Роля слова ў гульнявым фальклоры
(прыклад партфоліо)

Ганна Буцянава, студэнтка 1 курса (2008) спецыяльнасцi "Беларуская фiлалогiя"


фото-иллюстрация к статье

1. Чарговы раз застаўшыся з малодшымі брацікам і сястрычкай, я звярнула ўвагу на іх неспакойнасць, няўменне гуляць і паводзіць сябе. І раптам задумалася: сярод таго, што нам прапаноўвае ХХІ стагоддзе (тэлебачанне, Інтэрнэт, мабільная сувязь, электронныя гульні...) вельмі складана знайсці што-небудзь, што не толькі забаўляла б, але і выхоўвала, улагоджвала дзіцё. Як жа быць? Як праводзіць час з маленькімі, каб было і цікава, і карысна?

Самы час звярнуцца да вопыту продкаў, а менавіта да фальклору. У якасці шырокай вобласці азнаямлення ў сваёй працы я абрала дзіцячы фальклор.

У фалькларыстыцы адрозніваецца ўласна дзіцячы фальклор – створаны самімі дзецьмі, і фальклор для дзяцей – творы, складзеныя дарослымі, якія выконваюць іх для дзяцей. Г.А. Баташэвіч, якая глыбока даследавала беларускі дзіцячы фальклор, дае наступнае азначэнне гэтаму віду мастацкай творчасці: “Фальклор для дзяцей – гэта складаная сукупнасць жанраў, розных па сваёй прыродзе, часе ўзнікнення, практычнай і функцыянальнай прызначанасці і мастацкім афармленні”. Менавіта ён, дзіцячы фальклор, належыць да таго віду творчасці народа, які абавязкова ўваходзіць у жыццё кожнага чалавека, спадарожнічае яму ў дзяцінстве, выклікае творчую фантазію.

А, улічваючы, што гэтая вобласць фальклору ў сучаснай беларускай фалькларыстыцы даследавана вельмі мала, то, думаю, тым больш варта звярнуць на яе ўвагу.

1.1. Як ужо было адзначана, дзіцячаму фальклору ўдзяляецца мала ўвагі, і не ў кожным фальклорным зборніку мы знойдзем асобны раздзел, прысвечаны яму.

Аднак можна назваць некалькі выданняў, у якія ўключаны дзіцячы фальклор:

* Беларускі фальклор: Хрэстаматыя: Вучэб. дапам. для філал. фак. ВНУ / Склад. К.П. Кабашнікаў і інш. – 4-е выд., перапрац. – Мн. : Выш. шк., 1996.

* Дзіцячы фальклор / Склад. Г.А. Барташэвіч; Рэд. тома К.П. Кабашнікаў. – Мн. : Навука і тэхніка, 1972.

* Дзіцячы фальклор / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя М. Танка”. – Мн. : БДПУ, 2006.

* Дзіцячы фальклор Віцебшчыны ў сучасных запісах: дапаможнік / склад. А.С. Емельянаў, Г.П. Харошка. – Міністэрства адукацыі “Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П.М. Машэрава”. – Віцебск : Выдавецтва ВДУ, 2007.

1.2. Найбольшую ўвагу хацела б удзяліць зборніку, які выйшаў у серыі “Беларуская народная творчасць” у 1972 годзе пад рэдакцыяй К.П. Кабашнікава. Гэтая кніга – першая ў беларускай фалькларыстыцы, у якой сабраны творы народнай творчасці для дзяцей. Усяго яна змяшчае 1117 тэкстаў, якія сістэматызаваны па жанравых адзнаках – калыханкі, забаўлянкі, песенькі, лічылкі, гульні і г.д. Некалькі парушаецца прынцып падзелу на гульнёвы і негульнёвы фальклор, гульні адносяцца ў канец тома, а тыя, у якіх пераважае апісальны матэрыял, завяршаюць яго, складаючы асобную частку. Да многіх тэкстаў пададзены нотныя прыклады. Да тома напісаны 2 уступных артыкулы: “Дзіцячы фальклор” (Г. Барташэвіч) і “Дзіцячая песня” (В. Ялатаў).

Пачынаецца кніга з уступнага артыкула Г.А. Барташэвіч, які ўмоўна падзелены на 2 часткі. У першай лаканічна разгледена гісторыя збірання і вывучэння дзіцяга фальклогу, яго класіфікацыя, азначэнне самога тэрміна. Аўтар артыкула кораценька знаёміць нас з асаблівасцямі кожнага з жанраў дзіцячага фальклору. У другой частцы ўступа Г.А. Барташэвіч звяртае ўвагу на тое, што ў кнігу ўвайшлі запісы фалькларыстаў, аматараў-збіральнікаў са шматлікіх зборнікаў і прац, рукапісных архіваў; адлюстроўвае задачы, якія ставіліся пры складанні тома; тлумачыць, якім чынам быў размеркаваны матэрыял.

Прадмова складальніка музычнай часткі, В. Ялатава, утрымлівае агульны аналіз дзіцячага рэпертуару ў беларускім фальклоры, некаторыя тлумачэнні і гісторыю збірання музычных запісаў.

Далей размешчаны тэксты, паводле трох раздзелаў:
1. Калыханкі, забаўлянкі.
2. Песні, заклічкі і прыгаворы, дражнілкі.
3. Лічылкі, гульні.

Кожны з раздзелаў падзяляецца яшчэ на падраздзелы, згодна з асобнымі жанрамі фальклорных твораў. У канцы кнігі мы знойдзем навуковы каментар, у якім пададзена асноўная літаратура і прынятыя скарачэнні, а таксама крыніцы тэкстаў (падрабязны каментар: дзе, калі, ад каго запісаны або з якога рукапісу), з некаторымі заўвагамі збіральнікаў і адзнакамі аб варыянтах. Апошняе, што ўбачым у томе – асабовы паказальнік збіральнікаў, геаграфічны паказальнік і змест, якім вельмі зручна карыстацца: побач з парадкавым нумарам і назвай тэкста стаіць нумар старонкі, на якой ён размешчаны, а таксама старонка, на якой знаходзіцца каментар да гэтага тэксту.

Увогуле гэты том дзіцячага фальклору поўнасцю адпавядае патрабаванням студэнта і навукоўца, які цікавіцца дадзенай тэмай. Ён не толькі раскрывае багацце і разнастайнасць народнай творчасці, але можа служыць і ў педагагічнай працы, пры выхаванні падрастаючага пакалення.

2. Жанравая разнастайнасць і асаблівасці дзіцячага фальклору абумоўліваюць функцыі, якія ён выконвае як сродак інтэлектуальнага і фізічнага выхавання дзіцяці ў розныя перыяды яго жыцця. Творы дзіцячага фальклору вельмі простыя па форме і змесце, і ў іх звычайна прысутнічае элемент займальнасці.

Дзіцячы фальклор прынята дзяліць на некалькі груп:

1. калыханкі;
2. творы, звязаныя з гульнёй;
3. творы, не звязаныя з гульнямі і рухам.

Як аб’ект азнаямлення ў сваёй працы я выбрала другую групу. Мне яна здаецца найбольш цікавай і менш даследаванай часткай дзіцячага фальклору. Гульні мы можам назваць жывой фальклорнай з’явай, бо яны пастаянна перажываюць змены пад уплывам часу, грамадскага і сямейна-бытавога ўкладу. Усё гэта адбіваецца на іх бытаванні, функцыях, змесце.

2.1. У сувязі са звужэннем тэмы даследавання паменшылася колькасць крыніц тэкстаў, бо не ў кожным зборніку дзіцячага фальклору пададзены раздзел з гульнямі.

* Беларускі фальклор: Хрэстаматыя: Вучэб. дапам. для філал. фак. ВНУ / Склад. К.П. Кабашнікаў і інш. – 4-е выд., перапрац. – Мн. : Выш. шк., 1996.

* Дзіцячы фальклор / Склад. Г.А. Барташэвіч; Рэд. тома К.П. Кабашнікаў. – Мн. : Навука і тэхніка, 1972.

* Дзіцячы фальклор / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі “Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя М. Танка”. – Мн. : БДПУ, 2006.

2.2. Як бачым, фактычнага матэрыялу, на жаль, вельмі мала. Зразумела, што тэкстаў гульняў у любым выпадку будзе менш, чым, напрыклад, тых жа калыханак. Але на мой погляд, гэтаму жанру трэба ўдзяліць больш увагі, правесці пошукава-збіральніцкую працу.

2.3. Як прапанову аб тым, дзе і як можна знайсці дадатковы матэрыял, магу сказаць наступнае: трэба больш кантактаваць з дзецьмі! Праводзячы з імі час, цікавячыся, як яны гуляюць, мы зможам пашырыць межы фальклорных знаходак у галіне дзіцячых гульняў. Гэта датычыць і фальклорных экспедыцый. Гартаючы зборнікі тэкстаў, мы звярнулі ўвагу, што большасць твораў запісаны ад людзей старога пакалення. А чаму б студэнту-філолагу, выязджаючы ў пэўную вёску, каб збіраць фальклор, не спытаць што-небудзь у дзіцяці? У гэтым плане прыкладам можа служыць зборнік дзіцячага фальклору, выдадзены Педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка. Як у Евангеллі: “Шукайце і знойдзеце”. Галоўнае – захацець.

3. З самага пачатку працы над партфоліо я зацікавілася тэмай, звязанай з дзіцячым фальклорам. Мяне ўражвала, як маёй малодшай сястрычцы падабалася песенька “Бегаў Бай па сцяне...”, прычым менавіта не як калыханка, а як нейкая забава. Я задумалася: што такога ёсць у фальклорных творах, што прываблівае больш любых іншых (напрыклад, папулярных зараз папсовых песень). І я вырашыла рухацца менавіта ў гэтым накірунку, каб даць сабе адказ на гэтае пытанне.

3.1. Спачатку я думала працаваць над калыханкамі. Але маё творчае крэда: “Не рабі, як усе, а будзь сабой”. Па-першае, матэрыялу па калыханках болей, таму я не вызначылася б у галіне “першаадкрывальнікаў”. А навошта пісаць аб адным і тым жа, калі яшчэ шмат нераспрацаваных тэм??? Вось я і спынілася на гульнёвым фальклоры, аб якім не сустрэла нічога ў навуковых працах.

3.2. Паколькі тэма цікавіць мяне як з пункту погляду старэйшай сястры і ў будучым мамы, так і з пункту погляду спецыяліста-філолага, яе варта сфармуляваць такім чынам, каб арганічна спалучыць у сабе выхаваўчы і мастацкі аспект фальклорных тэкстаў. Таму як сястру і будучую маму мяне цікавіць забаўняльнасць гульняў і магчымасць дзякуючы ім выхоўваць дзяцей, а як навукоўца – тое, што дапамагае гэта зрабіць, а менавіта слова.

3.3. Такім чынам, тэма майго навуковага даследавання будзе гучаць па-наступнаму: Роля слова ў гульнёвым фальклоры дзяцей. На мой погляд, яе актуальнасць відавочна: спакон вякоў дзеці гулялі ў гульні, гуляюць яны і сёння, і, думаю, будуць рабіць гэта заўсёды. Абсалютная большасць гульняў – слоўныя. Калі гэта не так (напрыклад, рухомыя або з прыладамі), то заўсёды можам казаць аб перадгульнёвым комплексе: лічылкі, выбар вядучага або таго, хто першы; размеркаванне роляў. Усё гэта таксама пабудавана на слове, а таму яго роля ў гульнёвым фальклоры сапраўды вялікая. Мала таго, такога роду даследаванні яшчэ не рабіліся, таму гэта яшчэ і крок да пашырэння межаў беларускай фалькларыстыкі.

3.4. Прадметам майго даследавання будзе слова ў шырокім яго разуменні (слоўны комплекс, сказы, словазлучэнні, слоўныя формулы) ў гульнях. Для мяне важна, якія менавіта слоўныя комплексы выкарыстоўваюцца ў гульнях і якую ролю яны граюць у тым ліку і ў гульнях, дзе слова – не самае галоўнае (узгадаць, напрыклад, маю любімую рухомую! гульню “Алі-Баба”: якія там дзіўныя словы, але менавіта яны з’яўляюцца неад’емнай часткай і сігналам да рухаў).

Мэта даследавання будзе наступная: выявіць выключную ролю слоў у гульнях фальклорнага паходжання. Дзеля яе дасягнення мне патрэбна здзейсніць наступныя задачы:

* вылучыць “слоўны” фактычны матэрыял гульняў;
* разгледзець яго мастацкія вартасці;
* даследаваць месца слова ў працэсе гульні як дзеяння;
* выявіць выхаваўчыя пачаткі слова ў гульнях.

4. Навуковая бібліяграфія.

4.1. На мой погляд, да даследаванняў агульнатэарэтычнага і агульнаметадалагічнага плана па тэме дзіцячы фальклор, з якімі варта было б пазнаёміцца, пачынаючы працаваць на дадзеную тэму, можна аднесці наступныя:

* Барташэвіч, Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору / Рэд. К.П. Кабашнікаў. – Мн. : Навука і тэхніка, 1976.

* Казакова, І.В. Беларускі фальклор : вучэб. Дапам. / І.В. Казакова. – Мінск : Выд. Цэнтр БДУ, 2007. – С. 143 – 148.

* Лойтэр, С.М. Поэтика детского стиха в её отношении к детскому фольклору / С. М. Лойтер. – Петрозаводск: Издательство Петрозаводского государственного университета, 2005.

* Малыя жанры. Дзіцячы фальклор / [Т.В.Валодзіна, А.І.Гурскі, Г.А.Барташэвіч, К.П.Кабашнікаў]. – Мн. : Беларуская навука, 2004.

4.2. На жаль, канкрэтныя навуковыя працы па тэме гульнёвы фальклор адсутнічаюць. Гэта з’яўляецца яшчэ адной прычынай звярнуцца да яе даследавання.

4.3. На сённяшні дзень, бадай, адзіным грунтоўным даследаваннем дзіцячага фальклору з’яўляецца праца Г.А. Барташэвіч “Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору”. Менавіта гэтую кнігу я і ўзяла для падрабязнага азнаямлення і аналізу.

У дадзенай працы выкарыстаны матэрыялы фальклорных зборнікаў і асобных публікацый. Яна складаецца з уступа, трох глаў і заключэння. Ва ўступе паказана актуальнасць тэмы, пазначаны задачы даследавання, асвечана гісторыя збірання і вывучэння беларускага дзіцячага фальклору. Главы выдзелены наступным чынам:

1. Калыханкі і забаўлянкі. Ідэйна-тэматычныя і мастацкія асаблівасці.
2. Дзіцячыя песні. Класіфікацыя і паэтыка.
3. Гульнёвы фальклор.

Больш падрабязна я пазнаёмілася з апошняй главой, якая адпавядае абранай мною тэме навуковага даследавання. Гэтая, трэцяя глава цалкам прысвечана гульнёваму фальклору. У ёй разглядаюцца творы, якія папярэднічаюць гульні (жараб’ёвыя згаворы, лічылкі), і творы, якія непасрэдна уваходзяць у гульню (песні, гульнёвыя прыгаворы, гульнёвыя дыялогі і г.д.).

Г.А. Барташэвіч звяртае ўвагу, што найбольшай папулярнасцю ў дзяцей карыстаецца форма выбара вядучага або размеркаванне роляў з дапамогай лічылак – слоўных формул, якімі карыстаюцца пры пераліку. Таму аўтар працы разглядае розныя прынцыпы сістэматызацыі лічылак (напрыклад, Г. Вінаградава, М. Мельнікава) і прапаноўвае ў залежнасці ад наяўнасці ў іх сюжэту падзяліць лічылкі на дзве групы – сюжэтныя і безсюжэтныя.

Уласна гульні прадстаўляюць сэнс жыцця дзіцяці. У кнізе “Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору” ўдзяляецца ўвага класіфікацыі дзіцячых гульняў. З агульнага ліку выдзяляюцца гульні як мастацка-драматычныя дзеянні, а ў залежнасці ад наяўнасці ў іх паэтычнага матэрыялу (песень, прыгавораў, дыялогаў і г.д.) разглядаюцца наступныя групы:

* Імправізацыі,
* Рухомыя гульні,
* Гульні са строгім размеркаваннем роляў,
* Хараводныя гульні.

Заключэнне працы ўтрымлівае некаторыя высновы аўтара:

* аб месцы дзіцячага фальклору ў сістэме народнай творчасці,
* аб наяўнасці некаторых агульных рысаў у дзіцячым фальклоры,
* аб яго функцыянальнасці.

Але галоўная выснова гучыць так: “Традыцыйны рэпертуар дзіцячага фальклору захоўвае сваё занчэнне. Гэта не толькі помнік культуры, але і скарбніца народнага педагагічнага і эстэтычнага вопыту.” І я цалкам згодна ў гэтым з Г.А. Барташэвіч.

фото-иллюстрация к статье

4.4. Выпіскі і цытаты.

* У ім [дзіцячым фальклоры – Б.Г.] ярка праяўляюцца народна-педагагічныя погляды, клопаты народа аб выхаванні будучых пакаленняў, імкненне перадаць нашчадкам свой вопыт, усведамленне дабра і зла, праўды і крыўды, поглядаў на жыццё і абавязкі чалавека перад другім чалавекам і грамадствам.З гэтай творчасці пачынаецца знаёмства чалавека з народным мастацтвам ва ўсёй яго складанасці і шматграннасці.

* Межы дзіцячага фальклору, як і сам тэрмін “дзіцячы фальклор”, даволі шырокія і не заўсёды выразныя. Звычайна тут аб’ядноўваюцца ўсе віды вуснай народнай паэзіі, створанай дарослымі для дзяцей, і творчасць саміх дзяцей. Сюды ж уваходзяць і тыя творы, якія раней былі ў рэпертуары дарослых, але з цягам часу перайшлі ў разрад творчасці для дзяцей.

* Вершаваныя жанры найбольш тыповыя для дзіцячага фальклору, яны з’яўляюцца адным з мацнейшых сродкаў педагагічнага ўздзеяння на думкі і пачуцці дзяцей. Вуснасць перадачы патрабуе рытмікі, інакш немагчыма засваенне.

* Дзіцячы фальклор абмінулі ў сваіх выданнях П.А. Гітэбранд, П.А. Бяссонаў, М.В. Доўнар-Запольскі.... І ўсё ж у выніку збіральніцкай дзейнасці, асабліва ў другой палове ХІХ ст. і ў пачатку ХХ ст., значна павялічылася колькасць фактычнага матэрыялу... у зборніках Д.Г. Булгакоўскага, Я.Ляцкага, С.Малевіча... Пачатак друкавання дзіцячага фальклору пакладзена зборнікамі Яна Чачота і працай А.Рыпінскага “Беларус”. Найбольш поўныя калекцыі дзіцячага фальклору пакінулі П.Шэйн, Е Раманаў, М.Федароўскі.

* Паэтычная творчасць спалучаецца з музыкай, танцам, драматычным дзеяннем, выступае састаўной часткай складанага і рознабаковага дзейства – гульні, якія вызначаюцца сінкрэтычным характарам.

* Гульні ж дзяцей: няньчанне лялек, гульні ў гоці і г.д. – з’яўляюцца “тэатральнымі прадстаўленнямідзейнасці дарослых” (пав. Г.В.Пляханава).

* Які б прынцып класіфікацыі гульняў мы ні бралі, строгае размеркаванне іх па асобных групах правесці вельмі цяжка. Характар гульняў мяняецца перш за ўсё ў залежнасці ад узросту дзяцей.

* Паходжанне лічылак многія вучоныя звязваюць са старажытнымі вераваннямі, варажбой, прароцтвамі...

* З развіццём грамадства, узбагачэннем працоўнага вопыту была падарвана вера ў лічбы, тады лічылка стала развівацца іншым шляхам і ўрэшце рэшт ператварылася ў забаву і перайшла ў дзіцячае асяроддзе.

* Лічылкі дапускаюць ужыванне бязглуздзіцы, мудрагелістых слоў, калі гэта стварае рыфму, гучнасць і прыгажосць гукарадкоў.

* Пры ўсіх стратах і выдатках, звязаных з абнаўленнем рэпертуару дзіцячых гульняў, несумненна, што яшчэ многія традыцыйныя гульні і звязаныя з імі лічылкі нароўні з новымі гульнямі выконваюць сваю выхаваўчую ролю, развіваюць дзяцей разумова і фізічна, вучаць кемлівасці, спрыту, таварыскасці, павазе да пэўных устаноўленых правіл і,што не менш важна, далучаюць да прыгажосці мастацтва слова, выхоўваючы адчуванне рытму, рыфмы.

* Традыцыйны фальклор захоўвае сваё значэнне і зараз. Гэта аснова для развіцця сучаснай дзіцячай творчасці...Дзіцячы фальклор можа і павінен стаць дзейсным сродкам у выхаванні чалавека новай эпохі.

фото-иллюстрация к статье
фото-иллюстрация к статье

4.5. У сувязі з недахопам навуковага матэрыялу па дадзенай тэме, варта звярнуцца да іншых прац, у тым ліку, і рускіх даследчыкаў. Прапаноўваю цікавыя цытаты з іншых крыніц.

* “Няма ні адной формы гульні, якая не мела б свайго ўзору ў тым ці іншым выглядзе сур’ёзнага занятку, які, як гэта само сабою зразумела, папярэднічае ёй у часе. Таму што жыццёвая неабходнасць прымушае да працы, а ў працы чалавек мала-памалу навучаецца глядзець на ўжыванне для справы сваёй сілы, як на задавальненне.” (Плеханов Г.В. Письма без адреса. – М., 1956. – С. 68)

* “Хіба не тады я набыў усё тое, чым я цяпер жыву, набыў так многа, так хутка, што ва ўсё далейшае жыццё я не набываў ні адной сотай таго? Ад пяцігадовага дзіцяці да мяне толькі крок. А ад нованароджанага да пяцігадовага – страшная адлегласць.” (Л.М.Талстой – Цыт. па кн.: Мир детства: Дошкольник. – М., 1979. – С. 115)

* “Не ведаючы, як той ці іншы народ выхоўвае сваіх дзяцей, немагчыма зразумець ні яго лад жыцця, ні асаблівасці яго сацыяльнай гісторыі.” (Кон И. Введение // Этнография детства: Традиционные формы воспитания детей и подростков у народов Восточной и Юго-Восточной Азии. М., 1983. – С. 3)

* “Сам тэрмін узнік даволі позна. Ён уведзены ў навуковы абарот у 20-х гадах XX ст. вучоным Г. С. Вінаградавым, які ўключаў у гэта паняцце толькі творы дзіцячага рэпертуару, якія дзецьмі ствараюцца і выконваюцца. Паступова паняцце дзіцячага фаль¬клору пашыралася. Да ўласна дзіцячай субкультуры дапасоўвалася творчасць дарослых.” (Малыя жанры. Дзіцячы фальклор/ [Т.В. Валодзіна, А.І.Гурскі, Г.А.Барташэвіч, К.П.Ккабашнікаў]. – Мн.: Беларуская навука, 2004. – С. 370)

* “Слушнае супастаўленне дзяцінства чалавека з дзяцінствам чалавецтва тлумачыць у некаторай ступені змяненне функцый многіх жанраў і іх пераход, «зніжэнне» ў дзіцячы рэпертуар.”(Там жа. – С. 371)

* “Вядома, што зараз мэтанакіраванае знаёмства з фальклорам пачынаецца з дашкольнага ўзросту. Да таго ж часта прыярытэт тут належыць не творам дзіцячага фальклору, што павінна быць першачарговым, а даволі складаным і для непадрыхтаванага папярэдняй практыкай і выхаваннем нават сталага чалавека з'явам — абрадам гадавога календара з іх ускладненай семантыкай, разнастайнай сімволікай, магічнай атрыбутыкай.” (Там жа. – С. 373)

* “У абрадавай практыцы дзяцей вабіць не затоены, глыбінны сэнс, звязаны з міфалагічнымі ўяўленнямі, магічнай традыцыяй, а знешняя форма, карнавальнасць, тэатралізаванасць абрадаў, непасрэднасць пачуцця і звязаная з ім прастата выяўлення.” (Там жа. – С. 373)

* “Адносная стабільнасць дзіцячага светаўспрымання на працягу доўгага часу магла быць адной з прычын захавання ў дзіцячым фальклоры рэштак старажытнасці, якія «ў дарослым» фальклоры «адтаргаліся» з-за несумяшчальнасці з новым бачаннем свету.” (Там жа. – С. 374)

* “Творы дзіцячага фальклору можна класіфікаваць у залежнасці ад функцыянальнай ролі, асаблівасцей паходжання і бытавання, паэтыкі і спосабаў выканання.” (Там жа. – С. 375)

* “Яму [дзіцячаму фальклору – Б.Г.] ўласціва жанравая поліфункцыянальнасць. Адзін і той жа тэкст можа ўжывацца як калыханка, забаўлянка, дзіцячая песенька; песня і лічылка; песня і казка і г. д.” (Там жа. – С. 376)

* “Прастата, даступнасць, канкрэтнасць адлюстравання, лёгкасць вьтмаўлення як нельга лепей дапасуюцца да дзіцячага фальклору.” (Там жа. – С. 378)

* “Менавіта гульня, усеабдымная сфера дзіцячай дзейнасці, сэнс жыцця, абумоўлівае ўвесь паэтычны строй дзіцячага фальклору. Спалучэнне звычайнага і незвычайнага, рэальнага і фантастычнага, таямнічасць вобразаў, кампазіцыйная будова твораў, насычанасць дыялогамі, кумулятыўнасць, ланцугападобнасць, рытмічная структура, гукапіс — усё гэта не столькі выяўленне эстэтычнай функцыі, колькі натуральнае адлюстраванне рацыянальнага і эмацыянальнага ў формах, якія выходзяць за межы паўсядзённага жыцця.” (Там жа. – С. 379)

* “Каб зразумець паэзію, трэба займець дзіцячую душу, апрануцца ў яе, як у чарадзейную рубашку, а мудрасць дзіцяці паставіць вышэй мудрасці дарослага.” (Там жа. – С. 379)

* “Дзіцячы фальклор уяўляе сабой вынік складанага, працяглага, шматступеннага працэсу асіміляцыі народнай духоўнай культуры, які ідзе сваімі каранямі ў яе старажытныя пласты, захоўваючы ў дзіцячым рэпертуары элементы абрадавага і другіх відаў "дарослага" фальклору, з'яўляючыся тым самым плоць ад плоці шматвяковага традыцыйнага агульнафальклорнага працэсу”. (Новицкая М. Ю. Русский детский внеигровой фольклор (стихотворные жанры): Автореф. дис. ... канд. филол. наук. – Л., 1985. – С. 1)

* “Вывучэнне дзіцячага фальклору — важная крыніца для разумення генезісу і заканамернасцей фальклору як такога.” (Кон И. С. Этнография детства: Историографический очерк // Этнография детства. Традиционные формы воспитания детей и подростков у народов Восточной и Юго-Восточной Азии. – М., 1983. – С. 44).

4.6. Доўга думала, што можна было б уключыць у дадатковы матэрыял: дадзеная тэма мала распрацавана, а ўсё магчымае я пастаралася раскрыць у папярэдніх пунктах. Што ж, засталося толькі ўпэўніць чытача ў неабходнасці далейшай распрацоўкі даследаванняў гэтай галіны фальклору. З такой мэтай я вырашыла ўключыць у працу яшчэ адну творчую працу, так бы мовіць, зрабіць “матрошку”. Вашай увазе сачыненне на тэму: “Дзяцінства – мой страчаны рай”, якое, спадзяюся, лішні раз пакажа, што ўжо з маленства мы маем сувязь з фальклорам.

Ніколі не забуду, як аднойчы, сонечным летнім днём, я прынесла дадому слімака (у дзяцінстве мы з сябрамі вельмі любілі збіраць іх на вуліцы). Вынесла на балкон (каб хапала сонца і паветра), і пачала спяваць “От улитки хмурый день светлей…” Вельмі хацелася зрабіць прыемнае свайму госцю... Я сапраўды думала, што ён мяне чуе і разумее... Толькі тата, спакойна і акуратна, паспрабаваў растлумачыць, што гэта не так, і што ўвогуле яму было б лепей там, на прыродзе, адкуль я яго ўзяла... Раптам мне стала сумна, бо як толькі я знайшла новага сябра і гатова была дзяліць з ім сваё жыллё і радасць, я вымушана з ім развітацца... Тым не менш, я адпусціла слімака...

І вось раптам успаміны аб гэтым здарэнні навялі мяне на думку: ці не было разам з ім адпушчана яшчэ нешта? Радасць? Дзіцячая легкадумнасць і непасрэднасць? А можа само дзяцінства?

Рай! Быў страчаны сапраўдны рай... Чаму?..

Памятаю, як прыяжджала да бабулі і сустракала там мноства дзяцей: і мясцовых, і з іншых кутоў Беларусі; усе розныя па ўзросце і інтарэсах; некаторыя знаёмыя, некаторыя – не... І тут раптам знаходзілася нейкая гульня, якую на дзіва ведалі ўсе, і ў якой дружна пачыналі браць удзел... Толькі зараз разумею, што гульнёвы фальклор – тое, што здольна было нас з’яднаць у міг, тое, што дапамагала пасябраваць. Ці так усё проста ў дарослым жыцці?

А ў дарослым жыцці таксама сустракаюцца выпадкі вяртання ў гульню, прычым самую, на мой погляд, фальклорную. “Алі-Баба” – мая самая любімая гульня з дзяцінства, у якую нават зараз пагуляла б... А мінулай вясной мы цэлай кампаніяй моладзі ў цэнтры Мінска зрабілі гэта (гл. фота)...

фото-иллюстрация к статье

Толькі шкада, што такія выпадкі адзінкавыя: нам ужо не атрымаць асалоду ад гульняў, як у дзяцінстве...

А як мы з дзяўчатамі любілі гадаць! Асабліва на хлопцаў. На картах, перад люстэркам са свечкай – усяго і не ўзгадаеш... З асалодай білі сябе па руцэ крапівай, каб “угледзець” імя таго “сужанага-ражанага”... Зараз здаецца несур’ёзным, але тады было цікава, мала таго – гэта спроба пасцігнуць, што будзе далей. Толькі ў дзяцінсве мы маем такія памкненні: пасталеўшы, часцей за ўсё, апускаем рукі і кажам, што пачакаем: рана ці позна аб усім даведаемся...

фото-иллюстрация к статье

А святы ў дзіцячым садочку? Як лёгка мы пераапраналіся, а затым і пераўвасабляліся ў розных персанажаў! Як верылі, што да нас прыходзяць менаваіта Дзед мароз, Ляснічы, Чырвоны Капялюшык, Снягурка (хаця па-большасці, іх ролі выконвалі адныя і тыя ж людзі)... Толькі жаданне сустрэцца з госцем дазваляла нам не заўважаць знаёмы голас выхавацеляў... Мы баяліся, што ад нас “пойдзе” беласнежная фігурка Дзеда Мароза, таму ў групе пачыналі паводзіць сябе ціха...

Зусім нядаўна мне споўнілася 18. Напярэдадні свайго паўналецця я разважала аб тым, што ўжо ніколі не вернецца, нібы не жадаючы станавіцца “дарослай”. А навошта сталець? Я больш не змагу верыць у Дзеда Мароза, які заўсёды дарыў жаданае... Больш не змагу выклікаць “сладкаежку”, які за ноч павінен быў напоўніць мой дом цукеркамі... Больш не буду прачынацца ноччу і адным вокам падглядаць, што робяць мае цацкі (бо верыла, што ўночы яны ажываюць)... Больш не буду дзяліцца з лялькамі і плюшавымі мішкамі тым, што сама ем, баючыся іх пакрыўдзіць... Я больш не змагу спяваць для слімака...

Ведаеце, гэта нагадвае часы, калі нашыя продкі верылі ў тое, што ўсё мае душу, бо ім хацелася адчуваць сябе не адзінокімі ў свеце. Старажытныя людзі пакланяліся раслінам, жывёлам, рэчам; так жа сама прысвячалі ім песні, як я слімаку, не ведаючы, што рэчы не разумеюць...

Мы называем гэтую стадыю развіцця чалавецтва дзяцінствам і з гонарам кажам, што мы дарослыя. Мы ўпэўнены, што маем перавагу над дзецьмі, бо ўжо набраліся вопыту, атрымалі грунтоўныя веды, бо перасталі верыць ва ўсялякае “глупства”... Аднак ці не трэба нам перагледзець сваё меркаванне на гэты конт? Толькі дзеці маюць самую невычэрпную фантазію, з дапамогай якой здольныя развівацца, ствараць, нават сталець, але самае галоўнае, на мой погляд, - напаўняць сваё жыццё тым, чаго ім не хапае... А пасталеўшы, мы гэты скарб страчваем, пачынаем “варочацца” ў свеце дакладнасці, навукі, “рэальнасці” – усяго таго, што, на жаль, не верне нам той РАЙ...

фото-иллюстрация к статье

5. Я лічу вартым і вельмі важным далейшае даследаванне дзіцячага фальклору. Як “штуршочкі” ці накірункі хачу прапанаваць некаторыя тэмы прац.

5.1. Тэмы эсэ:

* Не малы жанр – дзіцячы фальклор.
* Дзіцячы фальклор – мастацтва або дыдактыка?
* Люстэрка дзіцячай душы.
* Ці варта атаясамліваць паняцці “дзіцячы фальклор” і “народная педагогіка”?
* Ад бацькоў да дзяцей: 2 плыні аўтарства ў дзіцячым фальклоры.

5.2. Тэмы курсавых работ:

* Ідэйна-тэматычныя і мастацкія асаблівасці дзіцячага фальклору.
* Жанравая сістэма беларускага дзіцячага фальклору.
* Значэнне дзіцячага фальклору для нацыянальнай культуры беларусаў.
* Узроставая і функцыянальная класіфікацыя твораў гульнёвага дзіцячага фальклору.
* Дзіцячы фальклор ці фальклор для дзяцей: праблема “аўтарства”.

фото-иллюстрация к статье

Папярэднi артыкул Да зместа На галоўную Наступны артыкул
Сайт создан в системе uCoz