Замовы, іх вербальнае афармленне ў функцыянальнай значнасці
(прыклад партфолiо)

Ірына Агеева, студэнтка 1 курса (2008) спецыяльнасцi "Беларуская фiлалогiя"


1. Шырокая вобласць азнаямлення – замовы. У дзяцінстве я сутыкалася з гэтай найбольш сакральнай сферай фальклору. Тады мяне замаўлялі “ад зляку”. Але больш злякаў мяне сам шаптун. З той пары я вельмі акуратна стаўлюся да сакральных рэчаў. Я не схільная да забабонаў, але пры чытанні замоваў заўважыла, што ні за якія грошы не прачытала б іх услых. Значыць, дзейнічае? Значыць, веру? А як жа навуковы падыход? Скепсіс? Вось і нарадзілася авантурная задумка. Якая? Трымаем інтрыгу!

1.1 агульная бібліяграфія тэкстаў.

Замовы. Серыя “Беларуская народная творчасць”, 1995, 2000
Замовы. Уклад. Н.С. Гілевіч. Мн, 2000

1.2 кніга “Замовы” з серыі БНТ змяшчае дастатковую колькасць тэкстаў, якія сабраныя ў розныя часы і ахопліваюць усю тэрыторыю сучаснай Беларусі.

Ва ўступным артыкуле акрэсленыя характар замоў, іх узрост, паходжанне і разнастайнасць намінацыі жанру, пазначаныя і даследчыкі замоў ( Я. Тышкевіч, Ю. Крачкоўскі, М. Доўнар-Запольскі, А. Багдановіч, І. Берман, К. Машынскі, М. Нікіфароўскі, Карскі (разглядаў замовы як від народнай паэзіі), рускія вучоныя К. Пазнанскі, В. Пятроў)

Падаюцца праблемы класіфікацыі замоў. Сцісла падаецца агульная характарыстыка замоў, аб’яднаных тэматычна, характарыстыка матываў і вобразаў.

Каментары змяшчаюць інфармацыю пра запіс тэкстаў, зрэдку – тлумачэнні асобных слоў ці выразаў самімі інфарматарамі. Выданне грунтоўнае, мастацкія тэксты пададзены з захаваннем дыялектычных рысаў.

Як ні дзіўна, але радкі замоў, што паўтараюцца, не афармляюцца адпаведна, а толькі пазначаецца колькасць паўтарэнняў.

2. аб’ектам азнаямлення застаюцца замовы, з папраўкай на іх вербальнае афармленне ў сваёй функцыянальнай значнасці.

2.1 крыніцы тэкстаў – тыя ж.

2.2 нягледзячы на колькасць знойдзеных кніг, на недастатковасць фактычнага матэрыялу скардзіцца не прыходзіцца.

2.3 мажліва, пры больш дэталёвым даследванні, можна будзе звярнуцца да замоў суседніх народаў. Прынамсі, тэма дазваляе гэта зрабіць. Да таго ж, можна заняцца пошукавай дзейнасцю. Я ўпэўнена, што замовы актыўна існуюць у вуснай форме дагэтуль, так як з’яўляюцца неад’емнай часткай вясковага жыцця (гэта вядома мне з уласнага вопыту).

3. пра тое, што маёй скептычнай натуры недастаткова было верыць ці не верыць у дзейснасць замоў, я ўжо сказала. Зараз другі складнік працы. Спачатку я паглядзела навукова-папулярны фільм пра ваду, галоўнай думкай якога было наступнае: вада мае своеасаблівы розум, эмацыйны стан і актыўна рэагуе на словы чалавека, што праяўляецца ў форме, якую прымае замерзлая вада. Потым быў фільм “Секрет” пра праграмаванне ўласнага жыцця. Па сутнасці, гэта былі досыць прымітызаваныя, ператвораныя ў прадукт масавага спажывання адкрыцці нейралінгвістычнага праграмавання. Але тады фільмы мяне ўразілі. Праўда, адразу з’явілася процьма пытанняў накшталт “А як адрэагуе вада на гукавы комплекс блага, вымаўлены чалавекам, які не разумее сэнсу гэтага слова (дапусцім, іншаземцам) і не разглядае яго ні ў кантэксце беларускай, ні ў кантэксце рускай мовы?” Але вернемся да замоў. Як гэта звычайна адбываецца, з’явіліся паралелі і пытанні…

3.1 такім чынам, тэма:
Выкарыстанне прыёмаў НЛП у беларускіх замовах

3.3 НЛП як факт рэчаіснасці гіперактуальны: паўсюль вісяць абвесткі пра практычнае прымяненне НЛП, абяцаюцца кардынальна новыя падыходы і г.д. Але ж наўрад ці варта два разы вынаходзіць кола! На падсвядомым узроўні нашыя продкі на досыць прафесійным узроўні валодалі тэхнікай НЛП.

3.4 прадмет даследавання: сувязі вербальнай арганізацыі замовы з прыёмамі НЛП.

Мэта: даказаць наяўнасць прыёмаў, падобных да сучаснага нейралінгвістычнага праграмавання, у беларускіх замовах, а таксама дзейснасць іх, вытлумачальную з навукай.

Задачы:
* выяўленне функцыйнай значнасці своеасаблівай рытмічнай арганізацыі замовы;
* аналіз падбору слоў, спосабу іх арганізацыі ў сказ у іх функцыйнай значнасці;
* разгляд замоў як узораў рэалізацыі НЛП.

4. навуковая бібліяграфія па тэме

Булаўка Т. Расліны ў беларускіх замовах. //Фальклор і сучасная культура. Мн., паркус плюс, 2006.
А.М. Ненадавец. Сілаю слова. Чорная і белая магія.
Кудряшова, М.В. пространство зговора в контексте первобытного мировосприятия.//Восточнославянский фольклор. С. 121 – 124, Молодечно, 2000.
Афоніна, М.В. Прастора і час у замовах//Міфалогія – фальклор – літаратура. Праблемы паэтыкі. Зборнік навуковых артыкулаў пад рэд. В.П. Рагойшы. – Мінск, РІВШ БДУ, 2002.
Афоніна, М.В., Шамякіна, Т.І. Міфалагема сусветнага дрэва як код прасторава-часавых працэсаў у фальклоры (на матэрыялах замоў)// Міфалогія – фальклор – літаратура. Праблемы паэтыкі. Зборнік навуковых прац. Вып.2/ пад рэд. В.П. Рагойшы. – Мінск, РІВШ БДУ, 2003.
Афоніна, М.В. Рыфма ў беларускіх замовах// Фалькларыстычныя даследванні: кантэкст, тыпалогія, сувязі. Зборнік навуковых артыкулаў пад рэд. Р.М. Кавалёвай, В.В. Прыёмкі. – Мн., 2004.
Афоніна, М.В. Рыфма ў замовах// Праблемы усходнеславянскай этналінгвістыкі. Матэрыялы першай міжнароднай навуковай канферэнцыі/ Уклад. В. Ліцьвінка – Мн., 2003
Питер Янг. НЛП. Эффективные методики влияния. М, 2008
В. Корсак. Вербальны кампанент беларускіх абярэгаў// Фалькларыстычныя даследванні. Пад рэд. Р.М. Кавалёвай, В.В. Прыёмкі. Вып. 4
Богданов, К.А. русский заговор: опыт структурного анализа: Автореф., дис. … конд. фил. наук. СПб, 1992
Левкиевская, К.К. Славянский оберег. М., 2002
Познанский, Ф. Опыт исследования происхождения и развития заговорных формул. М., 1995
Толстой, Н.Л. язык и народная культура: очерки славянской мифологии и этнолингвистики.
О’Коннор, Д., Сеймор Д. Введение в НЛП. – Челябинск, 1997

4.1 О’Коннор, Д., Сеймор Д. Введение в НЛП. – Челябинск, 1997 Падручнікі па фалькларыстыцы, філасофіі, псіхалогіі, нейралінгвістычным праграмаванні.

4.2 не прэтэндую на першаадкрыццё, але канкрэтных даследванняў з такім вызначэннем тэмы і праблемы я не знайшла.

4.3 В. Корсак. Вербальны кампанент беларускіх абярэгаў// Фалькларыстычныя даследванні. Пад рэд. Р.М. Кавалёвай, В.В. Прыёмкі. Вып. 4
Аўтар падае звесткі пра абярэгі (вербальныя, прадметныя і дзейныя) і спыняецца на вербальных. Абгрунтавана падаюцца характарыстыкі абярэгаў. Характарызуецца функцыя вербальнага кампаненту. Думкі і высновы абавязкова падмацаваныя прыкладамі. Матэрыял абавязкова класіфікаваны.

Питер Янг. НЛП. Эффективные методики влияния. М, 2008
Навукова-папулярнае выданне. Найноўшыя адкрыцці ў вобласці НЛП падаюцца ў даступнай форме. Папулярызаванае, арыентаванае на масы выданне прыкладнога характару. Але для нашага даследвання падыходзіць, так як не загрувашчаны навуковымі тэрмінамі і дае магчымасць прасцей знайсці адпаведныя прыклады падсвядомага выкарыстання прыёмаў НЛП у старажытных беларускіх замовах.

4.4, 4.5 В. Корсак. Вербальны кампанент беларускіх абярэгаў// Фалькларыстычныя даследванні. Пад рэд. Р.М. Кавалёвай, В.В. Прыёмкі. Вып. 4: вербальны кампанент, які выражаўся замовамі, малітвамі, заклінаннямі, запрашэннямі, прывітаннямі, выступаў як акт больш ці менш разгорнутай дзеі ў апатрпічным сцэнарыі.

Біфункцыянальная прызначанасць слова ў замовах як сродку магічнага ўздзеяння (утылітарная функцыя), з аднаго боку, і сродку рэалізацыі закладзенага ў замове пажадання, сродку стварэння магічнага тэксту, магічнай формулы, паэтычнага вобраза (мастацкая функцыя) – з другог, якраз і вылучае замовы ў той разрад фальклорных форм з іх шырокім наборам тэкставых і звыштэкставых характарыстык у сапраўды паэтычныя формы, супастаўныя з іншымі фальклорнымі жанрам і формамі, якія валодаюць якасцямі мастачтва як самастойнай занакавай сістэмы і развітымі эстэтычнымі функцыямі.
Г.А. Барташэвіч

Замова – квінтэсенцыя ведаў глыбокай старажытнасці і заключае ў сабе першасную інфармацыю пра светабудову, фізічныя законы, стасункі з прыродай і грамадствам. Старажытны арсенал ведаў істотна адрозніваўся ад сучаснай навукі. Ён быў цалкам сінкрэтычным і разам з тым заснаваны на назіраннях і лагічных высновах, як і навука сучасная. Ён выкарыстоўваў мадэлі, таксама як і сучасныя дакладныя навукі карыстаюцца абстрактнымі мадэлямі для даследавання рэальных працэсаў і з’яў.

Можна сказаць, што ўсе магчымасці развіцця чалавечага інтэлекту, ведаў пра свет, і галоўнае – усе шляхі навуковага пошуку – своеасаблівыя архетыпы. Яны закладзены першапачаткова, так ці інакш праяўляліся на ўсіх этапах развіцця чалавека і грамадства.
Кудрашова, М.В.
Паэтыка беларускіх замоў: вобразны свет, гукавая арганізацыя тэксту./ аўтарэф. дыс. на атр. вуч. ст. канд. філ. нав. Мн., 2005

4.6 тут мусіў быць мой уласны матэрыял па параўнаннях прыкладаў з навукова-папулярных узораў нейралінгвістычнага праграмавання і тыповых замоў. Але для гэтага трэба грунтоўна вывучыць прынцыпы НЛП, што ўяўляе сабой працаёмкі і досыць працяглы працэс.

5.1 прапаную тэмы эсэ:

Словы на вецер? (пра тое, што словы на вецер ніякім чынам не кідаюцца)

Адкрыць Амерыку ці вынайсці кола? (пра няновасць НЛП)

5.2 тэмы курсавых і іншых навуковых прац:

Функцыянальная значнасць кампанентаў замовы.

Выкарыстанне тэхнікі НЛП у старажытных беларускіх замовах.



Папярэднi артыкул Да зместа На галоўную Наступны артыкул
Сайт создан в системе uCoz