"Калi Яна была маленькай..."

Успамiны Вольгi Данiлаўны Чарнякевiч


Гэтыя ўспамiны даслала ў 1970 г. Вольга Данiлаўна Чарнякевiч з вескi Вялiкае Сяло Пружанскага раёна Брэсцкай вобласцi. Карыстаючыся выпадкам, выказваем ёй шчырую падзяку за гэта.

Пачну з таго, што я малапicьменная, бо дзяўчат на нашай Беларусi ў сёлах мала пасылалi ў школу, ды i хлопцаў таксама не ўcix. Лiчылi, што гэта не трэба. Казаў мой дзед: «Кудзелю прасцi навучыцца, кросна ткаць таксама». Так што за маю непiсьменнасць мяне не судзiце.

Пачну з таго, што за шэсць тыдняў да Каляд была памiнальная субота. Зранку хто-небудзь са старэйшых ішоў у царкву даваць папу на абедню за ўпакой усопшых. А дома ішлi прыгатаваннi. Скраблi сталы, лаўкi. Падлогу не мылi, бо яе мала ў каго i было. А ў каго i была, то лiчылi, што калi мыеш, так яна хутчэй згнiе. Падлогу мылi толькi раз ў год перад Вялікаднем. Ды прыгэтым яшчэ i свiнней, парасят таксама кармiлi ў хаце. Дык можаце уявіць, як паўсюль было брудна, цёмна, няўтульна. У хаце прыбiралi так: працiралi цёмныя, маленькiя ваконцы, гатавалi стравы, пяклi хлеб, пiрагi. Але не думайце, што тыя пiрaгi былi белыя, здобныя. Не, просты хлеб. Муку малацілі ў жорнах, а на пiрагi — у мельнiцы, мука была мякчэйшая i быццам бы бялейшая. Варылi боршч, кулеш i густую кашу з ячменных круп. Гэта трэба было абавязкова гатаваць у памiнальную суботу, або на «Дзяды» — так яшчэ называлася гэта субота. А калi не будзе трох страў, так Дзяды (гэта душi тых, хто памёр) пакрыўдзяцца i не прыйдуць на вячэру. Наступным вечарам усе мыюцца, прычэсваюцца, знiшчаюць вошай (а iх было многа). Прыходзiць той, хто хадзiў у царкву. Запальваюць лучыну, a ў каго ёсць мо якая лямпа, дык лямпу. Засцiлаюць стол настольнiкам, кладуць хлеб, пiрог, ставяць у глiнянай чорнай мiсцы мяса, каўбасу. Бабка ламае спецыяльна без солi спечаны хлябец. Гэта – змерлым душам, каб не гневалiся на жывых. Тады запальваюць свечку з воску i ўсe перад сталом становяцца на каленi i моляцца Богу за ўпакой пармерлых. Усе, без выключэння: старыя, маладыя i дзецi. Пакуль самы старэйшы ў сям’i не скончыць малiтву, нельга нiкому ўставаць з кален. Вось потым садзяцца за стол.

Дзед вынімае з-пад лaўкi пляшку гарэлкi, б’е ў донца рукою i корам ляцiць пад парог, а бабка дае ўсiм па кавалачку несалёнага хлябца. Яго абавязкова трэба было з’есцi перад вячэрай. Потым дзед налiваў чарку гарэлкi i гаварыў бацьку: «Здароў, Данiла!» Бацька ў адказ: «Будзьце здаровы!». Дзед выпiваў, налiваў i перадаваў бацьку. Сам хрысцiўся, браў хлеба кусок у руку, цалаваў, падымаў уверх i пачынаў есцi. А чарка ішла далей ад бацькi да бабкi, потым да мацеры, а пад канец i мне з братам давалi гарэлачкi. Ды я трохi прапусцiла, перад тым як выпiць гарэлку, дзед крышку пралiваў з чаркi на стол i зваў: «Прашу вас ycix, змарлыя душы, старыя i малыя, хадзiце да нас на вячэру». А бабка скарэй уставала i адчыняла дзверы. Гэта для таго, каб у хату душы ўвайшлi. Памятаю, як яна аднойчы адчынiлa дзверы, а ў хату ўбег коцiк шэранькi, а брат як крыкне: «Во, адна ўжо iдзе!» Але яму за гэта папала.

Kaлi канчалi вячэру, то зноў станавiлicя на каленi i малiлiся Богу. Са стала не прыбiралi, усё заcтавалаcя на стале для змарлых душ i верылi, што яны прыдуць. Спаць пасля Дзядоў, г. зн. гэтай вячэры, клалiся рана. У такi вечар хадзiць на вячоркi лiчылася грахом. Маглi палiчыць таго, хто прыйдзе, ведзьмай, а мужчыну ведзьмаром. Памятаю, як дзед, калi ўставаў з-за стала, то казаў (не заўсёды, але як на дзяды) разам з бацькам шуткуючы: «Наеўся, як у цесця на Дзяды».

А назаўтра, у нядзелю, былi Дзяды вясёлыя. Гулянка тады была. Сазывалi гасцей, прыносiлi гарэлку, пiва, мяса цэлыя мiскi (бо яшчэ тады талерак не было) i пайшло рваць... Помню, у нас была такая гулянка з музыкай. I бабка адна спявала:

A ў нядзелю на дзяды
Hapaбiў дзядок бяды:
Сваю бабку цалаваў
I кравацi паламаў.

Але вот адгулялi, адгулялi памiнкi i дзяды. Наступiў Пiлiпаў пост, або як у народзе гаварылi: «Пiлiпаўка-бульба i квас, квас ды бульба», ну, яшчэ лён да бульбы прывозiлi з Пружан. Гэта расол, у якім ляжаць сялёдкi у бочцы. Прывязе дзед цэлы коўшык гэтага леку — салёны-салёны i макаем у яго булъбу. Наб'еш жывот, а потым не адходзiш ад вядра цэлую ноч, абап’ешся вады, здаецца, шкура лопне на жываце. Але калі табе споўнілася тры гады, пасцiся з усiмi, грэх есцi тлустае, Бог язык адрэжа. I гэтак 6 тыдняў да самых Каляд. Чакаеш, бывала, калi ж тыя калядкi, i на пальцах лiчылi i бабу пыталi: «Колькi яшчэ заcталося да Каляд?» Песнi спяваць не дазвалялася, а толькi набожныя, калядныя. I вось баба сядзiць, прадзе кудзелю i спявае з нахмуранымi брывамi такую песню:

А каля поля стаяла копа,
Калядо, стаяла копа.
А на той копе сядзела лiса,
Калядо, сядзела лiса.
Прыйшоў да яе сiвы ваўчышча,
Калядо, сiвы ваўчышча.
– Злезь, лiсанька, пагаворыма,
Калядо, пагаворыма,
Пагаворыма, пажартуема,
Калядо, пажартуема.
– А не злезу я, цябе баюся,
Калядо, цябе баюся.
У цябе зубiшча, як сякерышча,
Калядо, як сякерышча,
У цябе нажышча, як кадубiшча,
Калядо, як кадубiшча,
У цябе хвасцiшча, як памелiшча,
Калядо, як памелiшча,
У цябе язышча, як лапацiшча,
Калядо, як лапацiшча.

Або яшчэ такую:

Ва Iярданi цiха вода стаяла,
Там Марыя свайго сыночка купала.
Iскупаўшы, яна яго ўпавiла,
Упавiўшы, у яселка ўлажыла,
Ўлажыўшы, пад небеса качала.
– Ой, люлi, люлi, мой сыночку адзiны,
Нарадзiла цябе мамка
У нешчаслiву гадзiну,
На тае дзiцятко валы, аcлы дыхалi:
Да ўсходу cонца тры кролеве прыехалi,
Першы кроль нашу Марыю паздраўляў,
Другi сребрем-злотом одороваў,
А трэцi кроль залатую кветку ў ручкi даў:
– Гэта табе, свента Марыя, божы сын
Святу каляду па ўсяму свету разнасiў.

Потым бабка расказвала казкi, якiя я вельмi любiла. Вечарам збiралiся, мужычкi, расказвалi розныя небылiцы. Асаблiва многа знаў роз-ных прыгод стары мужычок Якiм. Ён быў вельмi бедны. Часта, каб зарабiць гарнец солi, ездiў на сваiм худым конiку з Пружан у Беласток да яўрэяў-купцоў па тавары. Бывае, купчык, якi па дарозе хоць завядзе у карчму, ды ўгосцiць чаем, а другi – жадзюга, не дасць нiчога, толькi гарнец солi 8 фунтаў. Вось такому мы рабiлi так: калi купец засне на падводзе, мяшок з iзюмам падцягнем да каляса, крыху расцягнем, па жменi возьмем i крычым, што мех кола працёрла.

Гадзiннiкаў нi ў кога не было. Вечары доўгiя, жанчыны прадуць, мужыкi плятуць пасталы, бо ж усiм да свята трэба новыя. Ну, вось засталося да свята 2 тыднi. Трэба таўчы куццю. Ячмень ужо на печы сухi. Прыносяць у хату ступу i два таўкачы. Сыплюць ячмень у ступу i давай яго таўкцi. Амаль што ў кожнай хаце чулася «тук-тук» i лiўся пот па твары i спiне. Цяжка, пакуль на Каляды натаўчэш куццi.

Бабка яшчэ з ранку прыносiць з клецi чобаты, чаравiкi, мажа iх салам i вешае на печ, бо ж ноччу паедуць у царкву. Усе злосныя, усе стараюцца, трэба нагатовiць на ўсё свята. Сена каровам да новага году натрасцi з саломай, а то калi нарадзяцца цяляткi, то будуць трэсцiся. Накрышыць капусты. Схаваць далей верацёны, каб святам не нарвалiся на вочы, бо калi ўбачыш святам верацяно, то абавязкова летам убачыш у лесе змяю. Трэба было ўсe-ўсe парабiць, каб да новага году нi з чым не быць звязаным, бо гэта лiчылася вялiкiм грахом. Трэба нанасiць дpoў, каб былi ў хаце да самага Новага года. I пад ганачкам дровы i пад лаўкамi таксама. Калi ў каго ў хаце была дарослая дзяўчына (або хлопец), то прыносiлі дровы ў хату i загадвалі: калi дpoў будзе цот, то я выйду замуж. А потым лiчылі дровы i калi aказваўся цот, то былі ўпэўнены, што выйдзе замуж, а калi хлопец, то ажэнiцца.

Паляць у печы, пякуць хлеб, пiрагi, вараць куццю, грыбы, iгрушы. Дзед прынясе фунтаў 2 сялёдак, а другi раз купiць тарана — такую рыбу. Не памятаю, якая яна была на смак, але гэта было раскошша. Сялёдка на Каляды была абавязковай. Нават у самай беднай сям’i хоць па кавалачку яе мелі, iначай нельга. Гэта ж i пыталi адно другога: «А сялёдкaў ты ужо загатовiў?»

Пад вечар, калi сонца заходзiла i вячэрняя зара паказвалася на небе, нас з братам пасылалi ў сад будзiць дрэвы — гэта каб радзiлiся плады на дрэвах. Бывала, лазiлi па сумётах i будзiлi дрэвы: «Уставай, груша, Icyc Хрыстос нарадзіўся». I так да кожнай яблыні, вiшні трэба было падысцi i разбудзiць.

Усе потым мылiся, прычэсваліся. Клалi чыстыя сарочкi, даматканыя спаднiцы, мужчыны штаны з авечай воўны. I тут баба сыпала мак у мялiцу мiж кален i пачынала качалкай круцiць. Мялiца — гэта вялiкая, глыбокая з чорнай глiны мiска. А я заўсёды круцiлася каля яе, прасiла: «Бабка, калi скончыш, так дасi мне аблiзаць качалко». Але яна заўсёды пераконвала, што не дасць: «Ты, дзяўчынка, калi выйдзеш замуж, так будзе лысы муж».

Як падумаць, так на ўсё былi якiя-небудзь забабоны, прымхi. Вечарам прыносiлi бярэмя сена, слалi на стол, накрывалi настольнiкам i ставiлi на першае сялёдку. Iзноў усе па чыну станавiлiся на каленi i малiлiся Богу. А так пахла сялёдкай i грыбамi! Не знаю, як старэйшым, але нам, дзецям, было не да малiтвы. Але ўстаць з кален раней старэйшых не дазвалялася. Тут дзед канчаў малiцца, стукаў 3 разы сябе ў грудзi: «Божа! Лiтасцiвы будзь да мяне грэшнага». Хрысцiўся i iшoў да стала, i мы за iм усе. На Каляды прыходзiлася аб’ядацца: была i сялёдка, куцця, вараныя грушкi, грыбы i астатняе. Калi павячэралi, то заплюшчвалi вочы i цягнулi сцяблiнку сена глядзець, якi ўpoдзiцца лён. Калi пападзе сцяблiна доўгая, значыць, i лён будзе харошы, а калi кароткая — i лён дрэнны. Потым моладзь выходзiла на двор лiчыць плот. «Маладзец, удавец» — чуўся iхнi шопат. Калi апошняя штакетнiна была «маладзец», значыць замуж пойдзе за парня, а калi «удавец» — за ўдаўца.

Кладучыся спаць, падкладвалi куццю пад падушку. Клалiся спаць, не раззуваючы правую нагу: калі прыснiцца той, які разувае — той возьме замуж. У гадзіны 2 вечара запрагалi каня ў санi i ехалi ў царкву малiцца, а хто дома — спаць лажыўся. Ранкам, а гадзiне 6-й хатнiя ўставалi, рыхтавалi сняданне, кармiлi быдла, свiней i чакалi, калi прыедуць з царквы. Ну, так а адзiнаццатай гадзiне прыязжалi прадрогшыя, заiндзевелыя. Вiншавалi са святам — нараджэннем Хрыстовым. Баба мiтусiлася, ставiла на стол мяса, каўбасу, хлеб, пiрог. Бацька або дзед ставiлi на стол паўлiтроўку з гарэлкай. Усе хрысцiлiся i пачыналi малiцца, але ўжо на Каляды не запальвалiся свечкi i на каленi не станавiлiся. Канчалася малiтва, i ўсe па чыне садзiлiся за стол. Дзед рэзаў хлеб, потым мяса. Налiвaў чарку гарэлкi. Падымаў чарку над сталом i пpaсiў Бога, каб даў шчасця, здароўя ў руках i нагах, каб у радасцi правялi свята i на той год даждалiся, каб хлеб урадзiўся i скацiнка вялася, i гэтак далей i гэтак далей.

– Ну, старая, будзем здаровы!

Адказвала бабка: «На здароўе». Выпiваў дзед, а потым усе члены сямейства і пачыналi разгаўляцца. Ах, якое ж усё было смачнае! Уяўляеце, шэсць тыдняў не толькi было грэх есцi скаромнае, але i глядзець на яго не дазвалялася. Скончыўшы абедаць, усе хрысцiлiся i дзед завадзiў: «Ражджаство тваё, Хрысце Божа наш».

Паеўшы, усе скоранька ўставалi з-за стала. Дзяўчаты i хлопцы бегам беглi на двор, хто пярвей пачуе брэх сабакi i ў каторым канцы сяла. Значыць, калi дзяўчына пачуе, у той канец i выйдзе замуж, а хлопец пачуе, там, значыць, жыве яго нявеста.

Часаць валасы на першы дзень Каляд нельга, трэба хадзiць цэлы дзень так, як быў прычэсаны на Каляды. Бо калi прычэшашся, то летам куры будуць грэбцi гарод. Ды яшчэ забыла — на Каляды, калi насаджваюць у печ хлеб, то трэба скоранька падмесцi хату i вынесцi смецце на двор: тады цэлы год будзе чыста ў хаце. На першы дзень трэба раней усiх устаць i набраць у калодзежы вады; гэта вада дапамагае ад ycix хвароб. Скацiну трэба таксама паiць раней — будзе здаровая.

Дзецям на першы дзень, калi сядуць есцi, таксама нельга першым працягваць руку да яды. А таму, што калi будуць пасвiць кароў, статак будзе лезцi ў чужыя хлябы i травы. На першы дзень свята гуляць нельга, танцы ўстройваць таксама. Затое на другi дзень пачынаецца сапраўдная весялосць. Зразумела, тады не так пiлi, як цяпер, што шклянiцамi, а пiлi адной чарачкай. Калi-нікалi збiралiся да нас суседзi, сябры бацькі, i хоць гэта было даўно, але я да таго з дзяцiнства была ўражлiвая, што бачу гэта ўсё, быццам было ўчора. Бачу заiнелыя бярозы ў нашым агародзе, невялiчкую хатку, маленькiя замерзлыя вокны, праз якія нiчога не бачна.

На другi дзень прыносiлi таварышы гарэлку. Мама з бабай рыхтавалi закуску. Трэба ж сказаць праўду — на Каляды мяса не шкадавалi, на то ж і пасцiлi. Пачыналася гулянка. Я звычайна залазiла на печ, вельмi любiла песнi. Спявалi мужычкi, трэба сказаць шчыра, вельмi хораша. У майго бацькi быў вельмi добры голас. Ён рос сipaтой i была ў яго любiмая песня:

Рыба-шчука ў моры
Гуляе на волi.
Быў адзiн сын ва ўдавы —
Не даў бог яму долi.
Выйшаў за варота,
Стаiць, як сipoтa.
Hixтo яго не займае:
Ён долi не мае,
– Прадай, матка, прадай
Каня варанога,
Дай ажанi, мая мацi,
Сыночка сваёга.
– Ой, як же я маю
Каня прадавацi,
Хочуць цябе, мой сыночку,
Да войска забрацi.
А другая песня такая:
Зашумелi воды i быстры рэкi,
Памёр бацька i матка —
Сiрата навекi.
Сiрацiнка робiць —
Няма калi сесцi,
Прыйдзе нядзеленька —
Няма чаго есцi.
Ciрацiнка робiць,
Работа, не мiла.
Усе людзi гавораць —
Сiрата лянiва.
Паехаў сiрата
У лес за дравамi.
Усе людзi гавораць —
Cipaтa п'яны.

Бывала, спявае i слёзы градам бягуць па шчокам. У кожнага, хто гуляў, быў свой нявыказаны боль i ў кожнага свая любiмая песня. Дзед мой не любiў бабку, часта яе бiў i, бывала, як вып’е, так устане з-за стала, тупне нагой i праспявае:

Ох, жонка, так жонка мая,
Нехай цябе чорт любiць, а не я!

Але i бабка ў даўгу не заставалася, яму ў адказ спявала:

Не сячы, не рубай
Зялёных гарэхаў.
Чаму карка не скруцiў,
Як па мяне exaў.

Але я, у прыватнасцi, любiла маладзёжныя музыкi. Была ў дзеда стрыечная сястра Грыпiнка. Мабыць, самая бедная ў сяле жанчына, вельмi хворая i вельмi вясёлая. Яна была ўдава i мела чацвёра дзяцей. Хатка яе стаяла на гародах, далёка ад вулiцы — маленькая зусiм — акенцы таксама маленькiя i ніяк не адчынялiся, а засоўвалiся за сцяну. Але ў той хатцы хоць жыла бедненька, нiколi не ўнывала. Бабка Грыпiна яшчэ перад калядамi заўсёды мне шаптала: «Прыходзь да нас на Каляды, на музыкi». Я трасла галавой, што прыйду. «А пасталы ў цябе ёсць?» Я хутчэй скоквала з печы i паказвала пасталы i белыя анучкi, што мне нарыхтавалi на свята.

– Ну, вот, глядзi, Наталля. Каб на Каляды на другi дзень ты яе пусцiла да нас.

А я тым часам цягну да яе кажушок, паказваю — глядзiце, мне тата са старога кажуха новы на Каляды пашыў. Бабуля брала кажушок i хвалiла: «Ай, ты будзеш у iм, як панi». Бывала, як заспявае:

Шумеў гай, шумеў гай,
Шумела ляшчына.
Плакала дзяўчына,
Бо ёй жаль.

Ну, вось i другi дзень. Я ўжо ў бабулi Грыпiны з самай ранiцы на печы са сваiм хлебам у кiшэнi. Мама без хлеба не адпусцiла б, каб я бабулю аб’ядала, бо ў яе i так усяго мала. Пачынаюць збiрацца дзяўчаты, хлопцы. Дзяўчаты неслi з сабою хто кусок хлеба i круг каўбасы, хто пiрог i сала, хто мяса. Хлопцы — гарэлку, пiва. Ставiлi на стол, накрывалi настольнiкам зрэбным, рэзалi хлеб, мяса i пачыналася гулянка. Прыходзiў музыкант-хлопец са скрыпкай, сляпы на адно вока. I пайшла чарачка хадзiць укругавую. Частавалі i бабульку Грыпiну. Пайшоў говар, шуткаванне. Адна дзяўчына выскачыла з-за стала на сярэдзiну хаты, тупнула нагой i заспявала:

Музыка не грае,
Бо духу не мае.
Заразайце муху,
Дайце яму духу.

Музыкант сядзiць, перажоўвае хлеб. Дзяўчына спявае далей:

Што музыцы дацi,
Што не хоча грацi.
Мо гароху мiску,
Мо дзяўчыну блiзку?
Як дацi гароху,
То будзе лiчыцi.
Як дацi дзяўчыну,
То будзе любiцi.

Але музыка сядзiць, яшчэ хоча, каб яго прасiлi. Тады дзяўчына спявае:

Грай, музыка, недалугi!
Як ты здохнеш, будзе другi.
Грай, музыка, грай, мой мiлы,
Дам табе я паўкабылы.
А як будзеш добра грацi,
Абяцаю цэлу дацi.

Тут ужо музыка не вытрымлівае, хватае cкрыпачку, а сам спявае:

Дзяўчынанька, дзяўчынанька,
Якая хароша:
Фартушком падпаясана,
Сапель каля носа...
А дзяўчына адказвае:
Музыкант, музыкант,
Якi ты мне мiлы,
Як у лесе пры дарозе
Мухамор чарвiвы.

Але музыкант не аставаўся ў даўгу:

– Дзяўчынанька, зкуль ты?
– З чужое стараны.
Любяць цябе нашы хлопцы,
Як авечку бараны.
Дзяўчына спявае:
Свiннi ў рэпе, свiннi ў рэпе,
Парасяты ў грэчцы.
А музыка без языка
Едзе на авечцы.

I вось устаюць з-за стала ўсе дзяўчаты – i пайшла пляска. Хлопцы крычаць: «Грай бараню!» Музыкант пераходзiць на барыню. Адзiн з хлопцаў свiсцiць на ўсю сiлу, другi танцуе, выкiдвае нагамі розныя крэндзелi, трэцi спявае:

Пайшла плясаць барынька
Небальшая, маленька,
Юбачка караценька,
Сама маладзенька.
А барыня — чы, чы, чы,
Расцягнула кiрпiчы.
А барыня пышна
На вулiцу выйшла,
Рук не памыла,
Ногi не закрыла.

Тут i бабуля Грыпiна бывала не сцерпiць, выйдзе на сярэдзiну хаткi, тупне нагой i праспявае:

Вазьмусь я пад бокi
Дай пайду ў скокi.

I давай:

– Стары, стары, нейкi воўк
Стары застагнаўся.
– Стары, стары, да старой!
Стары засмяяўся.
Танцавала бабка польку,
Зарабiла ў бокi колку.
Будзеш, бабка, памятацi,
Як полечку танцавацi.

Але ўжо позна. За мною прыходзiла мама i хоць не хацелася iсцi, ды трэба. Пасвяткаваўшы 3 днi, а там да Новага года дралi пер’е на падушкi. А астатнiя работы не рабiлi — нельга, грэхам лiчылася секчы, шыць. Вечары i зусiм лiчылiся святымi.
Але вось i шчадруха прыйшла. Гэта такi дзень перад Новым годам называлi шчадрухай. Чысцiлi бульбу, пеклi дранiкi, рыхтавалi хто што мог. Бабулька спявала нам з братам такую песню:

Ой, чы ведаеш, пане гаспадару,
Шчодры вечар, багаты вечар.
На тваёй клунi сам Гасподзь ходзiць,
Твае снапочкi перакладае,
У тры куточкi перадзельвае.
А панiчка то палiчана,
А аўсянае памешана.
Ой, чы ведаеш, пане гаспадару,
Па тваёй хатцы сам гасподзь ходзiць,
Тваю сям’iцу пераглядае,
У тры куточкi пераганяе:
Старэнькiя за печчу сядзецi,
Маладзенькiм на хлеб рабiцi.
Настае вечар, бягуць дзецi пад акно i крычаць.
Шчадрую, шчадрую,
У вас кiшку чую.
Дайце кiшкi,
А то палезу на вышкi.

(Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.)

Вечарам прыходзяць дарослыя, спяваюць пад вокнамi песнi, жадаюць сустрэць шчаслiва Новы год i правесцi ў здароўi. Iм даюдь хто што. Хто грошай, хто сала i каўбаску, а то i хлеба кусок. Так святы і адашлi.

Наступаў мясаед. Пайдуць вяселлi ў мясаед. Серада і пятнiца – днi посныя, а ў астатнiя можна есці тлуснае. Мясаедаў як калi бывае: i восем, і дзесяць – як у якiм годзе. Апошнi тыдзень перад вялiкiм пастом называўся масляным. Тады таксама гулялi, так гулялi, чаго толькi не выраблялi. I цыганамі апраналiся, і каталiся на санках.

Памятаю, у нас сабралiся аднойчы гуляць жанчыны. Прыйшлi з кудзеляю, папралi крышку, а ад абеду сталi дзеда трасцi: «А ну, дзядзька Васiль, прынясi чакушачку, трэба замачыць. Глядзi, мы лянок валаклi, каждая за сабою, каб радзiўся». I давай паказваць адна адной, а ў кожнай за поясам было павешана лёну, а другi канец вiсiць — гэта для таго, каб лён урадзiўся. Дзед прыносiў бутэльку гарэлкi, i пачыналася гулянка з таго, што пачыналi апранацца то ў цыганоў, то ў Янаха. А ў Янаха ж валасы толькi да каўнера, а ў Яўдолi была каса нiжэй пояса. Але тут яна не доўга думала, узяла авечыя нажнiцы:

— Давай падрэжам?!
— Давай!

I падрэзалi, зрабiлi з валос бараду, вусы — i пайшлi гуляць па вулiцы Янах з цыганкай. Колькi смеху, весялосцi было, песень, пляскi такcама.

А на другi дзень муж Яўдолi як убачыў сваю жонку без валос, то адлупцаваў яе як трэба i яшчэ цётак, каторыя рэзалi косы.

Вось i нядзеля — загавенне на вялiкi пост. Збiраюцца зноў, трэба ж загатаўляць на вялiкi пост на сем тыдняў.

Зноў трэба выпiць па маленькай, бо ў вялiкi пост не толькi скаромнае, але i гарэлку пiць нельга. Яшчэ ад ранку ў такi дзень прыходзiць бабуля Грыпiна i бабуля Дар'я. У адной – вялiкi гаршок, завязаны белай анучкай, у другой – нешта над пахай, закручанае ў анучку. Кладуць i ставяць усё гэта на стол. I да дзеда:

– Даражэнькi наш браток, давай сёння загаўляцца. Мы ўжо не маладыя, можа i не дажывём да Вялiкадня, а сёння запускi, то мы прынеслi ў гаршку вараныя грушы, а ў хустачцы – хлеб i каўбаску, а вот бачыш, i кручок гарэлкi.

I гарэлачка, мая дзевачка,
Пакаштую смакам,
Цi пайду я ракам.
Гарэлачка, як мядок,
Сама просiцца у раток, –

спявае бабуля Грыпiна, прытупвае перад дзядуляй. Бывала, дзед смяецца і гаворыць:

– Ах, вы шэльмы! Да вы ўжо выпiлi, ад вас гарэлкай пахне.

I дастае з палiцы куфэрак, дастае рубель серабром, падае бабулi. Гаворыць:

– На, Катарына, iдзi да карчмы, прынясi две бутэлькi гарэлкi, запусцiмося, бо сёння жывем, а заўтра гнiем.

Прыносiла бабуля гарэлачку i пачыналi гуляць, г. зн. «запускацца». Дзедка заводзiў сваю любiмую песню:

Сеяла лебяду на берагу,
Сваю дробную рассадушку.
Слава трубой –
Расстаюся я з табой.
А бабуля сваю:
Тут мая радзiманька,
Тут мая мацi.
Я тут буду жыцi, есцi,
Тут буду гуляцi...

Або такую:

Чаравiчкi тук, тук,
А мой мiлы тут, тут,
А я, маладзенька,
Гуляцi радзенька.

Так i загавелiся. Ноч. Трэба разыходзiцца па хатах.

– Ну, бабкi, прыхадзiце яшчэ заўтра, – просiць дзедку, – трэба прапаласкаць зубы, можа дзе засталося мяса.

I на другi дзень, у панядзелак, яшчэ з ранiцы палошчуць зубы i абавязкова гарэлкай. Хоць ужо закусваюць булъбай, цыбуляй, рэдзькай – скаромным нельга. Мяса, сыр, масла, малако, яйца – на гэта быў строгi пост. Пост – якое гэта ж было мучэнне. Купяцъ бутэлечку алею, паставяць на стол, як святыню. I калi нальюць вялiзную мiску капусты, так гэта толькi капуста ў ёй ды вада. Бацька або дзедка бяруць гэтую бутэльку і капаюць ў ложку, як лякарства. I калi на адну кроплю алею пападае болъш, адлiвае назад.

Астатняе вылiвае ў мiску i ўся сям'я чакае, пакуль ён усё гэта робіць. Расплывуцца гэтыя плямкi па мiсцы, хочацца i хочацца падцапiць iх лыжкай. Ды толькi паспрабую гэта зрабiцъ, як дзедка крычыць: «Што алей зчэрпываеш!», а мацi гаворыць, што будзе ад алею балець жывот.

Бульбу на стол падавалi ў драўляным карытцы, выдзяўбаным з асiны. Як усё-такi мучылiся людзi. Елi, як свiннi, і спалi, як свiннi, але працавалi як конi. Клапы, тараканы, блохi, вошы хадзiлi хадуном. Ды цяпер, калi я расказваю казку ўнучкам «Пра дзяўчынку Уллянку, як яе вошы зацягнулi ў калодзеж», то яны мяне пытаюць: «Бабуля, а што такое вош?». «Ну што, дзеткi, я б вам паказала, – адказваю я, – цяпер iх за грошы не купiш».

Калi варылi бульбу, то мялi канаплянае семя, цадзiлi, злiвалi, у вялiкую мiску, салiлi і елi з бульбай замест малака. Запарвалi аржаную муку кiпятком, атрымлівалася яна салодкай – звалi саладухай. Таксама елi. Бо цукру не было. Гэта ў каго ў хаце хто-небудзь захварэе, то хадзiлi да карчманкi i тая за яечка давала 4 кавалачкi цукру. Што ёсць варэнне – таксама нiхто не ведаў пра яго: што такое пiражок, варэнiк, катлет – паняцця людзi не мелi. А хацелася cалодкага дзецям.

Памятаю, калi павяснее, так дзедка клёнiк пракруцiць свярдзелкам, уставiць туды цэўку i падвесiць збан. I калi прынясе паўзбана ўжо соку, так мы б’ем у далонкi: «Сок, сок, сок, дайце скарэй паспрабаваць!» Ён жа крышку быў салодкi. Чаго толькi не елi ў гэтыя 7 тыдняў. Добра, калi дзедка паедзе на кiрмаш у Пружаны, ды купiць фунт сялёдкi – гэта чатырыста грамаў. Яе парэжуць усiм па кавалачку. Галоўку на другi дзень кiнуцъ у буллён – ах, як смачна. Елi сялёдку так: кусаеш бульбу вялiкiмi кускамi, а сялёдку лiжаш языком i так падмацуешся хораша.

– Ну, калi ж той Вялiкдзень? – бывала пытаеш у мацеры. – Калi ж тыя чырвоныя яечкi будуць?

Цяжка дачакацца. Ды ўсё ж ён прыходзiў абавязвова.

Усiм трэба спаведацца, а дзецям да 7 год толькi прычашчацца. Каяцца ў грэхах трэба. Так напужаюць бацюшкай, што не рад, што на свет божы радзiўся. Ды неяк усё ўкладваецца, пераадольваючы страх, праходзiлi ўсе гэтыя цэрамонii. I тут жа, да Вялiкадня – мыюць, беляць, шаруюць сцены, мыюць падлогу, потым прыносяць у хату салому на падлогу, каб ужо ў суботу ў другi раз не мыць падлогу. Мацi шые якую-небудзь абноўку да свята. I вось вялiкодная субота – пякуць пipaгi, смажаць парася, вараць шынку, б’юць масла, робяць сыр, вараць яйкі. Калi ўсё гатова, пipoг i хлеб клалi ў вялiвую каробку. A ў кошык клалi цэлы кумпяк парасяцi, каўбас, кавалак сала, сыра, масла, соль, яйкі. I гэта ўсё не неслi, а везлi на возе свяцiць. Я памятаю, хоць не вельмi далёка, але занесцi гэта было цяжка, абавязкова запрагалi каня i везлi. Трэба каб была свечачка цэлы тыдзень да самых правод. На то i пасцiлi,, каб на Вялiкдзень удосталь паесцi.

Ходзiш у такую вялiкодную суботу, усюды пахне – пасвечанае i непасвечанае. Але на гэта нельга нават i глядзець. Калi толькi падумаеш, што хочацца яго паесцi, так ужо гэта вялiкi грэх, а калi, не дай Бог, паспрабуеш, так Бог адрэжа язычок.

Пipaгi пасвечаны, работа скончана, вечарэе. Трэба збiрацца на ўсюночную ў царкву. Пайшло мыццё, часанне, знiшчэнне вошай, i хто пайшоў, а хто паехаў у царкву. Каля царквы збiралася вельмi многа моладзi. Спявалi старцы, прасiлi мiластыню, a ў царкве ішло святочнае богаслужэнне. Моладзь мала ўсё-такi заходзiла ў царкву. Гулялi, знаёмiлiся. Заходзiлi ў хаты, якiя блiжэй да царквы, пагрэцца, падрамаць.

Але вось i ранiца. Трэба ў сяло абавязкова ўвайсці першаму мужчыне. Не дай Бог першай увайсцi дзяўчыне або жанчыне – яе праклянуць, калi вясной чэрвi з’явяцца на пладовых дрэвах. Скажуць: «Вот сука, першая прыйшла, што яна не ведала, што жанчына чарвiвая сама». А калi прыйдзе мужчына, то казалi: «Бачыш, Бог нешта пакараў – мужчына першым з усюночнi прыйшоў». I чэрвi з’явiлiся. (Я там крышку прапусцiла. Калi загаўляюцъ на вялiкi пост, то на першы дзень у хату ўносiлi гладкага каменчыка, каб удавалiся сыры, каб былi цвёрдыя, як камень).

Вярнулiся з царквы, уносiлi ў хату ўсе свечанае. Выймалi соль, сыпалi яе кругом пад лаўкамi, гэта для таго, каб не заводзiлася ўсякая нечысць – мыш, жабы у хаце. Дзедка рэзаў пiрог, хлеб, мяса. Усяго тады, многа ставiлi ядомага на стол, хрэн таксама. Сем тыдняў не еўшы тлусната, там без хрэна не абойдзешся. I абавязкова бутэльку гарэлкi. Хрысцiлiся, малiлiся Богу i пачыналi разгаўляцца. Першым елi яйка, а потым што каму падабалася, наядалiся да адвалу, да млоснасцi, праўда, раней выпiвалi па чарачцы гарэлкi. Тады хто клаўся спаць, а хто ў царку не хадзiў, дык калi цёпла, ішлi на двор. На Вялікдзень ужо было хораша, цёпла. Босымі можна пабегаць, паiграць у мяч, хоць мячоў тады гумавых у мужыцкiх дзяцей не было. Мы iх толькi бачылi ў сына вучыцеля ды ў папа. Сшыеш, бывала, з анучак ды ганяешся з iм. Значыць, так.

У першы дзень Вялікадня будуць вечарам хадзiць ранцавальнiкi: хлопцы i дзяўчаты ходзяць пад вокнамi і спяваюць песнi. I вось чакаем iх, сядзiм без святла над вакном на Вялікдзень. Агонь запальваць не паложана. Трэба раней упраўляцца i спаць. Але iдуць ранцавальнiкi з лямпай, са скрыначкай – цэлая ватага дарослых дзяўчат i хлопцаў. Прыходзяць пад вакно i пытаюць: «Воля цi не воля вам заспявацi, вашага двара развесялiцi, вам самiм здаровенькiмi быцi?» Тады гаспадар або гаспадыня крычаць з хаты: «Воля! Воля! Спявайце».

А яшчэ днём прыгатаваны бохан хлеба або пiрага, а на бохане – каўбаса або кавалак сала. Вось i пачынаецца песня:

На Вялiкдзень на першы дзень
Да вiно, вiно зялёнае!
Збiралiся ранцавальнiчкi.

Або яшчэ калi вынясуць добрую плату, тут як спявалi песню «Наслалi паслы па святога Юрыя». I ходзяць ад вакна да вакна, жадаюць шчасця, правесцi Вялiкдзень весела i шчаслiва, а на той год прыждацi. Iдуць у другi двор, пытаюцца, а калi там адмовiлi, дык спяваюць так:

Зайшлi бо мы да хвалёнае,
Да вiно, вiно зялёнае!
A ў хвалёнае хата не мецена…

Iдуць далей, там ужо спяваюць другую: «У пана Сцяпана стаяла бяроза».
Яшчэ i такую песенку спявалi:

Цераз сенцы, сенцы кладачка хiстка,
Да вiно, вiно зялёнае!
Па той кладцы Маруська хадзiла...

I так праходзяць цэлую ноч. Назбiраюць хлеба, сала, а на другi дзень зноў пачынаюць строiць гулянку. Сяло ў нас вялiкае – выходзiў спяваць не адзiн гурт, дзялiлi сяло па ўчасткам, кожны гурт спяваў на сваiм участку. Так што атрымлівалася гуртоў 3 – 4.

Пяюць, гуляюць, а потым як сыдуцца гурт з гуртам, дык такая была ў ix бойка, што забiвалi хлопцы адзiн аднаго насмерць. Бiлiся таўкачамi, што таўкуць куццю, а яны ж дубовыя. Гэта ж ведай, што на Вялікдзень на другi i на трэцi дзень будзе бойка. Не толькi хлопцы бiлiся, а нават старыя, а мужчынам на Вялікдзень i на Тройцу 6iлiся. Я памятаю, на Каляды npыйшоў дзедка дахаты з карчмы ў новым кажусе — спераду полы i адзаду полы, а кажух быў новы, толькi перад кадядамi пашылi. Ну i смеху было ў хаце! Бабуля адразу выскачыла ад печы i гаворыць:

– Васiль, ой Божа мой, нешта ў цябе ўся морда ў крывi! Ты паглянь, што зрабiлi гады з новым кажухом!

Якiсь разрэзаў ззаду рубец i да самага каўнера paзapвaў новы кажух. А калi павярнуўся задам, то ўсe рагаталi да слёз. Дзедка нахмурваў бровы, але потым i сам пачынаў смяяцца. Дзед, калi быў на свята п’яны i абуваў чобаты, то калi прыходзiў да хаты, любiў, каб мы, унучкi, яго разувалi. Войдзе, бывала, у хату i клiча:

– А ну, Волька, iдзi сюды!
Падыдзеш, ухопiшся за чобат, сцягнеш, а адтуль выпадзе грошык і коцiцца да парога. I добра ўжо ведаеш, што ў цябе капеечку не адымуць, яна будзе твая. Паколькі не было тады кiшеняў, хадзiлі ў зрэбных cарочках, дык капеечку абматаеш нiткай за пазухай i носiш. I хто увойдзе ў хату, дык бяжыш хвалiцца. Ды я ўхiлiлася ад галоўнага. Вось адсвяткавалi, тры днi пабiлiся i калi стаiць харошая надвор’е, бралiся за работу.

Зноў прыйшла нядзеля, гэта ўжо праводная. А ў панядзелак так ужо провады пад вечар. Пяклi яечню, прыносiлi ў хату з клецi каробку з пасвечаным, выкладвалi што там засталося на стол, ставiлi пляшку гарэлкi i праводзiлi Вялiкдзeнь. Нават у другi раз не самi правадзілi, а прыходзiлi госцi праводзіць. Праводзілі з танцамi, з песнямi, жадалi адзiн аднаму, каб i на другi год дачакацi. Любiлi старыя песні, хоць i было холадна i голадна. (Як бабулька гаварыла: «А нi цыбулькi, а нi што ўкрышыцi»). Але спявала заўсёды. Бывала, спявае i плача. А голас мела добры. Калi б на гэты час, то была б першай артысткай. Бывала, як заспявае:

0й, жыла, жыла дый яшчэ не ўжылася,
Прыйшла дадому — пад парог звалiлася.
Ой, як бы дацi свайму мiламу знацi,
Няхай завядзе на белу пасцель спацi.

Або такую:


Ой, пайду, я пайду сялом вулiцаю,
Можа, дзе сыйдуся з палюбоўнiцаю.
A ў яе капейка, у мяне тры грошы,
Пойдзем да карчомкi абое харошы.

Або такую:

Прала, прала кужалiну, галоўка балiць,
Ой, пайшла б я да карчомкi, да муж не вялiць.
Прала, прала кужалiну, дай аб землю — бух!
Ляжыць тая кужалiна, аж надулася.
Сама пайшла да карчомкi дый напiлася.
Прыйшоў стары, прыйшоў стары
3 поля з гораня,
Пытаецца сваiх дзетак
Дзе мацi была.
Нiдзе, татку, нiдзе, татку, мацi не была.
Прала, прала кужалiну да спацi лягла.
Не паможа карбованец, не паможа два,
Учора пiла на карову, цяпер на вала.

Пойдуць у скокi, падлогi няма — земляная, дык толькi пыл кружыцца. Вось так i правялi Вялiкдзень. Пачынаюць ездзiць i хадзiць у сваты i на Тройцу гуляюць вяселлi.

Пасля Вялiкадня ў красавiку месяцы было ў нас свята Юрый-пабеданосец, або проста Юрый. У гэты дзень мужчыны, гэта значыць гаспадары, уставалi яшчэ з зарой. Абувалiся ў пасталы, бралi бохан пipaгa ў той настольнiк, якiм ўкрывалi, калi свяцiлi на Вялiкдзень пiрагi. Гэтак завярнуўшы пipoг у пасвечаны настольнiк, хадзiлi на расу, гэта значыць вакол поля, дзе пасеяна жыта. Гэта абавязкова трэба было абыйсцi, пакуль узыйдзе сонца, жытняе поле. Калi абыходзiлi адну старану, сходзiлiся на мяжы, якая дзяліла поле і суседняе сяло. Садзiлiся, закурвалi, вялi размовы, пыталiся адзiн другога:

«Як жытко? Цi можна будзе скацiну выгнаць на Юрыя?» Гаварылi такую пагаворку: «Юрый сказаў — ураджу, a Miкола гаворыць — пагляджу». Мiкола было таксама свята — святога Мiкалая-мучанiка. Святкавалi яго ў чэрвенi месяцы. Калi гаспадар прыходзiў да хаты, яго пыталi: «Hy, як жытко? Можа схавацца варона?» Калi на Юрыя варона ў жыце схаваецца, значыць, трэба чакаць ураджай.

Былi ў годзе два святы Юрыя: адзiн – вясной, другi – позняй восенню. Пра iх бедныя людзi гаварылi так: «Два Юр’i, абое дурнi — адзiн галодны, другi халодны». У бедняка вясною не было чаго есцi, а восенню няма ў што апрануцца. Вясеннi Юрый быў прастольным святам у суседнiм сяле. Туды з’яджалася незлiчоная колькасць людзей: гандляры, багамольцы. Ладкавалi розныя гульнi, хлопцы прыходзiлi туды з гармошкамi, са скрыпкамi. У кожнай хаценцы музыка, п’янка. Бойка потым дахадзiла да смерцi. У царкве ішла служба, а каля царквы на вулiцы гульба, гандаль, музыка, пecнi, бойка. Мяне туды вазiлi яшчэ зусiм маленькай, i я ўсе памятаю.

А колькi складалi ахвяраванняў! У царкву неслi лён, палатно, грошы. Лiчылi, што Юрый-пабеданосец – абаронца бедных. Бедныя малiлiся, ускладалi ахвяраванні, поўзалi на каленях, а хто багацейшы — так пiлi i гулялi. З’едуцца родзiчы з многiх сёл – i пайшло рваць.

Гандляры не паспявалі подносiць гарэлку. А другi беднячок на апошнюю капеечку вып’е – залье свае гора. Багаты едзе са свята на добрым канi, на возе, а беднячок пляцецца i пяе сваю горкую песенку:

Званы звоняць, званы звоняць,
Народ у цэркаў йдзе.
Ой, сабралася бедна басота,
Мед-гарэлку п’е.

Яшчэ адна перавага была на свята Юр’я — бiлiся ў фарбаваныя яйкi. Гэта яшчэ цягнулася ад Вялiкадня. Адзiн трымае, другi б’е памаленьку, i чыё яйка паб’ецца, дык павiнен яго аддаць таму, у каго засталося цэлае. Аматары гэтай гульнi нават i ў царкву не заходзiлi. Спрабавалi на зуб, чыё мацнейшае, бажылiся, смяялiся i нават сварылiся. Яшчэ перад Вялiкаднем хадзiлi па сялу i выбiралi, у каго куры нясуць мацнейшыя яйкі, а былi такiя спецыялiсты, толькi пастукае па зубам яйкам – i ведае, каторае мацнейшае. На першы дзень Вялiкадня не пачыналі бiцца ў яйкі, а на другi пойдзе гульня поўнасцю...

Ад Вялiкадня да Тройцы таксама сем тыдняў. Але тут ужо толькi пост у cераду ды пятнiцу, а ў астатнiя днi скаромiна, можна есцi ўсё, калi яно ёсць.

Сёння гаспадыня палiць агонь, не шкадуючы запалак, а калi я была маленькай, дык выглядваюць, у каго першага пакажацца агонь або дымок з камiна, дык туды з чарапкамi і iдуць. Або калi мужчына ёсць у хаце, дык выкрасаюць агонь. Возьме кавалак губкi, крэменя i вогнiва i давай красаць кавалкам жалеза. Iскрынкi пападаюць у губку, так i раздувалi агонь. На Троiцу таксама мужыкi пiлi з гора, бо ў хаце i хлеба не было, таму што прыпасы канчалiся, тады пазычалi ў багатага дзядзькi або адраблялi. Купалу ў нас не вельмi святкавалi, бо ракi не было, не было куды вянкоў пускаць. Але ўсе верылi што ў вядзьмярства ў купальскую ноч. Чаго толькi не выдумлялi! Цi варта толькi зорцы пакацiцца з неба ў такi вечар, як прышыюць, скажуць – да дзядзькi Сцяпана чорт апускаўся ў комiн. I адна злая суседка скажа, што, на свае вочы бачыла, як штосьць, як агонь, з хвастом i рагамi, уляцела проста ў комiн — i ўсе вераць. I карову суседка даiла ў суседа ў купальскую ноч, перакiнуўшыся у жабу, а ён, сусед, ударыў па назе, гэта значыць, жабу ўдарыў, а на другi дзень суседка кульгала. Так ён яе i стукнуў. Бачыць, не дарэмна ў Арынінай каровы малака многа, a ў яго каровы ад Купала кожан год няма. А яна зробiцца жабаю – i доiць яго карову. «Адчыняю хлеў, людкi добрыя мае, а пад каровай — жаба. Стой, думаю, цяпер я даведаюся, хто ты. Я за палена i — раз па назе! А яна скок i – прапала. Аж выхажу праз гадзiну на вулiцу, iдзе Арына — нага заматана ганучаю. Дык вот думаю, хто маю карову даiў». Вось такую легенду раскажа людзям, а ўсе на Арыну плююць, што ведзьма. Не дай Бог забыцца ды пайсцi на Купалле (або на Яна) што пазычаць, так ужо будзеш навекi ведзьмай. Як-небудзь абыдзiцеся, старайцеся сядзець дома ў такi дзень.
Як свята – дзень постны. Варылi з бацвiння халадок з квасам, гарох, фасолю, варылi бабы, пяклi, бывала, з ржаной мукi такiя праснакi. Проста, не рашчыняючы ў муку клалi гарачую бульбу, замешвалi цеста і – на лапату, ды ў гарачую печ. Там i попел пападзе, але былi смачныя. Бабуля, калi спякуцца, попел фартухом сатрэ, i толькi за вушамi трашчыць, як ясi. Верылi, што на Яна грае ранiцай, як сонца ўзыдзе. Хадзiлi ў царкву малiцца, а пасля свяцiлi пучкі розных тpaў, кветак. Поп iх кpaпiў святой вадой i верылi, што памагаюць ад усякай хваробы. Але я думаю, раз травы гаючыя, дык яны і неасвечаныя памагаюць. Прыносілі дахаты, а потым давалi каровам па маленькай частачцы, каб ведзьма малака не адняла, а астатнiя хавалi, каб было ад хвароб.

Ды я вось крышку прапусцiла: у вялiкi пост нельга танцаваць i спяваць песнi. А веснавыя песнi спяваць можна, спявалi ix на вулiцы, як толькi пацяплее.

Дажынкi i зажынкi таксама былi святамі. Калi зажыналi жыта, дык усе хацелi, каб зажала асоба шчаслiвая, вясёлая, а iнакш, хто зажне ў сяле першы і будзе ў сяле людзям няўдача ў жнiво, дык праклянуць першую жняю. A няўдачы такiя: то ў вока саломiнаю пырнеш, то палец парэжаш i тады гавораць: «Я так i думала, калi яна першай зажынала, што так i будзе. Каб яе жывот жаў, як яе первую вынесла жаць».

Калi першы дзень выходзiлi жаць, дык першай жменяй зрэзанага жыта падпаразвалiся, а потым, калi ішлi дахаты, павязвалi на крыж, які стаяў у канцы сяла. Гэта каб у жнiво не балела спiна. А дажынкi былi з цэлай цэрымонiяй. Калi заставалася жаць маленькi кавалак жыта, яго абжыналi так, каб быў круглы, i на сярэдзiну клалi кавалак хлеба, завёрнутага ў сурвэтку. Тады жнеi з песнямi палолi гэтае жыта, палолі траву, каб на будучы год урадзiлася чыстым. Потым запляталi ў косы, каб было на той год густое ды ўpaджaйнae. А потым адна за адной хадзiлi вакол, так як ходзiць сонца, і з песнямi дажыналi:

Дажалi жыта, дажнему ярку.
Не жалуй, гаспадару, пiва-гарэлкi
Плень нясем, плень
Нашаму гаспадару ў дом.

Як дажалi, дык звязваюць апошнi сноп, ставяць уверх калоссем i давай цягнуць калоссе на кветку. Выцягнуць каласоў каля сотнi штук, адрэжуць салому, сантыметраў 50 пакінуць, звяжуць iстужкай, акропяць вадою, каб раса на будучы год стаяла, i кожнаму ахвота яе несцi дахаты: гаспадар за яе заплацiць. I вось iдуць дахаты вясёлыя, бо дажалi жыта, а адна нясе кветку і баiцца, бо пакуль палучыш ад гаспадара грошы, то абавязкова абаллюць яе вадой. Добра, калi з кружкi, а то могуць з цэлага вядра. Нiдзе не дзенешся, як не хiтры, але абаллюць усё роўна – такi звычай. На стале ўжо чакае бутэлька гарэлкi, драннкі, маcла, сыр, каўбаcа, сала. Вып’юць па чарачцы, закусяць і спяваюць песнi, да самага досвiтка цяжка спынiцца, бо ноч кароткая. Вось так у нас праводзiлi дажынкi.

Хто сваё раней дажаў, тыя ішлi дапамагаць другому, у каго яшчэ было жыта. Цяжка было ўручную сярпом жаць, але людзi радавалiся: у беднага ж да Каляд будзе свой хлеб. Адзiн гаварыў: «Як мой бацька гаспадараваў, то хапала хлеба да Каляд, а як я стаў гаспадаравацi, то стала да Ражства хватацi». Значыць, на адзiн дзень больш. Калiсьцi ў нас была ўдава, дык як дажджэцца свайго жыта, нажне, насушыць, малоцiць, так гаворыць: «Не буду больш кланяцца багачу, я свой хлеб малачу!» Гэтую самую кветку на ўспенне нясуць у царкву i калi засяваюць восенню жыта, то яе бяруць у поле, вытрасаюць i сеюць спярша гэтым жытам. У той дзень, калi сусед засявае жыта, не ўздумай да яго ісцi што-небудзь пазычаць. Калi ў яго будзе неважны ўраджай, дык застанешся ведзьмай навек.

Дасеўкi такcама спраўлялi. Калi дасеюць жыта, пяклi яечню, дранiкi i абавязкова, хто багацейшы, — бутэльку гарэлкi, а хто бяднейшы — хоць кручок. Трэба было ўспрыснуць, каб радзiла жытка. Калi я была маленькай, то дажыналi жыта не ўсe ў адзiн дзень. Той хто дажынаў, запрашаў сyсeдзяў, родзiчаў на дажынкi. А потым яго запрашалi, так што цэлы тыдзень цягнулiся яны.

Калi дакопвалi бульбу, то гатавалi смачнейшую вячэру, абавязкова пеклi дранiкi, а гэта ўжо была раскоша. Хваляцца гаспадынi адна перед адной: «А ўчора ў нас дакопкi былi, аладкаў я напякла». А другая пытаецца: «А гарэлка была?» – «Ды прынёс стары пaўбутылочак». Я добра памятаю той чаc, калi да нас прыходзiлi карабейнiкi з корабам на плячах. У корабе было таннае мыла, iстужкi, маленькiя люстэркi, хусткi, таксама танныя, паркаль, пацеркi, шкляныя завушнiцы. Памятаю, летам прыйшлi яны ў наша сяло. Бацька i два сыны: адзiн з балалайкай, другi з гармошкай. Паздымалi свае корабы, як рэзнулi «Каробачку» — адзiн на гармонiку, другi на балалайцы, а бацька давай спяваць «Каробачку». Сышлося ўсё сяло ў адзiн момант. Потым адразу рванулi «Камарынскую»:

Ой, лiхой раскамарынскi мужык,
Падняў ножкi, ён па вулiцы бяжыць...

I адразу сцiхае музыка, а за ёю i зацiхае песня.

З раскудлачанымі валасамi, карымi вачанятамi, маленькая, брудная дзяўчынка ўвесь час стаяла каля самых музыкаў з пальчыкам у роце. I не зводзiла з iх вачэй. Губы яе шапталi пачутыя словы песнi, а пальчыкi правай рукi варушылiся ў такт музыцы. Ранiцай, калi яе разбудзiлi снедаць, ужо ўсе сядзелi за сталом. Яе прымусiлi мыцца і малiцца. Памыцца яна памылася, малiцца адмовiлася i папрасiла: «Бабулька, бабулька, давай я табе лепш паспяваю каробачку». Усе ў хаце засмяялiся. А дзядуля нават плюнуў на падлогу i загадаў малiцца. «Я не буду малiцца, кожны дзень адно i тое ж» – плакала маленькая Оля. У тую ноч яна не спала, але затое вывучыла i «Каробачку» i «Камарынскую».


Папярэднi артыкул Да зместа На галоўную Наступны артыкул
Сайт создан в системе uCoz