашага філфака, вырасла пад навуковым крылом прафесара Дзмітрыя Якаўлевіча Бугаёва. Дарэчы, мы, філфакаўцы, сустрэлі яе ў кватэры Н. С., калі прыходзілі віншаваць яго з 80-годдзем. Падумалася: вунь калі яна ўжо збірала матэрыял для сваёй кніжкі!

Н. С. бярэ ручку, падпісвае кнігу: “Дарагі Вячаслаў Пятровіч, кніжачка не мая, але дачыненне маю. Дзялюся з Вамі гэтай радасцю. Шчасця Вам! Ад сэрца – Ніл Гілевіч. 4.3. 2016 г.” І вусна дадае: “Можа, пагартаеце...”. Забягаючы наперад, скажу: не толькі пагартаў, але і ўважліва прачытаў. Кніжка, якую склалі каля дзясятка аналітычных артыкулаў, прасякнута шчырай любоўю да творчасці і асобы народнага паэта Беларусі. Асабліва глыбока і арыгінальна даследаваны фалькларызм самога творчага мыслення Ніла Гілевіча, што ў вялікай ступені абумовіў і маштабнасць таленту, і веліч ягонай асобы. Цалкам згодзен з высокай ацэнкай гэтага даследавання, дадзенай Юліяй Шпакавай у рэцэнзіі “Як запаліць ідэяй Бацькаўшчыны” (“ЛіМ”, 8.4.2016). Толькі хочацца рассеяць сумненне крытыка адносна “выдання, якое, магчыма, паспеў патрымаць у руках сам паэт”. Не “магчыма”, а сапраўды патрымаў! І, несумненна, пазнаёміўся з ім. І быў рады яго з’яўленню.

Пры той стрэчы я прынёс і зачытаў толькі што атрыманы мной ліст ад Дмытра Паўлычкі, славутага ўкраінскага паэта, Героя Украіны, актыўнага прапагандыста беларускага паэтычнага слова. Калі дайшоў да фразы: “Я хотів би ще бодай один раз побути у Тебе, в родині, в Ракові, згадати мого єдиного живого з великих поетів друга в Мінську Ніла Гілевича і поклонитися йому», – вочы ў Н. С. заўважна павільгатнелі, і ён папрасіў: “Занатуйце, калі ласка, мне адрас Дмытра Васільевіча. Я хачу паслаць яму ліст. У мяне адрас недзе ёсць, але цяпер, мабыць, не адшукаю”.

Напісаць той ліст Ніл Сымонавіч, на жаль, не змог, не паспеў…

1.04.2016. І самая апошняя, самая нечакана-горкая сустрэча (адначасова – і расстанне) з апошнім народным паэтам Беларусі (па ганаровым званні). З чалавекам, які ў труне, быццам у лодцы Харона, па моры бел-чырвона-белых кветак і з такімі ж ветразямі адплываў у іншасвет. Адплываў у мінскім Саборы Пятра і Паўла па вуліцы Ракаўскай, 4, дзе праходзіла паніхіда, на Кальварыйскіх могілках, каб спачыць вечным сном побач са сваёй любай Нінай Іванаўнай. Твар у нябожчыка спакойна-задаволены, нечакана памаладзелы, без адзінай зморшчкі. Што да апошняга – зразумела, папрацавалі грымёры. А што да першага? Здалося, здзейснілася мара ўсяго жыцця Ніла Сымонавіча: мы “дайшлі да Беларусі”. Нарэшце па-беларуску загаварылі (хаця б у словах спачування, развітання) самыя высокія беларускія чыноўнікі, кіраўнікі краіны, праваслаўныя царкоўныя іерархі. Да гэтага, ягоная смерць (на жаль, толькі яна) хоць на некаторы час змагла нацыянальна з’яднаць людзей рознага сацыяльнага статусу, моўна-культурнай арвентацыі, розных па светаразуменні і светапоглядзе…

Вечная памяць і слава Вам, дарагі Ніл Сымонавіч Гілевіч!