"Дзяцінства - мой страчаны рай"

Наталля Фалевiч, студэнтка 1 курса (2009), спецыяльнасцi "Беларуская фiлфлогiя"


Калі трэба гаварыць або пісаць пра сябе, заўсёды ўзнікае безліч думак і ўспамінаў, заўсёды думаеш, з чаго пачаць, пра што гаварыць трэба, а пра што – не, што будзе цікава, а пра што нікому, акрамя цябе самога, ведаць не абавязкова. Таму я думаю, што найперш усё ж трэба падаць самыя агульныя і асноўныя звесткі са свайго жыцця.

Імя маё – Наталля, і атрымала я яго па прапанове свайго хроснага бацькі. Цікава, але яму ў той час было толькі 14 год! Я нарадзілася ў Мінску 22 снежня 1991 года, і з упэўненасцю можна сказаць, што была для бацькоў галоўным падарункам на Каляды і Новы год. У дзяцінстве была заўсёды сціплай, ціхмянай. Матуля расказвае, што нават непакоілася, ці не будзе мне цяжка ў жыцці з такім характарам. Але з цягам часу з’явіліся неабходная ў жыцці ўпэўненасць у сваіх сілах, весялосць, жартаўлівасць. У гэтым мне дапамагла не толькі вучоба ў сш №140 г. Мінска, але і вандроўкі ў вёску, дзе жылі бабуля і дзядуля... Але пра гэта – пазней.

Вучылася я заўсёды старанна, некаторыя прадметы выклікалі цікавасць, некаторыя – не, аднак па ўсіх адзнакі былі высокія. Вучылася добра не толькі для бацькоў, не таму. што пужала магчымасць атрымаць вымову ад настаўніцы, а таму, што пачуццё годнасці і абавязку не дазваляла зрабіць іначай. Часта прымала ўдзел у алімпіядах па беларускай мове і літаратуры, у выпускным класе нават трапіла на гарадскую, дзе атрымала дыплом трэцяй ступені. Часткова гэта і прадвызначыла выбар факультэта пры паступленні. Аднак не менш важнымі прычынамі былі любоў да кніг, якімі захаплялася з маленства, да роднай мовы, вера і жаданне даказаць сабе і ўсяму свету, што беларуская мова – жывая, багатая, нічым не горшая за іншыя мовы свету, што на ёй актыўна размаўляюць і будуць размаўляць, ствараліся і ствараюцца выдатныя мастацкія творы.

Зараз, калі наша жыццё, жыццё студэнта-першакурсніка, напоўнена цікавымі і падчас складанымі падзеямі, з’вамі, заданнямі, экзаменамі і залікамі, часцей ўспамінаюцца дзіцячыя гады… Якімі ж бесклапотнымі, наіўнымі мы былі! Як было цікава забаўляцца гульнямі, якія зараз здаюцца зусім смешнымі! Для мяне любімымі былі спакойныя гульні, дзе можна было паразважаць, пагутарыць, напрыклад, гульня па ролях у лялькі. Я заўсёды любіла гаварыць на розныя галасы, прыдумляць цікавыя гісторыі, імёны… Гулялі і ў вядомыя кожнаму “класікі”. Падчас адпачынку ў вёсцы будавалі сапраўдныя “кватэры” з моху непадалёк ад лесу, аздаблялі свой “дом” мэбляй з дошачак і галінак, і гэта была наша любімая гульня, якой захапляліся кожнае лета разам з сяброўкай дзяцінства Кацярынай.

Як было прыемна адчуваць, што любую праблему – вялізную ў дзіцячых вачах ці зусім маленькую – заўсёды дапаможа вырашыць маці ці бацька! Цяпер жа многае прыходзіцца вырашаць самой.

Часта дзецям задаюць пытанне: каго больш любіш, маці ці бацьку? І многія дзеці, магчыма, не адразу адкажуць на такое пытанне. Але для меня адказ быў заўсёды відавочны: канечне, маму! Для меня маці, у першую чаргу, сяброўка і самы блізкі і дарагі чалавек у гэтым свеце. Яе голас быў побач з першых дзён, ад яе пачула я першыя ў жыцці спевы – дзіцячыя калыханкі. Калі запыталася сёння, якія з іх яна памятае, то аказалася. што многія ўжо забыліся, асабліва тыя, што мама складала сама. Адной з самых любімых была наступная:

Люлі-люлі,
коцік без кашулі,
А котачка ў лесе
Кашулечку несе…

Не абышлося і без усім вядомых радкоў: “Баю-баюшкі-баю, не кладзіся на краю, а то прыйдзе шэранькі ваўчок і ўкусіць за бачок…” Памятаю, што вельмі баялася гэтага “ваўчка”! “Люлі-люлі-люлі, усе дзеткі паснулі…”, “Пайшоў каток у лясок…”, “Баю-баю-люлюшкі…” – радкі, якія таксама знаёмы з дзяцінства.

Значную ролю ў маім жыцці адыгралі бабуля і дзядуля, што жылі ў вёсцы Барысы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Да іх я ездзіла кожнае лета, а калі была зусім маленькай – нават і на ўсю зіму. І вось што цікава: калі ў Мінску я шмат хварэла, то ў Барысах – амаль ніколі, хаця і праводзіла большасць часу на вуліцы. З вёскай у мяне звязана безліч успамінаў. Менавіта там я ўпершыню паўдзельнічала ў абрадах, што праводзяцца на Каляды: разам з сябрамі хадзілі па вёсках, што знаходзіліся недалёка ад нашай, спявалі, расказвалі вершыкі, і збіралі пафарбаваныя яйкі, цукеркі… Праўда потым заблудзілі, і бабулі прыйшлося шукаць нас і нацярпецца нямала жахаў (бо была марозная зіма, а мы зусім маленькімі былі), але гэта ўжо іншая гісторыя. Таксама ў вёсцы некалькі разоў прысутнічала на святкаванні Купалля: шукалі папараць-кветку, скакалі праз вогнішча, спявалі, гулялі ўсю кароткую ліпеньскую ночку… Калі б не вёска, магчыма, ніколі б не давялося паўдзельнічаць у такіх цікавых святочных абрадах! Бабуля, Валянціна Іосіфаўна, спявала мне і першыя пачутыя мною народныя песні, бо маці і мая другая бабуля іх ведаюць няшмат – карэнныя гарадскія жыхаркі. Зараз успамінаюцца такія, як “Зачем вы, девушки, красивых любите…”, а таксама ўсім вядомая “Ты ж мяне падманула, ты ж мяне падвяла…” Таму з упэўненасцю магу сказаць, што да фальклора я далучылася праз родную вёску, знаёмства з яе жыхарамі, і, несумненна, праз гутаркі з маёй бабуляй.

Важнай складаючай дзяцінства кожнага з’яўляюцца казкі – прачытаныя самастойна або расказаныя некім са старэйшых. Маімі галоўнымі “казачнікамі” былі маці і бабуля з вёскі. “Зайкіна хата”, “Хітрая лісічка”, “Воўк, стары сабака і кот”, “Жораў ды чапля”, “Падчарка”, “Курачка-Рабка”, “Каток з пеўнікам ды ліска”, “Бык і ваўкі” – вось тыя казкі, якія я чула з маленства, а калі дакладней, то толькі невялікая частка назваў, тое, што ўспомнілася. Бабуля і дзядуля любілі схаваць мяне пад цёмную коўдру снежаньскім вечарам і прыдумлялі свае казкі, якіх не пачуеш нідзе і ніколі болей – звычайна пра мяне, цудоўную краіну і разнастайныя незвычайныя прыгоды. Так і называліся гэтыя нашы вечары – “Пад шэрай коўдраю”.

Мне пашчасціла: мяне ніколі не замаўлялі. У жыцці пашанцавала быць побач заўсёды толькі са шчырымі, адкрытымі людзьмі. А тых, хто зайздросціць або славіцца сваім дрэнным норавам, імкнуся абыходзіць бокам, бо веру, што кантактаваць з такімі людзьмі небяспечна. Можа, смешна, але я часта скрыжоўваю пальцы. калі бачу, што на мяне доўга глядзіць якая-небудзь незнаёмая бабуля… Бо ў сілу чалавечага вока і думкі веру даўно. На жаль, ёсць людзі, што выкарыстоўваюць сваю моцную энергію зусім не на добрае.

Фальклор – гэта выток і аснова культуры любога народа, можна нават сказаць, што гэта яе своеасаблівае дзяцінства, такое ж непаўторнае, чароўнае, часам вясёлае, а часам сумнае і загадкавае, якое бывае ў кожнага чалавека. І вывучаць яго вельмі цікава і карысна. Я ўпэўнена, што маё знаёмства з народнай культурай, яе багаццямі яшчэ толькі пачынаецца і наперадзе – шмат невычайных адкрыццяў і здабыткаў.



Папярэднi артыкул Да зместа На галоўную Наступны артыкул
Сайт создан в системе uCoz