Альманах "Дзьмухавец"


Дзьмухавец 12 (лета 2016)


Рыма Кавалёва

Ніл Гілевіч і Зінаіда Сяргейчык: лёс і жыццё

Так атрымалася, што пад адной «вокладкай» сустрэліся два выпускнікі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – славуты Ніл Гілевіч, 1931 г.н., з Лагойшчыны, і простая настаўніца Зінаіда Сяргейчык, 1937 г.н., з Пружаншчыны. Ён скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры дзённай формы навучання, яна – рускай мовы і літаратуры завочнай.

Ніл Сымонавіч ужо працаваў на філфаку, выкладаў курс вуснай народнай творчасці, калі студэнтка Зінаіда Сяргейчык, на той час настаўніца Салаўскай школы Драгічынскага раёна, абараняла дыпломную работу на тэму «Вясельная абраднасць у сучасных запісах».

Перакрыжаваўся і мой лёс з гэтымі цудоўнымі людзьмі. Ніл Сымонавіч быў апанентам па маёй кандыдацкай дысертацыі «Беларускія куставыя песні». Водзыў на яе ён потым змясціў у дваццатым томе «Фалькларыстыка» (2011) свайго збору твораў, які (не ўсе ведалі) Ніл Гілевіч выдаваў за ўласны кошт (любіць краіна сваіх лепшых грамадзян). Гэты том Ніл Сымонавіч перадаў мне на філфак з кранаючымі сэрца словамі : «Дарагой Рыме Мадэстаўне Кавалёвай – сведчанні наканаваных мне лёсам захапленняў і пошукаў… У знак шчырай павагі Ніл Гілевіч. 24.04.11. гл.с.286.»

Адным з захапленняў Ніла Самонавіча былі вясельныя песні. У прадмове да збору песень «Беларуская вясельная лірыка» (Мінск, 1979), перадрукаванай у згаданым творы (с. 298 – 313), ён засведчыў: «Калі б у беларускім песенным фальклоры не было нічога іншага, апрача вясельных песень, і тады б былі ўсе падставы сказаць, што ён належыць да ліку самых багатых у свеце». Словы Ніла Гілевіча, што беларускія вясельныя песні «багацце, роўнага якому , бадай, няма ў свеце», пацвердзіла на палескім матэрыяле Зінаіда Сяргейчык. Высветлілася, што на той час палешукі беражліва захоўвалі свае песенныя скарбы. Мне даручылі кіраваць напісаннем дыпломнай работы студэнткі – завочніцы Зінаіды Сяргейчык, маці траіх дзяцей. У «дадатку» да яе дыпломніца падала свае запісы вясельных песень, зробленныя ў в. Салава, на радзіме яе мужа Васіля. Частка твораў потым увайшла ў кнігу «Палескае вяселле» ( ), укладальнікам якой была Вера Анісімаўна Захарава, калега Ніла Сымонавіча і мой навуковы кіраўнік.

Што мы, сённяшнія філфакаўскія фалькларысты, маглі зрабіць для сваіх дарагіх настаўнікаў – Ніла Сымонавіча і Веры Анісімаўны? Годна працягваць іх працу, працу фалькларыстычнай школы БДУ. Яна нідзе афіцыйна не зафіксавана, але фактычна існуе, бо існуе навуковая пераемнасць у збіранні і вывучэнні беларускага фальклору. Гэта мы паспрабавалі паказаць у зборніку навуковых артыкулаў «Вулей і пчолы. Вектары сучаснай фалькларыстычнай школы БДУ»( Мінск, 2011), прысвечанным 90-годдзю роднага ўніверсітэта і ўсім фалькларыстам, якія працавалі на філалагічным факультэце, падаўшы на асобнай старонцы іх імёны і прозвішчы і адзначыўшы ўнёсак Ніла Сымонавіча і Веры Анісімаўны (с. 8-10).

Аднойчы ў маёй кватэры прагучаў званок і я пачула голас са знаёмым мне пружанскім акцэнтам: «Ці памятаеце вы мяне? Я ваша былая дыпломніца Зінаіда Геогіеўна Сяргейчык. Мне ваш тэлефон дала Ірына Высільеўна. Яна збірала фальклор у нашых мясцінах».

Ці памятаю яе? Канешне, памятаю! Як можна забыць тую незвычайную студэнтку і багаты ілюстрацыйны матэрыял ея дыпломнай работы! Дзякуй Ірыне Мазюк, якая зной, праз 47 гадоў, звяла нас. І дзякуй Зінаідзе Георгіеўне за захаванне фальклорных матэрыялаў.

Якім цудоўным падарункам для Ніла Сымонавіча маглі б стаць змешчаныя «Дзьмухаўцы» вясельныя песні ў запісах Зінаіды Сяргейчык! На вялікі жаль, ён ужо ніколі не прачытае іх, пададзеных, што вельмі каштоўна, з захаваннем асаблівасцей палескай гаворкі. Але славуты фалкларыст быў бы вельмі рады, што з вясельнымі песнямі палескай вескі Салава і іх збіральніцай пазнаёмяцца нашы сучаснікі, неабыякавыя да гісторыі і лёсу культурнай спадчыны свайго народа, каб як заклікаў Ніл Гілевіч «лепей сустрэнуць наступныя дні , да вытокаў душой дакрануўшыся».


Над нумарам працавалі:
Кіраўнік праекта: Рыма Кавалёва
Нумар рыхтавалі: Вольга Прыемка, Інга Дубовік, Алеся Дубік, Уладзімір Сяргейчыкб Аляксей Чарняцоў, Ганна Шумчык
Вэб-версія: Аляксей Кавалёў