Паэтычны заранак
"Нiзка вершаў" Магарыта Латышкевiч
Восеньскія хайку
Нікнуць галовы
Ціхіх кветак садовых.
Смерць? Сон? Ці – восень?
*
Дождж. Водар сыры
Ноздры казыча. Сыпле
Дробнае срэбра.
*
Парасон туліць
Да сэрца мяне. Мокне
Сам, абаронца.
*
Лету вярнуцца
Ахвота, як нам усім –
Пайсці ў дзяцінства.
*
Ліхтары хрысцяць
Прыцішаную раку
Ў новую веру.
Адна ноч.
Ноч, як рыба, хапае ротам
Месяцовую светлаваду,
І ліхтар аднаногі гаротны
Раскудлачыў сваю бараду.
Задыхаецца ноч. Сыпле лускай
Залацістае лісце на дол,
І, ашчадны па-беларуску,
Яго вецер складае ў прыпол.
Ноч канае, як рыба. Я, можа,
Ўсё былое пакіну ўбаку
І, празрыстую гладзь патрывожыўшы,
Адпушчу гэту рыбу ў раку.
Сямейнае становішча
Сваякоў у мяне небагата –
Ні сястры, ані брата.
Па жыцці – па лязе – крочу,
А за мною
братнія вочы
сочаць.
Сёстры – вёсны –
Ціха пытаюць
Начамі:
“Ты жывеш,
А што ж – з намі?”
Я не слухаю
(вушы прыкрыю рукамі),
Але...
І маё сэрца – не камень.
Я – не слухаю!
...Толькі ўразаецца ў памяць:
Я – тысячу тысяч разоў
Каін.
Позні жнівень
На крок мы апярэдзім лістапад
І выйдзем з-пад завесы жаўталісця.
Асенні вецер далягляд ачысціць,
Каб хмары не вярнуліся назад.
Сухіх лістоў ласкавыя далоні
Пяшчотны гладзяць нас па валасах,
А заўтра будуць – пад нагамі прах,
Пыл беспрытульны на рачным улонні.
На крок мы апярэдзім лістапад –
З апошнім лета водбліскам на тварах –
Пакрочым ў небе і, як тыя хмары,
Ніколі больш не вернемся назад.
***
Сонца корміць маннай кашай
Паркі і сырыя скверы,
А ў рацэ гарбата стыне
(асабіста мне – без цукру).
Вецер праз акно латашыць
мягкай лапаю паперы,
і чамусьці пахне дыней
ад калюжыстага бруку.
Вымыў дождж двары і сходні,
Вокны, дзверы і балконы,
І за ноч паспеў аддзерці
плямы жоўтага святла;
спрацаваўся – і адходзіць
дзесь за горадам сягоння.
А пакуль што могуць дзеці
Свежы брук размаляваць.
Ведай.
Ночы і ранкі, расстанні й сустрэчы,
Неба з заплаканымі вачамі...
Ведай: я – вецер, што горне за плечы
І пахне любімым зялёным чаем.
Чорную хустку накіне трывога,
І зоркаю меней стане на свеце, -
Ты мецьмеш заўсёды маю дапамогу,
Ведай: я – гэта твой ўласны вецер.
Герані.
Прабабцы Марыі
Ў маёй прабабкі на акне
Калісьці так палалі,
Чырвоны смех дарылі мне
Старэнькія герані.
Быў за акном асобны Свет
І – свет на падваконні:
Сто тысяч зорак і планет
Ў гераней на далонях.
Сыры й такі зялёны пах
Жывіў усё ў пакоі,
І спелі казкі на вачах,
І цешылі малое.
Між тым у бабчыных руках
Вальс танцавалі спіцы,
І грукаў дождж ў старэнькі дах,
Нібы пытаў: - Не спіцца?
А вышыванкі на сцяне
нібыта ажывалі,
і з іхніх нітак ткалі мне
Свой новы свет герані.
Ды ўсё мінула, як вада,
І знікла ў жоўтым жвіры:
Праліўся дождж, а шэпт аддаў
Рачной вадзе і вірам.
Але й на гарадскім акне,
Каб Горад сон не раніў,
Усмешкай цешаць вока мне
Старэнькія герані.
***
Радуйся, няпрошаны ўспамін!
Памяці засмужаныя здані –
Пілігрымы з вострава жаданняў
Ў гэты кут маўклівых шэрых гмін.
Непраглядны, быццам дзень Тугі,
Незабыўны – і... не ўспамянёны,
Ты адзін асуджаны да скону
Мерыць крокам Леты берагі.
***
На кашэчых лапах крочыць
Вечар – пагасціць – да Ночы.
За сабой, каб не згубіцца,
Сыпле ліхтароў кастрыцу;
А ў кішэні, як пячэнькі,
Да гарбаты – зорак жменька.
...я ж агнёў не запалю –
Цемра, я цябе люблю.
***
Ў травах шэпча дождж пануры,
З шэрых хмар паўзе вада;
Небасхіл сыры і буры
Дзень за срэбра запрадаў.
Сцішаны, злятае вечар –
Ў бляклых россыпах агнёў, -
Хмары цені дрэў нявечаць
І сціскаюць акаём.
Кроплі падаюць, як зоры:
Пробліск – ззянне – цёмна зноў...
І на шкле – о, непаўторны! –
Стыне срэбны ўзор дажджоў.
|